Вы тут

«Перад боем байцоў трэба было неяк натхніць». Па старонках біяграфіі дырэктара Белдзяржкансерваторыі Міхаіла Бергера


Калі рыхтавала матэрыял пра франтавыя беларускія канцэртныя брыгады, увесь час сутыкалася з дакументамі, датычнымі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, сённяшняй Акадэміі музыкі... 28 чэрвеня 1941 года дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Прагін і дырэктар Дзяржаўнай беларускай кансерваторыі Міхаіл Бергер атрымалі аднолькавыя пасведчанні.


«Центральный комитет коммунистической партии (большевиков) Белоруссии.

№ 447 28/VІ-1941г.

Удостоверение

Центральный комитет КП(б) Белоруссии поручает тов. Бергеру работу по организации эстрадно-театральных бригад для художественного обслуживания частей действующей Красной Армии».

Прагіна прызначылі дырэктарам франтавой канцэртнай брыгады, Бергера — мастацкім кіраўніком. Ён жа быў і канцэртмайстрам.

Сёлета Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі святкуе дзевяностагоддзе. З гэтай нагоды ўспамінаюцца славутыя імёны з яе гісторыі. Давайце ўспомнім і мы — з дапамогай дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Сын мінскага краўца

У архіве ёсць дзве аўтабіяграфіі Міхаіла Бергера, напісаныя ад рукі.

«Родился в 1909 году, в семье рабочего закройщика в гор. Минске. С 1922 года, обучаясь в муз. школе и музык. училище одновременно работаю в минских театрах, клубах — как пианист, солист и аккомпаниатор. А в 1928 году оканчиваю музык. техникум, после чего поступаю в Ленинградскую консерваторию».

Калі сын мінскага закройшчыка, краўца вучыўся ў мінскім музычным тэхнікуме, там выкладаў паэт Язэп Пушча. У 1927-м Пушча перадаў сваё месца паэту Уладзіміру Жылку, які толькі прыехаў з Заходняй Беларусі і меў патрэбу ў рабоце. Так што Міхаіл Бергер мусіў з ім сустракацца. Жылка закахаўся ў студэнтку тэхнікума Рыму Маневіч, якой у 1928 годзе, калі студэнт Бергер давучваўся, прысвяціў верш «Каханню нічога не трэба». Гэта каб вы ўявілі атмасферу таго часу — беларуская культура віравала ад маладых талентаў: творчыя вечары, дыскусіі...

Міхаіл быў вельмі таленавіты. Знайшла згадку, што ў дзяцінстве ён акампаніраваў Ларысе Александроўскай. У музычным тэхнікуме скончыў клас фартэпіяна ў Якава Жыва. У сваім выпуску лічыўся адным з самых яркіх піяністаў. У яго выпускной праграме былі саната Бетховена «Аўрора», Дванаццатая венгерская рапсодыя Ліста, эцюды Шапэна...

Плюс яшчэ падзарабляў тапёрам... Што дадало артыстычнасці. Адна з яго вучаніц, Людміла Шаламенцава, успамінала: «З намі ён быў артыстам, гэта таксама яго асаблівасць. Мы ведалі, што ў юнацтве, каб зарабіць грошы на вучобу, ён працаваў тапёрам, агучваў фільмы, і памятаю, як выдатна ён іграў полькі, вальсы, калі мы бывалі ў яго на дні нараджэння... Міхаіл Аркадзевіч іграў, а мы танцавалі».

«Ці ты не галодны?»

Калі вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі, ужо на другім курсе яму прапанавалі даць канцэрт у Ленінградскай філармоніі. Вядома,тамтэйшае інтэлектуальнае і мастацкае жыццё зачароўвала... Бергер пазнаёміўся з Пракоф'евым, Маякоўскім... Мог застацца ў Ленінградзе, дзе скончыў аспірантуру, але абраў родны Мінск. У 1937-м Камітэт мастацтваў адправіў яго выкладчыкам у мінскую кансерваторыю, а ў верасні 1938-га ён быў прызначаны яе дырэктарам.

Часы нялёгкія, многія з маладых музыкантаў недаядалі... Міхаіл Бергер заўсёды пытаўся, ці не галодны вучань, ці не пазычыць грошай на ежу. А яшчэ, як сцвярджаюць сведкі, не баяўся залічваць у студэнты дзяцей рэпрэсіраванай інтэлігенцыі. А такіх было шмат. І згаданыя Уладзімір Жылка і Язэп Пушча апынуліся далёка ад дому, у высылцы.

Да вайны кансерваторыя знаходзілася ў будынку на Кірава. Па ўспамінах калегі Бергера, піяніста Рыгора Шаршэўскага, «Чалавек ён быў добры, высакародны... Гэты чарнявы, усмешлівы, маладжавы музыкант імчаў па лесвіцах зверху ўніз — як быццам храматычныя гамы 32-ма нотамі іграў, толькі нагамі паспяваў перабіраць. Многія імкнуліся спарадзіраваць яго, але не ва ўсіх атрымлівалася, тут трэба было мець тэхніку высокага класа».

«Песня яшчэ не скончылася, а дывізія ўжо ўзнялася і рушыла на абарону нашай Радзімы»

Вялікая Айчынная змяніла ўсё... Першая франтавая канцэртная брыгада ўтварылася ў Гомелі. Першае выступленне адбылося 3 ліпеня 1941 года, на лясной паляне, для толькі што мабілізаваных чырвонаармейцаў. А потым пачалася цяжкая, небяспечная, самаадданая праца — па тры-чатыры канцэрты на дзень, якія нярэдка перарываліся бамбёжкамі. Вось што згадваў Міхаіл Бергер пра адзін з такіх канцэртаў:

«Жнівень 1941 года. Узброеныя да зубоў нямецкія вандалы ўварваліся на тэрыторыю Беларусі, Украіны. Амаль уся Беларусь — Мінск, Бабруйск, Віцебск, Магілёў — занятая ворагам. І толькі тут, каля сцен Гомеля, ён марна б'ецца вось ужо некалькі месяцаў... Гомель стаў для фашыстаў беларускім Вердэнам. Для ўмацавання горада прыбыла грузінская дывізія, якая чакала загад аб наступленні. Байцы стаміліся ад шматдзённых пераходаў і доўгага шляху з Закаўказзя ў Беларусь. Перад боем трэба было іх неяк натхніць.

І вось тады перад дывізіяй з'явілася Вераніка Барысенка. Яна стаяла на адчыненым кузаве грузавіка каля фартэпіяна. На вялізнай лясной паляне ўсталявалася цішыня. Цудоўная артыстка спявала рамансы і песні. Магчыма, не ўсе творы байцы зразумелі, але дух займала — так хораша было ад сачыненняў, якія выконвала Вераніка Барысенка! У яе голасе былі і жаночая пакута, і хітрасць, і ўладнасць, міжволі хацелася ёй падпарадкавацца...

Гукі фартэпіяна расталі. Некалькі імгненняў доўжылася цішыня. Потым паляна загула, у паветра паляцелі пілоткі:

— Вaша, вaша! Брава, брава! — доўга не змаўкалі захопленыя воклічы.

Канцэрт меў вялізны поспех. Памятаю, да мяне падышоў палкоўнік і папрасіў выканаць грузінскую песню «Суліко». І ўсе мы пачалі спяваць яе, але да камандзіра падышоў ардынарац і штосьці яму прашаптаў. Песня яшчэ не скончылася, а дывізія ўжо ўзнялася і рушыла на абарону нашай Радзімы».

На фартэпіяна падчас канцэрта іграў менавіта Міхаіл Бергер. А згаданая ва ўспамінах Вераніка Барысенка — студэнтка ІІ курса Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Яна прыехала ў родны Гомель на канікулы, калі пачалася вайна. І сталася так, што дырэктар кансерваторыі Міхаіл Бергер выступаў у франтавой брыгадзе са сваімі студэнтамі — акрамя Барысенкі, у брыгаду ўключылі студэнта-вакаліста Юрыя Матраева.

Радыё, фартэпіяна, кансерваторыя

Чытаем далей аўтабіяграфію Міхаіла Бергера:

«С первых дней войны я по поручению ЦК КП(б)Б организовал фронтовую бригаду, в которой пробыл по октябрь 1941 г., в качестве пианиста и худ. руководителя. В первых числах января 1942 года поступил в госпиталь № 45-59, где лечился и работал как пом. полит. В июне 1942 года комитетом искусств т. Солодовниковым назначен директором филармонии в гор. Самарканде... в феврале 1943 г. направляюсь в Саратов для сбора Белорусской госуд. консерватории.

В сентябре 1943 года ЦК КП(б)Б вызывает меня в Москву и назначает начальником музык. отдела радиовещания БССР. После чего я направляюсь в район Новобелица Гомельской области, по освобождению Минска с Радиокомитетом переехал в Минск».

Міхаіл Бергер адзначае, што ўвесь гэты час выступаў як саліст-піяніст, а ў кансерваторыю вярнуўся ў якасці прафесара і загадчыка кафедры, бо «за время моей работы в радиокомитете был назначен другой директор консерватории».

Пад аўтабіяграфіяй, наколькі можна разабраць размазаны атрамант, значыцца лістапад 1948 г. Пад другой аўтабіяграфіяй — умоўная дата, пазначаная архівістамі: «1940-я — 1950-я гг». Яна больш кароткая, змест прыблізна супадае.

Вось даведка на бланку Беларускай дзяржаўнай эстрады ад 15.08.1941 г. за подпісам дырэктара Прагіна і начальніка Бабруйскага Дома Чырвонай Арміі Караткевіча:

«Дана настоящая тов. Бергеру М.А., что он с 1.07.41 г. работал по обслуживанию концертами Действующей Красной Армии в качестве пианиста и художественного руководителя, в связи с окончанием работы направляется в город Новосибирск».

Наступны дакумент — ад 14.09.1941 г.:

«Удостоверение.

Выдано настоящее участникам концертной бригады по обслуживанию частей действующей армии Западного фронта т.т. Любану И.И. и Бергеру М.А. в том, что они действительно следуют за получением задания в комитет по делам искусства в г. Москву».

І некалькі слоў пра студэнтаў Бегнера. Калі ў верасні канцэртную брыгаду адправілі ў распараджэнне Галоўнага палітупраўлення, Барысенка і Матраеў аднавілі заняткі ў кансерваторыі. Пасля вызвалення Беларусі Юрый Матраеў шмат гадоў быў салістам Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Вераніка Барысенка стала вядучай салісткай Вялікага тэатра ў Маскве, дзе працавала больш за 30 гадоў. Вядомая спявачка Тамара Сіняўская гаварыла пра яе: «Это был голос, который можно держать в ладони — такой плотный, очень красивый, мягкий, но в то же время упругий. Красота этого голоса в том, что он — солнечный, несмотря на то, что меццо-сопрано... У Борисенко в голосе все... есть: день и ночь, дождь и солнце...»

Два браўнінгі

Працытуем яшчэ адзін дакумент з фондаў архіва-музея, напісаны атрамантам на пажаўцелым кавалачку аркуша з вучнёўскага сшытка ў лінейку:

«Удостоверение

Выдано настоящее члену концертной бригады по обслуживанию воинских частей действующей армии тов. Бергеру М.А. в том, что ему выдан браунинг № 278777».

Пад тэкстам дата: «22 июля 1941 года г. Гомель».

Гэты браўнінг згадваюць многія сведкі... Уражваючыся відовішчам, як мяккі, інтэлігентны Міхаіл Бергер не расставаўся з даверанай зброяй нідзе. Вось урывак з успамінаў аднаго з артыстаў:

«Пробовал свои силы в композиции заслуженный артист БССР М. Бергер. Юрий Матраев пел его лирическую песенку «Портной». Бергер участвовал в самых трудных поездках бригады, в том числе — в части комкора Л.Г.Петровского, сражавшейся за Рогачев и Жлобин. Михаил Аркадьевич носил в кармане пистолет «ТТ», тщательно обернутый в носовой платок».

Дарэчы, звярнулі ўвагу на тэму песні — гэта безумоўна асабістае, успамін пра бацьку-краўца.

Але настала мірнае жыццё... Вось яшчэ адзін дакумент, гэтым разам — на адмысловым бланку, на паперы, якая нават праз паўвека не пажаўцела:

«Управление милиции МВД БССР

Гор. Минск, 11 октября 1949 г.

Квитанция №201.

Принято от гр. Бергер Михаила Ароновича, прожив. по ул. Герцена д. № 2 кв. № 23 следующее оружие:

Род — пистолет

Система — Браунинг

№ 43661

Калибр 7,65».

Патронаў да пісталета не было. Але гэта не значыла, што маэстра дарэшты раззброіўся. Вось яшчэ адна падобная квітанцыя, ужо ад 13 мая 1950 г.

«Квитанция №135

Принято от гр. Бергера Михаила Ароновича, проживающего по ул. Советская, дом № 183 кв. № 80 следующее оружие:

Род — пистолет

Система — браунинг

№ 22734

Калибр 6,35 мм

Патроны 10 (десять)».

Франтавікі, дарэчы, неахвотна расставаліся са сваёй баявой зброяй. Дачка паэта Аркадзя Куляшова Валянціна ўспамінала, як яе бацька разам з іншымі пісьменнікамі-франтавікамі, калі адзначалі Дзень Перамогі, выходзілі ноччу на двор і пулялі ў неба, салютавалі.

Дарэчы, звярнулі ўвагу, што нумары здадзенай зброі не адпавядаюць таму, першаму браўнінгу, выдадзенаму ў 1941-м. Мо нумар яго памянялі, а мо быў у маэстра трэці браўнінг, магчыма, здадзены раней?

«Міша, Грыша і Ірыша»

Пасля вайны кансерваторыя месцілася ў былым Доме губернатара на плошчы Свабоды, разам з музычнай школай і Саюзам кампазітараў. Педагогам давялося працаваць і жыць там жа. Адрас, які значыцца ў квітанцыі аб здачы браўнінга Міхаілам Бергерам у 1949-м, Герцэна, 2, і ёсць той самы адрас. У 1958-м быў узведзены будынак, у якім знаходзіцца сучасная Акадэмія музыкі, па праекце архітэктара Рамана Гегарта.

У 1966 годзе Міхаіл Бергер узначаліў у кансерваторыі кафедру канцэртмайстарскага майстэрства. У студэнтаў тады існаваў жарт пра «Мішу, Грышу і Ірышу» — у кансерваторыі выкладалі тры выдатныя фартэпіянныя педагогі Міхаіл Бергер, Рыгор Шаршэўскі і Ірына Цвятаева..

Вядомая піяністка і педагог Людміла Шаламенцава трапіла да Міхаіла Бергера ў дзесяцігадовым узросце. «Я ўбачыла ў класе за раялем вельмі прыгожага чалавека, ён прыняў мяне быццам у бацькоўскія рукі. Гэты чалавек на ўсё жыццё стаў для мяне ўзорам і прыкладам.

Вучыў смела, ярка. Ён меў не надта моцнае здароўе, але мы ніколі не адчувалі, што займаемся ў педагога, які можа быць стомлены. Ён быў вельмі патрабавальны да сябе, і нам даводзілася цягнуцца за ім».

Як адзначалі многія, Бергер вучыў так, каб яго вучні таксама ў свой час мелі патрэбу і ўменне перадаць сваё майстэрства наступнаму пакаленню... Сын Міхаіла Бергера — таксама вядомы піяніст і педагог. А Людміла Шаламенцава была настаўніцай выдатнага беларускага піяніста Юрыя Блінова. «Школа Бергера» — казала яна.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».