Вядомыя медыяэксперты і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Германіі, Турцыі, Польшчы, Кітая, Францыі, Казахстана і іншых краін, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты, грамадскія дзеячы вызначылі пазіцыі па найбольш вострых пытаннях развіцця сучаснай медыясферы. Работа ва ўмовах канвергентнасці, жаночая тэма ў прэсе, барацьба з фэйкамі ў кантэксце выклікаў сучаснасці, бяспека журналіста — ключавыя аспекты, якія сталі прадметам дыскусій на некалькіх пляцоўках семінара.
Як і задумвалася арганізатарамі семінара — а гэта агенцтва «Мінск-Навіны» ў партнёрстве з Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА, Міністэрствам інфармацыі Беларусі, Мінгарвыканкамам, дэпутацкім корпусам, саюзамі журналістаў Беларусі і Расіі, іншымі творчымі і грамадскімі арганізацыямі, — па выніках работы секцый удалося выпрацаваць практыкаарыентаваныя рэкамендацыі для журналісцкай і экспертнай супольнасці ў гэты напружаны час.
Пытанне бяспекі прадстаўнікоў мас-медыя ўзняў старшыня Беларускага саюза журналістаў, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй КРЫВАШЭЕЎ. «І ў перыяд 2020 года, і цяпер, на фоне абвастрэння ваенна-палітычнай абстаноўкі каля нашых граніц, журналісты адчуваюць ціск, у першую чаргу анлайн, — адзначыў ён. — Прычым гэтая праблема, калі меркаваць па даных Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў, з'яўляецца глабальнай. У полі нашага зроку — абарона журналістаў, з аднаго боку, у лічбавай, віртуальнай прасторы, а з іншага боку, фізічная бяспека журналістаў. З пункту гледжання абароны жыцця і здароўя журналістаў Беларусь дэманструе нядрэнныя вынікі ў сваім рэгіёне. За апошнюю чвэрць стагоддзя ў нас не было ніводнага выпадку гібелі журналіста ў выніку выканання ім сваіх прафесійных абавязкаў. Гэта сур'ёзнае дасягненне, паколькі, на жаль, рэгулярна даводзіцца выказваць спачуванні таварышам у іншых краінах з прычыны гібелі таго ці іншага нашага калегі: будзе гэта журналіст-расследавальнік, які ўзнімае тэму наркамафіі, трансгранічнай злачыннасці, ці нашы калегі-журналісты, якія працуюць у зоне баявых дзеянняў або замарожаных канфліктаў, што час ад часу ўспыхваюць на нашай прасторы».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ лічыць, што ў рабоце журналіста адбылася істотная трансфармацыя. «У мяне няма сёння адказу на адно канкрэтнае пытанне — ці захаваецца прафесія журналіста? — заўважыў парламентарый. — Мы ведаем вялікую колькасць прыкладаў прафесійнай журналісцкай дзейнасці, умоўна кажучы з ХІХ, нават ХХ стагоддзя, калі журналіст, рызыкуючы сабой, даносіў да грамадскасці інфармацыю, факты — такія, якія яны ёсць. Больш за тое, ён часам быў вымушаны прыбіраць асабістыя прыхільнасці ў інтарэсах аб'ектыўнасці. Пагадзіцеся, такі падыход да прафесіі нават не зусім прафесійны: гэта падыход да прафесіі як да місіі».
Дэпутат параўнаў журналіста таго перыяду з настаўнікам, за плячыма якога — вялікі вопыт. «На жаль, прафесія цяпер падвяргаецца размыванню, і гэтыя стандарты, па сутнасці, мяняюцца ў нас на вачах, — канстатаваў Андрэй Савіных. — Аб'ектыўнасць падмяняецца эмацыянальным падыходам у атрыманні інфармацыі, які дазваляе журналісту казаць толькі тое, што яму падабаецца, тое, што ён пражывае і лічыць каштоўным. Такі падыход, па вялікім рахунку, знішчае аснову журналістыкі, і журналіст незаўважна для сябе пераўтвараецца ў антаганізм». У сувязі з гэтым галоўная пагроза для журналіста, на думку парламентарыя, ідзе не з боку пэўных структур, якія могуць нанесці шкоду. Пагроза ідзе знутры самога чалавека, бо часам падрыхтаваць тэндэнцыйны матэрыял вельмі выгадна.
Свет не стаіць на месцы, усё змяняецца. Дынамічныя працэсы адбываюцца і ў інфармацыйным асяроддзі ў тым ліку. «Вельмі многае памянялася пасля 2020 года, — акцэнтавала ўвагу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга ЧАМАДАНАВА. — Да 2020 года мы закалыхвалі, супакойвалі, пазітыўна, прыгожа расказвалі — магчыма, да чагосьці не даходзілі, магчыма, наўмысна ці яшчэ па нейкіх прычынах. 2020 год прымусіў журналістаў, як кажа наш Прэзідэнт, распранацца і працаваць. Мы ўбачылі іншую журналістыку: рэзкую, больш агрэсіўную. Мы ўбачылі новыя медыйныя твары. Сёння ў нас абсалютна новыя, цікавыя тэлепраекты, іншая друкаваная прэса. Бачым, як імкліва развіваюцца месенджары, сацыяльныя сеткі, якія з'яўляюцца новымі пляцоўкамі. Самае галоўнае — павысіўся рэйтынг нашых дзяржаўных СМІ».
Па словах сакратара Саюза журналістаў Расіі Цімура ШАФІРА, у Мінску казаць аб супрацьдзеянні фэйкам і сваім вопыце няправільна. «Беларусь перажыла ўдар фэйкаў у 2020 годзе, накіраваны на знішчэнне дзяржаўнасці, — канстатаваў медыяэксперт. — Потым ужо з хвалямі фэйкаў сутыкнуліся іншыя краіны, уключаючы Расію. Аднак Беларусь была першай, хто супрацьстаяў ім». Кажучы аб уплыве сучасных тэхналогій на работу журналіста, Цімур Шафір падкрэсліў, што любая тэхналогія нясе ў сабе пэўныя рызыкі. «Гэта гадоў 10—15 таму нас прыводзілі ў трапятанне тыя, хто ўмеў карыстацца сканерамі, ноўтбукамі і іншай сучаснай тэхнікай, — удакладніў ён. — Сёння ў гэтым плане беларускія і расійскія журналісты нават наперадзе еўрапейскіх калег. Канвергентныя тэхналогіі дазваляюць хутка перадаваць навіны ў рэдакцыю. Дзякуючы сучасным тэхналогіям журналіст стаў сапраўднай баявой адзінкай».
На жаль, нярэдка прадстаўнікі масмедыя з'яўляюцца і аб'ектам фізічнага гвалту, мішэнню. Так здарылася і з французскім журналістам Адрыянам БАКЕ. Падчас камандзіроўкі на Данбас ён зняў дакументальны фільм, які, мякка кажучы, не прыйшоўся даспадобы тым, хто знаходзіцца ва ўладзе ва Украіне. І не толькі. За непрымальны кантэнт для французскіх улад, якія закрываюць вочы на тое, што адбываецца ва Украіне, Адрыян Баке трапіў у турму на радзіме. Там ён прайшоў праз катаванні, аднак з дапамогай адваката змог апынуцца на волі. Цяпер малады чалавек жыве ў Расіі. Нядаўна падчас яго візіту ў Турцыю на журналіста было здзейснена нападзенне. Шматлікія раны на твары яшчэ не зажылі, а ён ужо прыехаў у Мінск, каб расказаць, у якіх умовах цяпер даводзіцца працаваць тым, хто трансліруе ўсяму свету праўду.
«Учора я апублікаваў здымкі, якія паказваюць, што Францыя ўмяшаная ў гэтую вайну і здзейсніла хімічную атаку на Украіну 11 жніўня 2022 года, — паведаміў Адрыян Баке. — Таксама мы знайшлі рэшткі бомбы, на якіх аказаліся французскія надпісы. Гэта неабвержны доказ. Нам пашанцавала знайсці нумар і серыю гэтай зброі. Ніхто не можа адмаўляць, што Францыя ў гэтым задзейнічана. Тры тыдні таму мы прадставілі доказы таго, што ўкраінская армія ўдзельнічае ў знішчэнні свайго насельніцтва. Маё забойства заказалі. Я незалежны ваенны журналіст і эксперт па балістыцы: магу распазнаць зброю, якая трапляе на тэрыторыю Данбаса».
Нягледзячы на тое, што даводзіцца працаваць з рызыкай для жыцця, французскі журналіст працягвае расследаванне. Неўзабаве ён плануе вярнуцца на Данбас, дзе будзе здымаць рэпартажы, а значыць, даносіць праўду шырокай грамадскасці. Менавіта гэта — адна з тэндэнцый сучаснай журналістыкі, пра якую так шмат гаварылі на медыйным семінары.
На пляцоўках семінара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу «Год гістарычнай памяці ў СМІ Беларусі» Беларускага саюза журналістаў. У намінацыі «Найлепшы праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці» першае месца прысуджана Выдавецкаму дому «Звязда» за рубрыку «Без грыфа «сакрэтна», аўтарамі якой з'яўляюцца журналіст газеты Вераніка Канюта і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў.
Вераніка КАНЮТА
Прэв’ю: БелТА
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.