Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Скірмантава гарэла дзень і ноч


Ушчэнт спаленую карнікамі вёску Скірмантава, якая знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне, пасля вайны не было каму аднаўляць. У той страшны дзень, калі яшчэ адзін населены пункт Беларусі бязлітасна знішчылі акупанты і іх памагатыя, выжыла ўсяго некалькі чалавек, дый то, таму што на момант трагедыі не было дома.

Хаты тут усё ж пабудавалі. Але не тыя, хто спрадвеку жыў на гэтай зямлі. Вёску адраджалі чужыя. Людзям, якія ведалі аб трагедыі з першых вуснаў, было балюча будавацца на папялішчы. Таму паставілі хаты ў іншым месцы — далей ад тых калгасных пабудоў, дзе ад колішніх жыхароў Скірмантава засталіся адзін попел ды косткі...


Школьнікі рэгулярна наведваюць як могілкі спаленай вёскі, так і мемарыял, пастаўлены ў памяць аб усіх жыхарах Скірмантава, каго забрала вайна.

Зверская расправа

Трагедыя здарылася тут 30 (па іншых звестках — 29) ліпеня 1943 года. Нічога не прадвяшчала бяды. Немцы ў вёсцы былі нярэдкімі «гасцямі»: наведваліся сюды перш каб папоўніць свой харчовы запас. Мясцовыя жыхары асцерагаліся такіх візітаў. Тым больш хадзілі чуткі, што то тут, то там фашысты спалілі вёску. Ведалі і аб тым, што на прымусовыя работы ў Германію адпраўляюць моладзь, таму бацькі як маглі хавалі сваіх ужо дарослых дзяцей. Лес, якога навокал было багата, нярэдка станавіўся іх часовым прытулкам. Напярэдадні трагедыі людзі таксама знаходзіліся ў лесе. Карнікі пабылі ў вёсцы і рушылі далей. Калі ўсё сціхла, жыхары вярнуліся ў Скірмантава. Не ведалі яны, што ідуць на сустрэчу са смерцю...

Па дарозе ў вёску Каўшова гітлераўцы сустрэлі групу людзей. Сумненняў не ўзнікла — яўрэі. Гэта былі ўцекачы з Мінскага гета, якія некаторы час хаваліся ў жыхароў Скірмантава. Вяскоўцы далі ім не толькі прытулак, але і апранулі, накармілі, яшчэ і з сабой паклалі хлеба. Бежанцам заставалася толькі дайсці ў партызанскі атрад. Не выйшла... Хлеб у яўрэяў карнікі забралі, перад гэтым выпытаўшы, дзе яны яго ўзялі...

Вярнуўшыся ў Скірмантава, нацысты загадалі людзям збірацца ў калгасных гумнах і хляве — сказалі, што будуць правяраць дакументы. Як толькі жыхары прыйшлі, пабудовы падпалілі. У тых, хто спрабаваў уцякаць, стралялі. Хаты, у якіх жылі людзі, абрабавалі. Скаціну павыганялі з хлявоў. У той час, як у бок Дзяржынска пацягнуліся вазы з нарабаваным няхітрым сялянскім скарбам, адна за адной пачалі ўспыхваць жылыя хаты і гаспадарчыя пабудовы. Неўзабаве ад вёскі нічога не засталося. За кароткі час усе 38 двароў пераўтварыліся ў суцэльнае пажарышча, а людзі — у попел.

Дакладная колькасць загінулых дагэтуль не высветлена. На помніку, устаноўленым на брацкай магіле, пазначана, што «тут пахаваны 144 мірных грамадзян в. Скірмантава, па-зверску знішчаных фашысцкімі захопнікамі 30 ліпеня 1943 года». Па ўспамінах сведак, якія ўдзельнічалі ў пахаванні гэтых бедных людзей, ахвяр было больш. У многіх сем'ях жылі сваякі, якія з-за вайны пазбавіліся свайго жылля, некаторыя хавалі ў сябе бежанцаў, таму арыентавацца толькі на мясцовых жыхароў, кажучы пра колькасць загінулых, абсалютна няправільна.

Па звестках партызан, у Скірмантаве загінула не менш як 180 чалавек. Аб гэтай трагедыі напісалі ў падпольнай газеце «Народный мститель», якая з'яўлялася органам Івянецкага райкама КП(б) Беларусі. «Гітлераўскія каты не так даўно ўчынілі зверскую расправу над мірнымі жыхарамі вёскі Скірмантава Дзяржынскага раёна, — паведамлялася ў публікацыі пад назвай «Зверская расправа». — Атачыўшы вёску, гітлераўскія забойцы пад выглядам праверкі дакументаў сабралі ўвесь народ у некалькіх хатах, а затым падпалілі іх. У агні згарэла 180 нявінных сялян і сярод іх больш 50 дзяцей. Абрабаваўшы вёску, нямецкія людаеды да тла спалілі яе».

«Куды мама, туды і я»

Гэты важны дакумент гісторыі — падпольная газета, у якой паведамляецца пра пагібель вёскі, — захоўваецца ў хатнім архіве Зінаіды Леванец. Зінаіда Пятроўна — адна з тых жыхароў вёскі, якім пашчасціла не апынуцца ў тым жудасным вогнішчы, распаленым фашыстамі. Мы сустрэліся ў яе мінскай кватэры. Мне адчыніла дзверы вельмі прыгожая жанчына. Столькі ў яе вачах цеплыні, дабрыні. Падалося, што яна ўся свеціцца шчасцем. Аднак як толькі завялі гутарку пра вайну, пра той самы страшны дзень у яе жыцці, твар рэзка памяняўся. У вачах Зінаіды Пятроўны з'явілася столькі болю, столькі нявыплаканых слёз, якіх, напэўна, і жыцця не хопіць выплакаць.

Яна расказала, што да вайны Скірмантава было звычайнай вёскай: невялікая, але і не на некалькі двароў. Людзі будавалі жыллё, працавалі на зямлі, трымалі гаспадарку, стваралі сем'і, гадавалі дзяцей. З прыходам акупантаў жыццё быццам спынілася. Сяляне жылі ў пастаянным страху быць асужанымі нацыстамі, якія часта наведваліся ў вёску.

Сям'я, у якой расла Зінаіда, была вялікая: бацькі і пяцёра дзяцей (два сыны і тры дачушкі). Яна — перадапошняя, 1935 года нараджэння. Усе дзеці ў гэтай сям'і нараджаліся з розніцай у два гады. Бацька, удзельнік Грамадзянскай вайны, кульгаў, таму на фронт яго не ўзялі. Знайшлося прымяненне яго ўменням і ў акупацыі. Пётр Рыгоравіч быў добрым шаўцом, таму рамантаваў абутак для партызан. А маці Зінаіды, Аляксандра Данілаўна, з'яўлялася сувязной партызанскага атрада, пякла для народных мсціўцаў хлеб.

У той дзень, калі ў Скірмантаве здарылася трагедыя, Аляксандра Міскевіч разам з многімі аднавяскоўцамі адправіла сваю старэйшую дачку ў лес — баялася, што 15-гадовую дзяўчыну забяруць у Германію. На адной з пяці падводаў, якія накіроўваліся з вёскі, паехала і сама.

— Я раптам вырашыла: куды мама, туды і я, — успамінае Зінаіда Леванец. — Бацька спрабаваў за мной бегчы. Я гэтыя падводы дагнала амаль каля лесу. Бацька мяне так і не спыніў, я засталася з мамай. У суседняй вёсцы Якуты знаходзіліся немцы. Мама вырашыла даведацца, што яны там робяць. Мы пакінулі маю старэйшую сястру з аднавяскоўцамі ў лесе і ўдваіх з мамай пайшлі ў Якуты. Вярнуцца ў лес нам ужо было нельга. А тыя не дачакаліся нас і паехалі ў Скірмантава. Немцы ўбачылі людзей, падумаўшы, што гэта партызанскі абоз, пачалі страляць. Людзі кінулі коней і ўсё астатняе ў лесе і вярнуліся ў вёску. Усе загінулі...

«Многія трупы апазнаць было нельга...»

З Якутаў, якія знаходзіліся дзесьці за пяць кіламетраў ад Скірмантава, маленькая Зіна з мамай бачылі, як гарэла іх вёска. «Гэта было зарыва, — не можа забыць тое жудаснае відовішча Зінаіда Леванец. — Мы ведалі, што гэта наша вёска гарыць. Як толькі немцы пайшлі з Якутаў, рушылі ў той бок. Выйшлі з лесу і ўбачылі, што няма вёскі. Прыйшлі на папялішча, а там толькі коміны ды печкі...»

Зінаіда Пятроўна і цяпер памятае, дзе стаяла іх хата, расла ліпа з гняздом — буслы ўвесь час туды прыляталі. Дагэтуль у вачах і самае страшнае — яна, васьмігадовая дзяўчынка, разам з маці разграбаюць астанкі — шукаюць сваіх. «Немагчыма ўявіць, які гэта жах, — кажа яна. — У маім дзіцячым уяўленні гэта настолькі захавалася, што пераследавала — не ведаю — колькі часу. Калі расцягвалі астанкі, бацька ляжаў папярок траіх дзяцей — напэўна, закрываў іх сабой. У іх былі абгарэлыя рукі, а адзенне захавалася — па ім і пазналі родных. Загарнулі астанкі ў нейкую прасціну (не ведаю, дзе яе ўзялі) і ў агульную магілу паклалі. Вось такое пахаванне».

З сям'і Міскевічаў загінулі чатыры чалавекі: бацька і трое дзяцей. Пакутніцкую смерць прынялі і іх сваякі. Двое дзяцей стрыечнага брата гаспадыні па прозвішчы Нагібовічы на момант трагедыі знаходзіліся ў Міскевічаў у гасцях. Мама і сын Сакулевічы (жонка і дзіця роднага брата Аляксандры Міскевіч) жылі ў іх, бо ў Мінску, адкуль яны прыехалі, гэта было немагчыма. Восем чалавек з адной радні спачываюць цяпер у брацкай магіле.

— Мама казала, што ўсяго ў Скірмантаве спалілі 243 чалавекі, — сведчыць Зінаіда Леванец. — Многія трупы апазнаць было нельга...

Яны былі ўпэўнены, што сярод іх — і брат Зіны, Саша. Пасля пахавання пайшлі ў вёску Мілашы. Раптам пачулі: «Мама!» Аляксандра Міскевіч ледзьве не страціла прытомнасць. Яшчэ адно дзіцятка! Жывое! Аказваецца, хлопчык, якому таксама пашчасціла не трапіць у тыя гумны, дзе палілі аднавяскоўцаў, хадзіў па папялішчы і плакаў. Ён таксама думаў, што ўсе яго блізкія загінулі. Не ведаў, куды яму ісці. Знайшліся добрыя людзі і падказалі, што мама з сястрычкай выжылі, паведамілі, дзе іх шукаць.

«Крыкі чуліся доўга»

У той страшны дзень, калі карнікі палілі Скірмантава, дзесяцігадовы Саша Міскевіч разам з адной дзяўчынкай пасвіў кароў.

— Як потым расказваў брат, бацька мог выратавацца: ён, інвалід, у гумно, дзе палілі людзей, ішоў самы апошні, — сведчыць Зінаіда Леванец. — Немцы былі ўжо там. Саша паклікаў іх: «Бацька, Жэня і Люба, ідзіце сюды». Тата сказаў, што трэба дакументы праверыць, усіх жа завуць, і пайшоў на смерць, хоць была магчымасць схавацца. Але, напэўна, лёс...

Разам з Аляксандрам пасвіла кароў Раіса Куніцкая. Вось як узгадвала тыя падзеі яшчэ адна сведка трагедыі: «Усё пачалося гадзін у 9-10 раніцы. Зрабіўшы сваю справу, паліцаі накіраваліся ў бок Дзяржынска, а каля хлявоў раздаліся стрэлы. Я хацела паглядзець, што там адбываецца і выглянула з-за вугла. Мяне ўбачыў паліцай і закрычаў: «Чаму ты тут? Чаму не пайшла з астатнімі?» Я яму адказала, што мне загадалі сцерагчы кароў. Як толькі паліцай адвярнуўся, мы пабеглі ў жыта, што расло непадалёку. Жыта было мала і невысокае, нам прыйшлося ляжаць ніцма і не варушыцца. Вакол палоскі жыта быў луг, па якім нехта праскакаў на кані. Пачалі паліць хлявы. Немцы вельмі сварыліся і лаяліся па-руску. Мы пачулі аўтаматныя і кулямётныя чэргі. Людзі закрычалі, загаласілі. Некалькі выбухаў раздалося, як быццам бы страляюць з мінамётаў. Пабудовы гарэлі, вецер разносіў палаючую салому, пачало дыміцца жыта. Навокал стаяў чалавечы крык, нават не крык, а страшэнны лямант і выццё. Крыкі доўга было чуваць, пасля ўсё заціхла».

Саша і Раіса падняліся, агледзеліся: немцаў нідзе не было. Дзеці папаўзлі ў бок вёскі. Скірмантава дагарала. Напалоханыя, яны забраліся ў яму, дзе зімой захоўвалі бульбу, і прасядзелі да цемры. Там ім згадалася, што, калі людзей гналі да хлявоў, да іх забегла Сашава сястра і сказала: «Нас паб'юць, а вы астаняцеся. Тата выпаліў у печы і паставіў хлеб. Будзеце яго есці». Дзеці вылезлі з укрыцця і пайшлі да сядзібы Міскевічаў. Ужо цяжка было знайсці, дзе яшчэ ўчора жылі людзі. Папялішчы былі амаль аднолькавыя. Раіса Куніцкая ўспамінала, што Саша ўвесь час плакаў і прасіў есці.

«Мы пачалі хадзіць па дварах і знайшлі на адным агародзе радыску, — успамінала Раіса Паўлаўна. — Селі каля ямы, нашай схованкі, і пачалі есці. Так і праседзелі ўсю ноч да раніцы. Хлеў і гумны дыміліся ўсю ноч, стаяў страшэнны пах гарэлага мяса. Было вельмі страшна. Нам не верылася, што ў вёсцы няма больш нікога жывога. Раніцай мы пайшлі шукаць людзей. Па вуліцы блыталіся абгарэлыя куры і каты. Куры ад нас разляталіся ва ўсе бакі, а каты ішлі следам. Мы падышлі да хлява. Там усё згарэла дашчэнту, засталіся толькі груды попелу. Падышлі да гумна. У нос ударыў удушлівы пах гарэлага мяса. Сярод галавешак ляжалі абгарэлыя чалавечыя трупы, наваленыя адзін на адзін. Мы спалохаліся і пабеглі. Каля могілак убачылі людзей. Гэта жыхары навакольных вёсак ішлі даведацца аб лёсе сваіх родных і сваякоў».

Хаваць астанкі па старадаўнім звычаі вырашылі на трэці дзень пасля трагедыі. На скірмантаўскае папялішча папрыходзілі жыхары навакольных вёсак. Колішніх гаспадароў гэтай зямлі паклалі ў яе ж — свой апошні прытулак яны знайшлі ў некалькіх брацкіх магілах. Некаторых з тых, каго апазналі родныя, пахавалі асобна.

«Я добра ведала, хто з вяскоўцаў як быў апрануты ў той дзень, — сведчыла пасля вайны Раіса Куніцкая. — Патрэбна было апазнаць трупы. У хляве згарэлі ўсе людзі, бо там было шмат сухой саломы. Засталіся толькі косці. У гумне пад грудамі галавешак і попелу ляжалі людзі без рук, ног, галавы. Знайшлі абгарэлага мужчыну без галавы і рук. Па адзенні, якое засталося, я пазнала свайго бацьку. Пад бацькам ляжала мая малодшая сястра, таксама абгарэлая, а яшчэ ніжэй — мой брацік, цэлы, але ўвесь чорны. Збоку ад іх знайшлі маму. Яна трымала на руках маленькую сястрычку, якой было ўсяго тры месяцы. Яшчэ адну маю сястру так і не знайшлі. У самым кутку гумна ляжала дзяўчынка, уся скручаная. Магчыма, яна гарэла і спрабавала выпаўзці па сценах. Тыя трупы, якія ляжалі пад верхнімі, абгарэлымі, былі цалейшымі. Іх родныя апазнавалі і хавалі на могілках».

«Па руках цёк чалавечы тлушч...»

У асобнай магіле членаў сваёй сям'і пахавалі і сёстры Мірановіч. Траім дзяўчатам — Веры, Марыі і Галіне — таксама пашчасціла не быць дома ў той страшны дзень. Сёстры знаходзіліся на палетках каля лесу: штодзень вісела пагроза іх адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію. На палетках яны не толькі хаваліся, але і працавалі: палолі, жалі траву, затым яе сушылі і вазілі дахаты. Ноччу дзяўчаты часта начавалі на сенавале. У той трагічны дзень сёстрам вельмі не хацелася нікуды ісці, але маці сказала: «Ідзіце, дачушкі, не будзьце дома, мне прысніўся дрэнны сон. Як бы не здарылася нічога дрэннага». І як у ваду глядзела.

«Мы паслухаліся сваю маму, сабраліся і пайшлі ў лес, — распавядала пасля вайны Вера Гурук (у дзявоцтве Мірановіч). — Крыху адышлі ад хаты, і ўсё нас штосьці трывожыла. Марыя прапанавала вярнуцца дахаты, але я і Галя не пагадзіліся. Я сказала сёстрам, што вяртацца нельга, бо мама сказала, што прысніўся страшны сон, можа, гэта і праўда».

Дзесьці пасля 12 гадзін дня дзяўчаты пачулі з боку вёскі крыкі, адчулі пах дыму. «Затаіўшы дыханне, мы пабеглі бліжэй да краю лесу, — узгадвала сведка трагедыі. — Ад таго, што мы ўбачылі, замерлі нашы сэрцы. Абняліся ўтрох, сядзім і не ведаем, што рабіць. У вёску ходу няма, уся вёска гарыць такім жудасным полымем, раздаецца такі жудасны крык і плач людзей. Мы плачам і ўспамінаем маму, якая нас выратавала. Сядзелі ў лесе да цемры. У вёсцы ўсё гарэла, трашчала, стаяў такі высокі слуп агню і дыму, што, здавалася, і сонца гарыць, а яно ў гэты дзень так ярка свяціла, як быццам ведала, што свеціць бедным жыхарам Скірмантава апошні раз. Вечарам падышлі блізка да вёскі, але там ужо нічога не было, толькі ўсё дагарала. Падумалі, дзе нам дзявацца, бо засталіся, як стаім: ні ежы, ні адзення. Пайшлі ў суседнюю вёску, там праплакалі ўсю ноч».

Плакалі па маці, па пляменніку, якому было ўсяго два гадкі... Раніцай, як толькі крыху развіднела, дзяўчаты пабеглі ў вёску — дакладней у тое, што ад яе засталося. Ад жаху, які ўбачылі, падкошваліся ногі. Яшчэ больш страшнае чакала іх на наступны дзень, калі яны хавалі сваіх родных, аднавяскоўцаў. З успамінаў Веры Гурук: «Недалёка ад тых адрын, дзе згарэлі людзі, выкапалі шэсць ям і пачалі разграбаць гэтае страшнае месца. Закасалі рукавы і рукамі збіралі ўсё, што засталося. Рукі былі чорныя, і па руках цёк чалавечы тлушч. Зверху былі адны недагарэлыя косці, іх скідалі ў адну яму. Недалёка было пасеяна жыта, так накасілі гэтага жыта і засцілалі ямы жытняй саломай. Людзі, якія былі наверсе, згарэлі зусім, толькі можна было адрозніць, што гэта не агаркі бярвення, а людскія косці. Усё гэта рабілі хутка, бо баяліся немцаў. Людзей, хто апынуўся ўнізе, можна было апазнаць. Мы апазналі свайго бацьку па адзенні: у пінжаку, у сярэдняй кішэні, ляжаў пашпарт і фатаграфія. Пасля знайшлі маці, дзвюх сясцёр і двух братоў, маленькі двухгадовы пляменнік ляжаў пад імі. Яшчэ адна сям'я знайшла сваіх сваякоў: бацька, маці і шасцёра дзяцей. Мы пахавалі іх усіх разам у адной магіле і паставілі крыж. Куніцкія таксама апазналі сваіх пяцярых родных і пахавалі асобна. Астатніх пахавалі ў чатырох магілах, усіх, каго знайшлі: і цэлыя, але неапазнаныя, і зусім астанкі. Кожную магілу зверху закрывалі саломай і засыпалі зямлёй. Паставілі крыжы без подпісаў, бо не ведалі, хто дзе пахаваны».

У памяці новых пакаленняў

Побач з брацкай магілай — асобныя пахаванні жыхароў вёскі, якіх апазналі сваякі.

У пахаванні жыхароў Скірмантава, якія загінулі жудаснай смерцю, удзельнічала і бабуля Нэлі Янкоўскай, бібліятэкаркі Скірмантаўскай сельскай бібліятэкі.

— Мая маці і бабуля, якія жылі ў суседняй вёсцы Вертнікі, кіламетры чатыры ад Скірмантава, бачылі дым, які ішоў ад вёскі, — распавядае Нэлі Янкоўская. — Надвор'е было вельмі добрае, смуродны дым хутка разносіўся: гэта не тое, што адзін ці два чалавекі. Колькі гарэла людзей! Назаўтра маці з бабуляй пайшлі ў Скірмантава, каб паглядзець, што здарылася. На трэці дзень разам з людзьмі з навакольных вёсак хавалі астанкі. Гэта было вельмі страшна... Людзі расказвалі, недзе сядзела мёртвае дзіцятка з абгарэлымі пальчыкамі, з якіх капаў тлушч. Вельмі жудаснае відовішча. Бабуля мая амаль ніколі аб гэтым не расказвала.

Затое аб трагедыі цяпер распавядае яна, бібліятэкар Скірмантаўскай сельскай бібліятэкі. Пераважна школьнікам, моладзі, якая наведвае мясцовы музей у Скірмантаўскім доме культуры. Тэме Вялікай Айчыннай вайны тут прысвечана грунтоўная экспазіцыя — у свой час аб яе стварэнні паклапаціўся бацька Нэлі Янкоўскай. Ён, былы партызан, выкладаў у мясцовай школе гісторыю. У многім дзякуючы Сяргею Сіпачу ў Скірмантаве з'явіўся музей.

Самы вялікі экспанат — макет даваеннай вёскі. Гледзячы на яго, можна ўявіць, як выглядала Скірмантава да таго, як было спалена. Макет стваралі выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта культуры. Узнавіць, як выглядала вёска, дапамаглі людзі, якія перажылі гэтую трагедыю, жыхары навакольных вёсак. Дзякуючы ім быў адноўлены і спіс загінулых — няпоўны, ён таксама прадстаўлены ў музеі. У кагосьці адсутнічае імя, пазначана толькі прозвішча: калі дарослых памяталі, то, як звалі некаторых дзяцей, пазабываліся.

Нягледзячы на тое, што насельніцтва сучаснага Скірмантава невялікае, музей рэдка калі пустуе. «Летам да нас прыязджала сям'я, — згадвае Нэлі Янкоўская. — Мужчына вельмі хацеў трапіць у музей. Яго цесць некалі жыў у Скірмантаве, тут загінула яго сястра з сям'ёй».

Рэгулярна наведваюць музей і школьнікі. Яны і самі, як добрыя экскурсаводы, могуць расказаць, што за трагедыя здарылася ў вёсцы летам 1943 года. Як распавяла бібліятэкар «Скірмантаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад — сярэдняя школа» Вольга Анпілогава, школьнікі рэгулярна звяртаюцца да чорнага перыяду з гісторыі населенага пункта, у свой час нават правялі даследчую работу.

— Пра трагедыю, якая адбылася ў Скірмантаве ў вайну, мы даведаліся адразу ж, як пайшлі ў школу, — заўважае вучаніца сёмага класа Аліса Сіман. — Тут заўсёды захоўвалася памяць аб тых падзеях. Цяпер мы, маладое пакаленне, павінны берагчы памяць аб людзях, якія загінулі.

З ёй пагаджаюцца і аднакласнік дзяўчынкі Мікіта Харужык, а таксама Уладзімір Міроненка, які вучыцца ў шостым класе. У Валодзі вочы на мокрым месцы. Вядома ж, дзіця. Тут і дарослым цяжка стрымаць эмоцыі, калі чуеш гэтую гісторыю.

Разам са школьнікамі мы наведалі помнік аднавяскоўцам, якія загінулі на фронце і былі спалены ў агні. Першапачаткова ён, невялічкі і сціплы, знаходзіўся ў двары школы. Цяпер міма яго не пройдзе ні местачковец, ні выпадковы спадарожнік — абеліск у памяць аб загінулых размясціўся на цэнтральнай плошчы Скірмантава. Недалёка ад яго — і могілкі спаленых жыхароў. Астанкі людзей, якія першапачаткова былі пахаваны побач з месцам трагедыі, перанеслі сюды ўжо пасля вайны. Такім чынам, і брацкая магіла, і асобныя пахаванні апазнаных жыхароў цяпер знаходзяцца ў адным месцы.

Напэўна, часцей за ўсіх тут бывае Яўгенія Лебедзева. Жанчыну па праве можна назваць старажылам сучаснага Скірмантава: яе сям'я адна з першых будавалася на месцы спаленай вёскі. Хата Яўгеніі Іосіфаўны знаходзіцца амаль насупраць могілак. Заходзіць сюды пры любой магчымасці. Яна ведае пра той чорны дзень у гісторыі вёскі з першых вуснаў: была знаёмая з Раісай Куніцкай, якой пашчасціла выжыць. А яшчэ Яўгенія Лебедзева памятае, як даведалася аб трагедыі.

У адзін цудоўны сонечны спякотны дзень мама панесла на раку адбельваць два доўгія кавалкі палатна і ўзяла мяне і маю малодшую сястру, — расказвае жанчына. — Калі яна даставала палатно з вады, мы ёй дапамагалі слаць яго на траву. Мама пакінула нас вартаваць палатно, а сама пайшла дадому даіць карову. Гэта было бліжэй да абеду. Мы з сястрой пахадзілі крыху па рацэ, нарвалі кветак і леглі на траву. Глядзім, нейкія вялікія чорныя камары лётаюць і ўсё валяцца на адбеленае палатно. Прыгледзеліся больш уважліва, а гэта аказаліся не камары, а недагаркі саломы і дрэва. Аказалася, што ў гэты дзень, такі цудоўны і сонечны, гарэла Скірмантава. Наша вёска была за дзесяць кіламетраў ад яе».

Здраднік прасіў прабачэння

Пакаранне за злачынства ў Скірмантаве панёс толькі адзін чалавек — жыхар вёскі па прозвішчы Мірановіч. «Ён, настаўнік да вайны, аказаўся здраднікам: прысутнічаў, калі вёску палілі, — расказвае Зінаіда Леванец. — Яго бачыла дзяўчына, якая хавалася ў бульбе разам з маім брацікам. Каб не засталося жывых сведак, ён ганяўся за мамай. Пасля трагедыі нас прытуліла адна сям'я ў вёсцы Лісаўшчына. Гаспадар вазіў здаваць збожжа ў раён. Аднойчы яго пабілі да паўсмерці — хтосьці паведаміў здрадніку, што мама жывая і хаваецца ў іх. Конь прывёз пабітага гаспадара дахаты, і ён сказаў, каб мама неадкладна сыходзіла. Мы пайшлі ў партызанскі атрад. Да самага вызвалення жылі ў Налібоцкай пушчы».

Пасля вайны лёс звёў маці Зінаіды Леванец са здраднікам твар у твар. Просячы міласціну (не было нічога ні піць, ні есці), жанчына дайшла да Івянца і ўбачыла яго там. Высачыла, куды пайшоў, спыталася ў людзей, хто ён, і анямела ад пачутага: Мірановіч узначальваў Івянец. Аляксандра Міскевіч падала на яго ў суд. Здраднік панёс пакаранне. Праўда, замест 25 гадоў, якія былі прысуджаны першапачаткова, адседзеў дзесяць. Пасля таго як выйшаў на волю, сустрэўся з Аляксандрай Данілаўнай на чужым вяселлі, прасіў у яе прабачэння: казаў, што гэта была вайна...

Аднак ці можна такое дараваць? Ці можна забыцца пра ўвесь той жах, які ўчынілі над мірнымі беларусамі нацысты? Ці можна здрадзіць памяці ні ў чым невінаватых людзей, яшчэ ненароджаных дзяцей? Адказ — відавочны.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Дзяржынскі раён.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?