Вы тут

Краязнаўчы музей, 90-гадовы юбілей і перамога беларускага футбола


«Школьныя гады — цудоўная пара!»

Любы від дзейнасці эфектыўны толькі тады, калі мае сацыяльную значнасць, калі кранае пачуцці і застаецца ў памяці. Якраз да гэтага імкнёмся мы, краязнаўцы Дварэцкай сярэдняй школы.


Некалі ў яе ваколіцах былі Азяранская і Цяцейкаўская васьмігодкі, Кажухоўская, Коцькаўская, Старынская, Петрашоўская ды іншыя пачатковыя школы. Там вучыліся дзеці, там працавалі настаўнікі... Дык чаму б не захаваць памяць, не абнавіць экспазіцыю музея, не папоўніць яе новымі дакументамі і экспанатамі?

Для іх збору цягам двух апошніх гадоў нашы вучні правялі дзясяткі экспедыцый, падчас якіх адбылося шмат змястоўных размоў з мясцовымі жыхарамі, ветэранамі педагагічнай працы, іх сваякамі. У выніку экспазіцыя музея папоўнілася цікавымі фотаздымкамі, дакументамі ды іншымі артэфактамі. Асобныя з іх проста ўнікальныя! Сярод іх — пасведчанне Аркадзя Максімавіча Жэгаліка аб заканчэнні Цяцейкаўскай пачатковай школы, датаванае 1947 годам, амаль стагадовая «Чытанка» (накшталт «Буквара») на польскай мове, тагачасныя падручнікі...

Адкрыццё новай экспазіцыі — ва ўрачыстай абстаноўцы, з разразаннем чырвонай стужачкі, з запрашэннем гасцей (жыхароў мястэчка Дварэц і яго ваколіц, педагогаў, ветэранаў) адбылося ў Дзень настаўніка.

Па задуме савета музея першую экскурсію правялі госці свята: падзяліліся цёплымі ўспамінамі, згадалі тагачасныя школьныя будні, калег, разам з якімі яны працавалі.

...Напрыканцы былі фотаздымкі на памяць, абмен кантактамі, дамоўленасць аб чарговай сустрэчы на наступны год. Свята, як быццам, скончылася? Аднак удзельнікі яго сваёй прысутнасцю як бы ажывілі паліцы новай экспазіцыі музея, з'ядналі пакаленні агульным прызнаннем: «Школьныя гады — цудоўная пара!».

Такі вось вынік і быў на мэце.

Сяргей КАСКО, кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Памяць»

Дзятлаўскі раён


«...Бо гэта проста неабходна»

«Круці не круці , а трэба ўмярці» — так у народзе кажуць. І сапраўды, ад смерці яшчэ ніхто не адкупіўся: людзі — хто раней, хто пазней — сыходзяць у лепшы свет, туды, адкуль не вяртаюцца… А вось праводзіць — трэба. І, дай бог, годна, па-людску.

З трывогай, калі не з жахам, мне ўспамінаецца зусім недалёкае мінулае — гады, калі я працавала старшынёй Капланецкага сельвыканкама, калі сама арганізоўвала пахаванні тых, хто не меў сям'і, хто дажываў свой век адзінока. А калі яшчэ і на водшыбе, у выміраючай вёсцы, дзе ні людзей, ні труны, ні транспарту...

Цяпер зусім іншая справа. Малайцы прадпрымальнікі: адчулі, у якіх паслугах ёсць патрэба, стварылі адмысловыя фірмы, узялі на сябе безліч клопатаў ад абмывання-адзявання памерлага да дастаўкі труны, крыжа, пакрывала, выкопвання магілы... Усё гэта, вядома ж, не танна, але расцэнкі на паслугі сумяшчальныя з сумай, якая выдзяляцца дзяржавай на пахаванне памерлага. Ды і людзі ў нас пры жыцці прывыклі нешта адкладваць на так званыя чорныя дні.

...Чарада маіх пачалася са смерцю мужа. Не ведаю, як перажыла б усё без падтрымкі родных і сяброў, без аднавяскоўцаў і, вядома ж, без работнікаў рытуальнай фірмы. На маю думку, ім, гэтым фірмам, трэба развівацца далей, бо іншым разам колькасць заявак перавышае іх магчымасці, трэба часам аказваць паслугі ў доўг, бо не ва ўсіх людзей могуць аказацца патрэбныя сумы. Але ж галоўнае — працаваць, дзейнічаць, бо гэта проста неабходна.

Ніна БУРКО

в. Капланцы, Бярэзінскі раён


«Дабрыня і сумленнасць — гэта ў яго ў крыві...»

Віншаванні з днём нараджэння Васіль Макаравіч Тамашэўскі прымаў ад дачкі, двух сыноў, пяці ўнукаў ды ўнучак, васьмі праўнукаў. А вось астатнім «злавіць», заспець яго дома было вельмі няпроста: юбіляр у любое надвор'е па дзве-тры гадзіны ходзіць пехатой. І гэта ў 90! Сем з іх Васіль Макаравіч жыў пры Польшчы, тры, што называецца, «пад немцамі»...

У яго бацькоў Макара Сідаравіча і Фёклы Восіпаўны, зямлі было мала, дзяцей — многа. Жыла сям'я ў невялікай хатцы ў вёсцы Наваспаск.

Першы клас пачатковай школы Васіль скончыў перад самай вайной, сямігодку — праз тры гады пасля яе завяршэння.

Сваё цяжкае ваеннае і пасляваеннае дзяцінства Васіль Макаравіч успамінае да сёння. Кажа, што жыць у яго мясцінах было не толькі цяжка, але і небяспечна: дарослыя і дзеці гінулі, заставаліся калекамі, падарваўшыся на мінах, зямля была ў ямах ад бомб і снарадаў.

Небяспечнымі і паўгалоднымі былі і студэнцкія гады. Вучыўся Васіль Макаравіч у Ашмянскім педвучылішчы, а ў навакольных лясах — Смаргоншчыны, Ашмяншчыны — тады лютавалі банды «лясных братоў». Яны забівалі старшынь калгасаў і міліцыянераў, пужалі настаўнікаў, рабавалі крамы...

Аднак баяцца ніяк не выпадала. У вёсках вельмі шмат было дзяцей школьнага ўзросту, а настаўнікаў і тых самых школ — вобмаль. Вось і давялося Васілю Макаравічу да абеду весці ўрокі ў адной вёсцы і хаце, пасля абеду — у другой. Ад вёскі да вёскі ў любое надвор'е і ў любую бездараж настаўнік хадзіў пехатой... І гэта шчасце яшчэ, што не босы, як большасць ягоных вучняў...

Дарэчы, яны — пажылыя людзі з вёсак Гамзічы, Ябравічы, Стрыпуны ды іншых — яшчэ і сёння помняць свайго вясёлага настаўніка, які вучыў іх чытаць, пісаць, лічыць.

...Пасля трохгадовай службы ў войску Васіль Макаравіч працаваў у Чаркаскай сямігодцы, дзе, завочна атрымаўшы дыплом, стаў дырэктарам, затым амаль трыццаць гадоў у, можна сказаць, роднай Суцькаўскай, куды некалі прыйшоў першакласнікам.

Па-добраму ён успамінае сваіх калег, лічыць, што не бывае няздольных вучняў, проста не ўсім шанцуе з настаўнікам.

...Вырасшы ў працавітай сям'і, прывучаны добрасумленна ставіцца да любой работы, гэтаму ж Васіль Макаравіч вучыў і сваіх дзяцей, і чужых. Сярод яго вучняў — Мікалай Восіпавіч Скапец — аграном, Мікалай Фёдаравіч Шунька — доктар, Алена Фёдараўна Танкевіч і Ніна Васілеўна Буцько — настаўніцы... Па расповедах калег Соф'і Сцяпанаўны Залескай і Марыі Уладзіміраўны Кітаевай, якія працавалі разам з Васілём Макаравічам, ён заўсёды быў эталонам прыстойнасці. А дабрыня і сумленнасць — гэта і наогул у яго ў крыві...

Мікалай БАЛЫШ

г. Ашмяны


«Гэта была перамога беларускага футбола...»

...Радок у звяздоўскую рубрыку «Даты. Падзеі. Людзі»: сёлетняй восенню роўна сорак гадоў, як дынамаўцы Мінска сталі чэмпіёнамі СССР па футболе...

У пачатку таго сезона пра першыя перамогі каманды расказвалі спартыўныя каментатары Мікалай Петрапаўлаўскі, Сяргей Новікаў, Уладзімір Навіцкі, а потым... Прапанова весці футбольныя рэпартажы мне (?!) (я тады працаваў у дзіцячай рэдакцыі Беларускага тэлебачання), да таго ж, на беларускай мове, настолькі здзівіла і ўзрушыла!.. Не ведаў, што і адказаць! Ну як жа — а лексіка? А футбольныя тэрміны? А слоўнікавы запас?

Гэта з аднаго боку. А з іншага — чым мы горшыя за тых жа грузінаў, літоўцаў, украінцаў, у якіх не толькі футбол, усе віды спорту каментаваліся на родных мовах?

Старшыня Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, мудры чалавек і выдатны паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, падобна, разумеў маю разгубленасць — чакаў адказу. І я згадзіўся. Згадзіўся яшчэ і таму, што гадамі гуляючы на першынстве рэспублікі, ведаў футбол не толькі вачыма, але і нагамі...

Не раз перагартаўшы даведнікі і слоўнікі, асэнсаваўшы многія футбольныя тэрміны, я сеў у каментатарскую кабінку, каб запісаць свой першы рэпартаж на магнітафон. Некалькі разоў праслухаў, заўважыў шмат недахопаў, але ў адчай не кінуўся, бо зразумеў, што ўсё атрымаецца, я змагу весці рэпартажы на роднай мове! Трэба толькі карпатліва, старанна рыхтавацца да кожнай гульні.

Для гэтага я завёў сабе таўшчэзны журнал, распісаў усе каманды першынства СССР, насупраць кожнага гульца адзначыў папярэджанні, забітыя галы. Ведаў, што мяне чакае нялёгкая статыстыка, але без яе выходзіць у эфір немагчыма. Да таго ж я помніў, на якой высокай душэўнай ноце вялі рэпартажы Сіняўскі, Озераў, Махарадзэ...

Пасля гэтага запісаў на магнітафон яшчэ адну спробу, занёс паслухаць Генадзю Мікалаевічу. Ён зрабіў некалькі заўваг і шчыра ўсміхнуўся: маўляў, добра, усе званкі «зверху» бяру на сябе.

Галоўны трэнер мінскага «Дынама», заслужаны трэнер СССР Э. В. Малафееў.

Першы мой рэпартаж «Дынама» (Мінск) — «Нефтчы» (Баку) для Беларусі быў, можна сказаць, неспадзяванкай. Праз два-тры дні на тэлебачанне прыйшлі сотні лістоў. Мяне здзівіла і парадавала тое, што большасць гледачоў вітала гэты нечаканы, незвычайны пачын. Але адзін ліст узрушыў, помню, найболей. Маці сына-сямікласніка, зацятага футбаліста і балельшчыка, пісала, што пасля майго рэпартажу хлопец пачаў старанна выконваць заданні па беларускай мове...

Апроч лістоў, былі тэлефонныя званкі ад сяброў, сваякоў, знаёмых. На вуліцы сталі спыняць суседзі: здзіўляліся, хвалілі, падтрымлівалі. А я пры гэтым ведаў, што працаваць трэба яшчэ больш: даследаваць біяграфіі футбалістаў, чытаць спартыўныя газеты, шліфаваць мову, вывучаць почырк і стратэгію каманды.

Наступныя рэпартажы былі больш удалымі, эмацыянальнымі, але самае галоўнае, што каманда выйгравала, хлопцы гулялі, як казаў галоўны трэнер Эдуард Малафееў, шчыра, з агеньчыкам. Яшчэ ў першым рэпартажы я, помню, пажартаваў, што беларуская мова павінна падтрымаць і натхніць каманду, узняць яе да чэмпіёна краіны!

Ці ж ведаў тады, што словы мае спраўдзяцца, прычым — той самай восенню? Вядома ж, не.

А каманда сапраўды гуляла магутна, размашыста і ўпэўнена. Тры Сяргеі — Бароўскі, Алейнікаў, Гоцманаў — з цудоўнай тэхнікай, Аляксандр Пракапенка — з нечаканымі хадамі і фінтамі. Міхаіл Вергіенка — надзейны і амаль непрабіўны ў варотах... Астатнія хлопцы таксама не горшыя!

Да сёння перад вачыма гол Пракапенкі кіеўскаму «Дынама»: прастрэл з правага фланга, абаронца і варатар ідуць на Аляксандра, блакіруючы магчымасць прамога ўдару. А той прапускае мяч і пяткай правай нагі... коціць яго ў вароты! Божухна, што ў гэты момант пачынаецца на трыбунах?! Крыкі, абдымкі, слёзы, апладысменты... Доўгія, у адзіным парыве...

Прыкладна тое ж было ля тысяч блакітных экранаў.

...З часам футбольныя рэпартажы станавіліся ўсё больш прывычнымі для аматараў футбола, крытычных лістоў і заўваг на мой адрас амаль не было, магія гульні захапляла ўсё новых і новых людзей, тых, хто ніколі не гуляў у футбол, не цікавіўся ім. Хатнія гаспадыні бегалі ад пліты да тэлевізара, ловячы лік гульні, хутчэй дабіраліся дадому рабочыя, каб уладкавацца перад сваімі экранамі. Мінскае «Дынама» ўпэўнена ішло да чэмпіёнства.

Пазней, восенню, каманда разграміла маскоўскі «Спартак» і стала чэмпіёнам СССР, заваявала залатыя медалі! Гэта была перамога беларускага футбола, перамога ўсіх беларускіх заўзятараў, маіх слухачоў і гледачоў. І трошачкі, хочацца думаць, — мая.

У выніку гульні ў футбол, маёй каментатарскай працы напісаліся тры аповесці —»Заварожаны мяч», «Пенальці» і «Удар залатой бутсы».

Алесь КАМАРОЎСКІ, першы беларускамоўны футбольны каментатар

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.