Вы тут

З любоўю і ўдзячнасцю


Найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай для шматдзетных жанчын — ордэнам Маці — у Беларусі ўзнагароджана ўжо амаль 13 тысяч прадстаўніц цудоўнай паловы. У тым ліку 672 беларускі атрымалі іх сёлета. На гэтым тыдні акцыі па ўзнагароджанні, прымеркаваныя да Дня маці, працягваюцца як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Напярэдадні гэтага свята спецыялісты расказалі пра меры сацыяльнай, медыцынскай падтрымкі і іншыя гарантыі жанчынам і дзецям.


Тры мільярды рублёў — на дапамогі сем'ям

— Перыяд паміж двума святамі — Днём маці (14 кастрычніка) і Днём бацькі (21 кастрычніка) — мы назвалі «Тыднем бацькоўскай любові», ён прысвячаецца самым важным людзям у нашым жыцці. У кожным рэгіёне краіны ўвесь тыдзень будзе напоўнены яркімі падзеямі — план мерапрыемстваў зацверджаны віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам, — паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ.

Бадай самай адметнай падзеяй гэтага тыдня стане фінал V Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года», які будзе праходзіць 14 кастрычніка ў сталіцы.

— Конкурс служыць важнай мэце ўмацавання асноў сям'і, выхаванню дзяцей і моладзі ў сістэме трыдыцыйных каштоўнасцяў. Ён стаў своеасаблівым сямейным рухам: у адборачным туры, які праходзіў у маі, прынялі ўдзел больш за 500 сем'яў. Цяпер сем найлепшых сем'яў з рэгіёнаў будуць прадстаўлены ў фінале, — расказаў намеснік міністра.

Ён адзначыў, што абарона сям'і і падтрыманне сямейных каштоўнасцяў — прыярытэтная задача дзяржаўнай палітыкі. Для матэрыяльнай падтрымкі сем'яў стабільна функцыянуе сістэма дзяржаўных дапамог. На іх выплату сёлета прадугледжана амаль тры мільярды рублёў, з іх 1 мільярд 700 рублёў — на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

Валерый Кавалькоў нагадаў, што дапамогамі ў краіне ахоплена кожнае чацвёртае дзіця. Іх атрымальнікамі з'яўляюцца 416 тысяч малых. Самая значная дапамога — пры нараджэнні дзіцяці. Калі яно ў сям'і першае, то гэта 3300 рублёў, другое і наступнае — 4600 рублёў.

Амаль 119 тысяч шматдзетных сем'яў на свае асабістыя рахункі атрымалі сродкі сямейнага капіталу. На сёння яго сума складае 26 тысяч беларускіх рублёў на адну сям'ю. Як вядома, прынята рашэнне аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам. Амаль 50 % шматдзетных сем'яў скарысталіся магчымасцю: 84 % сем'яў накіравалі яго на паляпшэнне жыллёвых умоў, 7 % — на атрыманне адукацыі, 9 % — на медыцынскія паслугі.

На дзяржаўным узроўні аказваецца падтрымка сем'ям для збору дзяцей у школу. На гэтыя мэты сёлета выдаткавана амаль 30 мільёнаў рублёў, з іх 23 мільёны — на матэрыяльную дапамогу шматдзетным сем'ям.

Больш за тысячу бясплатных спроб ЭКА

Як адзначыў дацэнт кафедры акушэрства, гінекалогіі рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі БелМАПА, галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід НЕДЗЕНЬ, шмат робіцца ў дзяржаве для аховы здароўя мацярынства і дзяцінства. Удзельная вага бясплоддзя ў Беларусі складае 14 %. Тут ёсць прамая сувязь з узростам, гінекалагічным анамнезам і станам рэпрадуктыўнага здароўя як жанчын, так і мужчын. Дарэчы, распаўсюджанасць мужчынскага бясплоддзя таксама павялічылася за апошні час. У Беларусі адной з мер падтрымкі парам, якія пакутуюць на бясплоддзе, з'яўляецца магчымасць зрабіць адну бясплатную спробу ЭКА.

Яна магчымая пры наяўнасці паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў да гэтай працэдуры, беларускім грамадзянстве ў мужа і жонкі і пры ўзросце жанчыны да 40 гадоў. Летась бясплатна было выканана 885 такіх спроб. За першае паўгоддзе гэтага года больш за тысячу пар скарысталіся такой магчымасцю. Эфектыўнасць працэдуры складае больш чым 33 %. Дзяржаўны бюджэт ужо выдаткаваў на гэтыя мэты каля 5,5 мільёна рублёў.

Леанід Недзень дадаў, што пачынаючы з 2016 года ў Беларусі назіраецца зніжэнне нараджальнасці. Гэта тлумачыцца зменай узроставай структуры насельніцтва.

Колькасць дзяцей у інтэрнатах скарацілася

Разам з тым, у Беларусі змяншаецца колькасць сацыяльных сірот. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена СІМАКОВА, у параўнанні з 2015 годам сёння іх менш амаль у 1,5 раза. У асноўным дзеці ў Беларусі выхоўваюцца ў родных сем'ях.

— Ранняе выяўленне сямейнага неспрыяльнага становішча садзейнічае штогадоваму змяшчэнню колькасці дзяцей, якія маюць патрэбу ў замяшчальнай сям'і. Але сетка такіх сем'яў пастаянна развіваецца. Сёння 88 % дзяцей, якія засталіся без бацькоў, выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях, — адзначыла спецыяліст. — Гэта апекуны, папячыцелі, прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Такая тэндэнцыя дазволіла за апошнія дзесяць гадоў у чатыры разы скараціць колькасць інтэрнатных устаноў. Калі ў 2011 годзе толькі ў сістэме адукацыі іх было 48, то сёння — 12. А колькасць іх выхавальнікаў знізілася амаль у шэсць разоў.

Сёння ў Беларусі 8338 замяшчальных сем'яў, у тым ліку 6299 апякунскіх (дзе выхаваннем займаюцца, як правіла, блізкія сваякі дзіцяці), 1748 прыёмных і 291 дзіцячы дом сямейнага тыпу. У іх выхоўваецца каля 12 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Такая форма замяшчальнай сям'і, як дзіцячы дом сямейнага тыпу, не мае аналагаў у іншых краінах, бо бацькі-выхавальнікі атрымліваюць спецыяльна пабудаванае з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў жыллё. У такіх сем'ях выхоўваецца амаль дзве тысячы дзяцей.


Асцярожна: махлярства супраць матуль

Валерый Кавалькоў папярэдзіў, што літаральна днямі з'явіўся новы від махлярства, дзе ахвярамі становяцца маладыя жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей.

— Мы прызвычаіліся, што грошы звычайна выманьваюць у пажылых людзей. Аднак цяпер прыходзяць паведамленні маладым матулям, якія выхоўваюць маленькіх дзяцей. Там сказана, што ім належыць выплата 55 ці 60 рублёў. Прапануюць перайсці па спасылцы, увесці пашпартныя даныя ці даныя банкаўскіх картак. Звяртаю ўвагу, што ўся інфармацыя па грамадзянах, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку, і пашпартныя даныя, і інфармацыя для выплат гэтай падтрымкі, у органаў сацыяльнай абароны і наймальніка ёсць! Не варта пераходзіць па спасылках: гэта чарговы від махлярства, — звярнуў увагу намеснік міністра.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».