Вы тут

Экранізацыя Коласа, Версаль, паром і трылінка


Падарожжа наша пачалося з парома.

Нават з двух, якія знаходзяцца побач, — вырашылі праехаць за адным разам, набрацца ўражанняў.


Палеская прыгажуня Піна люстравала ў хвалях сонца, над вадой кружлялі ластаўкі, у чароце бачыліся там-сям спіны рыбакоў... А вунь і човен гайдаецца, у якім унураная постаць з вудай. Што ж, рыбы тут, мусіць, і рукамі налавіць можна — угледзішся ў глыбіню, і амаль адразу прамільгне цёмна-зялёны цень... А вось і паром — плыве з таго берага. Прыстае... Адны машыны з'ехалі, іншыя заехалі... Цяпер трэба пачакаць — паром адпраўляецца строга па раскладзе. Чаму? Адказ атрымліваеш, калі чуецца гучны гудок. Паромшчык адразу ж пачынае адкручваць трос, так што той апускаецца пад ваду, як моцна схуднелы цмок. А справа выплывае гружаная вугалем баржа — некалькі плывучых «вагонаў». Трос вынырвае з вады, а вось і час адпраўляцца...

І тут пачынаецца палеская экзотыка. Бо паром прыйдзецца цягнуць самім. Паромшчык ёсць, але ў якасці «цяглавай сілы» выступаюць і пасажыры. Па баках, уздзетыя на трос, святлеюць драўляныя прыстасаванні, падобныя да бейсбольных біт з выемкамі... Нешта такое пракаветнае, архаічнае, нібыта з музея. Пасажыры павінны разабраць гэтыя прылады і падцягваць трос з іх дапамогай.

Тутэйшыя тлумачаць — быў раней рухавік, але колішні паромшчык, звальняючыся, са шкоднасці забраў. А палешукам — што? Да працы звычныя...

Машын на той бераг усяго дзве, наша і мясцовай сямейнай пары. Пытаюся ў кабеты — а мы з ёю будзем цягнуць? Жанчына смяецца — не, наша справа назіраць, мужыкі пацягнуць!

Даведаўшыся, што мы ажно з Мінска і едзем не на лецішча ці па якіх іншых справах, а вандруем, нашы спадарожнікі ўзрадаваліся, пачалі раіць, што тут у іх паглядзець цікавага... Галоўным чынам адпраўлялі ў Дубае. Вось дзе цікавінкі! І возера, і парк, і аграсядзіба...

Уласна кажучы, мы ў Дубае і адпраўляліся.

Ленотр і езуіты

Праўда, з назвай блытаніна. Нават месцічы называюць хто як: Дубое, Дубае, Дубой... Нават Дубай — гэта ўжо такі мем у беларускіх трэвел-блогераў, пабывалі на курорце ў Дубаі...

А чым тут горш за сусветныя курорты? Польскі гісторык Бранеўскі, які наведаў Дубае ў 1810 годзе, пісаў, што мясцовы сад ёсць нешта, ім раней нябачанае: «Ён пабудаваны па ўзорах слаўнага Ленотра з сажалкамі, фантанамі, кветнікамі і стрыжанымі прысадамі». Цікава — я ж так люблю фільм Алана Рыкмана «Версальскі раман», дзе якраз паказаны працэс стварэння прыдворным архітэктарам французскага караля Людовіка XІV Ленотрам садоў у Версалі!

Вось-вось пабачым тыя сады на свае вочы. З шашы вядзе ўніз бетонная лесвічка з жалезнымі парэнчамі, побач тыгровыя лілеі ўрачыста ўздымаюць да палескага неба нетутэйшыя памаранчава-чорныя пялёсткі. Шлях да сядзібнага парку...

Парк у Дубым спраектаваны так, каб на адной восі знаходзіліся ўязная брама і сажалка, у якой адбівалася б заходзячае сонца. І недарэмна тут расце 460-гадовы дуб — менавіта ад гэтых дрэў утворанана назва вёскі. Дубае ўпершыню згадваецца ў 1495-м — у прывілеі пінскай княгіні Мар'і Сямёнавай яе канюшаму Сенку «на две дворніца в Дубой». Шмат хто тут гаспадарыў... Харунжы кобрынскі Леў Некрашэвіч, пінскі староста Альбрэхт Станіслаў Радзівіл... Потым — Пінскі езуіцкі калегіум, якому перадаў Альбрэхт гэты маёнтак. Езуіты пабудавалі тут, у сваёй летняй рэзідэнцыі, палац, капліцу, прытулак. Адзін з іх выхаванцаў — Адам Нарушэвіч, вядомы гісторык.

Палац перабудоўваў у другой палове XVІІІ ст. новы ўладальнік, Кужанецкі. Настолькі шыкоўны быў палац, што ў 1784 годзе тут гасцяваў кароль Станіслаў Панятоўскі, якога суправаджаў згаданы Адам Нарушэвіч. Мусіць, і ўвёў у вушы каралю пра дзівосна прыгожыя мясціны. Кароль ехаў на адкрыццё Дняпроўска-Бугскага канала, часткай якога ў гэтым месцы стала рака Піна. Менавіта ў Дубым з'явіўся першы суднаходны шлюз.

Потым Дубае пераходзіла да Комараў, потым — да прадпрымальніка Шлейкера, потым — да Марыі Выджгі... Марыя, дарэчы, падарыла сядзібны дом сельскагаспадарчай школе з умовай, што тая будзе насіць імя яе рана памерлай дачкі Яніны.

Палаца, у якім гасцяваў кароль, на жаль, мы не ўбачым — яго ўзарвалі ў 1944-м немцы. Кажуць, была там разведвальная школа абвера, вось акупанты і замяталі сляды.

Рэха Першай сусветнай і пошта ў касцёле

Ідзём па прысадзе, у цені ад шатаў старых дрэў. А вось і яшчэ адна цікавінка: калі збочыць сцежкай управа і перайсці па жалезным мастку праз высахлую ручаіну, прыйдзеш на салдацкія могілкі часоў Першай сусветнай вайны. Абамшэлыя аднолькавыя пліты надмагілляў, выбітыя ў іх літары таксама ўсцілае зялёны мох...

Рушым далей — і выходзім да жамчужыны сядзібнага комплексу. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, ранейшая капліца. Будавалі яшчэ езуіты — іх місія дзейнічала ў Дубым да 1773 года. Шэрая тынкоўка магутных сцен, брунатны металёвы дах... На дзвярах замок, таму зазіраем у акно: інтэр'ер не захаваўся, але відаць, што храмам карыстаюцца. Пабеленыя сцены, алтар, распяцце, драўляныя крэслы... Кажуць, пад пабелкай — рэшткі даўніх фрэсак. А распяцце яшчэ ад былых часоў засталося. За Саветамі ў храме паставілі дызельны генератар, зладзілі радыёпункт, нават пошта была. А іканастас знішчылі, распяцце кінулі ў сажалку. Адна мясцовая жыхарка яго падабрала і захавала...

Рэшткі брамы... Цагляныя слупы трохі пахіліліся, але яшчэ трывушчыя. На ствале магутнага дрэва шыльдачка: «Ілжэцуга канадская. Вышыня 20 м. Узрост 120 гадоў». Значыць, памятае, і як хавалі салдат Першай сусветнай — у сядзібным доме быў шпіталь, і як падчас Вялікай Айчыннай палаў шыкоўны палац, і як будавалася сучасная аграсядзіба, якая прымае гасцей тут жа, каля касцёла.

Ёсць тут і свае прывіды. Паводле легенды, апошнія Кужанецкія былі гулякамі. Адзін з іх учыніў шумны баль у Вялікую Пятніцу, і госці разам са сталом і падлогай праваліліся ў зямлю. І цяпер, калі заначаваць у гэтым парку з Вялікай Пятніцы на Вялікую Суботу, можна ўбачыць прывідныя карэты, феерверк, гасцей у старадаўніх строях, пачуць музыку... Апоўначы легенда абяцае цікаўным застрашлівы грукат, а потым цемру і цішу.

Святы мучанік і нябесныя знакі

Ёсць тут легенды пра падземны ход, які ішоў ад славутага праваслаўнага манастыра, дзе жыў і працаваў вялікамучанік Афанасій Філіповіч, ігумен Брэсцкі.

На месцы манастыра застаўся крыж... Мясцовыя жыхары прапаноўваюць звадзіць нас на тое месца — але трэба ісці праз кустоўе, зараснік... А малодшы чалец нашай вандроўнай каманды, пяцігадовы Кастусёк, зусім змарыўся. Таму з жалем адмаўляемся. Хоць, акрамя крыжа, усё адно нічога не пабачым. Затое можна прачытаць той дыярыуш, які пакінуў Афанасій Брэсцкі. У Дубойскі манастыр ён прыехаў у 1633 годзе, быў намеснікам ігумена. А праз тры гады воляю Альбрэхта Радзівіла манастыр быў перададзены езуітам. Пра той горкі час Афанасій Брэсцкі запісаў наступнае: «Па волі Божай і старшых маіх, быў намеснікам у Дубойскім манастыры пад Пінскам. Там тры гады заўзята змагаўся са злымі духамі — бачнымі і нябачнымі. Калі ў 1636 годзе князь Радзівіл па мянушцы Палаза, канцлер літоўскі, прыціскаў Праваслаўную Царкву, адбіраючы манастыр той Дубойскі на карысць пінскіх езуітаў, у той час пабачыў на небе і на зямлі (не праз сон, а ўдзень, на яве, толькі нібы ў нейкім засланні) страшныя з'явы. На небе — хмары вельмі гняўлівыя, нібы войскі, да бою гатовыя. А на зямлі — сем агнёў пякельных, на сем грахоў смяротных падрыхтаваныя. Сярод тых агнёў — у пятым, палаючым гнеўна, выразна бачыў тры асобы: нунцыя-легата ў папскай кароне, караля Жыгімонта і гетмана Сапегу, якія за пераследы Усходняй Царквы сядзелі дужа засмучаныя. Калі паказваў тую з'яву іншым, яны нічога не бачылі. Толькі адзін святаблівы муж, спадар айцец Іларыён Дзенісовіч, ігумен купяціцкі і пінскі, тыя справы Божыя бачыў і дзівіўся».

Дзе змагаўся Андрэй Лабановіч

А мы кіруемся далей, у вёску... Дзе таксама ёсць храм — царква Нараджэння Багародзіцы. Збудаваны ў 1811 годзе фундацыяй Клацільды Кужанецкай, дачкі ўладальніка маёнтка. Царква ў стылі класіцызму, пабеленая, упрыгожаная гарызантальнай рустоўкай... Яна павінна быць знаёмая кожнаму аматару беларускай літаратуры. Справа ў тым, што менавіта ў Дубым у пачатку 1960-х знакаміты беларускі рэжысёр Корш-Саблін здымаў экранізацыю трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». І менавіта тут, каля гэтай царквы, адбываецца дзеянне некалькіх важных сцэн.

Фільм называўся «Першыя выпрабаванні» і складаўся з дзвюх частак. Аўтары сцэнарыя — Максім Лужанін, асабісты сакратар Якуба Коласа, і Аркадзь Куляшоў. Гісторыя фільма пакручастая. Якуб Колас упарціўся, не хацеў «перасаджваць дрэва з разгалінаванымі каранямі на іншую глебу», то-бок пераводзіць літаратурны тэкст у фармат кінастужкі. Афіцыйны дазвол на экранізацыю быў атрыманы пасля смерці класіка, у 1956 годзе, ад яго сына, Данілы Міцкевіча.

Праца сцэнарыстаў была пякельнай... Трылогія Коласа сапраўды разгалінаваная, аб'ёмістая. А належала яшчэ і дагадзіць цэнзуры. Сцэнарый меў тры варыянты. Першы належаў Максіму Лужаніну і Алесю Звонку — забракавалі. Другі сцэнарый Лужанін напісаў разам з «аглабельным крытыкам» Алесем Кучарам. Не прайшло. Толькі калі далучыўся Куляшоў, пашанцавала: у 1958 годзе сцэнарый зацвердзілі на мастацкім савеце «Беларусьфільма».

Сцэнарый, трэба прызнацца, далёка адышоў ад арыгінала. Асноўнай стала рэвалюцыйная тэма, плюс дадалі дэтэктыўную інтрыгу. Герой, настаўнік Андрэй Лабановіч, уступае ў фіктыўны шлюб з настаўніцай Андросавай, каб яна магла атрымаць спадчыну і перадаць яе на справу рэвалюцыі. Пагоні, турмы, забойствы...

Корш-Саблін — прызнаны класік кінематографа, у яго на стале ляжалі кнігі Коласа. Але ў крытыкаў фільм не атрымаў ухвалы. Надта ўсё было заідэалагізавана. Але, безумоўна, ёсць у фільма вартасці. Дзівосная беларуская прырода (здымалася збольшага тут, у Дубым). Хоць фільм зняты на рускай мове, героі пяюць шмат беларускіх песень. А яшчэ экранізацыя адкрыла імя маладога кампазітара Яўгена Глебава. Можна ў фільме падзівіцца на стары Пінск... Ну і на Дубае.

Адмыслова перагледзела стужку — параўнала кадры з сучасным выглядам царквы. Таго шырокага ганка, на якім здымалася сцэна, калі сяляне ўступаюць у спрэчку з панам Скірмунтам, а настаўнік Лабановіч за іх заступаецца, няма — на тым месцы з'явіўся ўваход-прыбудова. Падобна, што і стары купал прыбралі — той, што ў фільме, выглядае большым за цяперашні. Але будынак цалкам пазнавальны... Сюды б экскурсіі вазіць, пра Коласа і яго творы распавядаць...

Базальтавыя шасціграннікі і вайна за два грошы

Наведваем яшчэ адзін аб'ект — маленькую драўляную капліцу на могілках побач. Ёй больш за сто гадоў, фарбаваная ў зялёны колер, шыбы і ўпрыгажэнне на дзвярах — жоўтыя... Неяк вельмі аўтэнтычна, па-палеску...

Але гэта яшчэ не ўсе ўражанні ад Дубага. Выязджаем на дарогу — а тут захаваўся ўчастак легендарнай трылінкі: дарожнага пакрыцця, вынайдзенага сто гадоў таму інжынерам Уладзіславам Трылінскім. Рабілі трылінку ў Брэсце, у Пінску яе называлі «пінская костка». Пліткі-шасціграннікі, кожная грань — дваццаць сантыметраў. У бетон утоплены колаты чорны базальтавы камень — рабочыя называлі такія камяні «паўкостка». Базальт прывозілі з Янавай Даліны на Ровеншчыне, калоў яго атрад берасцейскіх беспрацоўных. А для афармлення краю дарогі ўжываліся пяцігранныя пліткі, якія Трылінскі называў інфуламі — паводле падабенства з біскупскай шапкай-інфулай. Дарэчы, інжынер з задавальненнем сам браў удзел ва ўкладванні вынайдзенай ім пліткі. Азалаціўся ж... З кожнай пакладзенай трылінкі яму належалі два грошы.

Заходняя Беларусь тады была пад уладай панскай Польшчы. І вось улады вырашылі неяк выкруціцца, каб не плаціць вынаходніку. Замест шасціграннай пачалі рабіць чатырохгранную плітку — і патэнт Трылінскага ўжо ні пры чым. Паўкладвалі той спрошчаны варыянт на Піншчыне... Аж не, не прайшлі хітрыкі: вуглы ў такой пліткі хутка абломваліся.

І цяпер трылінка выглядае ўрачыста і прыгожа, роўна коцяцца па ёй колы... А наперадзе — яшчэ столькі дзівосаў, якія адкрывае для цікаўных беларуская зямля!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.