Вы тут

Адзіная ў краіне Школа бондарства падрыхтавала 400 умельцаў


Гэтая выязная сесія невыпадкова праходзіла ў Іванаўскім раёне. Тут два дзясяткі аб'ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны. Маюцца на ўвазе помнікі архітэктуры, археалогіі, нематэрыяльныя каштоўнасці. Да апошніх, напрыклад, аднесена тэхналогія вырабу драўлянага бондарскага посуду ў горадзе Іванава і вёсцы Рылавічы.


У Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў традыцыі і ўменні мясцовых бондараў перадаюць новаму пакаленню. Фота Анатоля Клешчука.

Уводзінамі ў тэму стала наведванне, агляд, сустрэчы з захавальнікамі каштоўнасцяў і традыцый. Дэпутаты наведалі адзіную ў краіне школу бондарства — гэта Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яна ж з'яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». І гэта не проста ўстанова дадатковай адукацыі, школа дае магчымасць захаваць унікальнае для краю майстэрства.

Іванаўцы займаліся бондарствам вякамі. У ХVІ стагоддзі мясцовыя ўмельцы рабілі посуд нават для каралеўскага двара. І рэдкі выпадак — рамяство ў натуральным выглядзе падтрымлівалася амаль да канца ХХ стагоддзя. Але ж, пэўна, да гэтай пары згасла б, каб не энтузіясты — тагачасны загадчык раённага аддзела культуры Уладзімір Шэляговіч і яго аднадумец — Васіль Голік, які стаў першым дырэктарам школы бондарства. Яе арганізавалі на базе мастацкай майстэрні раёна. Школе сёння больш за 20 гадоў, адбылося 19 выпускаў, рамяством авалодала амаль чатыры сотні падлеткаў. Дзеці займаюцца тры гады, некаторыя потым звязваюць жыццё з дрэваапрацоўкай.

Супрацоўнікі школы запэўнілі дэпутатаў, што старадаўнія рамёствы ніколі не знікнуць у Іванаўскім краі, бо тутэйшыя людзі ўмеюць цаніць і захоўваць традыцыі продкаў.

Не маглі абмінуць народныя выбраннікі асаблівы і непаўторны Моталь. Апошнім часам многія ў краіне і за яе межамі ведаюць мястэчка па гастранамічным фестывалі «Мотальскія прысмакі». І недарэмна, тутэйшая «Вясельная каравайная традыцыя» таксама атрымала статус нематэрыяльнай спадчыны. Дарэчы, удзельнікі сесіі мелі магчымасць паглядзець фрагмент гэтага абраду. Але ў Моталі і матэрыяльных славутасцяў шмат. У іх ліку дом Хаіма Вейцмана. А нядаўна паявілася кампазіцыя драўляных скульптур і алея Аляксандра Мінюка. Цікавыя праекты прапануе Мотальскі музей народнай творчасці. Адным словам, у Моталі ёсць што паглядзець і паказаць.

Іванаўшчына, як вядома, малая радзіма Напалеона Орды. Раней у райцэнтры ўстанавілі помнік знакамітаму земляку. А потым пачалася работа па ўзвядзенні карціннай галерэі ў Варацэвічах. Па сутнасці, гэта цэлы музейны комплекс, якім ганарацца жыхары вёскі. У пачатку ХХІ стагоддзя на месцы былой школы пачалі збіраць калекцыю, звязаную з імем мастака і кампазітара. А пакінуў знакаміты зямляк нямала, адны дакументальныя гравюры і акварэлі, якіх больш за тысячу, сёння нібы фотаздымкі. Па іх рэстаўратары Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны аднаўляюць разбураныя помнікі. Работы майстра архітэктурнага пейзажа дапамаглі ў адраджэнні палацаў у Нясвіжы, Міры, Косаве. У музейным комплексе знаходзяцца копіі карцін. А з увядзеннем у эксплуатацыю сядзібнага дома ва ўрочышчы Чырвоны Двор, які, дарэчы, адраджалі таксама па гравюрах мастака, стала магчыма сказаць, што імя Напалеона Орды вернута на радзіму.

На Іванаўшчыне адноўлены тры пункты геадэзічнай дугі Струвэ — у вёсках Шчакоцк, Ляскавічы, Асаўніца — аб'екты Сусветнай гістарычнай спадчыны ЮНЕСКА. І тут яшчэ шмат цікавага. Увагу наведвальнікаў апошнім часам нязменна прыцягвае адзін з новых аб'ектаў, што паявіўся ў ваколіцы вёскі Махро, — стаянка штаба Пінскай партызанскай брыгады, якая стала сумесным праектам мясцовай улады і суб'ектаў гаспадарання раёна.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ высока ацаніў работу органаў кіравання і самакіравання раёна па захаванні гістарычнай спадчыны. Ён адзначыў, што ў раёне ўмеюць шанаваць гісторыю, беражліва ставяцца да спадчыны, прыкладаюць шмат намаганняў, каб славутасці падтрымліваліся ў належным стане.

Удзельнікі сесіі, сярод якіх былі старшыні раённых Саветаў, займелі цікавы і карысны досвед у справе падтрымання гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Апошніх у вобласці налічваецца 773, з іх 21 — нематэрыяльныя. Абавязак нас як сучаснікаў — захаваць іх.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.