Вы тут

Што рыхтуе гледачам чарговы «Лістапад»


На кінастудыі «Беларусьфільм» адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная ХХVІІІ Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад». Арганізатары распавялі аб геаграфіі форуму, гасцях фестывалю і запланаваных мерапрыемствах. Слоган ХХVІІІ «Лістапада» — «Сапраўдныя каштоўнасці». Найбуйнейшы кінафестываль краіны пройдзе з 4 да 11 лістапада.


Адметнасці фестывалю

У гэтым годзе арганізатары атрымалі 1360 заявак з 89 краін, аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі распавёў генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм», дырэктар кінафестывалю Уладзімір Карачэўскі. Па-ранейшаму праграма форуму будзе складацца з ігравога конкурснага кіно, а таксама пазаконкурснага. Так, у межах пазаконкурснага запланавана секцыя кароткага метра маладых кінематаграфістаў Беларусі і Расіі:

— Сёлета вялікі ўпор будзе зроблены на маладзёжны рух: мы імкнёмся, каб як мага больш моладзі прыняло ўдзел у сустрэчах, адукацыйных семінарах, пітчынгах і праглядах. Мы хочам, каб фестываль быў патрэбен не толькі тым, хто даўно яго любіць, але і тым, хто прыйдзе нам на змену, — адзначыў Уладзімір Карачэўскі.

У межах ХХVІІІ «Лістапада» запланавана правядзенне двух пітчынгаў. Першы будзе прысвечаны студэнцкім работам і дапаможа моладзі падзяліцца цікавымі ідэямі. Таксама для пераможцаў запланаваны прызавы фонд. Другі пітчынг міжнародны, удзел у ім возьмуць прадстаўнікі розных краін, на ім прадставяць работы для капрадукцыі і супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам».

Таксама ў межах пазаконкурснага кіно запланаваны Дні кіно Расіі, Узбекістана, Індыі, Кітая, Інданэзіі. Дырэктар фестывалю дадаў, што яшчэ адной цікавосткай сёлетняга «Лістапада» стане вялікая прэзентацыя беларускага кіно, створанага ў гэтым годзе.

Чаго чакаць ад форуму

У гэтым годзе Беларускі саюз кінематаграфістаў святкуе 60-годдзе. Форум стане выдатнай пляцоўкай для творчых сустрэч, круглых сталоў і майстар-класаў. Саюз кінематаграфістаў, які таксама з'яўляецца заснавальнікам «Лістапада», запрасіў калег з Арменіі, Грузіі, Кыргызстана і Малдовы. Старшыня саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў распавёў, што сустрэцца з гасцямі можна будзе ў Акадэміі мастацтваў, а таксама на іншых пляцоўках, у тым ліку і ў рэгіёнах краіны.

Старшыня ХХVІІІ «Лістапада» народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў адзначыў, што сёлетні форум стане асаблівым:

— Спадзяюся, што фестываль будзе адрознівацца ад папярэдніх. Упершыню такая вялікая колькасць краін падалі заяўкі на ўдзел. Чакаецца вельмі цікавая, эфектыўная работа на экранах. Зараз глядач чакае герояў, якія пражываюць шчаслівае жыццё. Глядач жадае, каб кінематограф надаў упэўненасці і прагі жыць. Спадзяюся, што ўся праграма фестывалю будзе прысвечана нашаму гледачу і перакананню, што жыццё цудоўнае.

Дзе можна паглядзець кіно

У сталіцы месцы правядзення фестывалю застануцца нязменнымі, аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталій Брэль. Цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця форуму пройдуць у кінатэатры «Масква». Таксама будуць задзейнічаны пляцоўкі кінатэатраў «Беларусь» і «Цэнтральны». А ў «Піянеры» адбудзецца паказ дзіцячага і дакументальнага кіно.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.