Вы тут

Невычэрпная крыніца самабытнасці


У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў культуры, які святкуецца ў гэту нядзелю. Сёлета адзначаецца шмат важных для нашай краіны дат: 140-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. З поспехам прайшлі буйныя культурныя форумы, якія ўжо сталі добрай традыцыяй: Дзень беларускага пісьменства, Славянскі базар у Віцебску, Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Менавіта таму 5 верасня ў будынку тэатра работнікі сферы культуры, якія ўнеслі вялікі ўклад у гэтыя падзеі, атрымалі ганаровыя дыпломы і ўзнагароды.


Падчас цырымоніі міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў, што ў паўсядзённым жыцці работнікам культуры даводзіцца ў найкарацейшыя тэрміны вырашаць вельмі складаныя задачы, працуючы без выхадных, каб дарыць людзям выдатны настрой:

— З вамі вельмі камфортна і надзейна працаваць. Нягледзячы на ўсе перыпетыі, мы заўсёды знаходзім ісціну і дасягаем пастаўленых задач. Назіраючы, як глядач захоплена апладзіруе пасля спектакля ці канцэрта, радуючыся, калі нашы хлопцы і дзяўчаты становяцца пераможцамі прэстыжных конкурсаў і фестываляў, гледзячы на абноўленыя будынкі ўстаноў культуры нашай краіны, з гонарам гаворым: мы гэта зрабілі разам. Я часта параўноўваў працу ў культуры з рэальным сектарам эканомікі і зразумеў, што наша праца не лягчэйшая, чым у полі ці каля станка. Бо сфера культуры — тая галіна з бесперапынным вытворчым цыклам, дзе творчы працэс не запавольваецца ні на секунду. У выніку мы атрымліваем выдатны, непаўторны культурны прадукт, — падкрэсліў Анатоль Маркевіч.

Пачынаючы ўрачыстае ўзнагароджанне, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі агучыў віншаванне кіраўніка краіны. У ім Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларуская культура з'яўляецца ўнікальнай духоўнай скарбніцай народа, невычэрпнай крыніцай нашай самабытнасці і нацыянальнай годнасці. Прэзідэнт адзначыў, што найвышэйшым прызначэннем супрацоўнікаў культуры з'яўляецца адраджэнне народных традыцый і рамёстваў, захаванне гістарычнай памяці, стварэнне новых сучасных твораў мастацтва, а таксама выхаванне таленавітай моладзі.

Лаўрэатаў прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва вызначылі ў шасці намінацыях.

Дыплом у катэгорыі «Літаратура, журналістыка, крытыка» атрымаў рэдактар аддзела культурнага жыцця рэдакцыі газеты «Гомельскія ведамасці» Дзмітрый Чарняўскі.

У намінацыі «Тэатральнае, экраннае, цыркавое мастацтва» найлепшым стаў Народны тэатр Краснапольскага раённага Цэнтра культуры.

Дыплом ў намінацыі «Жывапіс, скульптура, графіка, дызайн і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» ўручылі Алене Катоўскай, бібліятэкару першай катэгорыі Лескаўскай сельскай бібліятэкі.

Узнагароду ў катэгорыі «Народная творчасць» атрымаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы».           У намінацыі «Бібліятэчная справа» лаўрэатам стала Таццяна Барабаншчыкава, намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна.

Дыплом у намінацыі «Музейная справа» ўручылі Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею.

З нагоды прафесійнага свята ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання супрацоўнікаў апарату Міністэрства культуры і работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры. Падчас узнагароджання міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец адзначыў, што духоўная і маральная аснова з'яўляецца базісам пры фарміраванні асобы нашай моладзі:

— Сёння кожны з нас павінен быць не толькі адукаваным, але і выхаваным на нашых традыцыях, культуры, гісторыі. Менавіта гэтую працу робіце вы, дзякуючы гэтаму мы можам быць упэўнены, што заўтра прыйдуць выхаваныя, культурныя маладыя людзі, якія сфарміруюць будучыню нашай краіны — моцнай, незалежнай, квітнеючай Беларусі.

Дыпломы і падзякі работнікам культуры былі ўручаны Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў, Саветам Рэспублікі і Нацыянальным сходам. Свае віншавальныя пасланні накіравалі прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.