Вы тут

Памёр пісьменнік Алесь Жук


15 кастрычніка пайшоў з жыцця празаік, публіцыст, перакладчык Алесь Аляксандравіч ЖУК.


Нараджэннем са Случчыны (прыйшоў у гэты свет у красавіку 1947 года ў вёсцы Клешаў), ён рана пачаў пісаць мастацкую прозу. Друкаваўся з апавяданнямі ўжо з сярэдіны 1960-х... У 1965 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апавяданні, створаныя ў час студэнцтва, склалі першы зборнік «Асеннія халады»: «Сок манга», «Завулак», «Водсветы зорак»... Яны і зараз — у полі зроку чытача. А нядаўна выдадзеная кніга лепшага з яго прозы так і называецца — «Сок манга». Сёлета, дарэчы, Алесь Жук стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі за 2021 год. У галіне дзіцячай літаратуры — за кнігу сімпатычных, яркіх абразкоў, кароткіх апавяданняў «Лаві зайца!». Абодва зборнікі пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда»...

Вось яна — паліца кніг Алеся Жука: «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «Праклятая любоў» (1991), «Водсветы зорак» (1997), «Над чыстым полем» (1999), «Вечаровае сонца» (2006)... Ён вельмі чуйна ставіўся да жыцця. Часам праз адну-дзве дэталі быў здольны перадаць цэлую сацыяльную з’яву. Кнігі Алеся Жука станавіліся мастацкімі фільмамі, па «Паляванню на Апошняга Жураўля» быў пастаўлены спектакль у Купалаўскім тэатры. Кніга «Зоркі над палігонам» была адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. «Паўстанак вяртання» — Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа. Алесь Аляксандравіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа: за кнігу «Праклятая любоў».

Рэдактарскі лёс Алеся Жука звязаны з газетай «Літаратура і мастацтва», якой ён аддаў шэсць гадоў жыцця, часопісамі «Нёман» і «Беларусь», а таксама — часопісам «Полымя», у якім ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. Пісьменнік працаваў у ЦК КПБ, сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» і ў рэдакцыі часопіса «Маладосць».

Творы Алеся Жука перакладзены на многія мовы народаў свету: рускую, туркменскую, англійскую, таджыкскую, казахскую, мангольскую, нямецкую, польскую, украінскую... Яго светапогляд у літаратуры быў адлюстраваннем пільнага ўзірання ў жыццё і чалавека. Яго апавяданні, аповесці — упоравень з напісаным Юрыем Казаковым, Янкам Брылём, Юрыем Трыфанавым, Міхасём Стральцовым, Канстанцінам Паўстоўскім, іншымі майстрамі мастацкай прозы, чыя проза выхоўвала і працягвае выхоўваць не адно пакаленне беларускіх чытачоў. Ён рана пайшоў з жыцця, яму яшчэ было шмат што расказаць сённяшняму чытачу...

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.