Вы тут

Удзельніца «Восеньскага салона» Юлія Цярэшка: спроба пабачыць сябе


Сёлета на «Восеньскім салоне» было прадстаўлена шмат работ маладых мастакоў, чые імёны пакуль не на слыху. Сярод іх і Юлія Цярэшка. Пра творчасць, натхненне і шлях да майстэрства яна распавяла нашым чытачам.


Юлія Цярэшка.

— Давайце вернемся крыху ў мінулае. Як пачыналі? Дзе вучыліся, як выра¬шылі стаць прафесійным мастаком? 

— Пачаткам і асновай, як звычайна гэта адбываецца, была мастацкая школа. Затым я паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж імя А. К. Глебава на спецыяльнасць «Жывапіс (станковы)». Пасля было некалькі гадоў падагагічнай практыкі. І, нарэшце, калі канчаткова вызначылася з напрамкам, які мяне найбольш цікавіць, паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. 

— А як знайшлі свой стыль? 

— Ёсць некаторыя рысы, вобразы, што пераходзяць з адной работы ў іншую. Штосьці пазнавальнае. Але самога ўласнага стылю, нейкай цэласнасці — нават калі гаварыць пра серыі ці карціны, зробленыя ў невялікія прамежкі часу — мае работы пакуль не маюць. Усё распрацоўваецца. 

— Дзе вы знаходзіце сюжэты для работ? Што натхняе? 

— Гэта заўсёды яснасць вобраза. Калі я проста ведаю, як работа павінна выглядаць у выніку. Патрэбны канцэнтрат рэальнасці, нейкіх уражанняў, якія потым увасабляюцца ў карціне. 

«Імага. Аўтапартрэт».

— На сайце артцэнтра пазначана, што вы даволі актыўна выстаўляецеся. Як адбіраеце карціны для экспазіцыі? 

— Напрыклад, на працягу семестра робіцца многа работ у розных тэхніках: класічных, эксперыментальных. З рознымі сюжэтамі. Навучальнымі ці паводле маіх асабістых задач. Я пакуль удзельнічаю ў вялікіх групавых выстаўках, дзе няма пэўнай акрэсленай вузкай тэмы, прысвячэння нечаму канкрэтнаму. Таму выбіраю самае цікавае для сябе. Штосьці, што хачу ўбачыць у галерэі сярод іншых работ, пачуць водгукі. Гэта могуць быць навучальныя пастаноўкі або карціны, зробленыя па-за акадэміяй. 

— А цяпер — пра вашы работы на «Восеньскім салоне»... 

— Гэта тры аўтапартрэты (усяго ў серыі «Alma Mater» шэсць работ) у тэхніцы сграфіта з элементамі фрэскі і мазаікі са смальты. Вялікай увагі заслугоўвае матэрыял: ён дадаее сэнсу для мяне. Сграфіта і фрэска маюць падобную аснову — вапна і пясок. Фактура пяска і рэльеф сграфіта адсылаюць да вельмі старажытнай эстэтыкі. Але сам вобраз блізкі да сюррэалізму. У цэлым гэтая серыя — спроба пабачыць сябе. 

— Як увогуле адбываецца пра¬цэс стварэння карціны? Колькі часу трэба на адну работу? 

— Усё залежыць ад сканцэнтраванасці, таго, наколькі я дакладна ўяўляю вобраз, наколькі моцныя ўражанні. Напрыклад, у тэхніках, выкарыстаных у серыі аўтапартрэтаў — сграфіта і фрэска, — на роздум мала часу. Трэба ўсё рабіць хутка — пакуль сохне раствор. 

«Аўтапартрэт з ластаўкай».

— Ці ёсць у вас любімая карціна са сваіх? 

— Ёсць «часова любімыя», калі так можна сказаць. Але часта адбываецца так, што пачынаюць цікавіць работы, якія падаваліся калісьці няўдалымі. 

— І апошняе: што для вас мастацтва? 

— Адкажу так: праніканне, разуменне, гештальт, вобразная мова. 

Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.