Вы тут

Імператар дзякаваў за праўдалюбства. Як разбіраліся справы ў сярэдзіне ХІХ ст.


У 1804 годзе ў маляўнічы маёнтак Лапічы на беразе Свіслачы карэта віцэ-губернатара толькі што створанай Магілёўскай губерні, стацкага саветніка Івана Акімавіча Ламачэўскага, даставіла маладзенькую цяжарную кабету, яго жонку. Тут, у Лапічах, жылі яе бацькі. Неўзабаве на радасць ім і ўсёй сям'і на свет з'явіўся хлопчык, якому пры хрышчэнні святар прапанаваў даць імя Асінкрыт (непараўнальны) ў гонар святога, якога вызначалі адказнасць і самаахвяраванне ў адносінах да сяброў сям'і і любімых.


Фота: pixabay.com

Дакладна вядома, што бацька Асінкрыта меў сваю пасаду ўсяго два гады, і ў год нараджэння сына знік з рэестра высокіх чыноўнікаў, верагодна, памёр ад хваробы ці ран, і, можна меркаваць, маладзенькая ўдава, пазбавіўшыся сродкаў, адна гадавала сына. Аднак праз пэўны час у яе адшукаўся, мабыць, уплывовы заступнік, бо Асінкрыцік з Лапіч апынуўся ў Паўлаўскім імператарскім ваенна-сіроцкім доме ў Санкт-Пецярбургу. Для сям'і з глухой правінцыі гэта была па тым часе неверагодная ўдача!

Асінкрыт не згубіўся ў згаданай кадэцкай вучэльні, паказваў стараннасць, і ў час выпуску класа ў 1825 годзе яму (адзінаму з равеснікаў) было прысвоена першае афіцэрскае званне прапаршчыка. Ён ружавеў перад строем, калі начальнік зачытаў аб гэтым царскі ўказ і ўручыў эпалеты з першай зорачкай. Між тым, невядома з якой прычыны, пачала ўзыходзіць і яго жыццёвая зорка: праз месяц былы сірата з Лапіч быў залічаны ў Світу Яго Імператарскай Вялікасці (зноў жа, выключны выпадак!) і пайшоў угару: служба пры Віленскім і Мінскім ваенным губернатары, у Галоўным штабе і г. д.

Калі і дзе Асінкрыт сустрэў сваё каханне, не ўстаноўлена, але тое, што яго жонка, Аляксандра з Уладзімірцавых, узмацняла станоўчыя якасці мужа — гэта дакладна: паслядоўна ў шчаслівай сям'і нарадзілася 17 дзяцей! І што найбольш дзіўна, уе яны, цяпер ужо з даволі нябеднага сямейства, вучыліся за дзяржаўны кошт у элітных вучэльнях, а хросным бацькам у іх быў сам імператар! Службоўцаў у званні Асінкрыта ў імператара была процьма, чаму ж тады менавіта яму аказваўся выключны гонар? Мо справа ў жонцы? Якая таямніца звязвала Мікалая І і сям'ю Асінкрыта Іванавіча Ламачэўскага з беларускіх Лапіч? Цытую дакумент: «...в июле 1836 года император изъявил согласие на восприятие от купели дочери Александры (першае дзіця, дарэчы) и пожаловал супруге в подарок...». Ну, што яшчэ мог дарыць цар нерадавітай дваранцы — рэчы, якія сёння ёсць не ў кожным даведніку: «бриллиантовый фермуар» (накшталт сучаснай сумачкі-касметычкі ў брыльянтах), «бриллиантовый аграф и сен-сесиль» (брошка і ювелірны вянец у брыльянтах на прычоску), а пра завушніцы з брыльянтамі за двойню (дзеці Мікалай і Варвара) і тлумачыць не трэба. Не, Мікалай І не быў сквапны адносна падарункаў, але ўсё ж... Жонцы малодшага афіцэра — фермуар?..

Разам з падарункамі рухалася і служба. У 1837 годзе Асінкрыт пераводзіцца з войска на цёплае месца ў корпусе жандараў і з'яўляецца ў Мінску ў якасці жандарскага штаб-афіцэра — паўнамоцнага прадстаўніка імператара ў губерні. У яго функцыях кантроль за выкананнем законаў, праверка дзеянняў чыноўнікаў незалежна ад пасады і, калі неабходна, непасрэдны даклад цару.

Пазней у шматлікіх мемуарах (як польскіх, так і расійскіх) сучаснікі адзначалі выключную аб'ектыўнасць Ламачэўскага пры разборы спраў як у складзе камісій, так і самастойна. Асаблівую павагу выклікала яго выкрыццё чыноўных замахаў на асуджэнне групы ні ў чым не вінаватых 70 чалавек. Усе датычныя да здзеку чыны былі зволены са службы, а імператар за праўдалюбства падзякаваў Ламачэўскаму ордэнам (падрабязна пра гэта Асінкрыт Іванавіч напісаў у сваіх мемуарах).

Аўтарытэт яго быў настолькі высокім, што неаднойчы імператар даручаў яму расследаванне такіх спраў, якіх пазбягалі іншыя. Вось прыклад.

Звярнуліся да яго неяк два родныя браты Вячэрскія, сяляне памешчыка Гарноўскага з вёскі Лючцы Лепельскага павета. Яны сцвярджалі, што іх гаспадар злачынец, які закапаў жывымі дзвюх сваіх сялянак, а перад тым забараніў ім выходзіць замуж, пакуль не ахвяруюць яму сваю нявіннасць. А раней быў выпадак, калі дзве дзяўчыны памерлі ад такой ахвяры, бо былі малалетнімі.

У Ламачэўскага мелася імператарскае даручэнне, і ён са світай выехаў у Лепель. На месцы ж зразумеў, што мінулыя следчыя пазбягалі гэтай справы з-за яе выключнай пікантнасці.

Допыт Гарноўскага чыніўся ў прысутнасці сведкаў. Абвінавачаны паказаў, што сапраўды даў загад закапаць у зямлю без трун дзвюх сялянак, памерлых ад халеры, паколькі іх радня баялася хваробы і прасіла спіхнуць памерлых у яму палкамі. Адносна таго, што дзве дзяўчыны памерлі быццам бы ад насілля і пабояў, ён паказаў, што яны не былі малалетнімі, і адна памерла ў дзевятнаццаць, а другая — у дваццаць гадоў.

З усіх сялянак Гарноўскага толькі адна, абараняючы памешчыка, абазвала прысутных несумленнымі і сказала: «Ды хто ж з вас неахвотна з'яўляўся да халастога пана, які за паслугу заўсёды даваў гасцінцы?» Некаторыя жанчыны сапраўды скардзіліся на Гарноўскага не за тое, што вымушаны былі плаціць даніну «ахвяравання», а за тое, што ён вельмі доўга вытрымліваў іх у чаканні шлюбнага вянца. Іншыя абвінавачвалі яго ў цынізме і бесцырымоннасці абыходжання з імі дзе і як папала сярод белага дня, што ўласціва толькі зверу.

Гарноўскі не абвяргаў іх слоў, падпісваў паперы, а ў выніку справа завяршылася ўстанаўленнем апекі над яго ўладаннямі. Рабаўладальнік пазбавіўся і рабынь, і ўласнасці.

У 1843 годзе Асінкрыту Іванавічу прапанавалі заняць крэсла паліцмайстра Санкт-Пецярбурга. Ён пагадзіўся з неахвотай, бо сям'і належала перабірацца ў сталіцу, а жылля пакуль не было. З іншага боку, належала вучыць дзяцей, і лішнія грошы не заміналі. Праўда, калі б ён ведаў, чым павернецца высокае прызначэнне, то не надта б ірваўся з Мінска.

Адным з няпісаных «абавязкаў» сталічнага паліцмайстра была гульня ў карты. Пазбегнуць яе азначала быць адсунутым ад свецкага жыцця і кола асоб, якія ўплывалі на службовы рост. Між тым, гульні «на інтарэс» былі забароненыя. Як згадваў пазней Асінкрыт Іванавіч, яму і ў галаву не магло прыйсці, што ў дамах прыдворнага кампазітара Танеева, члена Санкт-Пецярбургскага Англійскага сходу, масона Глінкі і іншых, дзе гулялі ў карты ў коле заслужаных генералаў, сенатараў, членаў Дзяржсавета і наогул людзей пры пасадах, яго маглі чакаць вялікія непрыемнасці.

Здарылася ж так, што адзін з карцёжнікаў, таксама вядомы чалавек, пачаў прайграваць, але значныя даўгі вяртаў своечасова. Усе дзівіліся і сышліся на тым, што яму, відаць, перапала багатая спадчына за жонкай. Аказалася, што чалавек залез у дзяржаўную кішэню. Узнікла следства. Імператар загадаў усіх, хто меў дачыненне да гульняў, аддаць пад суд. Вінаваты быў «раскулачаны» і адпраўлены ў арыштанцкую роту, іншыя атрымалі пяцізначныя штрафы. Ламачэўскага ж з трэскам звольнілі з паліцмайстраў за парушэнне этыкі і недагляд, з забаронай займаць адпаведныя пасады. Ён зноў апынуўся ў Мінску, дзе карысна працаваў на пасадзе старшыні Мінскай казённай палаты, быў мінскім губернскім поштмайстрам, а закончыў свой шлях міравым пасрэднікам Ігуменскага павета ў 1884 годзе. Быў пахаваны на Ігуменскіх гарадскіх могілках.

У мемуарах, якія друкаваліся ў перыядычным друку пры жыцці аўтара, і ў асобнай кніжцы Асінкрыт Іванавіч Ламачэўскі згадвае падзеі, што адбываліся на беларускай зямлі ў часы Пушкіна. Гэта каштоўная крыніца для краязнаўства.

Віктар ХУРСІК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.