Вы тут

Што падрыхтавалі сталіца і рэгіёны для «бацькоўскага тыдня»


14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Шэраг мерапрыемстваў і падзей прымеркаваны як да згаданай даты, так і да «Тыдня бацькоўскай любові», які сёлета праходзіць з 14 да 21 кастрычніка. Завяршыцца тыдзень урачыстасцяў у Дзень бацькі — новае дзяржаўнае свята, якое аб'яўлена з гэтага года. Расказваем пра асноўныя мерапрыемствы, што пройдуць у найбліжэйшыя дні для ўсіх бацькоў.


Фота: pixabay.com

Заўтраў Мінску праходзіць фінал 5-га Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года». У ім возьмуць удзел сем найлепшых сем'яў, якія перамаглі ў адборачных турах ва ўсіх рэгіёнах. У гэтыя дні таксама бадуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава», фестывалю бацькоўскіх талентаў «Хвіліна славы».

Шэраг мерапрыемстваў традыцыйна падрыхтаваў Беларускі саюз жанчын. Мінская гарадская арганізацыя БСЖ сумесна з «Белпоштай» праводзіць акцыю «Адпраў паштоўку маме».

— Мы назіраем шмат ахвотных, у тым ліку і ў нас у Мінгарвыканкаме, напісаць паштоўку. Максімальна стараемся ахапіць сталіцу. Усе, хто пажадаў, бяруць удзел і распаўсюджваюць распрацаваную намі сумесна з «Белпоштай» паштоўку, — расказала член прэзідыума Беларускага саюза жанчын, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава. — Можна, вядома, і эсэмэску адправіць маме, і патэлефанаваць, але калі яна атрымае паштоўку, убачыць родны почырк свайго дзіцяці, гэта памяць, якая захаваецца.

Таксама сёння ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» праходзіць святочнае мерапрыемства з інтэрактыўнымі гульнямі для дзяцей, фотавыставай, конкурсамі, выступленнямі артыстаў беларускай эстрады і, вядома ж, віншаваннямі. У тым ліку і анлайн — тых мам, якія знаходзяцца далёка.

У рэгіёнах падчас «бацькоўскага тыдня» будуць праведзены тэматычныя форумы. У Мінскай вобласці пройдзе абласны форум «Пад крылом бацькоўскай любові». На яго запрашаюць 19 кастрычніка ў Жодзіна. 20 кастрычніка ў Віцебскай вобласці пройдзе форум «Бацькоўская любоў — вялікая сіла». У Гродзенскай вобласці ў Мірскім замку будзе арганізаваны «Першы абласны сямейны кангрэс». У праграме — уручэнне прэмій «Бацькоўская слава», «Валошкавы сямейны баль» і ўрачыстае пасяджэнне «Школы паспяховых татаў «Давер».

«Пярвічка» БСЖ у «Беларусбанку» арганізуе выстаўку «Маміна шчасце». Таксама будуць праведзены розныя акцыі і забаўляльная праграма, у тым ліку для дзяцей сацыяльна-педагагічнага цэнтра Брэста. «Пярвічка» БСЖ канцэрна «Беллегпрам» з 18 да 22 кастрычніка правядзе дабрачынны марафон «Дорым цяпло мацярынскіх сэрцаў» у сацыяльных установах, а таксама для дзяцей-інвалідаў.

На наступным тыдні для дзяцей усіх шасці сталічных сацыяльна-педагагічных цэнтраў будуць арганізаваны экскурсіі на вядучыя тэлеканалы — Белтэлерадыёкампанію, АНТ і СТБ. Пройдзе і сумеснае мерапрыемства з «Белдзяржцыркам» — дзеці з сацыяльна-педагагічных цэнтраў наведаюць закуліссе, а ўвечары іх запросяць на прадстаўленне.

Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў 18 кастрычніка павіншуе жанчын сваёй арганізацыі, якія сёлета ў чарговы раз сталі мамамі.

— Сёлета іх няшмат, усяго 20, звычайна бывае крыху больш, — адзначыла старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка, дадаўшы, што ў Мінску жыве 16 тысяч шматдзетных сем'яў, а ў Беларусі — больш за 120 тысяч. За апошнія 10 гадоў іх колькасць істотна павялічылася.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».