Мала хто ў Беларусі не чытаў знакамітую паэму народнага пясняра Якуба Коласа «Новая зямля», якую па праве называюць энцыклапедыяй жыцця беларусаў. Настолькі глыбока Канстанцін Міхайлавіч сягнуў у духоўны свет нашага народа, раскрыў яго звычаі, побыт — усё тое, што і дазваляе сцвярджаць, якая мы вялікая нацыя. У жанравых жа адносінах гэтую паэму смела можна назваць раманам у вершах. Таму і такая бязмерная любоў чытачоў да «Новай зямлі». У случакоў жа да неўміручага твора Якуба Коласа асаблівае стаўленне. Найперш да раздзела ХХVІ, які называецца «Агляд зямлі». Ён жа аб тым, як Міхал і Антось захацелі прыдбаць уласны надзел зямлі. Даўно аб гэтым марылі, пакуль канчаткова не ўпэўніліся: гэта адзінае выйсце, каб жыць свабодна і незалежна. Патрапілі Коласавы героі ў той куток Беларусі, які, як неўзабаве пераканаліся, такі, што лепшага — шукай не шукай: «Прад імі Случчына ляжала, // Старонка міла і багата».
Цудоўныя, поўныя захаплення радкі, прысвечаныя ёй, могуць навесці на думку, што народны пясняр не напісаў бы іх, не ўбачыўшы гэты куток Бацькаўшчыны на свае вочы. Як быццам падставы для такога меркавання ёсць. Надта ж праўдзіва ўсё пададзена. Нібыта сам з Міхалам і Антосем ступаеш па гэтай зямлі, з кожным крокам усё больш адчуваеш яе хараство і вабнасць. Калі ж учытаешся ў словы Хадыкі, міжволі адарвеш позірк ад тэксту, азірнешся па баках. Быццам хочаш упэўніцца, ці няма яго побач. Настолькі развагі гэтага персанажа напоўнены жывой сакаўной слуцкай гаворкай. А пастаянны паўтор «Ядзяць вас мухі з камарамі» няйначай пачуты Канстанцінам Міхайлавічам падчас гаворкі з вяскоўцамі.
Сапраўды, у згаданым раздзеле нямала таго, што сведчыць на карысць наведвання будучым народным пясняром Случчыны яшчэ да таго, як узяўся за напісанне «Новай зямлі». Ці ўжо тады, калі ажыццяўляў задуманае. У сапраўднасці Якуб Колас упершыню ў Слуцк наведаўся ў 1921 годзе, калі праходзілі Другія беларускія настаўніцкія курсы. Чарговая паездка адбылася праз два гады, калі Наркамат асветы БССР прапанаваў яму прачытаць на палітычнапедагагічных курсах лекцыі па методыцы і граматыцы беларускай мовы. Якраз збіраўся ў адпачынак, але неспадзеўкі з’явілася такая прапанова.
Як дабіраўся ў горад на Случы, як працавалася яму, добра відаць з лістоў жонцы Марыі Дзмітрыеўне. У Мінск яны, праўда, часам даходзілі са спазненнем, бо пошта ў сталіцу адпраўлялася нерэгулярна. Некаторыя лісты перадаваў і праз знаёмых.
Першы ўзяўся пісаць 3 ліпеня, на другі дзень пасля прыезду. Паспяшаўся расказаць, як дабіраўся: «<…> прыехаўшы на станцыю, я запытаў насільшчыка, калі з Асіповіч ідзе машына на Слуцк. А ён мне адказаў: — У сераду. — Я аж прысеў. “Ну што ж, — думаю, — не варочацца ж мне назад. Пасяджу два дні ў Асіповічах”. Аж выйшла так, што ў Мінску я сеў а 12 гадзіне, а ў Слуцк прыехаў у дзве гадзіны дня назаўтра, прычым з вагона не вылазіў — ехаў без перасадкі».
Вечарам наведаўся на курсы, а 4 ліпеня прачытаў сваю першую лекцыю, пра што засведчыў у працягу ліста, датаванага ўжо гэтым днём. Калі днём раней сумняваўся, ці будзе карысць з яго лектарства: «Покі яшчэ не ўвайшоў у сваю каляніну. Чытаю граматыку сам. Наогул каюся, што ехаў. Не думаю, што прынясу тут многа карысці. А работы будзе ўсё ж такі многа». То пасля першай лекцыі настрой змяніўся: «Мне ўспомнілася запіска, паданая дзядзьку Язэпу (Язэпу Лёсіку. — А. М.) на яго лекцыі ў універсітэце: “Якое практычнае значэнне мае беларуская мова?”. Прыехаўшы, я табе пачытаю сваю прамову. У мяне самога засталося добрае ўражанне ад лекцыі. З гэтага я лічу, што яна выйшла не кепска».
Расказаў, як праходзілі заняткі: «Чытаў я дзве гадзіны. Першая гадзіна была адведзена пад граматыку, другая — пад методыку. Методыку я пачаў чытаць з сярэдзіны, з тога месца, дзе гутарка ідзе аб тым, як трэба даваць практычныя лекцыі (аб’ясняльнае чытанне). Такое чытанне выклікана тым, што курсанты даюць практычныя лекцыі, і, каб панавіць у памяці метадычныя і педагагічныя прынцыпы, прыйшлося з гэтага і пачаць. Слухалі незвычайна ўважліва. Я вельмі рад, што захапіў з сабою методыку. Курсы тут пастаўлены незвычайна грунтоўна. Дысцыпліна на курсах самая строгая».
Удакладняў, што «курсантаў 150 чалавек, і ходзяць усе да аднаго. Курсы пачынаюцца роўна ў 10 гадзін. Да 12 г. ідуць практычныя лекцыі, практыкуюць самі курсанты. Кожны дзень даецца чатыры лекцыі да 4 гадзін. У 6 гадзін ідуць кружкавыя заняткі палітычнага зместу. У сем — канферэнцыі наконт пробных заняткаў. Канчаюцца курсы ў 8 гадзін вечара. Курсанты так заняты, што не маюць часу пайсці ў горад. Я ўспеў сёння па граматыцы зрабіць дыктоўку. Сшыткаў 70 ужо прагледзеў. Няграматна напісана ў двух. Чатыры напісалі зусім граматна. Большасць — здавальняюча, многа — добра. Я заявіў курсантам, што хто з іх добра ведае беларускую мову, той можа не хадзіць на мае лекцыі з тым, каб потым усё ж такі здаў экзамен. <…> Раней месяца я ніяк не ўпраўлюся».
Курсанты паступова адкрывалі для сябе хараство беларускай мовы. Многіх з іх Канстанцін Міхайлавіч і падштурхнуў да вывучэння яе, лепшага ведання, бо, як ужо відаць, не ва ўсіх яно было аднолькавае. Як і стаўленне да роднага слова. Аднак заўсёды знаходзіліся ахвотныя пры неабходнасці дапамагчы. Гэта відаць з ліста ад 8 ліпеня: «Сярод старых настаўнікаў прыхільнасці да беларускасці няма, але гэта не перашкаджае ім пісаць цэлымі вечарамі план лекцыі па-беларуску. Сярод слухачоў ёсць такія хлопцы, што не прапусцяць ніводнага небеларускага слова. І калі часамі пачынае хто блытаць беларускую і расейскую мову, як гэта было раз на агульным сходзе, то з 10—15 месц ад слухачоў і слухачак чуюцца падказванні. Ёсць настаўнікі і настаўніцы, якія зусім правільна, бойка і жыва даюць лекцыі па-беларуску». Напісаўшы гэта, прызнаўся: «Сёння а 9 гадзіне вечара буду чытаць у зале курсаў “Новую зямлю”. За час свайго прабывання тут можа ўдасца прачытаць “Новую зямлю” курсантам».
Тым вечарам прысутных пазнаёміў з першымі раздзеламі. Аб уражанні, якое мела гэтае чытанне, можна меркаваць з прыпіскі, зробленай да згаданага ліста назаўтра: «9/VІІ. Учора вечарам чытаў першы раз “Н<овую> з<ямлю>”. Адзін слухач курсаў, непрыхільнік беларускасці, зазначыў беларусу: “Я не ведаў, што па-беларуску можна так пісаць. Зарэжаце мяне, калі я не навучуся беларускай мове”. Прачытаў 6 першых раздзелаў».
Пагалоска аб выдатным творы хутка распаўсюдзілася па Слуцку сярод прыхільнікаў беларускасці, якія ўважліва сачылі за навінкамі літаратуры. Сапраўдныя аматары роднага слова былі не толькі на гэтых курсах. 11 ліпеня да Якуба Коласа прыйшла «<…> дэпутацыя ад аднаго тэхнікума <…>, студэнты прасілі, каб і ім пачытаць». Але часам чытанне не адбывалася з-за адсутнасці ў Канстанціна Міхайлавіча вольнага часу. Аднаго разу «з тае прычыны, што курсантаў запрасілі ў гарадскі сад паставіць спектакль». Аднойчы наведаўся на прагляд яго: «Гралі саматугам. Але адмовіцца нельга было. Тэатр пачаўся ад 12 гадзіны ночы. Скончыўся каля 4-х. Гэта ўжо такі слуцкі звычай».
Пэўны час Якуб Колас жыў непадалёку ад Слуцка, у Новым Двары. Месца гэтае яму спадабалася. 12 ліпеня пісаў: «<…> маёнтак вярстах у чатырох ад горада. <…> вельмі добры. Каля саменькага дома цячэ рэчка, дзе можна купацца, што я раблю, нягледзячы ні на якую пагоду».
Ліст своечасова не змог адправіць, таму 16 ліпеня пра Новы Двор сказаў падрабязней: «Куток ціхі, вельмі ціхі. Пры маёнтку сад <…>. У садзе ёсць тры сажалкі. За садам цячэ рэчка. Праўда, рэчка не тое што Нёман. Але купацца ў ёй добра, бо на месцы купання яна чыстая, мае пясчанае дно і ніякіх лопухаў, лотаці і другой расліннасці, якімі яна звычайна багата».
Сваё захапленне Новым Дваром прадоўжыў такімі радкамі: «Дарога ад дому абсажана шыкарнымі клёнамі, і ў самы гарачы час дня там прахладна. Панскі дом вызначаецца прастатою стылю і разумным размеркаваннем пакояў. Каб мне прыйшлося строіць сабе дом, то я пастроіў бы сабе такі самы. У гэтай жа пасадзе маюцца тры бусловыя пасады, і штосць незвычайна мілае, роднае чуваць у гэтым лёкату старых буслоў на гнёздах! За рэчкаю пачынаецца луг. Цяпер ідзе самая касавіца. На лузе вырастаюць штодзень новыя стагі. За лугам рассцілаецца даль, роўная і прыгожая, зліваючыся з небам…»
Праца на курсах падштурхнула на напісанне «Методыкі роднае мовы», што выйшла ў 1926 годзе. Па сведчанні Язэпа Дылы, які таксама выкладаў на іх, у час адной лекцыі Якуб Колас атрымаў ад слухача запіску, у якой той пытаўся, чаму няма такіх падручнікаў. Канстанцін Міхайлавіч паабяцаў падрыхтаваць яго і хутка сваё слова стрымаў.
У Слуцку пазнаёміўся і з загадчыкам курсаў Сяргеем Бярозкам, «адлічным арганізатарам, чалавекам дзела», наведваўся да яго ў госці. Перад гэтым Сяргей Антонавіч «служыў у Беластоку, Вільні, у розных настаўніцкіх семінарыях (славеснік)». У яго было двое дзяцей: 17-гадовы сын і 16-гадовая дачка. Асабліва Якуба Коласа ўразіў сын Бярозкі: «<…> незвычайна даравіты хлопец. Навейшую расейскую літаратуру ведае, як прафесар, разважае па-прафесарску. Незвычайна начытаны, мае фенаменальную памяць; яму досыць прачытаць падручнік па хіміі старонак на 200, і ён будзе помніць усе формулы, але з часам яны ў яго забываюцца. Скончыў драматычную студыю, піша вельмі талентна расейскія вершы, пераймае крыху Блока, Брусава, імажыністаў, але формы, змест, пачуццё злучаюцца гарманічна і вельмі прыгожа. Таксама добра малюе, але малюнкаў яго мне не прыйшлося бачыць». Непакоіла толькі, што «хлопец хваравіты, схілен да прастуды». Згадваючы ўсё гэта ў адным з лістоў, роспачна дадаў: «Калі я пазіраў на гэтага юнака, то мне чамусь напомніў ён Максіма Багдановіча і сваёю інтэлігентнасцю і сваёю паэзіяю. Не хацелася б, каб і ў далейшым было гэта іх падабенства».
Лёс юнага Бярозкі, які так спадабаўся Якубу Коласу, склаўся паспяхова. Ён стаў вядомым пісьменнікам. Вяртаючыся ў гады свайго юнацтва, Георгій Сяргеевіч прыгадваў народнага песняра: «Я хорошо помню пребывание Коласа в Слуцке, куда он приезжал читать лекции на педагогических курсах, которыми заведовал мой отец. Помню, как Колас пришел к нам в гости, помню то чудесное впечатление доброты, внимательности, участливости, какое он на всех нас произвел».
Увогуле, такое стаўленне да сябе адчувалі ўсе, каму даводзілася сутыкацца з Канстанцінам Міхайлавічам. Будучы вядомы перакладчык і крытык, а тады васямнаццацігадовы юнак, ураджэнец Слуцка Юрка Гаўрук упершыню ўбачыў яго тым летам. Уражанне было надзіва прыемнае: «Маладыя вочы — зоркія. Колас быў невысокі, худаваты, з цёмнымі вусамі і бародкай, якія на бедным твары, крыху кранутым загарам, рэзка вылучаліся і выдавалі чорнымі. Заняты сабою, ён нават і не глянуў у мой бок. Яго сабранасць, засяроджанасць, нейкая ўнутраная напоўненасць уразілі мяне. Пра такіх людзей часам кажуць — “не от мира сего”, але ў тым і дзіва, што ён быў іменна “от мира сего”. Духоўнае і фізічнае ядналіся ў ім гарманічна. Нічога паказнога. Ён быў з усімі роўны, ветлівы, але меў сваю гордасць, паважаў людзей шчырых і адварочваўся ад падхалімаў. У гэтым я потым пераканаўся».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Фота з сайта slucklib.by
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».