Вы тут

Восем правіл догляду рук восенню


Фота pixabay.com

Скура нашых рук, якая насыцілася за лета вітамінамі, увабрала шчодрыя сонечныя прамяні, патрабуе асаблівага догляду восенню. Золкія вятры і нізкія тэмпературы, штодзённая хатняя праца — мыццё посуду, прыбіранне, а таксама частка новай рэальнасці — спіртавыя антысептыкі — не спрыяюць прыгажосці рук. Менавіта рукі жанчыны называюць люстэркам яе ўзросту, і хоць многія жанчыны не ўтойваюць яго, мець дагледжаныя рукі — добрая звычка. Восем парад ад «Алесі» дапамогуць вам у халодную пару года мець гладкія і дагледжаныя рукі.

Крэм не раскоша, а неабходнасць

Не чакайце, пакуль скура агрубее. Увосень касметолагі рэкамендуюць наносіць на яе крэм часцей, чым звычайна, а менавіта — пасля кожнага мыцця рук. Карысная звычка насіць цюбік з крэмам у сумцы прыйдзецца вельмі дарэчы. Для міжсезоння лепш за ўсё выбіраць якасныя крэмы, якія ўвільгатняюць і сілкуюць, з дадаткам розных алеяў, гліцэрыны, алоэ, пчалінага воску. Важна своечасова ўвільгатняць скуру рук і сілкаваць яе вітамінамі і карыснымі рэчывамі, каб яна не губляла эластычнасці і не старэла занадта хутка.

Скажам не «кіпеню» з крана

Наўрад ці варта здзіўляцца, калі пасля мыцця рук вельмі гарачай вадой скура на іх яшчэ больш чырванее і становіцца празмерна сухой. Увосень яна і так пакутуе ад холаду на вуліцы, перасушанага паветра ў памяшканні. Не варта дадаткова раздражняць яе струменем «кіпеню» з крана. Мыйце рукі цёплай вадой, а мыла павінна змяшчаць кампанент крэму. Выбірайце сродак для мыцця посуду без агрэсіўных складнікаў.

Не толькі модны акцэнт

Калі да гэтага часу вы апраналі пальчаткі толькі ў мароз, абавязкова купіце адпаведны аксесуар для восені. Пальчаткі не толькі паслужаць модным акцэнтам гардэроба, але і абароняць скуру рук ад абветрывання, пачырванення і сухасці. Нюанс: апранаць пальчаткі варта не раней, чым пасля таго, як крэм, які вы нанеслі на рукі, увабраўся. Звычайна для гэтага дастаткова паўгадзіны. Цяпер можаце смела пакідаць дом ці офіс!

Рамонак, календула... для рук

Ванначкі для рук — прыемная і карысная працэдура. Яна ўвільгатняе, сілкуе, танізуе, адбельвае скуру рук — у залежнасці ад кампанентаў, якія вы дададзіце ў ваду. Ванначку можна рабіць з адварамі рамонку, календулы, ліпы, з марской соллю.

Не забывайце пра кутыкулу

Скуру ўнізе пазногця можна даглядаць самастойна або даверыць гэта спецыялісту. Калі праводзіце працэдуру дома, спачатку размягчыце скуру ў цёплай мыльнай ванначцы, у якую можна дадаць пару кропель улюбёнага эфірнага алею, а потым акуратна апрацуйце пазногці. 

Па хатніх рэцэптах

Восень — той час, калі варта папесціць рукі маскамі: яны глыбока пранікаюць у скуру і інтэнсіўна сілкуюць яе. Пасля некалькіх сеансаў вы заўважыце, наколькі больш здаровы і дагледжаны выгляд набылі вашы рукі. Можна купіць маскі ў выглядзе пальчатак. А можна і ўспомніць хатнія рэцэпты нашых мам, якія наносілі на рукі тварог, аўсяныя шматкі, мёд з малаком, сланечнікавы алей і іншыя вітамінныя рэчывы. Эфект вас здзівіць. Для зручнасці выкарыстоўвайце аднаразовыя пальчаткі.

Сакрэт амалоджвання: пілінг

Клапатлівы догляд скуры рук восенню дапоўніць пілінг. Гэтая працэдура прыбярэ арагавелыя часцінкі, пазбавіць ад лушчэння і сухасці, зробіць скуру вашых рук мяккай і эластычнай. Выдатна дзейнічаюць скраб з костачкамі вінаграда, скраб з кававай гушчы. Пілінг лепш рабіць перад нанясеннем крэму ці маскі альбо перад масажам рук.

Какосавы, міндальны...

Знайдзіце час для таго, каб зрабіць масаж рук. Для масажу можна ўзяць какосавы, міндальны ці аліўкавы алей. Нанясіце алей на рукі, памасіруйце іх на працягу пяці хвілін. Гэта насыціць скуру вітамінамі, палепшыць кровазварот.

Вашы ручкі скажуць вам дзякуй!

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.