Вы тут

Усе фіналісты конкурсу «Сям’я года — 2022» як на падбор. Напярэдадні Дня маці знаёмім вас з гэтымі цудоўнымі прыкладамі для пераймання


14 кастрычніка ў Мінску пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года — 2022». За званне найлепшай на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў будуць змагацца сем сем’яў — па адной з кожнай вобласці і горада Мінска. Сёлета ўсе фіналісты — пераможцы абласных этапаў — як на падбор, шматдзетныя бацькі, якія маюць хто трое, хто чацвёра, хто пяцёра дзяцей. А сям’я, якая будзе прадстаўляць Віцебшчыну, выхоўвае ажно дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Напярэдадні Дня маці, знаёмім вас з гэтымі цудоўнымі прыкладамі для пераймання. Усе сем’і як адна вельмі дружныя, творчыя і працавітыя.


«Мы не лежні-абібокі...»

Сям’я Міклашаў жыве ў гарадскім пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У шлюбе Юрый і Алена ўжо 15 гадоў, яны ведаюць адно аднаго з дзяцінства. Выхоўваюць трох дачок. У кожнай з іх свой талент, хобі. Старэйшая, Ксенія, скончыла фартэпіяннае аддзяленне музычнай школы, сярэдняя, Аляксандра, займаецца спевамі і танцамі, а малодшая, Алеся, малюе.

Міклашы трымаюць немалую гаспадарку: чатыры каровы, цялушка, бычок, свінні, куры, авечкі. «Калі чатыры гады таму ў нас з’явілася першая рагуля, думалі, на гэтым і спынімся, але неяк уцягнуліся і цяпер не ўяўляем іншага жыцця. Сёлета нам прапанавалі купіць цельную карову, якую збіраліся адпраўляць на забой. На сямейнай нарадзе вырашылі выратаваць жывёлін». Частку малака забіраюць пастаянныя пакупнікі з пасёлка, акрамя таго гаспадыня робіць смачнае масла і варыць сыры па старадаўніх рэцэптах. Адзін з іх застаўся ад мамы і бабулі, астатнія знайшла ў інтэрнэце. Марыць з часам набыць прафесійную сыраварню, каб пашырыць асартымент. Пакуль жа варыць у каструлях. Вядома, гэта дадатковая нагрузка для шматдзетнай маці. Але разам з тым, кажа гаспадыня, гэта і выдатная прыбаўка да зарплаты.

Алена працуе настаўніцай музыкі ў філіяле Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Вядома, магла б прысвяціць сябе цалкам дому, але без любімай работы доўга не можа. Таму, каб даехаць да сваіх вучняў, пераадольвае каля 40 кіламетраў. Як шматдзетная мама працуе чатыры дні на тыдзень. Галава сям’і — егер у раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, атрымлівае дадатковую кваліфікацыю кінолага. У вольны час Юрый не толькі ходзіць на паляванне, але і сам робіць з прынесенай дадому здабычы далікатэсы — каўбасы, тушонку. Дзічыну, кажа, трэба ўмець прыгатаваць. Яшчэ адно хобі Юрыя — развядзенне сабак, увядзенне новай лініі ў пародзе руска-еўрапейскіх лаек. Яго гадаванцы заваёўваюць шматлікія ўзнагароды на выставах розных узроўняў.

«Марылі аб прасторным доме»

Наталля і Яўген Гаўрыльчанкі з Добруша Гомельскай вобласці разам працуюць на папяровай фабрыцы «Герой працы». Пазнаёміліся на 8 Сакавіка. Дзве розныя кампаніі, якія адзначалі Міжнародны жаночы дзень у рэстаране, выпадкова перасякліся. Жэня спытаў у незнаёмай дзяўчыны, ці можна ўзяць крэсла, якое стаяла побач. А праз два гады згулялі вяселле.

Муж і жонка — карэнныя гараджане, абое выраслі ў кватэрах. Але марылі пра ўласны дом. Таму пры першай жа магчымасці купілі ў прыватным сектары райцэнтра нежылы дамок з шасцю «соткамі». Праз пяць гадоў на тым месцы ўзвялі катэдж з прасторнымі пакоямі, вялікай кухняй. «Практычна ўсё ў доме муж рабіў сам. Перагародкі, падлогу з падагрэвам, шафу ў прыхожай, кухонны гарнітур. Нават плітку, якой вымашчаны двор, адліваў сам». Дом будавалі без ільгот і субсідый, якія на той момант ім не належалі. Тым не менш, нягледзячы на крэдыты і пазыкі, сям’я ўмудралася нават ездзіць на мора. Каб сэканоміць, у багажнік старэнькіх «жыгулёў» грузілі бульбу, гародніну з градак і загатоўкі.

У сям’і трое сыноў. Старэйшы, Саша, паступіў ва ўніверсітэт імя Сухога, вучыцца на праграміста, іграе на фартэпіяна, электрагітары. Гімназіст Арсень перайшоў у чацвёрты клас. Таксама вучыцца граць на фартэрп’яна, флейце, гітары. Апошнюю асвоіў самастойна, а інструмент купіў у старэйшага брата за ўласныя накапленні. А яшчэ Арсень ведае шмат картачных фокусаў, якія любіць паказваць гасцям. З падачы таты Яўгена сямейнай гульнёй сталі шахматы. Нават малодшы Арцемій, які ходзіць у садок, ужо навучыўся расстаўляць фігуры. Старэйшы ж сын ужо мае другі разрад па гэтым спорце і рэгулярна абыгрывае бацьку.

Прэзентацыю радаслоўнай на абласным этапе конкурсу сям’я прысвяціла дзядулям Наталлі. Абодва ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, адзін дайшоў да Берліна. Саша і Арсень акампаніравалі аповеду на фартэпіяна. Дзіцячая ігра ў чатыры рукі прывяла ўсіх у захапленне.

«Нам дапамагае песня»

Марына і Аляксандр Жураўлёвы са Слаўгарада Магілёўскай вобласці выхоўваюць дачку Аліну і трох сыноў — Уладзіслава, Яраслава і Расціслава. Такой дружнай камандай яны штурмуюць конкурс другі раз. Тры гады таму занялі трэцяе месца на абласным этапе, ды вось вырашылі зноў паспрабаваць свае сілы. І не беспаспяхова.

Аляксандр працуе гукааператарам у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, Марына — дырэктарам Слаўгарадскага Цэнтра дзіцячай творчасці. І дзеці заўсёды разам з імі на сцэне: бяруць удзел ва ўсіх спектаклях, конкурсах, творчых вечарах. З музыкай і песнямі сям’я жыве і дома. Нават звычайны іх вечар больш нагадвае фестываль, не кажучы ўжо пра святы.

Што цікава, сужэнцы пазнаёміліся таксама на сцэне. Марына тады працавала ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, а Аляксандр толькі прыехаў вучыцца ў мясцовы прафліцэй з Рагачова і трапіў у каманду КВЗ, якую дзяўчына курыравала. Маладыя людзі адразу звярнулі адно на аднаго ўвагу. Марына прызналася, што хоць і вырасла ў вялікай сям’і — два браты і дзве сястры, сама станавіцца шматдзетнай мамай не планавала. Думала, дваіх дзяцей будзе дастаткова. Але цяпер нечаканаму павароту лёсу рада — сёння не ўяўляе свайго жыцця без трох сыночкаў і дачушкі.

Цяпер сям’я разам шчыруе на нядаўна набытым участку. «Калі вырашылі будаваць дом, першае, што пачалі рабіць, — не закладваць фундамент, а капаць градкі, вучыць дзяцей працаваць на зямлі. Хлопчыкі — будучыя бацькі сем’яў, іх трэба выхаваць пэўным чынам: навучыць здабываць хлеб уласнай працай». На пытанне, што дапамагае ў сямейным жыцці, Марына і Аляксандр у адзін голас напяваюць: «Нам песня строить и жить помогает». А яшчэ яны любяць ладзіць сямейныя вандроўкі па Беларусі. «Бяром заплечнікі, купляем квіткі на цягнік і едзем у Мінск, Гомель, іншыя гарады, каб паглядзець, што там ёсць, даведацца, што там было. Дзеці павінны ведаць гісторыю роднай зямлі. І любіць сваю радзіму», — упэўненыя Жураўлёвы.

«Самае каштоўнае — час, праведзены разам»

Сям’я Лаверавых з Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці — рэкардсмены сярод фіналістаў па колькасці дзяцей, яны выхоўваюць 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Міхаіл вырас у дзіцячым доме і нават не ўяўляў, што праз гады побач з ім будзе столькі родных і любімых людзей. Алеся таксама заўсёды марыла пра вялікую сям’ю.

Сужэнцаў звязала любоў да паэзіі. Мужчына выкладваў у інтэрнэце свае вершы, да аднаго з іх будучая жонка пакінула каментарый. Так завязалася перапіска. Міхаіл жыў на паўвостраве ў Сібіры, Алеся — у вёсцы пад Дуброўнам. У яе ў 28 гадоў — пяцёра маленькіх дзяцей. А ў яго ў 62 — двое дарослых. Але прыцягненне родных душ аказалася мацнейшым за ўсе ўмоўнасці, у тым ліку і адлегласць у 4,5 тысячы кіламетраў. «Сустрэліся, як родныя людзі, абняліся і не захацелі расставацца», — згадвае першую сустрэчу Алеся. За 8 гадоў сумеснага жыцця ў іх з’явілася 5 дзяцей.

Сёння сям’я жыве ў прасторным доме, які Міхаіл пабудаваў пры падтрымцы дзяржавы. Ён навучыў сыноў габляваць дошкі, прыбіваць сайдынг... Лаверавы лічаць, што самае каштоўнае ў жыцці — час, праведзены разам з тымі, каго любіш. Таму штовечар мама чытае малодшым дзецям казкі, а тата старэйшым — аповесці. Злучаныя лёсам праз творчасць, бацькі і сваім дзецям прывіваюць любоў да мастацтва. Міхаіл іграе на розных музычных інструментах. Алеся — актыўная ўдзельніца ўсіх раённых мерапрыемстваў, любіць займацца з малымі творчасцю.

«Сабралі рэтрамашыну і ездзім на парад»

Сям’я Ілюшыных жыве ў вёсцы Яечкавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Алег, у мінулым санітар, аўтаслесар і бізнесмен, ва ўзросце Хрыста кардынальна змяніў сваю дзейнасць. Ужо больш за 16 гадоў мужчына служыць святаром у храме прападобнамучаніка Апанаса Брэсцкага, які пабудаваў разам са сваімі сябрамі ў Яечкавічах.

Ілюшыны выхоўваюць пяцёра дзяцей. Бацькі водзяць іх і ў музычную школу, і ў мастацкую, і ў ваенна-патрыятычны клуб. «Дзеці павінны развівацца, — перакананы галава сям’і. — Няхай лепш праз шмат гадоў скажуць: «Навошта вы нас прымушалі?», чым «Мы хацелі, а вы не далі магчымасці». Акрамя таго, вельмі важна, лічаць, прывучаць іх змалку да працы: каля дома агарод, пра які клапоцяцца ўсе без выключэння. Нават маленькі Арсень дапамагае. Праўда, часам ён выкопвае не тое, што трэба, але ніхто на яго за тое не сварыцца, бо разумеюць, што так можна наогул адбіць усякую ахвоту.

Руслана цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, дапамагае мужу ў храме, часам на заказ пячэ тарты. А пачыналася ўсё з дзіцячага «Мама, так хочацца чагосьці салодзенькага». Першым быў звычайны мядовік, а сёння Руслана і з масцікай умее працаваць. Наогул захапленняў у Ілюшыных шмат — інтэлектуальныя гульні, біятлон, валейбол, лёгкая атлетыка, гістарычныя рэкантрукцыі, страйкбол, падарожжы. Нядаўна збіралі разам старую машыну, на якой цяпер выязджаюць на парад 9 Мая і іншыя святы.

Любоў да гісторыі роднай краіны натхніла алега стварыць пры нядзельнай школе ваенна-патрыятычны клас «Нашчадкі». За яго арганізацыю заснавальнік адзначаны свецкімі і духоўнымі ўзнагародамі. «Стараемся залажыцьсці ў моладзі патрыятызм, духоўнасць, дысцыпліну. Разам вывучаем гісторыю роднага краю, наведваем музеі, мясціны воінскай славы, добраўпарадкоўваем помнікі і брацкія магілы».

«Не патрэбны клад, калі ў сям’і лад»

Шматдзетная сям’я Станкевічаў жыве ў вёсцы Логавішча Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Сужэнцы рэалізоўваюць сацыяльны праект «Вёска маладая», сваім прыкладам паказваючы, што жыццё ў сельскай мясцовасці можа быць камфортным і цікавым.

Калісьці Сашу, які вучыўся на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, бацькі прапанавалі на іх невялікія зберажэнні купіць аўтамабіль альбо пачаць будаваць уласны дом. Малады чалавек выбраў другое, вырашыўшы застацца на малой радзіме. Хоць разумеў, што туды прыйдзецца ўкласці яшчэ нямала ўласных сродкаў і сіл. З часам у дабудаваны сваімі рукамі дом ён прывёў маладую жонку. А потым сям’я павялічылася і цяпер з цяжкасцю змяшчаецца ў легкавое аўто, якое ў дырэктара Дома культуры пасёлка Энергетыкаў таксама ёсць. Цяпер Аляксандр марыць купіць для вялікай сям’і мінівэн.

Пазнаёміліся Аляксандр з Інгай 10 гадоў таму. Хлопец, які працаваў культарганізатарам у вясковым Доме культуры, прыехаў забраць светлавы лазер для клуба ў бухгалтара аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама. І з першага погляду закахаўся ў Інгу. Дзяўчына адказала ўзаемнасцю. Дарэчы, прапанову рукі і сэрца Аляксандр зрабіў вельмі творча. У той дзень Інга і запрошаныя госці збіраліся адзначаць у кафэ яе дзень нараджэння. Але малады чалавек загадзя дамовіўся з работнікам загса пра дату роспісу, а імянінніцу прывёз туды з завязанымі вачыма. Па-іншаму сюрпрыз не атрымаўся б. У кафэ да гасцей ён прывёз ужо не нявесту, а жонку.

У сям’і трое дзетак. «У старэйшага сына Ромы гэтым летам з’явілася асобная градка, якую ён даглядае, — кажа Аляксандр. — Памятаю, у маім дзяцінстве, калі мы з сястрой прасіліся на возера купацца, бацькі казалі: „Калі градкі прапалолі, можаце ісці“. У нас выхаваўчы працэс пабудаваны такім жа чынам — праз заахвочванне». Акрамя таго, Станкевічы збіраюць і перадаюць дзецям беларускія народныя абрады. «Багацце нашай сям’і — традыцыі, якія мы захоўваем. І чым больш гэтых традыцый, тым багацейшая твая сям’я», — кажа Інга. «Бацькі павінны выхоўваць дзяцей па правілах продкаў, дадае Аляксандр. — Я даю табе, каб ты перадаў сваім дзецям. У нашай сям’і таксама ёсць традыцыя: бабуля варыць гаючую мазь. Сама збірае неабходныя зёлкі. Яе навучыў тата, а яго, у сваю чаргу, — дзед. Камусьці з нас яна таксама перадасць свае ўменні».

«Дзеці прафесіі не перашкода»

Ва Уладзіслава і Юліі Трыкозаў з Мінска на дваіх чатыры зоркі на пагонах, абое падпалкоўнікі. Але дома іх заўсёды чакаюць самыя дарагія «зорачкі» — дзеці. Апошнім часам трэнд, асабліва сярод жанчын з вышэйшай адукацыяй, — адкладваць нараджэнне дзяцей на потым, каб спачатку рэалізаваць сябе ў прафесіі. Нашы ж героі нарадзілі трох дзетак да таго, як Юліі споўнілася 30. Пазнаёміліся, калі дзяўчына заканчвала першы курс тэхналагічнага ўніверсітэта, а хлопец — апошні курс Акадэміі МУС. Сустрэліся на вяселлі Юлінай сваячкі і закахаліся з першага погляду. Уладзіслаў прызнаўся, што калі здаваў дзяржіспыты, усе думкі былі пра чароўную бландзінку, з якой танцаваў. Пакуль Юля вучылася, яны сустракаліся, а як толькі атрымала дыплом — распісаліся. Неўзабаве пасля вяселля нарадзілася Танечка, праз два гады на свет з’явілася Кацюша, а яшчэ праз два — Саша. Падчас дэкрэтнага водпуску маладая мама ўмудрылася атрымаць дзве дадатковыя спецыяльнасці завочна. «Ад таго, што я прысвяціла маладосць дзецям, прафесія не пацярпела», — кажа Юлія. У свае 40 з хвосцікам шматдзетная мама — старшы пракурор упраўленя Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства на транспарце і ў мытных органах. Уладзіслаў выкладае юрыдычныя дысцыпліны ў «МІТСО».

Дзяцей з малых гадоў прывучалі да самастойнасці. Сёння бацькі з гонарам кажуць, што тыя могуць спраўляцца з многімі справамі самастойна — і прапыласосяць, і падлогу вымыюць, і смачную лазанню прыгатуюць. Сумеснае гатаванне па выхадных для сям’і — адна з любімых спраў. У кожнага з дзяцей ёсць свае дасягненні. У Сашы — другі разрад па плаванні, у Тані — перамогі ў конкурсах малюнкаў і піяністаў, у Каці, якая з’яўляецца камандзірам профільнага класа МНС, — 2-е месца ў адкрытым турніры па мастацкай гімнастыцы «Юныя надзеі». «Мы хочам, каб дзеці імкнуліся быць першымі. А стануць імі ці не — гэта другаснае. Важней ад любых дасягненняў — заставацца добрым чалавекам, жыць сумленна».

Не так даўно сям’я пераехала ва ўласны дом. Шматдзетным бацькам выдзелілі зямельны ўчастак, на якім з прыцягненнем ільготнага крэдыту ад дзяржавы пабудавалі жыллё. Унутраныя работы яшчэ не завершаныя, але ў кожнага дзіцяці ёсць асобны пакой. А яшчэ ў сям’і з’явіліся любімыя гадаванцы — аўчарка, шпіц і кот. Ката знайшлі ў кустах побач з домам і забралі сабе. Дарослыя жартуюць: «Траіх дзяцей падгадавалі, цяпер вось яшчэ трох чатырохногіх трэба падняць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Як адзначыла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш, сёння ў Беларусі амаль 119 тысяч шматдзетных сем’яў. За апошнія 10 гадоў іх колькасць павялічылася практычна ўдвая.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.