Вы тут

Дайце глебе, што ёй трэба!


Добра падрыхтаваная глеба захавае грошы і час, бо ў будучыні не давядзецца займацца бясконцай кампенсацыяй дэфіцыту тых ці іншых кампанентаў. Вядома, для кожнай глебы ёсць свой вызначаны пералік раслін, якія будуць на ёй добра расці. Але, разлічваючы на «падыходзячыя» расліны, можна сутыкнуцца з тым, што спіс іх вельмі малы. Не адчайвайцеся! Ёсць мноства спосабаў палепшыць якасць глебы, а такім чынам і пашырыць «асартымент» раслін.


Вызначаць якасць глебы будзем па 4-х параметрах:

1. Дрэнаж;

2. Земляныя чарвякі;

3. pH;

4. Наяўнасць пажыўных рэчываў.

Тэст 1: Дрэнаж

Паназірайце, наколькі добра прапускае ваду глеба: гэта можна зрабіць пасля моцнага ліўню, ці пасля шчодрага паліву. Калі вада сыходзіць хутка, гэтая глеба, відавочна, добра дрэнажаваная, або пясчаная.

Пясчаная глеба добрая ў тым сэнсе, што расліны лёгка развіваюць у ёй каранёвую сістэму, недахопам жа такой глебы з'яўляецца дэфіцыт пажыўных рэчываў, якія з лёгкасцю вымываюцца дрэнажнай вадой.

Калі глеба «трымае» доўгі час лужыны, верагодна, яна з'яўляецца цяжкай і змяшчае гліну. Гліністая глеба звычайна багатая на пажыўныя рэчывы, але яе шчыльная структура можа перашкаджаць развіццю каранёвай сістэмы раслін.

І ў выпадку пяшчанай, порыстай глебы, і ў выпадку гліністай, якасць глебы патрабуе дадатковай
увагі.

Тэст 2: Земляныя чарвякі

У адвольным кутку ўчастка выверніце рыдлёўку зямлі і паглядзіце, ці трапіліся дажджавыя чарвякі. Чарвякі — незаменны кампанент саду без клопатаў. Стрававальны фермент земляных чарвякоў паляпшае якасць грунту, змяняючы састаў глебы на карысць раслін, а іх хады ў зямлі паляпшаюць дрэнажаванне і аэрацыю глебы. Увогуле, можаце лічыць сябе шчасліўчыкам, калі ў вывернутай зямлі выявілі шмат чарвякоў, калі ж не — трэба нешта рабіць, каб прыцягнуць іх на свой участак.

Тэсты 3 і 4: pH і пажыўныя рэчывы

Цяпер настаў час для тэста на ўрадлівасць. Цяпер можна набыць наборы для праверкі глебы на ўзровень pH і на наяўнасць у ёй ключавых пажыўных рэчываў. Толькі, купляючы такі набор, не эканомце: паказчыкі танных набораў часта бываюць недакладнымі.

Па паказчыку pH можна меркаваць аб узроўні кіслотнасці і шчолачнасці глебы. Вельмі высокі pH сведчыць аб высокай шчолачнасці зямлі, а вельмі нізкі — аб яе кіслотнасці, якія ўплываюць на здольнасць раслін убіраць з глебы жыццёва важныя для іх мінеральныя рэчывы.

Карэкціруючы кіслотнасць глебы, зможаце з поспехам вырошчваць тыя ці іншыя расліны. Напрыклад, азаліі вельмі любяць кіслую глебу. Калі глеба, наадварот, шчолачная, можна зрабіць яе, прынамсі, нейтральнай.

Для ўзняцця паказчыка pH кіслай глебы дадаюць вапну, якую можна купіць у любым садовым цэнтры ці бытавым магазіне, рассыпаюць драўняны попел — такі прыём называецца «падсаладзіць грунт».

Для таго каб, наадварот, панізіць pH шчолачнага грунту, выкарыстоўваюць серны парашок, кіслы тарфяны мох ці кіслыя ўгнаенні. Ёсць яшчэ адзін спосаб падкісліць глебу: пасыпаць яе ў якасці мульчы хваёвай ігліцай ці лісцем дуба, якія па меры раскладання будуць паніжаць pH.

Тры галоўныя пажыўныя элементы, неабходныя раслінам: азот, фосфар і калій. Азот важны для росту сцябла і лістоты, фосфар мае ключавую ролю ў развіцці каранёвай сістэмы і фарміраванні насення (а значыць, наяўнасць фосфару ўплывае на якасць цвіцення), калій жа ўмацоўвае імунітэт расліны і робіць яго ўстойлівым да рознага роду захворванняў.

Дадаванне кампосту палепшыць гліністую і пясчаную глебы, павысіць урадлівасць, абагаціць пажыўнымі рэчывамі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.