Вы тут

Лукашэнка: Не павінна быць вайны на тэрыторыі Беларусі, і мы, ваенныя, павінны прыняць усе меры, каб яе не было


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях бяспекі. Яе мэта — абмеркаванне дадатковых мер, якія трэба прыняць для ўмацавання бяспекі нашай дзяржавы з улікам абстаноўкі, якая хутка мяняецца. Прэзідэнт нагадаў, што аб правядзенні гэтай нарады дамовіліся на сустрэчы з ваеннымі ў Цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны на мінулым тыдні. 


Хай толькі дакрануцца бруднымі рукамі да нашай зямлі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыя вакол Беларусі застаецца напружанай. Па яго словах, на Захадзе насаджаецца меркаванне аб тым, што беларуская армія ўступіць у спецыяльную ваенную аперацыю на тэрыторыі Украіны непасрэдна. «Паддаўшыся гэтым укідам, ваенна-палітычнае кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага альянсу і шэрагу Еўрапейскіх краін ужо адкрыта разглядае варыянты магчымай агрэсіі супраць нашай краіны аж да нанясення ядзернага ўдару. Для нас гэта не навіна, я вас папярэджваў даўно, што іхняя мэта не ў тым, каб мы не ваявалі на баку Расіі ва Украіне, каб не дай бог ядзерны ўдар не нанеслі. Не гэта галоўнае. Галоўная мэта застаецца ўцягнуць нас у вайну і заадно разабрацца з Расіяй і Беларуссю. Я вас аб гэтым папярэджваў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Таксама Прэзідэнт расказаў, што па неафіцыйных каналах папярэдзілі аб нанясенні ўдараў па Беларусі з тэрыторыі Украіны. «Як было заяўлена: „мы зробім так, што гэта будзе Крымскі мост-2“. Да мяне была неадкладна даведзена гэтая інфармацыя. Мой адказ быў просты: давядзіце Прэзідэнту Украіны і іншым вар’ятам, што Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі яны толькі дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго метра нашай тэрыторыі», — расказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта функцыя ваенных і яны могуць лічыць гэта загадам Прэзідэнта, — «Не дай бог, нехта з іх пасмее тузануцца ў напрамку Беларусі. Бачыце Крымскі мост закружыў галаву некаторым, у тым ліку і ваенным. Думаю, трэба астыць», — сказаў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Польшча «ну проста трымціць», просіць амерыканцаў, каб яны неадкладна завезлі ядзерную зброю і размясцілі на яе тэрыторыі, у тым ліку і з ядзерных арсеналаў Германіі. Па яго словах, нядаўна было выяўлена, што палякі, ахоўваючы мяжу з Беларуссю, прыцягвалі ўзброеныя сілы. «Так, потым яны ўзброеныя сілы ад мяжы адвялі. Часткова, але паказалі нам, што яны сыходзяць. Нічога падобнага. Яны адвялі да сотні кіламетраў войскі ад мяжы, насычаюць іх зброяй натаўскіх узораў. Усё савецкае і што ў іх было польскае, яны сплавілі ва Украіну, утылізавалі. А пераўзбройваюць самай сучаснай зброяй. І што такое назад падысці да мяжы Беларусі — паўночы і яны будуць там», — расказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ўсё гэта бачаць і гэта не павінна заспакойваць. Па яго словах, калі трэба ў «момант чэ» палякі перакінуць свае войскі на працягу двух-трох гадзін на мяжу, на тыя пазіцыі, дзе яны павінны знаходзіцца.

Прэзідэнт нагадаў пра сваё даручэнне, дадзенае на мінулым тыдні. Праінфармаваць насельніцтва, ваенных, журналістаў, дзяржаўных служачых аб сітуацыі, якая складваецца вакол Беларусі. «У адваротным выпадку будзе сітуацыя як у 2020 годзе: мы тут усё ведаем, быццам разумеем, а народ гэтага не ведае. Трэба інфармаваць. Я ведаю, што такія інфармацыйныя нарады адбыліся. Не спрашчаючыся, мы правядзём інфармаванне ўсяго насельніцтва нашай Беларусі, асабліва буйных прадпрыемстваў, на самым высокім узроўні», — растулмачыў ён.

Крыніц незадаволенасці людзей быць не павінна

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў нараду з экамічным блокам урада, якая таксама адбылася на мінулым тыдні. Па выніках той нарады па распараджэнні Прэзідэнта ўведзена забарона на бескантрольнае павышэнне цэн. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што галоўная мэта той нарады і падобных нарад — зняць кропкі напругі і незадаволенасці людзей. «Мы бачым па сацыялагічных пытаннях, што рост цэн, інфляцыя ў краіне ўжо на другім месцы сярод пытанняў, якія непакояць нашых людзей. У аснове нашай палітыкі ляжала канцэпцыя справядлівасці, мы яе будзем прытрымлівацца і надалей. Галоўнае не забарона на рост цэн. Не забарона. Галоўнае — гэта выпрацоўка сістэмы кантролю за цэнаўтварэннем. А да выпрацоўкі гэтай сістэмы гэта некалькі дзён, цэны расці не павінны», — растлумачыў ён. 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэтыя дні дэпутаты, прафсаюзы, Камітэт дзяржкантролю кантралявалі выкананне даручэння Прэзідэнта. Толькі ў дзясятку з тысяч правераных аб’ектаў выявілі невялікі рост цэн. Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы.

«Калі мы баімся, што наступіць нейкі дэфіцыт з-за таго, што мы заціснулі цэны па некаторых групах тавараў, то губернатары і міністры прымуць адпаведныя рашэнні. Яны за гэта будуць адказваць. Сёння за гэта практычна ніхто не адказвае, адказвае яго вялікасць рынак. Але што такое рынак, мы ведаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што нас увесь час штурхалі ў бездань рынкавых адносін — гэта значыць вэрхал, бардак і іншая блытаніна." «Бачу, што ў нас пераважная большасць спецыялістаў паддаліся вось гэтым рэчам. Рынкавае цэнаўтварэнне. Нідзе яго не было, няма і не будзе. Яшчэ раз падкрэсліваю, звяртаючы ўвагу на цэнаўтварэнне. Гэта крыніца незадаволенасці людзей. І гэтых крыніц быць не павінна», — канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на праблему з дармаедамі ў краіне. Ён расказаў, што зараз выпрацоўваюцца адпаведныя меры для вырашэння гэтай праблемы. «Правільна сказаў старшыня прафсаюзаў Міхаіл Сяргеевіч Орда. Некалькі тысяч не працуюць, а сацыяльныя паслугі — у тым ліку адукацыя і ахова здароўя, яны атрымліваюць бо ўсе і нават наперадзе нас. Гэта справядліва? Несправядліва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Таксама Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ўсялякія пасярэднікі на рэалізацыю беларускай прадукцыі павінны быць прыбраныя. Работа павінна ісці толькі наўпрост. Цэны павінны ўстанаўлівацца і на імпартную прадукцыю. «Мы будзем правяраць, адкуль тут у 5-10 разоў выраслі цэны. Калі гэта абгрунтавана — Бог з вамі. Калі няма — лічыць мы добра ўмеем, адказваць вы будзеце па крымінальным кодэксе», — сказаў ён. 

Што да экспарту. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў МТЗ, МАЗ, БелАЗ і іншых прадпрыемстваў таксама з’явіліся пасярэднікі. Ён адразу параіў усім кіраўнікам прадпрыемстваў і буйных, і дробных, і прыватных і дзяржаўных: дылерамі павінны быць самі прадпрыемствы. «Сваю прадукцыю на рынках вы павінны прадаваць самі. Калі вы камусьці з прыватнікаў дазволіце прадаваць — няхай міністр зацвердзіць гэтае рашэнне», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

Рост цэн, дармаеды — гэта ўсё кропкі напругі, якіх, па словах Прэзідэнта, у краіне нямала. Але, ён канстатаваў, што ў бліжэйшы час з імі разбяруцца. «Мэта адна — толькі справядлівасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Без перабору і нагнятання

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў гэтых умовах Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўрасаюз заяўляюць, што будуць легалізаваць нашых «збеглых», як палітычную сілу, намерваюцца істотна нарасціць падтрымку дэструктыўных элементаў, абвастрыць абстаноўку на заходняй мяжы аж да адкрыцця «другога фронту». «Памятаеце, я вас папярэджваў, яшчэ ў пачатку гэтай спецыяльнай ваеннай аперацыі, калі я казаў, што мы не дазволім страляць у спіну рускім. Гэта тады было вобразна сказана. Але я тады бачыў, што нам самы небяспечны напрамак — гэта заходні. І калі б мы яго агалілі, мы б сёння стаялі на парозе вайны. Але мы пакінулі там узброеныя сілы, не ўпусцілі заходні кірунак», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён прывёў у прыклад падзеі 2020 года, калі калектыўны Захад спрабаваў здзейсніць бліцкрыг у Беларусі, пачаўшы з каляровай рэвалюцыі і мецяжу. Не атрымалася. Другі этап — эканамічнае ўдушэнне і інфармацыйны ціск на Беларусь. Санкцыі не спрацавалі. Значыць, і эканамічна задушыць нас не змаглі. Прэзідэнт адзанчыў, што застаецца адзіны спосаб — сілавое вырашэнне пытання праз дыверсіі, правакацыі, што прывядзе да дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне, гэта іх план. 

«Ва Украіне сёння не проста абмяркоўваецца, а плануецца нанясенне ўдару па тэрыторыі Беларусі. Вядома, украінцам гэта не патрэбна. Навошта ім адкрываць другі фронт на нашых паўднёвых межах, у іх на паўночных. Ну навошта? Гэта вар’яцтва з пункту гледжання ваенных. Але тым не менш працэс пайшоў. Іх штурхаюць гаспадары да развязвання вайны супраць Беларусі, каб нас туды ўцягнуць. Яшчэ раз паўтараю, каб разабрацца з Расіяй і заадно з Беларуссю. Мы гэта бачылі даўно. Я аб тым папярэджваў не толькі нашу грамадскасць, але і ўсю сусветную грамадскасць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Па яго словах, гэта бачылі і ведалі. Былі створаны батальна-тактычныя групы, адпрацоўваецца абарона паўднёвых межаў. Там на пастаяннай аснове дзяжураць нашы Узброеныя сілы.

«Падзеі з Крымскім мостам гавораць аб значным павышэнні ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы. Яны гатовы зараз ваяваць з усімі. На гэтым фоне падрыхтоўка ў Польшчы, Літве і Украіне баевікоў з ліку беларускіх радыкалаў для правядзення дыверсіі, тэрактаў і арганізацыі ваеннага мецяжу ў нашай краіне набывае ўзровень непасрэднай пагрозы. Улічваючы жаданні кіраўніцтва Польшчы пабразгаць нават ядзернай зброяй, гэта ўжо не пагроза — гэта небяспека абароназдольнасці нашай краіны. Я не хаваю, яшчэ некалькі дзён таму КДБ даручана правесці неабходныя мерапрыемствы контртэрастычнага характару», — расказаў Прэзідэнт. Па яго словах, улічваючы ўсе гэтыя фактары і ў цэлым існуючую абстаноўку, неабходна мець варыянты процідзеяння, у тым ліку і ваеннага, каб своечасова выявіць і лакалізаваць пагрозы. А ў выпадку неабходнасці — адэкватна адказаць на любыя ваенныя праявы супраць Беларусі.

Беларускі лідар нагадаў, што пасля неафіцыйнага саміту СНД у яго адбылася сустрэча сам-насам з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на заходняй граніцы Саюзнай дзяржавы разам з расійскім калегам яны дамовіліся аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. «Гэта ўсё паводле нашых дакументаў. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як зараз, мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы. Аснова гэтай групоўкі — армія, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Фарміраванне гэтай групоўкі пачалося», — сказаў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Расіі зараз не да гэтага канфлікту, таму не варта разлічваць на вялікую колькасць Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Але гэта будзе не адна тысяча людзей. Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру абароны Віктару Хрэніну прыняць гэтых людзей і размясціць іх, дзе трэба. «Без перабору і нагнятання», — канстатаваў ён. 

Таксама Прэзідэнт расказаў, што даручыў Міністэрству абароны і Камітэту дзяржбяспекі прапрацаваць магчымы комплекс мер па кантролі за сітуацыяй і рэагаванні на яе. «Яшчэ раз папярэджваю. Мы дастойна адкажам любому праціўніку. Мы да гэтага рыхтаваліся не адзін дзясятак гадоў. Калі трэба будзе — мы адкажам — не дай бог, вядома», — заявіў ён. Таму, па словах Галоўнакамандуючага, неабходна ведаць усё, што адбываецца каля нашых межаў. 

«Не нагнятаючы абстаноўку, хачу, каб вы разумелі: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Заўсёды. Усё жыццё. Таму, каб не дапусціць усякіх сутыкненняў і праяў, мы, людзі ваенныя павінны мець загадзя планы процідзеяння рознага кшталту мярзотнікам, якія спрабуюць нас уцягнуць у бойку. Мы не павінны ім дазволіць уцягнуць нас у вайну. Гэта нашая галоўная задача. Не павінна быць вайна на тэрыторыі Беларусі, і мы, ваенныя, павінны прыняць усе меры, каб яе не было», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што людзі нутром адчулі напружанне. Ён параіў кожнаму на сваім месцы займацца сваёй справай. «Сітуацыя сёння не настолькі абвостраная, каб мы ўжо пачалі нешта рабіць. Для гэтага ёсць ваенныя, якія на гэтым этапе прадэманструюць сваю рашучасць бараніць сваю краіну. І тады ніводзін мярзотнік сюды не сунецца», — канстатаваў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».