Вы тут

Сэрцы з чыстага золата. Наведалі Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці


14 кастрычніка — не толькі свята жанчын, якія падарылі сваім дзеткам жыццё, сталі для іх надзейнай апорай. Дзень маці — свята яшчэ і тых, хто без рэшты аддае душу і сэрца малым, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Моцныя духам і з невычэрпнай любоўю да кожнага, яны не дзеляць дзяцей на «сваіх» і «чужых».


Дом дзіцяці... У кожнага чалавека, пэўна, гэтае словазлучэнне адгукаецца непрыемнымі эмоцыямі. Маё знаёмства з Віцебскім абласным спецыялізаваным Домам дзіцяці пачалося нечакана, з тэлефоннага званка. Былая школьная настаўніца расказала гісторыю, якая здарылася ў яе сям'і. Нарадзіўся ўнук з цяжкасцямі здароўя, немаўляці спатрэбілася медыцынская дапамога. І яе аказалі работнікі менавіта гэтага Дома, прычым не «казённа», а з пяшчотай і ўвагай. Дзякуючы кваліфікаванасці ўрачоў і неабыякавага стаўлення да сітуацыі, Віцю выхадзілі, а спецыялісты абласнога Дома дзіцяці і дагэтуль заязджаюць у госці да свайго маленькага пацыента, цікавяцца яго справамі і поспехамі ў дзіцячым садку.

Няўжо стэрэатыпы аб установе такога тыпу ўжо не адпавядаюць рэчаіснасці і ці сапраўды адносна невялікі будынак на ўскрайку горада па праву называюць Домам, дзе жыве любоў? Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, мне хапіла дзвюх гадзін.

Установа аховы здароўя «Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці» вядзе свой адлік з 1918 года, налета яна адзначыць свой 105-гадовы юбілей. Шмат змянілася за векавую гісторыю, у 1984-м установа атрымала статус спецыялізаванай. З 2009 года тут аказваюць паліятыўную дапамогу дзецям-сіротам з цяжкімі захворваннямі і хворым дзецям, у якіх ёсць бацькі. Такі від медыцынскай дапамогі з'явіўся ў абласным Доме дзіцяці адным з першых сярод іншых устаноў аховы здароўя, дзе знаходзіліся дзеткі маленькага ўзросту (пацыентам ад сямі гадоў аказвалі такую ж дапамогу ў Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). Два гады таму — у ліпені 2020-га — пры ўстанове пачаў сваю работу абласны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям.

Тут знаходзяцца пацыенты з невылечнымі захворваннямі, якія абмяжоўваюць жыццё і патрабуюць прымянення медыцынскай дапамогі, накіраванай на пазбаўленне ад болю і аблягчэнне. Гэта па-навуковаму. Самі работнікі дапамагаюць дзецям і іх бацькам у кожным асобным выпадку знайсці ўмовы для камфортнага жыцця. З такой мэтай палаты аснашчаны кіслароднымі канцэнтратарамі, апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, аксіметрамі, функцыянальнымі ложкамі, вертыкалізатарам, а яшчэ — тэлевізарамі і планшэтамі. Нядаўна ў цэнтры з'явіўся і тэхналагічны цуд — інтэрактыўная падлога: дзеці ў любую пару года могуць паслухаць і паглядзець, як трашчыць лёд пад нагамі і шамаціць асенняе лісце, а той, хто не можа сваімі ножкамі ступіць — дакранаецца рукамі. Развіццё і адаптацыя ў грамадстве (у дадзеным выпадку — з іншымі дзецьмі) — галоўны кірунак дзейнасці медыкаў і педагогаў. Кожны дзень у цэнтры паліятыўнай дапамогі пачынаецца з класічнай музыкі, пасля на змену ёй прыходзяць мультфільмы, прычым падбіраюцца яны пад густ кожнага пацыента. Цяпер у стацыянарным аддзяленні знаходзяцца 17 чалавек, а ўсяго па вобласці спецыялісты Дома дзіцяці аказваюць дапамогу больш як 200 дзецям з цяжкімі захворваннямі, інваліднасцю з чацвёртай ступенню страты здароўя.

Выхаванне такіх дзяцей — гэта пра гераічнасць і моц духу бацькоў, але і ім, на першы погляд дарослым і незалежным людзям, патрэбная дапамога. Як расказваюць урачы,
у некаторых выпадках маці з дзіцем, якія прайшлі праз невыносныя жыццёвыя выпрабаванні, становяцца адным цэлым. Але, як і ўсім, ім патрэбныя зносіны і падтрымка. Таму на базе цэнтра створаны бацькоўскі клуб «Расцем разам», дзе ўсім жадаючым аказваецца псіхалагічная дапамога.

З 1 кастрычніка 2020 года на базе ўстановы аховы здароўя пачаў функцыянаваць таксама Цэнтр ранняга ўмяшання, ён створаны з мэтай выяўлення парушэнняў развіцця і рызыкі іх з'яўлення ў дзяцей ад нараджэння да трох гадоў. Малым і іх бацькам, якія пражываюць у Кастрычніцкім раёне горада Віцебска, аказваецца бясплатная междысцыплінарная дапамога, накіраваная на садзейнічанне аптымальнаму развіццю дзяцей і іх адаптацыі ў грамадстве.

Абласны Дом дзіцяці з'яўляецца лекава-рэабілітацыйна-выхаваўчай установай для дзяцей-сірот; тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі; дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах. Спецыялістамі вядзецца актыўная работа з біялагічнымі бацькамі, бо для некаторых менавіта знаходжанне дзіцяці тут з'яўляецца паваротным пунктам у жыцці, дае стымул вырашыць праблемы і вярнуць дачку або сына. За мінулы перыяд бягучага года 15 выхаванцаў вярнуліся дадому, і пазітыўная дынаміка назіраецца ўжо некалькі гадоў запар. Дзеці, чые бацькі не здолелі выправіцца, уладкоўваюцца ў новыя сем'і — на сённяшні дзень такіх звыш 20 з пачатку года.

Кожны дзень у Доме за светлай агароджай — яркі і насычаны, такі, якім павінен быць у бесклапотным дзяцінстве. І гэтую магчымасць, якую не змаглі даць біялагічныя бацькі, дораць малым выхавацелі. Да кожнага свята кіраўніцтва ўстановы падыходзіць з адказнасцю: набываюць упрыгажэнні і падарункі, а яшчэ — бальныя сукенкі і касцюмы. Разам маленькія выхаванцы падрыхтоўваюць святочныя канцэрты, кожнаму знаходзіцца занятак даспадобы — цацачная музычная ўстаноўка, танцы, тэатральныя замалёўкі... Як адзначае галоўны ўрач, нават у такім узросце — ад двух да трох гадоў — ужо праяўляюцца таленты, і выхавацелі іх падтрымліваюць. 1 чэрвеня ў Дзіцячы дом прыязджаў кантактны заапарк з клоўнамі, якія падарылі дзецям радасць, паветраныя шарыкі і ўзнёслыя эмоцыі. Дзень кабачка і драніка з дэгустацыяй, Яблычны Спас з ураджаем са свайго саду, Дзень ведаў у нацыянальных касцюмах — педагогі клапатліва прывучаюць выхаванцаў да традыцый беларусаў і знаёмяць з нашай спадчынай.

Да Дня маці ў Віцебскім краязнаўчым музеі адкрылася фотавыстава пад назвай «Зазірні ў вочы дзіцяці», дзе прадстаўлены партрэты выхаванцаў дзіцячага дома ў суправаджэнні вершаў. Да канца лістапада любы жадаючы можа наведаць выставу ў будынку гарадской ратушы. У кожным позірку тут — радасць, сум, пяшчота, дзіцячыя вочы захоўваюць асабістыя гісторыі. А за кожнай усмешкай стаіць вялікая карпатлівая работа цэлага калектыву.

У Віцебскім абласным Доме дзіцяці працуе дружны калектыў урачоў, медыцынскіх сясцёр, інструктараў-метадыстаў, педагогаў, выхавацеляў, іншых спецыялістаў. Падчас нашай размовы галоўны ўрач Алена Генадзеўна Мізеркіна неаднойчы падкрэслівала, што людзей, якія знаходзяцца не на сваіх месцах, тут няма. Яна і сама прыйшла ва ўстанову ў 2001 годзе ўрачом, а з 2011-га займае пасаду кіраўніка. Больш за 20 гадоў дзеліць сваё сэрца з дзецьмі, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Але, прызнаецца, перыяд прафесійнай адаптацыі быў цяжкім. Работа з дзецьмі, асабліва такімі, — гэта выпрабаванне на трываласць. Людзьмі кіруюць два пачуцці: любоў і жаль, і калі другое праходзіць, першае — назаўсёды. Але тыя, хто прайшоў выпрабаванне, як правіла, застаюцца надоўга. У некаторых работнікаў Дома дзіцяці, чые партрэты ўпрыгожваюць Дошку гонару і суседнюю, Дошку ветэранаў працы, гэтае месца работы — адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Так моцна прыкіпаюць людзі да Дома, дзе жыве любоў, і яго маленькіх жыхароў. А малыя знаходзяць у нянечках і выхавацелях родныя душы, і ў гісторыі ўстановы шмат выпадкаў, калі гэтае яднанне вылівалася ва ўсынаўленне або афармленне апекі работнікамі. Наогул тут не дзеляць дзяцей на «сваіх» і «чужых». Для ўсіх — з аднолькавай цеплынёй і ўвагай — работнікі Дома дзіцяці на некаторы час становяцца матулямі, кругласутачна працягваючы руку дапамогі і нястомна ахінаючы крыламі ад няшчасцяў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».