Вы тут

Кіно праўды, або Як паказваць жыццё, каб не сказіць сэнсаў


З 3 да 7 кастрычніка прайшоў фестываль дакументальнага кіно «Еўразія.DOC». У межах сёмага кінафоруму гледачам прэзентавалі 32 кінаработы ад стваральнікаў з розных краін свету. За гады свайго існавання фестываль адкрыў аўдыторыі новыя імёны і прадставіў сотні варыянтаў аўтарскага творчага бачання жыцця. Ён стаў пляцоўкай, дзе ёсць магчымасць паказаць сябе як у вядомых дакументалістаў, так і ў тых, хто толькі пачынае свой шлях у такім жанры кіно. І сёлетні кінафорум не стаў выключэннем.


Стартаваў фэст ужо традыцыйна ў Смаленску. Там зладзілі паказы 16 дакументальных кінаработ, прайшлі майстар-класы, абмеркаванні і круглыя сталы. Адной з цэнтральных падзей стаў круглы стол на тэму «Глабальная бяспека, інфармацыйныя войны і спробы дэстабілізацыі на еўразійскай прасторы», дзе ўдзельнікі разважалі пра тое, як у сучасных рэаліях рэагаваць на фэйкі і маніпуляцыі, чым адказваць на ўкіды недакладнай інфармацыі, не губляючы пры гэтым духоўнасці і чалавечнасці. Аднак, як выказаўся адзін з удзельнікаў сустрэчы дэкан Вышэйшай школы тэлебачання МДУ Віталь Траццякоў, важна помніць, што «У любым супрацьстаянні выбар абсалютна невялікі: ці ты перамагаеш, ці ты прайграеш. Калі перанесці на інфармацыйную сферу, то з жыццёвага і прафесійнага вопыту я ведаю, што заклінанне «праўда заўсёды перамагае няпраўду» не мае сэнсу. Я не бачыў, каб праўда заўсёды перамагала. Хлусня вельмі часта перамагае. Калі сто чалавек хочуць цябе зацкаваць, то яны зробяць гэта, якая б праўда за табой ні стаяла...» Але як бы ні складваліся абставіны, заўсёды варта бараніць сваё, аналізаваць падзеі і рабіць свае высновы.

Менавіта магчымасць думаць, супастаўляць інфармацыю, знаходзіць глыбіню і розныя ракурсы бачання той ці іншай падзеі, з'явы і дае нам дакументальнае кіно. Што датычыцца праграмы кінафестывалю ў Мінску, то яна ўмясціла ў сябе таксама шмат цікавага кіно, сустрэч і размоў як пра гісторыю, так і пра сучаснасць. Нават распачалі ўсё з сімвалічнага кроку — ускладання дэлегацыяй кветак да стэлы «Мінск — горад-герой» каля Музея Вялікай Айчыннай вайны...

— Мы вырашылі, што менавіта з гэтага варта пачаць наш фестываль у Мінску. Хоць гэта ўжо і традыцыя, але ў святле цяперашняй вострай грамадска-палітычнай сітуацыі і з улікам таго, што ў многіх, на жаль, краінах-суседках, краінах ЕС памяць пра Вялікую Айчынную вайну спрабуюць дыскрэдытаваць, робяцца нападкі на гістарычную памяць, манументы, прысвечаныя падзеям і героям ВАВ, таму мы палічылі неабходным унесці гэтае мерапрыемства ў вялікую фестывальную праграму ў беларускай сталіцы, — адзначыў старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў», выканаўчы дырэктар фестывалю «Еўразія. DOC» Андрэй КРЫВАШЭЕЎ.

Такі крок сімвалічны таму, што сёлета ў нашай краіне праходзіць Год гістарычнай памяці. І ў праграме, што прапанавалі мінчанам у дні кінафоруму, хапала мерапрыемстваў, дзе знайшла адбітак гістарычная тэматыка. Так, у Мінску эксперты абмеркавалі тэмы «100 гадоў стварэння СССР і сучасныя працэсы інтэграцыі на постсавецкай прасторы», «Адраджэнне нацызму і спробы скажэння гісторыі», прэзентавалі праект «Беларусь. Гісторыя», і ўсе ахвотныя, вядома, паглядзелі шмат цікавых кінастужак.

— Я рады зноў быць у Мінску. Я ўжо год чацвёрты з'яўляюся старшынёю журы. І, акрамя фестывальнай праграмы, мяне радуе, што маю магчымасць хоць раз на год наведаць Смаленск і Мінск. Адносна фільмаў, якія ў гэтым годзе былі ў праграме, даволі яскрава прасочваецца тэма таго, якім можа быць чалавек у зменлівых абставінах. У асноўным гэта група кінастужак, якія распавядаюць пра маленькіх людзей. Яны не знакамітыя, у іх простыя прафесіі (кінамеханік, фельчар і інш.). І тут галоўнае — знайсці цікавае ў звычайным чалавеку, — распавядае старшыня журы фестывалю дэкан вышэйшай школы тэлебачання імя М. В. Ламаносава Віталь ТРАЦЦЯКОЎ. — А калі пра палітычныя рэаліі казаць, то праграма фестывалю стваралася яшчэ да падзей на Украіне. Там знайшлі адлюстраванне юбілейныя даты, актуальныя падзеі палітычнага парадку дня, тэма ВАВ у многіх, у прыватнасці беларускіх, фільмах. І калі б заходнія журналісты паглядзелі гэтыя фільмы, то яны б убачылі, як неанацызм, у якім расійскія ўлады абвінавачваюць украінскі рэжым, не толькі тады быў рэальнасцю, але і сёння існуе ў тым жа выглядзе. Таму, калі фільмы, прадстаўленыя на фестывалі, тая ж моладзь паглядзіць нават без каментарыяў аўтараў, то яна пераканаецца, што гістарычная праўда на нашым баку. Хаця, зразумела, падзеі бягучыя можна ацэньваць па-рознаму. Але я падразумяваю фундаментальную праўду і супрацьстаянне дабра і зла. Бо зло — гэта нацызм, хлусня, расізм і гэтак далей. І ў фільмах тое было паказана.

З шэрагу фільмаў, прысвечаных падзеям, якія зараз назіраем ва Украіне, напрыклад, «Данбас на лініі агню» (2022, Расія, рэж. Алег Некішаў), дзе праз гісторыі простых людзей паказваецца вайна і яе наступствы. І падчас прагляду становіцца балюча ад эмоцый яго герояў, бо ўсведамляеш галоўнае: за кожнай гісторыяй трагедыя, зруйнаваныя лёсы і раны, наступствы ад здзейсненага будуць гаіцца вельмі доўга. Альбо іншы фільм — «Remember Odessa. Не забудзем, не прабачым» (2022) ад нямецкага рэжысёра Вільгельма Домке-Шульца. Фільм паказвае супрацьстаянне, якое скончылася стратай соцень жыццяў... Сярод кінаработ у рамках фестывалю можна было таксама ўбачыць «Тры дні свабоды» (2022, рэж. Дзмітрый Сарока), «Перазвон» (2021, рэж. Яўген Сяцько), «Попел Хатыні. Боль без тэрміну даўнасці» (2021, рэж. Расціслаў Смольскі), «#ЗАЖЫВОе» (2022, аўт. Паліна Лушчык)...

Танальнасць зусім іншага жыцця гледачы маглі адчуць падчас прагляду кінастужак «Зямля вялікіх кошак» (Кітай, 2021, рэж. Яўгенія Стрыгіна, Арсеній Аляўдзін, Гаа Фэн, Чэнь Ці) — расповед пра амурскіх тыграў, «Дарога» (Арменія, 2022, рэж. Эдгар Саркісян), дзе паказана гісторыя трох сяброў, што жывуць у маленькай вёсцы і, нягледзячы на цяжкасці, шчаслівыя ў сваім дзяцінстве. Пералічваць можна доўга, але галоўнае ўсё ж не колькасць, а тое, з якім настроем і думкамі кожны з наведвальнікаў фестывалю пакідаў кіназалу і ці хацелася вярнуцца на іншыя сеансы. Бо, як адзначыў адзін з гасцей кінафоруму, палітычны аналітык, палітолаг, публіцыст з Германіі Уладзімір СЕРГІЕНКА, дакументальнае кіно — гэта фіксацыя таго, як ты жывеш сёння.

— Дакументалістыка — сур'ёзная рэч, хоць гэтае кіно і не прыбытковае, не масавае. Але там ёсць шчырая размова аўтара з гледачом. Таму дакументалістыка — гэта барацьба супраць падману культур, якая сёння адбываецца і часткай якой мы з'яўляемся... Наша праўда нікому не трэба. Нас там, на Захадзе, не чуюць, таму што ім гэта не патрэбна. Ці патрэбна яна нам? — звярнуўся да прысутных Уладзімір Уладзіміравіч. — Я лічу, што дакументальнае кіно трэба падтрымліваць у любым выпадку. І без моладзі ніяк, бо, як я адзначаў, любы блогер сёння — дакументаліст. Зараз нам трэба фіксіраваць наша жыццё. І ў дадзеным выпадку гэта атрымліваецца як судовае расследаванне, бо дакументалістыка ў наш час — доказная база злачынства тут і цяпер.

Чакаецца сёлета і вялікая постфестывальная праграма, у рамках якой да канца года пройдуць кінапаказы найлепшых фільмаў і круглыя сталы ў некаторых гарадах Беларусі і Расіі, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. Таму сачыце за афішамі і не прапусціце адгалоскі фестывалю ў сваім горадзе.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.