Вы тут

Настасся Салас — чэмпіёнка Беларусі па мастацкай гімнастыцы


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Гераіні тыдня. У іспанскім Плая-дэ-Ара прайшоў міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы Golden Cup—2022 з удзелам беларускіх спартсменак. Беларускія грацыі заваявалі 9 залатых і 6 сярэбраных узнагарод. Чатырохразовай пераможніцай турніру сярод сеньёрак стала Аліна Гарнасько. Яна стала найлепшай у практыкаваннях з абручом, мячом, стужкай і булавамі. Чэмпіёнкай у жаночым мнагаборстве стала Лізавета Зоркіна, другое месца ў згаданым відзе заняла наша Дар'я Ткачова. Найлепшую суму балаў у мнагаборстве сярод юніёрак набрала Аліна Рэчкіна. Акрамя таго, у актыве беларускі залатыя медалі у практыкаваннях з мячом, булавамі і стужкай, а таксама «серабро» за практыкаванне з абручом. Акрамя беларускіх грацый, удзел у турніры Golden Cup узялі спартсменкі з Іспаніі, Андоры, Францыі, Украіны, Латвіі, Бельгіі і Канады.

Таксама на мінулым тыдні ў Мінску прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па мастацкай гімнастыцы. Чэмпіёнкай краіны стала Настасся Салас, на другім месцы — Аліна Гарнасько. Трэці вынік паказала Дар'я Ткачова (135.85). У фіналах асобных відаў роўных не было Аліне Гарнасько. Яна перамагла ў практыкаваннях з абручом, стужкай і булавамі. У групавых спаборніцтвах перамогі як у мнагаборстве, так і ў асобных відах атрымала зборная Беларусі ў складзе Арыны Цыцылінай, Карыны Ярмоленкі, Ганны Гайдукевіч, Анастасіі Рыбаковай, Лаліты Мацкевіч і Даны Чаеўскай.

Узнагароды тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі па веласпорце на трэку. Пераможніцай у жаночым скрэтчы (гонка з масавым стартам на 40 кругоў) стала Ганна Церах, яшчэ адна беларуска — Аліна Кароткіна — прыехала да фінішу другой. Ганна Церах таксама заваявала «серабро» ў гонцы на выбыванне. У каманднай гонцы праследавання на чатыры кіламетры зборная Беларусі ў складзе Ганны Церах, Анастасіі Кіпцікавай, Ірыны Чуянковай, Кацярыны Русак і Таісіі Насковіч заняла другое месца. Найлепшы час у індывідуальнай гонцы праследавання на чатыры кіламетры таксама паказала Ганна Церах, на другім месцы — беларуска Анастасія Кіпцікава. Аліна Кароткіна стала сярэбранай прызёркай омніуму сярод юніёрак. У каманднай гонцы сярод спартсменак, не старэйшых за 18 гадоў, Паліна Конрад, Аліна Кароткіна, Юлія Усава і Ксенія Шынкарэнка сталі бронзавымі прызёркамі. У камандным спрынце на 750 метраў беларуска Варвара Басякова разам з расіянкамі Вольгай Ганчаровай і Лізаветай Леанічавай падняліся на 3-ю ступеньку п'едэстала.

Па выніках мужчынскага скрэтчу першым стаў лідар беларускай каманды Яўген Каралёк. Ён падняўся на другую ступеньку п'едэстала і па выніках омніуму (дысцыпліна, якая складаецца са скрэтчу, тэмпавай гонкі, гонкі на выбыванне і гонкі па ачках).

Надзеі тыдня. Беларускія барцы выступілі ў другім раўндзе міжнароднага турніру «Барцоўская ліга Паддубнага» (PWL-2). Бронзавымі прызёрамі турніру па вольнай барацьбе сталі беларусы Дзмітрый Шамела (вагавая катэгорыя да 57 кг), Андрэй Бекранёў (да 61 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 79 кг) і Расул Ціхаеў (да 86 кг). Па выніках спаборніцтваў у грэка-рымскай барацьбе на трэцюю ступеньку п'едэстала падняліся Цімур Бердыеў (да 77 кг), Ігар Ярашэвіч, Радзік Куліеў (абодва — да 87 кг) і Кірыл Маскевіч (да 97 кг).

У турніры па жаночай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 59 кг беларуска Юлія Пісарэнка заваявала «серабро». Яшчэ адна беларуска, Вераніка Іванова, заняла другое месца ў вазе да 62 кг.

Пазіцыя тыдня. Беларуска Арына Сабаленка паднялася на 4-е месца ў абноўленым сёння рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На мінулым тыдні першая ракетка Беларусі дабралася да чвэрцьфіналу на турніры ў амерыканскім Сан-Дыега і з пятага радка перамясцілася на чацвёрты, маючы ў сваім актыве 3515 ачкоў. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 32-й пазіцыі (1456 балаў), Вікторыя Азаранка апусцілася на 37-е месца (1247). На гэтым тыдні Азаранка і Сасновіч возьмуць удзел у турніры ў мексіканскай Гвадалахары.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка застаўся на 70-м радку (730 ачкоў), Ягор Герасімаў займае 224-ю пазіцыю (235).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?