Вы тут

Абноўленая бальніца, важкі абласны каравай, канцэрт Саладухі


У горадзе Слаўгарадзе Магілеўскай вобласці поўнай хадой ідзе святкаванне абласнога фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі-2022».


У абласным сельскагаспадарчым свяце прымаюць удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка, міністры аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і сельскай гаспадаркі Ігар Брыло, іншыя ганаровыя госці.

Для герояў свята, усіх тых, хто сёлета забяспечваў ураджай, на плошчы перад райвыканкамам праходзіць урачысты канцэрт. У адрас пераможцаў гучаць віншавальныя словы і падзякі.

— Вы годна завяршылі год, сабралі звыш мільёна тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці больш за 30 ц/га. Гэта агульная праца ўсіх работнікаў, дзякуй вам за гэта. Але ніжэй за гэтую планку ўжо апускацца нельга, — адзначыў у сваёй віншавальнай прамове Ігар Сергеенка.

Ён зачытаў Прывітальны адрас ад Прэзідэнта краіны і ўручыў яго старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку. 

Традыцыйна высокіх вынікаў дабіліся Шклоўскі, Магілёўскі, іншыя раёны. Кожны трэці камбайнер — 327 чалавек з ліку тых, хто прымаў сёлета ўдзел ва ўборачнай, намалаціў звыш за тысячу тон збожжа. Героямі жніва і абсалютнымі пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на ўборцы сталі Мікалай Дарэчкін і Яўген Сарбаеў — камбайнеры СПК «Радзіма» Бялыніцкага раёна. Яны намалацілі больш за 5 тысяч тон. Заслужаныя ўзнагароды ўручаны лідэрам жніва сярод раёнаў, гаспадарак і ў асабістым заліку. У іх гонар гучаць песні салістаў мастацкай самадзейнасці Магілеўскай вобласці, свае песні ім дорыць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха.

Тэматычныя пляцоўкі і гандлёвыя рады расцягнуліся не на адзін кіламетр. Свае вырабы прапануюць установы адукацыі, культуры, сацыяльнай сферы.

Веснаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прывёз нават мёд са свайго пчальніка. За сімвалічную плату ўстанова прадае мяккі тэкстыль, вырабы з дрэва, вязаныя рэчы і нават скураныя шкатулкі — усё гэта зроблена рукамі выхаванцаў і іх настаўнікаў.

Горад наогул не пазнаць. Прыкметна пахарашэў і нават здаецца памаладзеў. Прыемным падарункам да свята стала адкрыццё абноўленай раённай цэнтральнай бальніцы. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на адкрыцці так і адзначыў, што сёння ў Слаўгарадзе адбываецца дзве значныя падзеі: «Дажынкі»і адкрыццё абнаўленай цэнтральнай райбальніцы. Змянілася не толькі аблічча будынка, але і ўсё, што ўнутры, пачынаючы ад дызайну, заканчваючы абсталяваннем. З’явілася магчымасць шэраг складаных аналізаў рабіць на месцы, не адпраўляючы матэрыял для даследаванняў у Магілёў.

— І хлебаробы паказалі вышэйшы клас, і медыкі таксама, — адзначыў у сваёй прамове міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Калі Прэзідэнт прымаў мост праз Сож, ён даў даручэнні па абнаўленні і раённай бальніцы. Гэтыя даручэнні выкананы. Больш таго, напрыканцы года ў Магілёве будуць уведзены ў дзеянне абноўлены анкацэнтр і іншыя медыцынскія аб’екты.

Святочныя гулянні ў гонар свята хлебаробаў працягваюцца. Над цэнтральнай плошчай Слаўгарада лунаюць смачныя пахі, гучыць музыка і смех.

— Сення ў нас вялікая свята, каб наша краіна была багатая — спяваюць артысты. І гледачы дружна падтрымліваюць іх апладысментамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Падрабязны рэпартаж са свята чытайце ў нумары газеты «Звязда» ў аўторак

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.