Вы тут

Расказваем, як карыстацца тушшу для веек, каб не нанесці шкоду вачам


Ці ведаеце вы, што з усёй дэкаратыўнай касметыкі самае кароткае жыццё ў сродкаў для вачэй? Ужо пасля першага карыстання тушшу на шчотачцы застаюцца мікробы, якія былі на вейках. З кожным новым макіяжам іх становіцца больш. Звычайна тэрмін прыдатнасці тушы — ад трох да шасці месяцаў з моманту адкрыцця. Калі вы выкарыстоўваеце той жа цюбік тушы, што і год таму, лепш хутчэй ад яго пазбавіцца. Расказваем, як карыстацца тушшу для веек, каб не нанесці шкоду вачам.


Адпужваць інфекцыі і не толькі

Цікава, што ў дэкаратыўнай касметыкі — два продкі, і абодва яны ніякага дачынення да прыгажосці не маюць. Старажытныя людзі выкарыстоўвалі фарбу, каб адпудзіць злых духаў і напалохаць ворагаў у бітве, зліцца з навакольнай прыродай і для рытуальных дзеянняў. А ў Старажытным Егіпце туш спачатку выкарыстоўвалі ў якасці прафілактыкі інфекцыйных захворванняў вачэй.

Па насценных малюнках у егіпецкіх храмах відаць, што фараон і яго жонкі часта карысталіся густой чорнай падводкай для вачэй і ценямі. Туш і цені на аснове сурмы, малахіту (карбанат медзі), розных соляў свінцу і кінавары (сульфіт ртуці) забівалі ўзбуджальнікаў інфекцыі. Таму першая касметыка была даволі-такі атрутнай, бяспечная туш для вачэй з'явілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя — гэта быў сухі сродак з вугальнага пылу і вазеліну.

У 1939 годзе Элена Рубінштэйн прыдумала водаўстойлівую туш на аснове шкіпінару. Вейкі не гублялі афарбоўку нават пры купанні, але пах быў не вельмі прыемны, ды і алергія на туш узнікала досыць часта. У 1958 годзе ўсё тая ж Элена Рубінштэйн прапанавала звыклую для нас туш у тубе, якую наносілі маленькім ёршыкам, уманціраваным у вечка.

У чым шкода?

Сучасныя віды тушы для веек замест шкіпінару ўтрымліваюць алейныя эмульсіі, воск і ваду. У іх вытворчасці часта выкарыстоўваецца пчаліны воск, які лічыцца найбольш бяспечным. З алеяў звычайна ўжываюць мінеральны, ланалін, алей семені лёну, касторавы, эфірны алей эўкаліпта і часам кунжутны. Танныя маркі тушы ўтрымліваюць, зразумела, не натуральныя, а сінтэтычныя кампаненты з высокамалекулярных хімічных злучэнняў.

— Туш не нанясе асаблівай шкоды толькі ў тым выпадку, калі правільна яе здымаць і выконваць правілы гігіены. Для гэтага патрэбен спецыяльны крэм, касметычнае малачко ці міцэлярная вада, — папярэджвае валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Жанна Аляксандрава. — І не забывайце кожныя тры месяцы мяняць туш, бо ў шчотачцы могуць пасяліцца мікробы і бактэрыі, яны і выклікаюць непажаданыя хваробы і раздражненне скуры. Больш шкоднай з'яўляецца водаўстойлівая туш, ёю трэба карыстацца толькі ў выключных выпадках, а ад штодзённага прымянення такой тушы трэба адмовіцца. Здымаць яе трэба спецыяльнай вадкасцю для водаўстойлівай касметыкі.

Сярод шкодных наступстваў прымянення тушы — рызыка выпадзення веек і ўзнікненне дэрматыту, што бывае пры алергічнай рэакцыі на асобныя кампаненты тушы.

— Каб пазбегнуць пачырваненняў і высыпкі павек, неабходна папярэдне вакол вачэй нанесці крэм. Ён засцеражэ далікатную скуру ад розных траўмаў і хімічных апёкаў, — раіць медык.

Як захоўваць?

Змываць туш мылам нельга, рабіць тое варта спецыяльнай вадкасцю для зняцця макіяжу або касметычным тонікам. Таксама неабходна ведаць, як захоўваць туш і кантраляваць тэрмін прыдатнасці, які ўказваецца на ўпакоўцы. Ні адным прадуктам нельга карыстацца па яго заканчэнні. Звычайна на касметыцы стаяць дзве даты — тэрмін прыдатнасці і тэрмін захоўвання. І калі першае значэнне — дата, пасля якой прадукт становіцца небяспечны для здароўя, то другое значэнне паказвае, колькі можна захоўваць туш пасля адкрыцця ўпакоўкі. Акрамя ўсіх тэрмінаў, трэба назіраць за тушшу: яе нельга выкарыстоўваць, калі змянілася кансістэнцыя або з'явіўся непрыемны пах.

Туш не любіць гарачыні і празмернага холаду, як і прамых сонечных прамянёў. Касметычка ў тумбачцы або шафе — нейтральнае і ўтульнае для яе месца. Сонечнае падаконне ці аўтамабіль, які вы пакідаеце на адкрытай стаянцы, — непрыдатныя варыянты. У ванным пакоі таксама не рэкамендуецца захоўваць касметыку. Сохне або прыходзіць у непрыдатнасць яна і каля крыніц цяпла.

Калі выкарыстоўваць туш і фарбы з умацавальнымі інгрэдыентамі і разнастайнымі бальзамамі, шкоды вейкам не будзе. Галоўнае — не забываць перад сном здымаць макіяж і даваць адпачынак вейкам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.