Вы тут

З якімі пытаннямі прыходзілі да сенатараў падчас адзінага дня прыёму


Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці на мінулым тыдні прайшоў адзіны дзень прыёму грамадзян. Члены Савета Рэспублікі сустрэліся з людзьмі, каб выслухаць іх праблемы і прапановы. Якія менавіта пытанні ўзнімаліся падчас размовы сенатараў з жыхарамі Міншчыны — у нашым падрабязным аглядзе.


Салігорск

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём у Салігорскім райвыканкаме. Сярод ключавых праблем была тэма ЖКГ, таксама людзей хвалявалі пытанні аховы здароўя і працаўладкавання. Усе звароты былі ўзяты на кантроль і перададзены ў адпаведныя органы, некаторыя пытанні былі вырашаны адразу падчас прыёму.

Адна з надзённых тэм зваротаў — праблемы інвалідаў. Жыхар Салігорска Яўген Леанідавіч звярнуўся да Наталлі Качанавай з просьбай аб дапамозе ва ўстаноўцы і абслугоўванні пад'ёмніка для людзей з інваліднасцю ў шматкватэрным жылым доме. Ад салігарчанкі Кацярыны Сяргееўны прагучала просьба вырашыць пытанне з пабудовай жылля для сем'яў з дзецьмі-інвалідамі. У сваю чаргу, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на выдзяленне жылля такім сем'ям.

Грамадзяне звярталіся да Наталлі Іванаўны і з пытаннямі медыцынскага абслугоўвання. Так, жыхарка Салігорска Валянціна Сяргееўна ўжо чатыры гады не можа трапіць на аперацыю па пратэзаванні тазасцегнавога сустава. Адразу падчас прыёму грамадзянкі Наталля Качанава патэлефанавала міністру аховы здароўя: «Зробім. Міністр у курсе вашай праблемы, абавязкова разбяромся», — запэўніла Валянціну Сяргееўну Старшыня Савета Рэспублікі.

Валянціна Мікалаеўна прыйшла на прыём з наступнай праблемай: яе сын атрымаў траўму на рабоце — раздрабіў абедзве ступні, ад работадаўца сям'я не атрымала ні кампенсацыі, ні аплаты медыцынскіх паслуг. У мужчыны двое непаўналетніх дзяцей, але пасля траўмы ён не можа знайсці работу. Групу па інваліднасці яму таксама не даюць. «Вашу сітуацыю возьмуць на кантроль у Міністэрстве аховы здароўя. Па гэтых пытаннях мы вам дапаможам», — абнадзеіла жанчыну Наталля Качанава.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што ў Салігорску дастаткова моцная медыцынская база. Але зыходзячы з вынікаў прыёму, пытанні ў грамадзян ёсць і іх неабходна вырашаць:

— Патрэбна больш пільная ўвага медыцынскіх работнікаў да такіх пытанняў. Мяркую, праблемы будуць вырашаны ў найкарацейшы тэрмін і людзям своечасова акажуць медыцынскую дапамогу.

Папулярнай тэмай падчас прыёму ў Старшыні Савета Рэспублікі сталі пытанні ЖКГ. Прагучалі скаргі на рэгулярныя засоры ў каналізацыі, стан вясковых дарог, працяканне даху. Салігарчанін Анатоль Міхайлавіч паскардзіўся на работу каналізацыйнай сістэмы ў доме, а таксама прапанаваў заняцца азеляненнем раёна. Азнаёміўшыся з сітуацыяй, Наталля Качанава дала параду старшыні Салігорскага райвыканкама Андрэю Жайловічу: «Трэба ствараць органы мясцовага самакіравання. У кожным доме павінен быць старшыня дамавога савета або камітэта, які будзе працаваць з людзьмі».

Жыхар гарадскога пасёлка Чырвоная Слабада звярнуўся да Наталлі Іванаўны з просьбай дапамагчы ў вырашэнні пытання з рабочымі месцамі. А Алену Аляксандраўну з Бранчыц хваляваў стан дарог — яны прыходзяць у непрыдатнасць пасля трактароў, а таксама баршчэўнік, што расце ўздоўж дарог. Грамадзянка паскардзілася і на праблему ў атрыманні талонаў да ўрача жыхарамі вёскі: аўтобус у Салігорск ходзіць толькі адзін раз на тыдзень, таму людзям складана трапіць на прыём у паліклініку.

Старшыня Савета Рэспублікі, звяртаючыся да мясцовых уладаў, загадала разабрацца ў сітуацыі: «У жыхароў вёсак, дзе аўтобус ходзіць раз на тыдзень, павінна быць магчымасць трапіць да ўрача».

Акрамя таго, падчас прыёму прагучалі просьбы аб вырашэнні зямельных пытанняў, аднаўленні работы лазні і адкрыцці крамы ў аграгарадку Крывічы, выплаце заработнай платы за аказаныя паслугі.

Падсумоўваючы вынікі, Наталля Качанава адзначыла, што сярод агучаных грамадзянамі пытанняў былі і тыя, якія неабходна ўрэгуляваць заканадаўча. Датычна Салігорска спікер падкрэсліла, што горад дастаткова малады і асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, звязаныя з ЖКГ:

— Ёсць пытанні, якія адразу мясцовыя органы ўлады, старшыня райвыканкама ўзялі на кантроль. І я ўпэўненая, што ўсё будзе зроблена хутка і аператыўна, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі.

Любань

Жыхароў Любані цікавілі пытанні якасці вады, добраўпарадкавання прыдамовых тэрыторый, працаўладкавання, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак. Прыём праводзіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.

У ходзе прыёму парламентарый сустрэўся з жыхарамі як Мінскай, так і Магілёўскай абласцей. Адзін з заяўнікаў прыйшоў на прыём, каб выказаць асабістую падзяку Наталлі Качанавай за садзейнічанне ў вырашэнні яго праблемы адносна гарачага водазабеспячэння.

Старыя Дарогі

Сустрэчу з жыхарамі Старых Дарог правёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец. Парламентарыем былі разгледжаны пытанні, датычныя абслугоўвання і эксплуатацыі жыллёвага фонду, мытнага дэкларавання транспартных сродкаў, а таксама дзейнасці праваахоўных і мытных органаў.

Вілейка

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч правёў прыём у Вілейцы. З выездам на месца парламентарый разгледзеў у прысутнасці жыхароў зварот, які датычыўся капітальнага рамонту ў адным з жылых дамоў горада. Прыйшлі на прыём і актыўныя грамадзяне, што звярнуліся да сенатара з прапановай арганізацыі экскурсій у вайсковыя часці, а таксама стварэння ваенна-патрыятычных клубаў на базе раённых ваенных камісарыятаў. Цікавіла заяўнікаў і магчымасць стаць удзельнікамі праекта «Цягнік Памяці» ў 2023 годзе.

Мядзель

Сенатар Каліна Капуцкая разгледзела актуальныя для грамадзян пытанні, звязаныя з магчымасцю ўстаноўкі электраканвектара ў жылым доме, аднаўлення водазабеспячэння ў вёсцы Канстанцінава, аднаўлення міжабласнога аўтобуснага маршруту, ахоўных мерапрыемстваў, датычных возера Белае. Жыхары вёскі Пасынкі звярнуліся да парламентарыя з прапановай палепшыць умовы прыродакарыстання прыбярэжнай зоны Нарачанскай групы азёр.

Слуцк

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец правяла прыём грамадзян у Слуцку. Парламентарый разгледзела пытанні рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, землекарыстання, медыцынскага абслугоўвання, выкарыстання сямейнага капіталу, налічэння пенсіі.

— Я спецыяльна запрасіла на свой прыём кіраўнікоў арганізацый, якія па абавязку службы павінны вырашаць надзённыя пытанні грамадзян без валакіты і залішняй бюракратыі, — адзначыла Таццяна Рунец. — Гэтыя патрабаванні да работы з насельніцтвам ужо неаднаразова сфармуляваны кіраўніком дзяржавы. Фармальнае і абыякавае стаўленне да зваротаў грамадзян недапушчальнае.

Барысаў і Крупкі

Падчас прыёму ў гэтых райцэнтрах парламентарый Алена Зяблікава выслухала звароты грамадзян, якія былі звязаны з зямельнымі спрэчкамі, капітальным рамонтам пад'езда, платы за газ, страчаных зберажэнняў, атрымання пенсіі і выплаты заработнай платы. З многімі заяўнікамі Алена Зяблікава сустрэнецца ўласна па месцы жыхарства, каб дэталёва разабрацца ў праблеме.

Лагойск і Смалявічы

Падчас прыёму ў Лагойскім і Смалявіцкім райвыканкамах парламентарый Дзмітрый Баскаў разгледзеў шэраг пытанняў, звязаных з аховай канстытуцыйных правоў грамадзян, працоўных зносін, ліцэнзавання, увядзення ў строй аб'ектаў жыллёвага фонду і іншымі сацыяльна значнымі сферамі.

Мар'іна Горка

Сенатар Алег Дзячэнка правёў прыём у Пухавіцкім райвыканкаме. Жыхары раёна звярнуліся да парламентарыя з пытаннямі, датычнымі сацыяльнага і культурнага развіцця горада, падтрымкі грамадскіх ініцыятыў, удасканалення культурна-масавай і патрыятычнай работы з насельніцтвам, дзейнасці камунальных службаў, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, якасці дарог і вулічнага асвятлення.

У сваю чаргу, Алег Дзячэнка падкрэсліў, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам зробіць усё магчымае, каб разабрацца ў сітуацыі і вырашыць выяўленыя праблемы.


Вынікі работы сенатараў са зваротамі грамадзян падвялі ў Фаніпалі

У Фаніпалі адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. Падчас яго сенатары падвялі вынікі работы са зваротамі грамадзян у Мінскай вобласці за студзень—жнівень бягучага года. Парламентарыі падзяліліся ўласным досведам вырашэння праблем жыхароў сталічнага рэгіёна, а таксама абмеркавалі кірункі далейшай работы. Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, вынесенае на разгляд пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі не толькі ў Савеце Рэспублікі, але і ў цэлым па краіне:

— Работа з людзьмі, разуменне, чым яны жывуць, вельмі важныя для нас. Мы павінны дакладна разумець і адчуваць іх настрой. Там, дзе мы можам дапамагчы, мы павінны дапамагаць. Наш асноўны прыярытэт і задачы, якія мы выконваем, накіраваны на людзей, іх камфорт і дабрабыт. Больш за 80 % пытанняў, якія паступаюць да нас на разгляд, датычацца мясцовых органаў улады. Астатнія 20 % гэта пытанні, якія мы павінны ўрэгуляваць заканадаўча. Працуючы з людзьмі, мы атрымліваем зваротную сувязь, дзякуючы якой бачым, якія праблемы найбольш актуальныя для кожнага раёна, горада і рэгіёна. Калі да нас звяртаюцца людзі, мы дакладна разумеем, у якім кірунку трэба працаваць, калі мы ўносім змяненні ў законапраекты або распрацоўваем новыя, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што адзіны дзень прыёму грамадзян, які прайшоў у сталічным рэгіёне 5 кастрычніка, дазволіў мясцовым органам улады паглядзець з боку на вынікі сваёй работы:

— Члены Савета Рэспублікі і дэпутацкі корпус павінны штомесяц праводзіць прыёмы па асабістых пытаннях, працуючы з людзьмі. У нашай краіне даўно дзейнічае закон «Аб зваротах грамадзян» і тыя людзі, якія павінны па абавязку службы займацца яго выкананнем, яны ім займаюцца. Праўда, некаторыя спасылаюцца на чалавечы фактар, калі чалавек па сваім характары не вельмі любіць працаваць з людзьмі. Але гэтага ў нас не павінна быць ні ў дзяржслужачых, ні ў дэпутатаў, ні ў чыноўнікаў на месцах. Ты павінен пераступіць праз сябе і зрабіць усё для таго, каб выслухаць чалавека. Часам мы бачым: так, сапраўды, ёсць фармалізм. Проста далі адказ, дзе прапісалі нормы законаў, якія дзейнічаюць у нашай краіне. Але чалавек жа сам іх ведае, ён просіць дапамогі ў межах закона. І дапамагчы яму — наш абавязак, — звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Сёння існуе дастаткова шырокі пералік узаемадзеяння грамадзян з парламентарыямі. Так, першыя могуць скарыстацца электронным зваротам або тэлефоннай лініяй. Адмыслова для спрашчэння працэдуры была арганізавана тэлефонная лінія ў новым фармаце — званок ад спікера па папярэднім запісе. На рэгулярнай аснове праводзяцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам, у тым ліку на дыялогавых пляцоўках. Аб гэтым падчас выязнога пашыранага пасяджэння паведаміў загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко.

У сваю чаргу, Наталля Качанава адзначыла, што найбольш актыўныя грамадзяне маюць магчымасць трапіць на пасяджэнне экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, каб выказаць свае прапановы і паспрыяць прыняццю адпаведнага законапраекта:

— Адпрацоўваючы законапраект па аграэкатурызме, мы запрашалі людзей, што прыходзілі на прыём і звярталіся са сваімі адпаведнымі праблемамі. Гэта значыць, мы сёння не проста прыязджаем выслухаць людзей, але мы актыўна далучаем іх да вырашэння гэтых праблем, для таго, каб вызначыць, наколькі праблема актуальная для таго ці іншага рэгіёна, для жыхароў краіны ў цэлым. Заўсёды радуе тое, што людзі актыўныя, і гэта праўда. Яны прыходзяць, расказваюць не толькі пра свае асабістыя праблемы, але кажуць, як яны перажываюць за сваю малую радзіму, што зачынілася тая ці іншая ўстанова, як трэба развіваць іх рэгіён, як трэба берагчы і сумеснымі намаганнямі рабіць усё для таго, каб уладкаваць, навесці парадак у тым ці іншым аграгарадку ці пасёлку. Гэта выдатна.

Падчас правядзення выязнога пашыранага пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі скіравала ўвагу на забеспячэнне жыллём сем'яў з дзецьмі-інвалідамі. Наталля Качанава адзначыла, што праблему будаўніцтва кватэр для гэтай катэгорыі неабходна вырашаць з зацікаўленымі ведамствамі:

— Арэнднае жыллё — гэта адна справа, але людзі хочуць будаваць уласнае жыллё. Нам трэба адпрацаваць дадзенае пытанне. Мы таксама павінны інтэграваць такіх людзей у грамадства, стварыць інклюзіўнае асяроддзе, — дадала яна.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што мясцовыя органы ўлады здольныя дапамагчы грамадзянам адразу, каб вырашэнне праблемы займала як мага менш часу, а заяўнікі атрымлівалі станоўчы вынік. Старшыня Дзяржынскага райвыканкама Максім Лысенка адзначыў, што жыхароў раёна ў першую чаргу цікавяць пытанні ЖКГ: якасць аказаных паслуг і абыходжанне з камунальнымі адходамі, рамонт, будаўніцтва і ўтрыманне дарог, а таксама добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У сваю чаргу, старшыня Фаніпальскага сельвыканкама Уладзімір Лобач падзяліўся вопытам супрацоўніцтва з насельніцтвам: у раёне індывідуальнай жыллёвай забудовы жыхары выступілі з ініцыятывай добраўпарадкавання спартыўнай пляцоўкі на месцы рэкультываванага кар'ера, які не выкарыстоўваўся па прызначэнні. Сельвыканкам разам з жыхарамі правёў пяць суботнікаў, у выніку якіх была падрыхтавана пляцоўка плошчай 45 «сотак», а таксама распрацаваны тыпавы праект. Ён прадугледжвае міні-футбольнае поле, зону варкаўту і дзіцячую гульнявую пляцоўку. Плануецца, што будаўніцтва аб'екта скончыцца сёлета.

Абмяркоўваючы вынікі работы са зваротамі грамадзян, сенатары адзначалі, што акрамя пытанняў ЖКГ, людзей таксама цікавіць тэма працаўладкавання і выплаты заработнай платы. Старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі паведаміў, што працэнт нядобрасумленных кіраўнікоў, якія несвоечасова выплачваюць заробак, невялікі:

— У першым паўгоддзі бягучага года ў ходзе праверак і маніторынгу арганізацый асаблівая ўвага аддавалася пытанням тэрміну і перыядычнасці выплаты заработнай платы, своечасовасці выплаты заробку звольненым работнікам. Па-ранейшаму прыярытэтнымі напрамкамі работы прафсаюза з грамадзянамі застаюцца пытанні аховы працы, прававыя жыллёва-бытавыя пытанні, санаторна-курортнае абслугоўванне і матэрыяльная падтрымка.

Па выніках выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая адзначыла, што ў рэгіёнах назіраецца высокая ступень даверу людзей да мясцовай улады:

— Сумесна з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў раёна падчас прыёму грамадзян у Мінскім раёне частку пытанняў мы адразу вырашылі на месцы. Асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей, — работа галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, рамонт і добраўпарадкаванне дарог у вобласці, а таксама паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў і сем'яў з дзецьмі-інвалідамі. Хачу адзначыць вялікую працу органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рабоце з грамадзянамі. Мы і надалей будзем працягваць сустракацца з людзьмі, таму што разумеем важнасць і значнасць гэтай работы.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА, ТГ-канал Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.