Вы тут

Прайшоў жалобны мітынг з нагоды 80-годдзя знішчэння Брэсцкага гета


Ля помніка трагічным падзеям 80-гадовай даўніны сабралася шмат людзей. Сюды прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, школьнікі. Прыйшлі, каб успомніць, як у 1942-ім годзе прыгожая назва ўрочышча — Бронная Гара — стала сінонімам і сімвалам усяленскай трагедыі. Тут метадычна і мэтанакіравана нішчылі ні ў чым не павінных людзей. Знясіленых, выпакутаваных, іх распраналі дагала, падводзілі да ям, укладвалі тварам уніз шчыльна адно да аднаго. Потым расстрэльвалі з аўтаматаў у галаву. Падыходзіла другая партыя, на рад мёртвых целаў укладваліся жывыя, і так далей. На немаўлят куль не трацілі: галавой аб дрэва і ў яму...


Вось што такое Бронная Гара. Уявіць толькі --- 50 тысяч чалавек! Нашы райцэнтры налічваюць па 10-15 тысяч. А гэта насельніцтва даваеннага Брэста. Бронная Гара стала найбольш трагічнай старонкай Халакосту на Брэстчыне. Даўно займаецца вывучэннем гісторыі, шчыруе над увекавечаннем памяці нявінных ахвяраў жыхарка Броннай Гары, настаўніца па прафесіі, цяпер пенсіянерка Лізавета МШАР. Лізавета Барысаўна шмат гадоў шукала і распытвала сведак трагедыі, працавала ў Брэсцкім архіве, сабрала багаты матэрыял для музейнага пакоя. Сёння ніхто лепш за яе не раскажа аб падзеях 1942 года ў гэтых мясцінах. Лізавету Мшар двойчы запрашалі ў Ізраіль, яна была ў музейным комплексе Яд Вашэм. Прывезла адтуль некаторыя матэрыялы і для свайго музея.

Яна прыйшла сюды, каб яшчэ раз расказаць прысутным аб трагедыі, каб заклікаць усіх берагчы мір... Лізавета Барысаўна расказвала, што па каляі, якая цяпер стаіць ржавая і вядзе ў лес, тады падганялі вагоны з людзьмі. Праўда, спачатку тэрыторыю рыхтавалі. Пачынаючы з мая мясцовыя жыхары ў лесе капалі ямы даўжынёй ад 25 да 50 метраў, шырынёй 10-12 метраў і глыбінёй чатыры метры. Ім казалі, што там будзе захоўвацца бульба. Ямы пазней былі абнесеныя калючым дротам і ахоўваліся байцамі СС і СД. Эшалоны з людзьмі пачалі прыбываць сюды ў чэрвені 1942 года. Калі першы эшалон налічваў 16 вагонаў, у кожным з якіх было не менш за 200 чалавек, то другі ўжо складаўся з 46 вагонаў, якія прыбывалі са станцый Драгічын, Янова, Гарадзец. Везлі ў абсалютнай большасці яўрэяў. Пазней будзе жменька людзей іншых нацыянальнасцяў — беларусаў, палякаў — вязняў брэсцкай турмы. Усяго на Бронную Гару прыгналі 186 вагонаў з ахвяраванымі на смерць.

Калі яму запаўнялі, трупы перасыпалі вапнай, яму засыпалі. Адпрацоўвалася новая яма. Ды чалавек — істота жывучая. Як правіла, свежыя насыпы некалькі дзён варушыліся, адтуль сачылася кроў — расказвалі школьным следапытам мясцовыя жыхары. Але падыходзіць сюды ім забаранялася пад страхам смерці.

Пасля вайны, калі працавала дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў фашызму, намеснік начальніка станцыі Бронная Гара Раман Новіс даў шмат звестак пра эшалоны смяротнікаў, пра колькасць вагонаў і людзей. Тады пратакол камісіі засведчыў такія паказанні Новіса: «Мёртвыя паяўляліся ад знясілення і моцнай цісканіны пры малым паступленні паветра». Людзей везлі ў закрытых вагонах, лепш было толькі таму, хто стаяў ля сцяны з якой-небудзь шчылінай. Мёртвых выгружалі на станцыі, а жывыя ішлі без усялякага супраціву ў надзеі, што ўсё гэта нарэшце скончыцца.

А тады, у 42-м, фашысты завяршылі расстрэлы і склалі справаздачу аб паспяховым правядзенні аперацыі. І ўсё ж праз два гады яны вярнуліся на Бронную Гару, відаць, адчувалі пры адступленні, што за зробленае давядзецца адказваць. І пастараліся схаваць сляды злачынства. Для гэтага выкарысталі былы лагер для ваеннапалонных. Разабралі 48 драўляных баракаў на бярвенні, задзейнічалі сто чалавек з палонных. Апошнія раскопвалі ямы, перакладвалі рэшткі трупаў бярвёнамі і спальвалі. Вяскоўцы гаварылі, што два тыдні нельга было дыхаць ад едкага куродыму, вокны і дзверы пакрываліся тлустай сажай. Калі кастры смерці адгарэлі, палонных расстралялі, а на свежым попеле пасадзілі кусты і палічылі, што сляды злачынства схованыя.

Такім чынам, ад людзей не засталося ні рэшткаў, ні магіл — зусім нічога. Камісія па расследаванні зафіксавала знаходкі шпілек, заколак, металічных гузікаў, а зямля, паводле дакументаў, на плошчы звыш 16 тысяч квадратных метраў насычана трупнай масай і попелам ад спаленых касцей. «Некаторыя пішуць, што на Броннай Гары могілкі, пахаванне. Тут няма пахаваных, усіх спалілі, да аднаго» — кажа Лізавета Мшар.

У 1992 годзе ўстанавілі першы помнік. Камень-валун з таблічкай засведчыў, што на гэтым месцы было знішчана 50 тысяч савецкіх людзей. Тады якраз адзначалі 50-годдзе расстрэлу Брэсцкага гета. 15 кастрычніка сабралася шмат людзей. Асвяцілі помнік прадстаўнікі трох канфесій: іудзейскай, праваслаўнай і каталіцкай. Грошы сабралі сваякі загінулых, мясцовыя жыхары. А праз два гады паявіўся яшчэ адзін помнік, гранітны, з выявай паравоза, што вёз вагоны смертнікаў, і надпісам на іўрыце. Помнік паставіла сям’я Шлёмы Вайнштэйна. Сам ён ваяваў, таму і не трапіў у гэтае пекла. Тут жа назаўсёды засталіся бацька, маці, тры сястры, двое братоў, суседзі, сябры, знаёмыя. А трэці помнік — стэлу з чыгуначных рэек са звонам пасярэдзіне — паставілі да 50-годдзя вызвалення, у 94-м годзе. Тады прыехалі прадстаўнікі дыпламатычных місій многіх краін, сабралася многа людзей — згадвала Лізавета Барысаўна. Гэта агульны сімвалічны знак — рэйкі, па якіх везлі ахвяраваных на смерць, і звон памяці. Мемарыяльная дошка паявілася нашмат пазней.

Каля гэтага помніка прайшло сёння памятнае мерапрыемства.

— Мы схіляем галовы перад памяццю ахвяраў вайны ўсіх нацыянальнасцяў — сказаў на мітынгу першы намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Мікалай Крэйдзіч. — мы захаваем гэту памяць і перададзім наступным пакаленням.

— Страшна ўявіць, як знішчалі ў вайну людзей цэлымі вёскамі, а тут адразу — дзясяткамі тысяч — сказала юная ўдзельніца мерапрыемства, школьніца Дана Недзведзь. — І рабіў гэта не аўтамат, не пякельная машына, а жывыя людзі, што ўздымалі зброю для кожнага выстрала. Мы не маем права гэта забыць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: bereza.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.