Вы тут

Sex-балясы. Утрыманцы на даверы


Так можна смела называць альфонсаў. Мабыць, некаму з дзяўчат даводзілася сустракацца з імі? («Маё жыццё — як суцэльны мексіканскі серыял! Як толькі павінен быць хэпі-энд, дык на гарызонце з'яўляецца які-небудзь Хуаніта...») Псіхолаг Вольга Адрыянава падзялілася парадамі, як распазнаць шлюбнага аферыста. Яна пералічыла пяць галоўных прыкмет паляўнічага на грошы. («Хутка ты даведаешся пра мяне больш... Загадзя даруй!»)


Па словах спецыяліста, першае, на што варта звярнуць увагу, — рэдкая прафесія патэнцыяльнага выбранніка і арэол рамантыкі, які яе атачае. («Заўсёды марыў пра такую работу, каб летам працаваць у паўночным паўшар'і, а зімой — у паўднёвым». — «Ну прабач, прафесіі «перагоншчык дзікіх качак» яшчэ не вынайшлі!») Часта махляр кажа патэнцыяльнай ахвяры, што ён капітан далёкага плавання, буйны бізнесмен, пілот замежных авіяліній, важны дзяржаўны служачы або рабочы нафтавай устаноўкі. («Ён быў такі... Ён так хацеў працаваць. Летам — настаўнікам, зімой — аграномам».) Нярэдка ён дапаўняе свой аповед інфармацыяй аб павышаным узроўні сакрэтнасці працы, што дае яму права не расказваць ніякіх падрабязнасцяў пра сябе. («Гэта сакрэтны аб'ект!» — «Я да маці на работу...» — «Праходзь».)

Яшчэ адна прыкмета альфонса — яго таямнічасць. («Як я цябе пазнаю?» — «Я буду з жонкай».) Ашуканец вельмі не любіць фатаграфавацца і па розных падставах не будзе знаёміць сваю выбранніцу з роднымі, сябрамі, блізкімі і калегамі. Сярод адгаворак могуць быць такія: «Я дрэнна атрымліваюся на здымках», «Я сірата», «Не маю стасункаў з роднымі з-за сваркі» і г. д. («Дзяўчаты, калі мужык кажа, што яму ад вас патрэбны толькі секс, не вядзіцеся на гэта. Хутчэй за ўсё гэты паразіт марыць пра каханне».) Таксама псіхолаг сказала, што шлюбныя аферысты, як правіла, пад любымі падставамі хочуць хутчэй аказацца ў доме сваёй ахвяры, каб ацаніць яе фінансавае становішча па хатняй абстаноўцы, а пры адмове будуць спрабаваць маніпуляваць, каб дабіцца сваёй мэты. («Аб'ява: «Малады, энергічны чарвячок шукае вопытную гусеніцу, якая дапаможа яму стаць матыльком».)

І апошняя прыкмета альфонса — гэта праверка на шчодрасць. («Учора ранкам я паставіў чайнік грэцца. А які падарунак зрабілі жонцы вы?») Аферысту трэба даведацца, наколькі лёгка выбраная ім ахвяра гатова расстацца з грашыма, таму ён можа замовіць ёй падарунак з дастаўкай дадому, аплаціць які давядзецца самой жанчыне, таму што ў яго «не прайшоў плацеж», або папрасіць грошы ў доўг, таму што тэрмінова спатрэбілася вялікая сума, якой зараз няма ў вольным доступе. («Памятаеш, ты неяк пазычыў мне 100 рублёў? Можаш яшчэ раз паўтарыць?»)

Прыватны дэтэктыў Алег Пытоў распавёў, як распазнаць аферыстаў у Tіnder. Ён папярэдзіў расіянак аб спосабах падману ў папулярным дадатку для знаёмстваў. («Як з вамі звязацца?» — «Са мной лепш наогул не звязвацца...») Ён удакладніў, што часцей за ўсё гісторыі развіваюцца па адным і тым жа сцэнарыі. Жанчыны знаёмяцца з мужчынамі ў сацсетках, затым выбраннікі дасылаюць ім прыгожыя фразы, раскошныя здымкі, на якіх яны сядзяць у Mercedes, Bentley, паказваюць свае асабнякі. Аднак, як адзначае спецыяліст, усе гэтыя фота часта зроблены ў фоташопе. («Настрой: выйсці з дому і выпадкова з'ехаць на мора».)

«Далей пачынаецца ўжо псіхалагічная разводка на нейкія дзеянні. («Ну што з ім можа здарыцца, калі я побач? Толькі што нервовы зрыў...») Калі становіцца вядома, што жанчына валодае «траячкай» у цэнтры Масквы, загарадным асабняком на Рублёўцы, то гэта ўсё падводзіцца да таго, што мы разам, мы — сям'я, мы хутка пажэнімся і будзем жыць у дастатку», — дадаў эксперт. («Колькі нерваў на цябе выдаткавана, крыўдна будзе, калі не ажэнімся».) Ён падкрэсліў, што ашуканец накіраваны на памнажэнне свайго багацця, таму неабавязкова імкнецца перааформіць чужую маёмасць, часам ён проста бярэ грошы ў доўг. («Калі ты мне вернеш 500 рублёў?» — «Я і не ведаў, што ты такая цікаўная!»)

Дэтэктыў удакладніў, што аферысты — добрыя псіхолагі, якія ведаюць, як маніпуляваць жанчынай. («Пакрыўдзілася на каханага, кажу яму: «Ты — кавалак ідыёта!» Ён у адказ: «А ты — мая другая палавінка!») У сувязі з гэтым ён даў параду, як не стаць ахвярай махляра. Шлюбны аферыст не будзе заляцацца гадамі, дарыць падарункі, вазіць на Канары. Важна прыслухоўвацца, аналізаваць, што ён кажа і як тлумачыць свае паводзіны. Часам дастаткова задаць нейкія пытанні па бізнесе, сям'і. Калі чалавек «плавае», неахвотна адказвае, трэба звярнуць увагу. («Дзяўчаты, калі мужчына просіць вас застацца, заўсёды ўдакладняйце: застацца ў дзеўках, дурніцах, сябрамі ці да раніцы?»)

У заключэнне ён апісаў партрэт стандартнага аферыста. Па словах эксперта, такія мужчыны вельмі сочаць за сабой: фарбуюць вочы, робяць манікюр, ведаюць адну ці дзве замежныя мовы і «ўмеюць абыходзіцца з жанчынай як з дарагой вазай». («Многія жанчыны мараць аб рыцарах і сапраўды атрымліваюць агрэсіўных, дрэнна апранутых мужчын, якія пахнуць канём».) Ну, што сказаць на ўсё гэта? Будзьце пільнымі, дзяўчаты...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.