Вы тут

Святло як добры знак, альбо Крыху пра любоў Івана Пташнікава. У юбілейны год пісьменніка паразмаўлялі з яго дачкой Таццянай


Калі мы бяром у рукі кнігу, то не асабліва думаем пра званні і заслугі пісьменніка: трэба, каб адгукалася і было да часу. У творах Івана Пташнікава вялікая сувязь з зямлёй, з радзімай — а гэта надзвычай актуальная тэма цяпер. Так, ёсць пласт літаратуры, якая засталася ў мінулым, аднак у ёй досвед, які дапамог нашым папярэднікам выжыць у час ліхалецця, акрыяць і заставацца сабой. Аўтар аповесцяў і раманаў «Мсціжы» і «Алімпіяда» ўмеў угледзецца ў свет і ўбачыць у ім чалавека, прыслухацца да яго думак і адчуць, калі і што прывядзе да пералому, за якім — іншая якасць, плён, жыццё. Іван Пташнікаў не меў звання народнага пісьменніка, але ведаў народ, часцінкай якога быў і застанецца. У юбілейны год пісьменніка наша размова з яго дачкой Таццянай пачалася з удакладнення:


— Як Пташнік стаў Пташнікавым?

— Сапраўды, ён з сям'і Пташнікаў. Пад гэтым прозвішчам быў вядомы татаў брат, які ў свой час працаваў намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Але ў пасведчанні аб нараджэнні таты значацца яго бацька як Пташнікаў Мікалай Васільевіч і маці — Пташнікава Алімпіяда Лазараўна. Гэтае пасведчанне было адноўлена ў 1948 годзе. Справа ў тым, што іх вёска была спалена ў час вайны, разам з хатай былі страчаны дакументы. А сям'я ўратавалася. І ўжо пасля вайны шаснаццацігадовым юнаком тата пайшоў у пашпартны аддзел вырабляць дакументы. Яго спыталі: «Ты чыіх будзеш?» — «Пташнікаў». Так і запісалі. Паводле метрыкі, якая захоўваецца ў нас дома, ён нарадзіўся ў першай палове 1932 года, дакладная дата нам не вядомая. Мяркую, што ён сам выбраў 7 кастрычніка, паколькі лічбу «7» лічыў шчаслівай для сябе.

Тата быў чалавекам традыцыйных каштоўнасцяў, для яго вельмі шмат значыла сям'я. Асаблівую ролю ў жыцці таты адыграла яго маці. Нездарма ў яго нямала спасылак на Алімпіяду Лазараўну, вобраз якой ён выводзіў у творах. Яна была самая адукаваная жанчына ў вёсцы на той момант, у яе за плячыма — Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, яна працавала загадчыцай фермы. Акрамя таго, была верніцай, у вольны час спявала на клірасе. У нас захаваўся экзэмпляр сямейнай Бібліі, увесь з пазнакамі чырвоным алоўкам на палях, якія пакінула мая бабуля, — глыбока асэнсоўвала тое, што напісана. Натуральна, што яе дзеці вылучаліся здольнасцямі да навукі.

Наш дзядуля Мікалай Васільевіч Пташнік быў пастухом у калгасе, але хварэў на сухоты, нават меў белы білет, рана памёр ад запалення лёгкіх. Тата распавядае яго гісторыю ў «Ненапісанай аповесці» — пранізлівым аўтабіяграфічным творы, адным з апошніх, якія выйшлі ў свет. У ім адлюстравана яго дзяцінства і юнацтва, поўныя болю і нястач пасляваеннага перыяду.

— Як вясковы хлопец выбіраў жыццёвы шлях?

— Тата вучыўся на выдатна і быў адораны рознымі творчымі здольнасцямі. Арсень Ліс, з якім ён пасябраваў яшчэ падчас працы ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, распавядаў мне, што Пташнікаў быў заядлым тэатралам, аматарам музыкі і оперы, не прапускаў прэм'ер. Сам добра спяваў — у яго быў прыгожы барытон, і ён мог стаць спеваком. А мог і акцёрам — пасля заканчэння школы імкнуўся гаварыць басам, пераймаючы Качалава. Тата распавядаў, як паступаў у Беларускі тэатральны інстытут, але заваліў экзамен па рускай мове — зразумела, што ў яго жыцці ўсё было па-беларуску. Старшыня камісіі пасля прапаноўваў яму ўсё ж застацца, бо беларускай сцэне патрэбны артысты з яркай фактурай: тата быў моцны, статны — усе Пташнікі з пароды волатаў. Але калі ён першы раз трапіў у тэатр за кулісы і паглядзеў, як ставілі вясковую п'есу ў штучных дэкарацыях, то сцэна падалася мёртвай. Яго гэта ўразіла да болю, і цікавасць да тэатра згасла.

Але творчая натура знайшла свой шлях. Стаць пісьменнікам дапамаглі прыродная фатаграфічная памяць, уважлівасць да дэталяў. У таты была ўвага да кожнай драбніцы, усё захоўвалася ў свядомасці, кожнае дзеянне мела нейкае асаблівае значэнне...

Ён ніколі не вёў дзённікаў. Але ўвесь час насіў з сабой нататнікі, куды запісваў назіранні, сюжэты, трапныя выразы. Па гэтых пісьменніцкіх кніжках, якіх у мяне захоўваецца шмат, і нават па запісах на аркушах, складзеных у некалькі разоў, відаць, як прыйшло назіранне ці нейкае слова.

Мой тата ў маладосці — адкрытая, смелая натура, ён і на фотаздымках шырока і ўпэўнена ўсміхаецца. Але па меры сталення ў яго вачах з'яўляўся сум...

— Жыццё ў горадзе паўплывала ці іншыя прычыны?

— У маладосці ў яго быў небяспечны досвед. Ён даволі адкрыта выказваў сваё меркаванне, часам рэзка, не ўсім гэта падабалася, а ў той час за гэта можна было пацярпець. Аднойчы нават прагаварыўся Арсеню Лісу: «Ты ўжо мог бачыць мой партрэт у чорнай рамцы...» У той час трэба было думаць, што каму кажаш, бо пісалі не толькі пісьменнікі, і не толькі кнігі. Магчыма, гэта прымусіла тату пераглядзець адносіны з людзьмі, з'явілася асцярожнасць.

Шмат хто адзначае, што ён быў чалавек суровы, пры зносінах яго пабойваліся. Думаю, ахоўная рэакцыя: незразумела, хто перад табой. Але насамрэч ён быў вельмі кантактны, меў шмат сяброў, быў душой кампаніі, трапна жартаваў. Калі ён разумеў, што побач свае, то раскрываўся. У нас дома заўсёды было шмат гасцей.

— Ці даводзілася хадзіць да бацькі на працу?

— Так, ён мяне браў і ў Саюз пісьменнікаў, і ў рэдакцыю, куды хадзіў на працу ў другой палове дня — валодаў хуткачытаннем, таму ўсё паспяваў. А рэдакцыя размяшчалася побач з нашым домам, у суседнім будынку. Ён мог прыбегчы дадому і паглядзець дваіх дзяцей, таму што наша мама на працы была ўвесь дзень. А паколькі ён быў вясковы хлопец, то ўмеў усё: яны ж самі плялі лапці, касілі, секлі дровы. Ён мог прыгатаваць і зацірку, і дранікі. Тата ніякай працы не цураўся, нават калі стаў вядомым чалавекам. Калі нарадзіўся мой брат, ён сам звязаў яму пінетачкі. Да жонкі ён ставіўся з пяшчотай, мог пайсці ўночы на малочную кухню ці ў аптэку. Калі яны з мамай пазнаёміліся, ён казаў: «Ніхто, акрамя гэтай жанчыны, не пераступіць парог майго дома».

Валянціна Іванаўна была для яго галоўны крытык і першы чытач — вельмі цаніў яе меркаванне. Мама чытала татавы кнігі па-беларуску, разумела. Але гэта давалася ёй няпроста, бо ўсе ведаюць, што ў Пташнікава шмат мясцовых дыялектызмаў, — «плешчанізмаў», тлумачэнне якіх не заўсёды знойдзеш у слоўніку.

Наша маці сама з Расіі, скончыла Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут, яе размеркавалі ў Мінск, працавала ў Галоўным архіўным упраўленні пры Саўміне. Аднойчы яе з праверкай накіравалі ў «Полымя», дзе яны і пазнаёміліся.

— А калі Пташнікаў працаваў над кнігай, як гэта адбівалася на сям'і?

— У таты быў кабінет, ён там зачыняўся, мог працаваць начамі — калі ўсё сціхала, ён заглыбляўся ў творчы працэс. Толькі шчылінка пад дзвырыма гарэла позна ўночы. У такія перыяды я ведала: тата працуе над творам. А калі дапісваў і ставіў кропку, то ва ўсёй кватэры запальваў святло, няважна, дзень ці ноч. Яго схільнасць да сімвалізму выяўлялася не толькі ў творах, але і ў жыцці: святло было добрым знакам. А яшчэ ён пісаў у адпачынках, куды мы ездзілі сям'ёй, у дамах творчасці. Мы гулялі — а ён баяўся ўпусціць момант.

— Як у сям'і адзначалі выхад у свет новай татавай кнігі?

— Звычайна ён прымаў водгукі і віншаванні па тэлефоне. А калі ў 1978 годзе яму прысудзілі Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа, то дома накрылі вялікі стол, прыйшло шмат гасцей. Але нас, маленькіх, за стол не садзілі. У нас была ўласная дзіцячая праграма.

— Як выхоўваў сваіх дзяцей пісьменнік Пташнікаў?

— Ён быў вельмі добры, адказны, але строгі бацька. Сам быў педантычны, меў прыгожы почырк. Яму трэба было, каб усё было ідэальна. У першым класе стаяў нада мной і прымушаў перапісваць пропісі. Аднак калі ў мяне нешта доўга не атрымлівалася, то мог сесці і дапамагчы рашыць задачку па матэматыцы. Абураўся, але дапамагаў. Бывала, ён прасіў мяне прадэкламаваць вершы, якія задавалі ў школе вывучыць на памяць. А я саромелася, бо ён быў надта патрабавальны. Патрабаваў ад нас даросласці не па ўзросце. Яму хацелася, каб мы ўсё разумелі, каб разбіраліся, каб ведалі. Я была любімая дачка. Ён з задавальненнем прысвячаў мне час, вадзіў у музычную школу за ручку — гэта мела для яго асаблівы сэнс. А перад выпускным вечарам у школе вучыў мяне танчыць вальс.

— А ці патрабаваў, каб вы чыталі?

— Тата ніколі не настойваў, каб мы чыталі яго творы. Па прынцыпе: прыйдзе час — прачытаеце. Для мяне, падлетка, гэта не была лёгкая літаратура, у першую чаргу ў эмацыянальным плане: яна адгукалася болем, і я заўсёды плакала над трагічнымі лёсамі герояў яго твораў. Але ён сам быў вельмі начытаным, эрудзіраваным чалавекам, любіў рускую і замежную класіку, асабліва Фолкнера. У яго была выдатная памяць, ведаў безліч вершаў, мог цытаваць розных паэтаў, нават да самай смерці. Лічыў, што гэта адзіны спосаб захаваць памяць. І калі ўжо занядужаў, то прымушаў працаваць свой мозг пастаяннымі інтэлектуальнымі практыкаваннямі.

Ён моцна здаў пасля смерці жонкі. Яна сышла з жыцця на 59-м годзе жыцця у 1995-м. Тады яго звольнілі пасля 33 гадоў працы ў часопісе «Полымя» з-за скарачэння штату. Заставалася толькі творчасць. Менавіта з гэтага моманту ў яго нараджаюцца самыя моцныя творы малых форм — аповесці і апавяданні, якія патрабуюць вялікай канцэнтрацыі. А ўсё адно было ў яго адчуванне незапатрабаванасці. Мы дома яго займалі клопатамі пра ўнучку. Уключыўся, быў добры дзед: пялёнкі прасаваў, калыхаў, даглядаў, а потым і ў дзіцячы садок і школу адводзіў. Я разумела, што яго нельга пакідаць аднаго. Нібыта адчувала... Калі здарыўся інсульт, нас дома не было. Урачы здзіўляліся, што ён выжыў. Але страціў рух, быў паралізаваны на адзін бок. З якой сілай волі ён сам трэніраваўся на спецыяльных прыстасаваннях! За год навучыўся сядаць і ўставаць. Пры гэтым ён заставаўся сябрам усіх творчых камісій, яму пісалі, запрашалі. Ён размаўляў, чытаў, выказваў сваё меркаванне, даваў рэкамендацыі і пісаў рэцэнзіі. Але больш ніводнага твора не напісаў...

Я даглядала тату адзінаццаць гадоў, ён казаў, што замяніла яму і медсястру, і ўрача, і сядзелку. Ён сам паказаў мне такі прыклад у жыцці. Нашу маму не змаглі вылечыць ад раку мозгу, яна памірала дома на руках таты, вельмі цяжка, не ў прытомнасці. Я назірала за тым, як ён клапаціўся пра каханую жанчыну да апошняга моманту. Для нас гэта быў прыклад любові.

— Ці ёсць твор бацькі, які здаецца вам асаблівым?

— З мастацкіх твораў я цаню аповесць «Найдорф» і апавяданні. Але мне асабіста бліжэй яго аўтабіяграфічная «Ненапісаная аповесць». Там я знайшла адказы на шмат якія свае пытанні. Пры жыцці тата не быў гаваркі, казаў: «Чытай — у маіх кнігах ўсё напісана...».

Так і атрымалася. Для мяне яго кнігі — гэта працягнуты дыялог з бацькам, неацэнная магчымасць ведаць свой радавод, свае карані. Калі чытаю, пазнаю рысы, што дасталіся ў спадчыну. Разумею, чаму мае продкі думалі так, паступалі так і чым яны па духу блізкія мне. У бацькавай сям'і было сямёра дзяцей, двое памерлі немаўлятамі, пяцёра выжылі. Усе былі дружныя. Падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі і матэрыяльна, і маральна. Тата ў пэўны перыяд быў добра забяспечаны — у дзяржавы былі спосабы заахвоціць таленавітых людзей. Як мне гаварылі, Пташнікаў быў адным з любімых пісьменнікаў Пятра Машэрава, паколькі пісаў пра партызан, на ваенную тэму.

— На вашым жыцці гэта адбівалася?

— Я была познім дзіцем і жыла ў сваім дзіцячым свеце, шмат чаго не разумеючы. У мяне быў горача любімы тата, а ўсведамленне падзей, асаблівасцяў эпохі, у якую ён працаваў, маштабу яго асобы і глыбіні твораў да мяне прыйшло пазней.

Ён быў горды і моцны чалавек. Але з тонкай душой...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.

Культура

Выданні найвышэйшай пробы

Выданні найвышэйшай пробы

Уручаны ўзнагароды конкурса «Мастацтва кнігі».

Грамадства

Як выратаваць падлетка ад спакусы вялікіх грошай і алкагольных забаў

Як выратаваць падлетка ад спакусы вялікіх грошай і алкагольных забаў

Набіраюць абароты махлярскія дзеянні з удзелам дзяцей. 

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.