Вы тут

Опера «Фаўст», канцэрт «Хіты для мам» і фільм «Гэта я і музыка»


Калі хочацца культурнай праграмы і пры гэтым не жадаеш выходзіць з дому, заўсёды можа выручыць тэлевізар. Так, у найбліжэйшыя выхадныя можна знайсці на тэлеэкране канцэрты, спектаклі, а таксама праграмы пра тых, хто ўсё гэта на сцэне ўвасабляе.


У эфіры сацыякультурнага «Беларусь 3» у суботу 15 кастрычніка глядзіце оперу «Фаўст» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у пастаноўцы рэжысёра Ганны Маторнай. Варта адзначыць, што гэта не першая спроба тэатра ўвасобіць на сцэне гісторыю легендарнага доктара: упершыню беларускія артысты здзейснілі пастаноўку ў 1928 годзе (пастаноўка «прабацькі» тэатра — музычнага тэхнікума, прычым, на беларускай мове) пад мастацкім кіраўніцтвам А. Бяссмертнага, другі раз опера «загучала» ў 1950 годзе, а трэці — у 1972-м. Згодна з новай рэжысёрскай версіяй Ганны Маторнай, пастаноўка дае глебу для філасофскіх разважанняў і пошуку адказаў на іх. У галоўнай ролі оперы задзейнічаны народны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Франкоўскі. Ён у гэты дзень будзе святкаваць сваё 60-годдзе. Пры жаданні ўбачыць Сяргея Вітальевіча на сцэне можна завітаць на яго спектаклі ў тэатр. У прыватнасці, 19 кастрычніка — на «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана, а 22 кастрычніка на «Мадам Батэрфляй» Дж. Пучыні.

Госцем праграмы «Кадры жыцця» ў нядзельным выпуску ўбачым беларускага акцёра тэатра і кіно Анатоля Гур'ева, які нарадзіўся 14 кастрычніка. Як адзначаюць на сайце Тэатра кінаакцёра, «кожная яго роля пераўтвараецца ў феерверк знаходак, што робіць іх яркімі, вострымі, выразнымі і вельмі блізкімі гледачу». Сёння ў тэатральным рэпертуары ён задзейнічаны ў такіх спектаклях, як «Шчаўкунок», «Пігмаліён», «Хто смяецца апошнім», «Жанчыны без меж» і іншых. Артыст, на рахунку якога дзясяткі роляў на падмостках тэатра і на кінаэкране, раскажа на «Беларусь 3» пра сябе і пра творчасць.

Калі згадалі дату 14 кастрычніка, то, канешне, не абмінуць на «Беларусь 3» і Дзень маці. Прысвячэннем усім жанчынам-маці стане святочны канцэрт Маладзёжнага тэатра эстрады «Хіты для мам», які пакажуць у нядзельным эфіры. А віншаваць на сцэне жанчын будуць вядомымі хітамі 1970—2000-х у выкананні найлепшых артыстаў беларускай эстрады. Заслужаная артыстка Беларусі Жанэт, заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі, Аляксандра Гайдук, Алена Грышанава, Гюнэш, Аляксандр Сухараў, Ганна Благава, Вольга Калеснікава і шэраг іншых выканаўцаў будуць радаваць гледачоў у рамках святочнай праграмы. Добрая музыка і шчырыя віншаванні — усё гэта гарантавана дазволіць адпачыць і злавіць хвалю добрага настрою кожнаму.

А вось на канале «Культура» ў нядзелю вечарам гледачоў чакае аўтарскі фільм Нікі Стрыжак «Гэта я і музыка» (2012) да 60-годдзя з дня нараджэння Дзмітрыя Хварастоўскага, якога ўжо пяць гадоў няма з намі. У кінастужцы згадаем знакамітага артыста і пачуем яго разважанні пра творчасць, публіку, успаміны аб цікавых сустрэчах і вялікіх партнёрах па сцэне, а таксама пра юнацтва і дзяцінства.... «Я раблю тое, што хачу. Усё сваё жыццё я свабодны чалавек, прынамсі ў тым, што я раблю на сцэне. І дыктаваць мне нешта ці забараняць нельга. Мяне нават у дзяцінстве мама называла хлопчык-наадварот»... Уключаны ў кінаработу і сцэны спектакляў Метраполітэн Опера, канцэртаў у Вялікай зале кансерваторыі, выступленняў спевака на іншых знакамітых пляцоўках свету. Прагучыць музыка Вэрдзі, Бізэ, Рахманінава, Чайкоўскага.

Пасля ў эфіры тэлеканала нас будзе чакаць паказ праекта «Шэдэўры сусветнага музычнага тэатра». «Капелія». Балет Леа Дэліба ў пастаноўцы Каралеўскага тэатра Ковент-Гардэн, уключаючы ўступнае слова М. Цыскарыдзэ, пакажуць у вячэрнім эфіры. У галоўных партыях — Мануэль Нуньес і Вадзім Мунтагіраў. Здымкі спектакля адбыліся ў 2019 годзе.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».