Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Вёскі Гродзенскага раёна, якіх аб'яднала трагедыя


На тэрыторыі Гродзенскага раёна фашысты правялі некалькі карных аперацый супраць мірных жыхароў. Летам 1943 года пераўтварылі ў папялішча вёску Пузавічы, дзе загінула больш за паўтысячы чалавек. Былі спалены і зруйнаваны вёскі Сіні Камень, Шкленск, Полымя. Расправы над мірным насельніцтвам адбыліся ў Бабіне, Запур'і, Залясянах, Горніцы, Кашубінцах, Ятвезі... Фашысты помсцілі вяскоўцам за тое, што не могуць адолець партызан, і рабілі гэта з нечалавечай жорсткасцю. Сёння на тых месцах стаяць помнікі.


Вахта памяці

За тры гады акупацыі загінулі звыш 36 тысяч жыхароў Гродзенскага раёна. Цяпер у населеных пунктах каля помнікаў ахвярам фашызму вядзецца ўстаноўка візуальных формаў камунікацый з QR-кодамі. Ужо з'явілася больш за 20 такіх таблічак, і гэта работа працягваецца, паведамілі ў Гродзенскім райвыканкаме. Зараз пачалася распрацоўка патрыятычных маршрутаў па месцах былых трагедый. Дарога да іх не забыта. Помнікі і абеліскі даглядаюць школьнікі, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый.

Нядаўна свой маршрут па месцах масавых расстрэлаў жыхароў і спаленых вёсках праклала Гродзенская раённая арганізацыя Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Яе старшыня Аляксандр Даніловіч арганізаваў экспедыцыю памяці, удзельнікамі якой сталі школьнікі, прадстаўнікі вытворчага прадпрыемства «Агракамбінат «Скідзельскі», салютны ўзвод пагранічнікаў, ветэранскія арганізацыі.

— Мы ўпершыню праводзім акцыю «Вахта памяці па спаленых вёсках Гродзенскага раёна». Я сам з дзяцінства памятаю гэтыя вёскі, бо родам адсюль. Бліжэй усяго да маёй малой радзімы знаходзіцца вёска Бабіна, якую немцы амаль што зруйнавалі з зямлёй, таксама недалёка Полымя ці Дземша, як называлі вёску самі жыхары, — расказаў Аляксандр Даніловіч. — Пра многія малыя населеныя пункты мала хто ведае, звычайна праводзілі такія вахты памяці ў Скідзелі і вёсцы Партызанская. Але я вырашыў пашырыць маршрут. Бо такіх месцаў у Гродзенскім раёне нямала.

Кіраўнік грамадскай арганізацыі мае намер і надалей працягваць такія вахты памяці па спаленых вёсках. Ён лічыць, што важна знаёміць дзяцей з гэтымі мясцінамі: не зусім малых, а сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія больш усведамляюць факты і расказы. На яго думку, вельмі важна, што гэта тэма ўзнята на шырокі грамадскі ўзровень. Бо раней аб зверствах ворагаў ведалі ў асноўным мясцовыя жыхары. Але трэба, каб і ўсе ведалі, якія жахі тварылі фашысты з мірным насельніцтвам.

Вёска Бабіна ў мемуарах

У вёсцы Бабіна ўдзельнікі экспедыцыі сустрэліся з цікавым чалавекам, навукоўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам Мікалаем Даніловічам. Ён аўтар шматлікіх навуковых работ, даследуе мову і дыялекты Гродзеншчыны. Некалькі месяцаў таму ён выдаў новы твор, які прысвечаны яго роднай вёсцы Бабіна. Мікалай Аляксандравіч прызнаўся, што тут яго бацькоўская хата, і напісаць гэты аповед было яго доўгам. Зараз амаль ніхто не можа расказаць трагічную гісторыю партызанскай вёскі. Каштоўныя звесткі ён збіраў літаральна па крупіцах. З дзяцінства слухаў расказы аднавяскоўцаў, якія прыходзілі на вячоркі і ўспаміналі былыя часы. Вельмі часта ішла гаворка пра ваеннае ліхалецце. Тады проста запамінаў. А збіраць матэрыял для кнігі пачаў гадоў 20 таму.

— Вельмі шкадаваў, чаму раней не запісваў успаміны людзей. Яшчэ заставаліся сведкі той жудаснай трагедыі, — расказвае аўтар. — Я пачаў актыўна з імі супрацоўнічаць, распытваць, запісваць. З тымі, хто жыў далёка, у Расіі, зладзіў перапіску. Запісваў на дыктафон — у мяне запісана жывая мова гэтых людзей. Таксама збіраў фотаздымкі жудаснай гісторыі. Чатыры гады таму пачаў пісаць. Скончыў гэтым летам, і кніга «Мая родная вёска Бабіна» выйшла невялікім тыражом, усяго 50 экзэмпляраў.

З сабраных успамінаў можна даведацца аб трагедыі, якая здарылася ў вёсцы зімой 1943 года. Вось кароткі пераказ тых падзей.

...Фашысты пачалі аперацыю напярэдадні новага года — 31 снежня 1942 года. Іх мэтай было знішчэнне партызан, якія ўкрываліся ў Святым балоце каля вёскі. Немцы ішлі дзвюма групамі. Атрымалася так, што абедзве пачалі страляць адна ў другую. Партызанам удалося збегчы, а немцы паранілі свайго салдата, які хутка памёр. Яны вырашылі абвінаваціць у яго смерці партызан. Нямецкі ўказ абвяшчаў: за аднаго забітага немца караць смерцю дзесяць мясцовых жыхароў.

У Бабіне адчувалі, што набліжаецца нешта жудаснае: немцы хадзілі па хатах, усё аглядалі. Калі ў іх спыталі, што яны шукаюць, солтыс адказаў: хату пад кіно. Маўляў, у Бабіне яно будзе ранкам.

Магчыма, летам людзі і паўцякалі б у лес, але была зіма, холад. Партызанскі лагер немцы развалілі. Ды не думалі тады вяскоўцы, што з імі так жорстка абыдуцца. Тады ў акрузе яшчэ не было падобнай практыкі ліквідацыі вёсак. Бабіна стала першай ахвярай.

Мікалай Даніловіч падрабязна апісвае, як усіх жыхароў вёскі сагналі ў адзін дом і падзялілі на тры групы. Агучылі спіс і павялі на расстрэл. Наперадзе ішла жонка забітага немца, каб бачыць акт помсты. Выводзілі па двое, потым чуліся стрэлы. Сярод сабраных немцамі вяскоўцаў аказаўся прадзед Мікалая Данілавіча з унучкай Марыяй, сястрой маці аўтара кнігі. З прадзедам у пары ішоў паляўнічы, якому ўдалося ўцячы. Немцы былі разгубленыя, але жонка забітага немца падказала: няхай за бацьку будзе яго сын. А паколькі сын паляўнічага быў непаўналетні, то і замена быццам няроўная. Тады вырашылі ўзяць двух падлеткаў, сына паляўнічага і суседскага хлопчыка. Аднаму было 13, другому 11 гадоў. Далёка не адводзілі — застрэлілі абодвух у метрах 50 ад хаты. Такім чынам замест дзесяці былі забіты адзінаццаць вяскоўцаў. Астатніх мужчын адправілі ў канцлагер і потым знішчылі, жанчын — на работы ў Германію. Дзяцей, ухапіўшы за рукі, выкідалі ў снег. Іх забралі жыхары навакольных вёсак.

Аўтару кнігі давялося азнаёміцца з дакументам аб выкананні аперацыі, які склаў тагачасны начальнік жандарскага ўчастка на імя гродзенскага каменданта паліцыі і СД. Дакумент на нямецкай мове захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці. У ім сітуацыя падаецца з неверагодным цынізмам. У дакуменце гаворыцца, што жыхароў сабралі разам з рэчамі для таго, каб перасяліць з вёскі, бо яны дапамагаюць партызанам. Але раптам 12 чалавек паспрабавалі ўцячы. Яны былі забіты. Жандар піша, што гэтыя людзі былі звязаныя з партызанамі. Яшчэ 11 чалавек, якія падазраюцца «ў супрацоўніцтве з бандытамі», арыштаваны і перададзены ў канцлагер.

Пасля расправы над жыхарамі нямецкае начальства загадала зруйнаваць Бабіна. Ставілася задача сцерці яе з твару зямлі. Удалося ўратаваць чатыры дамы (іх гаспадары, якіх выселілі ў суседнюю вёску, закалолі парсюка і адвезлі нямецкаму начальству). Але жыць у дамах не дазвалялася.

Пасля вайны выжыўшыя жыхары вярнуліся, у тым ліку і Галіна Кузьмінічна — маці Мікалая Даніловіча. Яна ў вайну засталася адна — усіх яе братоў, сясцёр, бацьку знішчылі немцы. А яе спачатку адправілі ў турму, а затым у Германію. Калі вярнулася ў вёску, тут нічога не было. Адбудаваць Бабіна не ўдалося, і гэты боль страты жанчына пранесла праз усё жыццё. Лічыла сваім абавязкам паклапаціцца аб устаноўцы помніка. Ён добра бачны з вокнаў бацькоўскага дома Мікалая Аляксандравіча. На помніку 12 імёнаў і ўсяго два прозвішчы — Янковіч і Хоха.

— Маці даглядала брацкую магілу да апошніх дзён, купляла кветкі са сваёй пенсіі. Мы побач паставілі лаўку, на якой яна доўга сядзела вечарамі і малілася, — расказвае Мікалай Аляксандравіч. — Цяпер тут амаль нікога не засталося, але за помнікам ёсць догляд. Сёлета, клопатамі старшыні Парэцкага сельвыканкама Андрэя Мацкевіча, тут правялі дасканалы рамонт. Замянілі магільную пліту, агароджу, выклалі плітку, зрабілі сходкі. Пафарбавалі, надпісы аднавілі. Мясцовыя ўлады сочаць за парадкам: трава заўсёды падкошана.

Партызанская вёска на месцы папялішча

Бадай самы трагічны лёс падчас вайны напаткаў Пузавічы. Такога населенага пункта няма на сучасных картах. Ён знік у ліпені 1943 года, калі вораг пераўтварыў сотні дамоў у суцэльнае папялішча, а жыхароў паклаў у агульную магілу.

Нагодай для карнай аперацыі сталі разабраныя рэйкі на чыгунцы, непадалёку ад Скідзеля. На другі дзень ранкам фашысты з усіх бакоў акружылі Пузавічы. Па ўспамінах скідзельчанкі Любові Серкінай, немцы хадзілі па дамах і выганялі людзей быццам бы на сход. Жанчын з дзецьмі зачынілі ў адзін хлеў, мужчын — у другі. Загадзя сабралі з наваколля людзей з павозкамі і рыдлёўкамі. Потым сталі вяскоўцаў выводзіць па дваццаць чалавек. Загадвалі скакаць у яму і стралялі з кулямёта. У калектыўнай магілы на тры дні паставілі ахову, каб ніхто не мог выратавацца. У гэтай бойні загінула сястра Любові Серкінай, яе муж і двое дзяцей дзевяці і чатырох гадоў.

Немцы вывезлі ўсю маёмасць, забралі хатніх жывёл, а потым вёску ўшчэнт спалілі.

Але і гэтага фашыстам было мала. У кнізе «Памяць. Гродзенскі раён» ёсць даныя, што ў 1944 годзе пры адступленні акупанты сталі замятаць сляды сваіх зверстваў — у Пузавічах разрылі магілы, аблілі астанкі людзей палівам, абклалі дровамі і падпалілі. Такім чынам, вёску спалілі двойчы...

Калі пасля вызвалення пачаўся збор інфармацыі аб карных экспедыцыях фашыстаў у Пузавічах, Дземшы, Сінем Камяні і Шкленску, аказалася вельмі цяжка ўстанавіць колькасць загінулых жыхароў. Дапамаглі жывыя сведкі. Многія ўспаміны, дарэчы, увайшлі ў двухтомнік «Галасы дзяцей вайны», які выдадзены раённай жаночай арганізацыяй «Надзея» пры падтрымцы Гродзенскага райвыканкама.

Вялікую работу па зборы матэрыялу правёў Васіль Казак, які доўгі час працаваў старшынёй Скідзельскага сельвыканкама, а зараз узначальвае гарадскую ветэранскую арганізацыю.

— Мы ўдакладнілі лічбу, і аказалася, што загінулых 488 чалавек, гэта амаль усе жыхары даваенных Пузавічаў, — расказаў Васіль Рыгоравіч, — мы працавалі ў архівах, размаўлялі з людзьмі, сведкамі тых падзей. Але назваць усіх загінулых жыхароў пайменна так і не змаглі. Таму ў кнізе «Памяць» ёсць такія запісы: «У  спісе названы 16 дзяцей з прозвішчам Быцкевіч, у тым ліку дзесяць хлопчыкаў і шэсць дзяўчынак. Імёны і ўзрост невядомыя». Не ўстаноўлены прозвішчы яшчэ 83 загінулых жыхароў вёскі.

Цяжкасць у вызначэнні імёнаў яшчэ і ў тым, што карная аперацыя праводзілася на другі дзень вялікага рэлігійнага свята, на які да жыхароў Пузавіч з'ехалася нямала радні. Яны таксама маглі трапіць у смяротную пастку. Пузавічы так і не адрадзіліся. На іх месцы ўзнікла вёска з новай назвай — Партызанская. Напачатку 60-х на месцы расправы над мірнымі жыхарамі з'явіўся мемарыял у выглядзе самотнай жаночай постаці, а побач — памятная пліта над двума магіламі. Некалькі гадоў таму помнік аднавілі, паклалі тратуарную плітку, абсталявалі пляцоўку для мітынгаў, пасадзілі блакітныя яліны.

Чорны ліпень 43-га

Праз тры дні пасля трагедыі ў Пузавічах, 18 ліпеня, у Гродзенскім раёне былі знішчаны разам з жыхарамі адразу тры вёскі — Шкленск, Сіні Камень і Полымя. Яны, як і ўсе іншыя, мелі цесныя кантакты з партызанамі, дапамагалі ім, пяклі хлеб, мылі бялізну. Таму немцы распраўляліся з жыхарамі асабліва бязлітасна. У кожнай вёсцы загінула ад 40 да 80 чалавек.

У Шкленску фашысты спалілі ўсе 17 падворкаў, а 68 жыхароў расстралялі, у тым ліку 38 дзяцей. На месцы трагедыі ўстаноўлены памятны абеліск, які ў 1956 годзе выканаў архітэктар Макар Гардзей, ураджэнец вёскі. У агульнай магіле пахаваны 79 жыхароў, якія загінулі ад рук фашыстаў.

У гэты ж дзень карная аперацыя прайшла ў маленькай вёсцы Полымя, дзе было сем дамоў і каля 40 жыхароў. Амаль усе яны насілі прозвішча Дземша, таму так часцей за ўсе называлі і саму вёску. Так напісана і на помніку, які пасля вайны быў усталяваны на месцы масавага расстрэлу. Цудам выратаваўся Аляксандр Дземша, які заначаваў у цешчы ў суседняй Дубінцы. Яго жонка і малое дзіця загінулі. У памяць аб іх ён вярнуўся ў спаленую вёску, пабудаваў сабе хату і пражыў астатак свайго жыцця ў адзіноце. Вёска так і не адрадзілася.

Няма на карце і населенага пункта з прыгожай назвай Сіні Камень. І тут акупанты дзейнічалі па сваім бязлітасным сцэнарыі — на досвітку акружалі вёску, зганялі ўсіх жыхароў у адзін дом, потым выводзілі па адным да прыгатаванай ямы і расстрэльвалі. У цалкам спаленай вёсцы 87 жыхароў забіты, у тым ліку 19 дзяцей.

З успамінаў Сцепаніды Аўсейчык, якая жыла ў кіламетры ад Сіняга Каменя (зборнік «Галасы дзяцей вайны»): «Я бачыла, як гарэла вёска. А потым чула, што фашысты выпусцілі з дома толькі сям'ю старасты. Яго стрыечны брат папрасіў старасту ўзяць да сябе свайго сына-падлетка, але той спалохаўся за сваю скуру і пакінуў пляменніка на пагібель».

Жыхары суседніх лясных вёсак чулі стрэлы, крыкі ды плач. Яны потым хадзілі ў спаленыя вёскі і расказвалі, што зямля там была насычана крывёю і, як падавалася, пад магілай яна яшчэ варушылася. Каб пазбегнуць такой долі, многія сем'і пайшлі жыць у бліндажы ў лесе, хоць там было сыра, стаяла вада.

Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч расказаў, што каманда карнікаў выязджала ноччу альбо на досвітку. Да лета 1943 года такіх бязлітасных аперацый масавага знішчэння населеных пунктаў на Гродзеншчыне не было. Як правіла, акупанты дзейнічалі выбарачна: шукалі актывістаў супраціўлення і членаў іх сем'яў. Летам 1943 года было вырашана праводзіць так званыя масавыя «пацыфікацыі» (гвалтоўнае ўціхамірванне народнага абурэння).

Выбіраўся населены пункт, бліжэйшы ад месца нападзення партызан на нямецкіх салдат і паліцыю, альбо ад месца дыверсіі на чыгунцы. Нават у паліцыі да апошняга моманту не ведалі, якую вёску плануюць знішчыць. Такая сакрэтнасць была дзеля таго, каб паліцаі не папярэдзілі сваякоў і не сарвалі карную аперацыю. Лічыцца, што вёскі вакол Гродна былі спалены карным атрадам паліцэйскага афіцэра Мюлера, сфарміраваным у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград). Мясцовыя прыслужнікі да моманту прыезду карнікаў збіралі падводы, каб вывезці са знішчанай вёскі маёмасць. Пазней яна прадавалася з аўкцыёну.

У наступным годзе споўніцца 80 гадоў Хатынскай трагедыі. Такую ж жалобную дату адзначаць і яе «сёстры» на Гродзеншчыне. Фашысты спалілі ў наваколлі Гродна дзесяткі вёсак. На месцы большасці з іх зараз пусткі ў лесе, дзе стаяць адна ці дзве хаты, пабудаваныя на папялішчы тымі, хто перажыў навалу. Там, дзе былі Бабіна, Шкленск, Сіні Камень, Полымя, Пузавічы стаяць абеліскі ды крыжы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.