Вы тут

Рыбныя вадаёмы выкарыстоўваюцца неэфектыўна


Да такой выcновы прыйшлі інспектары Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці пасля аналізу работы рыбных гаспадарак рэгіёна. Нядбайнасць, парушэнні заканадаўства, адсутнасць парадку — усё гэта адмоўна адбіваецца на эканамічным стане рыбнай гаспадаркі.


Фота: КДК Гродзенскай вобласці

У Гродзенскай вобласці амаль усе вадаёмы, прыдатныя для рыбаводства, маюць арандатараў. Усяго налічваецца 186 індывідуальных прадпрымальнікаў, фермерскіх гаспадарак і арганізацый, якім перададзена ў арэнду 1,8 тысячы гектараў або 95 % воднай тэрыторыі.

За 2,5 года ў вадаёмы запушчана каля 360 тон малькоў. Аднак не ўсе арандатары зарыбілі свае сажалкі. Некаторыя наогул тое не зрабілі, у іншых аб'ёмы вельмі малыя і не адпавядаюць плошчы вадаёмаў. У асноўным гэта датычыцца некаторых гаспадарак Іўеўскага раёна, адзінкавыя выпадкі ёсць у Гродзенскім, Свіслацкім, Шчучынскім, Слонімскім, Мастоўскім і некаторых іншых раёнах. Напрыклад, у фермерскай гаспадарцы Слонімскага раёна на адзін гектар вадаёма прыйшлося ўсяго 6,7 кілаграма малькоў. Амаль такая ж сітуацыя ў аднаго з арандатараў Мастоўскага раёна. У некаторых раёнах зарыбленне складае ад 13 да 17 кілаграмаў на гектар, што таксама недастаткова. Інспектары звязваюць падобныя факты з недасканалым кантролем з боку сельгасупраўленняў райвыканкамаў.

У рэгіёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння аб'ёмаў прамысловага ўлову рыбы. Напрыклад, летась аб'ём улову склаў 225 тон, што на 23 тоны менш, чым у папярэднім, 2020 годзе. А ў некаторых раёнах тэмп росту не дасягнуў і 50 %. Так, у Лідскім раёне ўлоў з 9,7 тоны ўпаў да 2,5 тоны. У Ашмянскім — з 2,6 тоны да 0,9 тоны. У Свіслацкім раёне з трох арандатараў толькі адзін займаўся прамысловым уловам, пры гэтым яго здабыча склала ўсяго 140 кілаграмаў, ці 8,4 кілаграма на 1 гектар воднай тэрыторыі.

Аналагічная сітуацыя назіралася і ў Гродзенскім раёне, дзе на вадаёме плошчай 36,6 гектара за 2020 год было вылаўлена ўсяго 130 кілаграмаў рыбы, а ў першым паўгоддзі бягучага — толькі восем кілаграмаў. Пры гэтым індывідуальным прадпрымальнікам за паўтара года выпушчана ў вадаём адна тысяча малькоў. Некаторыя арандатары наогул не вялі ўлоў на арандаваных вадаёмах, хоць і зарыблялі іх.

Не прымаюцца меры па пашырэнні вытворчасці і рэалізацыі каштоўных відаў рыб. У Гродзенскай вобласці толькі адно прадпрыемства займаецца такім відам дзейнасці — ААТ «Фішко». За два гады імі рэалізавана 1150 кілаграмаў рыб — асятра і фарэлі. З аднаго гектара тут атрымліваюць 250 кілаграмаў. Для насычэння спажывецкага рынку адной гаспадаркі з такім кірункам недастаткова, лічаць у Дзяржкантролі.

Таксама выяўлены факты несвоечасовай арэнднай платы за рыбалоўныя ўгоддзі і водныя аб'екты. Мясцовым органам улады трэба паклапаціцца аб тым, каб даход у раённыя бюджэты ад дадзеных крыніц паступаў своечасова. Такія факты выяўлены ў Іўеўскім, Лідскім, Слонімскім і Ашмянскім раёнах.

Інспектары звярнулі ўвагу як на стан саміх водных аб'ектаў, так і на тэрыторыю вакол іх. У прыватнасці, стварэнне добраўпарадкаваных месцаў для платнага рыбалоўства. Напрыклад, пры наведванні воднага аб'екта каля вёскі Дайнова Іўеўскага раёна не было заўважана сметніц, а адходы складзіраваліся на тэрыторыі каля вадаёма. Таксама не абсталяваны месцы для лоўлі рыбы, не скошана трава, няма інфармацыі аб арандатары і забароне купання. Вадаём плошчай 31 гектар з 2020 года не зарыблены.

Заўвагі па добраўпарадкаванні зроблены і падчас інспекцыі вадаёмаў паблізу вёскі Жамыслаўль таго ж Іўеўскага раёна. Да ўсяго тут не праведзены мерапрыемствы па ачыстцы сажалак.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Узяў возера — клапаціся пра рыбу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».