Вы тут

Вобраз па-за часам: якія клятчастыя спадніцы ў модзе?


Добрая навіна для аматарак класікі: спадніца з клятчастым малюнкам застаецца моднай у гэтым сезоне. Класічны прынт перамог расфарбоўкі, якія, здавалася, ніколі не сыдуць з модных паказаў. Якім жа фасонам клятчастых спадніц аддаць перавагу сёння? І што такога прывабнага ў малюнку, які насілі яшчэ нашыя мамы?


Фота: pixabay.com

Сакрэт папулярнасці клеткі просты: яна робіць жанчыну больш стройнай, стварае вобраз лаканічны і нязменна элегантны. Стылісты прызнаюць клятчастую спадніцу адной з нямногіх рэчаў, якая сапраўды па-за часам. З яе дапамогай можна ствараць як святочныя, так і паўсядзённыя вобразы. Вядома, гэта не значыць, што спадніца, якая правісела ў пыльнай шафе гадоў пятнаццаць, абавязкова зробіць вас стыльнай і прывабнай. Каб клятчастая спадніца ў вашым гардэробе стала ўніверсальным дадаткам да модных выяў, трэба ўмець арыентавацца ў разнастайнасці фасонаў і выбіраць тую мадэль, якая будзе адпавядаць вашай камплекцыі і падкрэсліць вашу індывідуальнасць.

І ўсё гэта будзе насіцца!

Дызайнеры ўключылі ў свае калекцыі на восень-зіму 2022 года вялікую разнастайнасць спадніц у клетку — як кажуць, на любы кашалёк і густ. Гэта спадніца ў шырокую складку, спадніцы з махрамі, з запахам, з разрэзам, спадніца-аловак, трапецыя, А-сілуэт, міні, мідзі, плісіраваная, з поясам, асіметрычная і г.д. І ўсё гэта будзе насіцца! Таму вам застаецца ўсяго толькі зрабіць правільны выбар. А затым уключыць выбраную рэч у модны ансамбль.

Шукаем «сваю» спадніцу

Адштурхоўвацца трэба ад асаблівасцяў целаскладу. Дзяўчатам стройным і высокага росту падыдзе практычна любая мадэль. Ім можна параіць толькі гарманічна падбіраць верх — ідэальна, калі гэта будзе ў каляровай гаме малюнка на спадніцы.

Калі ў вас шырокія сцёгны, адмоўцеся ад спадніцы-сонца, ад накладных кішэняў, а вось спадніца-аловак, прамая спадніца з запахам якраз для поўных жанчын, клетку ж лепш абраць сярэдняга памеру. Невысокія хударлявыя дамы могуць спыніцца на дробнай клетцы: гэты прынт удала ўпісаўся ў трэнд прастаты, натуральнасці і мінімалізму. Чаго маленькім жанчынам не варта рабіць, дык гэта насіць спадніцы даўжынёй у падлогу. А вось спадніца-мідзі з поясам, запахам ці разрэзам — ваш варыянт, яна надасць вобразу стрыманасці і жаноцкасці. Увага: у модзе ў гэтым сезоне клятчастыя касцюмы — спадніца з жакетам або пінжаком.

Якія колеры ў модзе?

У гэтым сезоне ў модзе класічная чорна-белая клетка, яркая і пярэстая «шатландка» — абедзве спадніцы перажылі эпохі. І, вядома, актуальныя колеры, якія прапануюць модныя дызайнеры проста цяпер: карычневая, сіняя, хакі, зялёная, бэжавая, жоўтая, бірузовая клятчастыя спадніцы. Што да матэрыялу, на парозе зіма, таму варыянт купіць сабе спадніцу з воўны ці цвіду — выдатны выбар.

Спалучаем гарманічна

Доўгую спадніцу можна насіць з кашуляй, світарам, вадалазкай, талстоўкай, блэйзерам. Кароткую — з падоўжаным пінжаком, вадалазкай, худзі, жакетам, пуловерам аверсайз, трыкатажнай кофтай. Спадніцу з твіду з махрамі стылісты раяць насіць з жакетам, джэмперам, скураной курткай.

Для вулічнага выхаду ў цёплы восеньскі дзень клятчастую спадніцу можна надзець з аднатонным понча або вязаным паліто аверсайз без гузікаў, дапоўніць замшавымі ботамі-батфортамі або грубымі чаравікамі — і модны вобраз гатовы.

Калі жадаецца чагосьці незвычайнага, пагуляйце з прынтамі: клятчастую спадніцу паспрабуйце надзець з паласатым джэмперам. Смела камбінуйце клетку розных колераў. Калі спалучаеце два яркіх колеру «верху», імкніцеся, каб намёк на іх прысутнічаў у палітры колеру вашай клятчастай спадніцы.

Агата СЛАВІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.