Лясныя цуды


Днямі ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет новая кніга Валерыя Кастручына, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата многіх літаратурных прэмій, знанага прыродалюба і калекцыянера краявідаў. Пад мяккай вокладкай кнігі «След чаплі на мокрым пяску» («След цапли на мокром песке»), адрасаванай дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў, чытачы знойдуць сціплае натурфіласофскае апавяданне і адну маленькую аповесць аб сусвеце і жывёлах. Творы расказваюць «аб той цудоўнай пары года, калі пасля доўгай зімы абуджаеца.


Анатацыя да зборніка прыцягвае чытача дэтэктыўнай інтрыгай: «Цікаўны хлопчык, герой кнігі, спрабуе разгадаць загадку слядоў шэрай чаплі, пакінутых ёю на мокрым пяску…» Ды не дайце складальнікам сябе ашукаць! На паверку творы аказваюцца даволі простымі, хоць ад таго і не менш займальнымі натуралістычнымі назіраннямі, пазбаўленымі ўсякай інтрыгі. 

Не ў манеры Валерыя Кастручына хаваць нешта ад сваёй аўдыторыі, да пары трымаць у тайне важную інфармацыю. Усё, што прыкмячае і адчувае апавядальнік, чытач атрымлівае ў чыстым выглядзе і адразу. «Аўтар згадвае сваё дзяцінства і тыя часіны, калі ён працаваў настаўнікам у сельскай школе», — працягваецца анатацыя. 

Апавяданне «След чаплі на мокрым пяску», якое падарыла зборніку назву, акурат з тых, што распавядаюць пра вучнёўства пісьменніка: «Мой школьны сябар Валерка праводзіў летнія канікулы у дзядулі на хутары, які знаходзіўся кіламетраў за пяць ад нашага пасёлка Гарадзея». 

Як заўзяты натураліст, аўтар на працягу ўсяго твора не здраджвае апісальнай інтанацыі, а адчувальная спавядальнасць і непрытворная прастадушнасць аповеду садзейнічаюць паглыбленню ў гісторыю. Зрэшты, хапае ў кнізе і прыкладаў разумнага, нават выдатнага абыходжання з моваю, якія адразу выдаюць почырк вопытнага літаратара. Скажам, звярніце ўвагу на тое, з якой далікатнасцю і прастатой праз замоўчванне і рытарычную фігуру стыку Валерый Кастручын супастаўляе абзацы ў тэксце, як працуе з тэмай унутры сінтаксічнага цэлага: «А Валерка прычапіўся з пытаннем, дзе я ў Гарадзеі бачыў пальмы і мора? Мора я бачыў у сне. Напэўна, таму, што тата служыў у флоце, і хадзіў ён, перавальваючыся, як маракі». 

Няхай змешчаныя ў кнізе творы і нельга назваць філіграннымі, яны такі падкупляюць сваёй шчырасцю. Ды найвялікшая заслуга кнігі ў тым, што аўтар яе знаходзіць сапраўды цікавыя прыродныя з’явы, каб пра іх распавесці. Фонам для ідылічнай пастаралі, якую вымалёўвае Валерый Кастручын, становяцца «вясновы пажар», «запальванне снегу», распусканне пупышак і іншыя лясныя цуды. 

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?