Вы тут

Лукашэнка: Мы заўсёды былі надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведвае Таджыкістан. У Душанбэ беларускі лідар правёў перагаворы са сваім калегам, Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, якія прайшлі ў вузкім і пашыраным саставе з удзелам членаў дэлегацыі. Па выніках афіцыйных перагавораў падпісаны пакет двухбаковых дакументаў. Бакі падпісалі міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне маладзёжнай палітыкі, аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю. Таксама была зацверджана дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на 2022—2026 гады.


«Я лаўлю сябе на думцы, калі ў Душанбэ прыязджаю (ужо не першы раз), што я еду як да сябе дадому. І калі ў мяне пытаюцца каля трапа самалёта: «Як даляцелі?» Ну як можна даляцець да сябе дадому? Таму я заўсёды адчуваю тут вельмі цёплае стаўленне не толькі да членаў нашай дэлегацыі, да мяне, але і да нашага народа. Народы вельмі падобныя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы прыляцеў у Таджыкістан учора. Каля трапа самалёта яго сустракалі Прэм'ер-міністр Таджыкістана Кохір Расулзада, міністр сельскай гаспадаркі, намеснік міністра замежных спраў. Непасрэдна ў аэрапорце беларускі лідар абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Таджыкістана вынікі ўборачнай і двухбаковыя адносіны.

Эмамалі Рахмон сустрэў Аляксандра Лукашэнку на плошчы перад цэнтральным уваходам у Палац Нацыі, дзе прайшлі перагаворы Прэзідэнтаў. У час цырымоніі афіцыйнай сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты і ваеннага аркестра Прэзідэнт Беларусі прывітаў ваеннаслужачых, а затым кіраўнікі дзяржаў накіраваліся да афіцыйных дэлегацый сваіх краін.

Пасля заканчэння традыцыйнага цырыманіялу прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана пайшлі на двухбаковыя перагаворы. Сустрэча прайшла спачатку ў вузкім складзе, а потым у пашыраным фармаце з удзелам членаў дэлегацый.

На перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Таджыкістан могуць прырастаць у гандлі за кошт выхаду на рынкі трэціх краін: «Мы пастаянна прырастаем у тавараабароце, добра прырастаем. Хоць, як вы заўважылі, аб'ём гандлю жадае быць лепшым. Вядома, мы можам значна больш, асабліва ў гэты няпросты час. У вас ёсць інтарэсы не толькі ў Беларусі, але і далей. У нас вялікая цікавасць у Таджыкістане. Як мы некалі паставілі задачу ўрадам, мы можам прырастаць у тавараабароце за кошт трэціх краін». Па яго словах, неабходна выходзіць з сумесна вырабленай прадукцыяй на іншыя рынкі, паколькі суседнія краіны вельмі маюць у гэтым патрэбу. У гэтыя дні ў Душанбэ праходзіць Таджыкска-беларускі бізнес-форум. На яго прыляцелі прадстаўнікі 73 прадпрыемстваў з Беларусі, амаль паўсотні з іх прадставілі сваю прадукцыю на выставе Made іn Belarus. На бізнес-форуме прадстаўлены практычна ўсе сектары беларускай эканомікі: машынабудаванне, металургія, прадукты харчавання, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. Агульная сума заключаных кантрактаў склала каля $46 млн. Акрамя таго, яшчэ на $2 млн былі замацаваны дамоўленасці падчас анлайн-перагавораў.

У нас няма закрытых тэм

На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё падзякаваў Эмамалі Рахмону за цёплы прыём беларускай дэлегацыі, адзначыўшы пры гэтым хуткае развіццё Таджыкістана. Паводле слоў Прэзідэнта, існуючы ўзровень беларуска-таджыкскіх кантактаў дае магчымасць краінам у даверным фармаце абмяркоўваць любыя, нават самыя складаныя пытанні як двухбаковага парадку дня, так і ўзаемадзеяння ў міжнародных і інтэграцыйных аб'яднаннях.

«Менавіта гатоўнасць абодвух бакоў да ўмацавання партнёрскіх і саюзніцкіх адносін, паглыблення і развіцця кантактаў дала магчымасць надаць супрацоўніцтву Беларусі і Таджыкістана асаблівы статус стратэгічнага ўзаемадзеяння. Наогул, у нас няма закрытых тэм. Няма нейкіх тайных пытанняў адзін ад аднаго. Мы па-сяброўску, па-братэрску абмяркоўваем любыя пытанні і, я думаю, знойдзем рашэнне», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб міжнароднай палітыцы, Прэзідэнт адзначыў, што падзеі, якія там адбываюцца, указваюць на пачатак працэсу зараджэння і выбудоўвання новай, шматпалярнай сістэмы палітычнага ўладкавання свету. «Прыемна, што нашы ацэнкі бягучай сітуацыі ў свеце, новых выклікаў і пагроз цалкам супадаюць. Мінск і Душанбэ канструктыўна супрацоўнічаюць у рамках ААН, ШАС, СНД, АДКБ і на пляцоўках іншых міжнародных арганізацый. Мы ўдзячны за падтрымку Беларусі, якая аказваецца Таджыкістанам, ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску з боку недружалюбных заходніх краін», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Эмамалі Рахмон на перагаворах адзначыў, што Таджыкістан гатовы прыкладаць намаганні для ўзбагачэння адносін з Беларуссю. «Мы даражым адносінамі дружбы і стратэгічнага партнёрства з Рэспублікай Беларусь. Яны адрозніваюцца высокім узроўнем даверу і ўзаемнай падтрымкі», — сказаў ён. Прэзідэнт Таджыкістана адзначыў вялікі асабісты ўклад кіраўніка беларускай дзяржавы ў развіццё ўзаемавыгадных сувязяў паміж краінамі.

Краіны паслядоўна падтрымліваюць адна адну

Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ. Паводле слоў беларускага Прэзідэнта, у час перагавораў бакі канструктыўна і адкрыта разгледзелі ўсе пытанні двухбаковага парадку дня. Асаблівая ўвага была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.

«Так, за мінулыя гады зроблена шмат, аднак патэнцыял эканомік нашых дзяржаў значна вышэйшы за дасягнуты ўзровень узаемнага тавараабароту. Для эфектыўнага выкарыстання існуючых рэзерваў мы маем намер актывізаваць кантакты нашых прадпрыемстваў, у тым ліку з дапамогай такіх пляцовак, як выстаўкі айчынных вытворцаў і беларуска-таджыкскі бізнес-форум», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паспяховая рэалізацыя сумеснага праекта па вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Гісары была першым крокам на шляху індустрыялізацыі і развіцця таджыкскай прамысловасці з выкарыстаннем беларускіх напрацовак. Беларускі бок таксама бачыць вялікія перспектывы, звязаныя з развіццём зборачнай вытворчасці сваіх ліфтаў, якая паспяхова функцыянуе ў Таджыкістане. Да канца года Беларусь і Таджыкістан плануюць увесці ў эксплуатацыю сумеснае прадпрыемства ў Душанбэ па перапрацоўцы малака. «Цяпер нашы прадпрыемствы аказваюць неабходную тэхналагічную падтрымку таджыкскім партнёрам», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы таксама падрабязна абмеркавалі няпростую сітуацыю, якая складваецца ў свеце і ў рэгіёне, абмяняліся думкамі па пытаннях процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам. У гэтыя неспакойныя дні нашы краіны паслядоўна падтрымліваюць адна адну і на міжнародных пляцоўках. Перакананы, што і ў далейшым будзем прытрымлівацца гэтага прынцыпу» , — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды гатова аказаць дапамогу Таджыкістану. «Яшчэ раз дзякую майму сябру Прэзідэнту за плённыя, паспяховыя перагаворы, якія, я ўпэўнены, нададуць дадатковы імпульс развіццю нашых двухбаковых адносін. Я толькі што папрасіў членаў нашых дэлегацый, членаў урада (дэлегацыя прыстойная), каб мы адсюль з пустымі рукамі не вярталіся. І каб гэта было выгадна таджыкскаму боку. Менавіта гэта — эканоміка, гандаль — падмурак нашых адносін. Іх трэба развіваць больш эфектыўна. Што да нас, мы заўсёды былі і застанёмся надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі», — заявіў беларускі лідар.

У тэму

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы супрацьдзеяння карупцыі заключылі Генеральная пракуратура Беларусі і Агенцтва па дзяржаўным фінансавым кантролі і барацьбе з карупцыяй Таджыкістана. Развіваць супрацоўніцтва ў сферы турызму дамовіліся Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Камітэт па развіцці турызму пры ўрадзе Таджыкістана. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан'юнктуры цэн і Агенцтвам па экспарце пры ўрадзе Таджыкістана. Акрамя таго, бакі зацвердзілі палажэнне аб сумеснай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Выканаўчым органам дзяржаўнай улады горада Душанбэ на 2023—2024 гады. Магілёўскі раён устанавіў пабрацімскія сувязі са Спітаменскім раёнам Сагдыйскай вобласці Таджыкістана, а Нацыянальная акадэмія навук Таджыкістана і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі дамовіліся аб падрыхтоўцы кадраў у галіне вірусалогіі, мікрабіялогіі, малекулярнай біялогіі, эпідэміялогіі, біятэхналогіі і фармакалогіі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.