Вы тут

Аляксандр Брыль падняў са дна Заходняй Дзвіны меч часоў ВКЛ


Нядаўна фонды Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка папоўніліся каштоўным экспанатам — мячом часоў Вялікага Княства Літоўскага. Артэфакт падняў са дна Заходняй Дзвіны ратавальнік мясцовага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Брыль. Мы пагаварылі з Аляксандрам Дзмітрыевічам аб яго хобі і адгалосках гісторыі, якія захоўвае вада.


Цікавіцца гісторыяй і займацца пошукам прадметаў даўніны тады яшчэ школьнік Саша пачаў у восьмым класе: заахвоціў бацька Дзмітрый Мікалаевіч, які пасля арміі пачаў збіраць манеты і захапляцца нумізматыкай. Пасля кола інтарэсаў мужчыны пашырылася: збіраў розныя экспанаты, уліўся ў асяроддзе мясцовых калекцыянераў. Хобі Дзмітрыя Мікалаевіча падтрымлівала і жонка — настаўніца Ніна Уладзіміраўна, разам сям'я стварыла ў вясковай Мацюшэўскай школе імя П. Е. Купрыянава Полацкага раёна музей.

Аляксандр Брыль падчас вучобы ў школе ў складзе Наваполацкага пошукавага атрада браў удзел у міжнароднай пошукавай экспедыцыі на тэрыторыі Расіі, юныя патрыёты паднімалі астанкі байцоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А першую спробу падводнага палявання зрабіў з бацькам: проста вырашылі летам з маскамі і ластамі даследаваць рачулку, і з першага разу Саша знайшоў крэмніевае ружжо французскай арміі 1777 года. І тады юнак зразумеў, што збіраць унікальныя экспанаты для школьнага музея можна і такім спосабам.

Нават армія звяла яго з гісторыяй — Аляксандр служыў у пошукавым батальёне. Але прафесію абраў для сябе ў іншай галіне — завочна адвучыўся на майстра лясной гаспадаркі і некалькі гадоў працаваў у лясніцтве. А пасля звязаў жыццё з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і сёння ў складзе каравула Пажарнай аварыйнавыратавальнай часці 1 Полацкага гаррайаадзела па надзвычайных сітуацыях выратоўвае тых, хто трапіў у бяду. Разам з ім працуе і малодшы брат Павел, які падзяляе з Аляксандрам не толькі прафесію, але і хобі. Яны ўдвух у вольны час даследуюць Дрысу і Дзвіну, паднімаючы на паверхню прадметы даўніны.

Падводным паляваннем мэтанакіравана і сур'ёзна Аляксандр Дзмітрыевіч займаецца ўжо шосты год. Гідракасцюм, ласты, маска, трубкі, грузы — набыў усё неабходнае для камфорту і бяспекі. На пытанне, чаму менавіта падводны пошук, які з'яўляецца не самым лёгкім з магчымых, адказвае, што шанц знайсці ўнікальныя прадметы на дне вышэйшы, чым у зямлі. «Я наогул не разумею, як некаторыя не бачаць таго, што захоўваецца пад вадой. Аддаю перавагу апусканне ў рэках, бо калі прадмет знаходзіцца ў возеры, ён пакрываецца глеем і ўжо нябачны. А тут, дзе вада цякучая, пясок перамываецца, і часта праз пэўны прамежак часу на адным і тым жа месцы з'яўляюцца новыя знаходкі», — расказвае Брыль.

Хобі Аляксандра падтрымлівае яго сям'я — жонка, дачка і сын. Часта выпраўляюцца на прыроду разам: ён — на паляванне, а дзеці — на рыбалку. Але і сам Аляксандр Дзмітрыевіч сумяшчае прыемнае з карысным, паспявае і даследаваць дно, і рыбкі з ракамі прыдбаць. Сезон «ціхага палявання» на Дрысе адкрывае ў ліпені, на Дзвіне — у жніўні, і працягваецца ён да самага кастрычніка, пасля апусканню ўглыб перашкаджаюць не толькі тэмпература вады, але і колер — з надыходам халадоў вада становіцца цёмнай і каламутнай. Калекцыя знаходак у ратавальніка вялікая: ядры, старажытныя сякеры, зброя часоў Вялікай Айчыннай і руска-польскай вайны — усе прадметы знаходзяцца ў экспазіцыі школьнага музея. А нядаўна на Заходняй Дзвіне ён знайшоў меч часоў Вялікага Княства Літоўскага, які перадаў у Полацкі музей-запаведнік.

«Ведаеце, калі ўбачыў дзяржальна, яшчэ не быў да канца ўпэўнены, да якога стагоддзя адносіцца меч. Спачатку падумаў, што навадзел, бо прадмет быў у добрым стане. А пасля крыху пачысціў, убачыў кляймо і зразумеў, што датуецца ён мяжой XV—XVІ стагоддзяў. Эмоцыі перапаўнялі: дзіўна сваімі рукамі дакрануцца да сведкі тых часоў», — дзеліцца ўражаннямі ад знаходкі Аляксандр Дзмітрыевіч.

Ён аднёс меч на работу, разам з начальнікам вырашылі перадаць яго ў музей, тым больш што сумненняў у каштоўнасці прадмета не было. У перадачы мяча ўзялі ўдзел работнікі МНС і кіраўніцтва Полацкага выканкама. Перад тым як знаходка стане экспанатам, ёй неабходна прайсці інвентарызацыю, навуковае даследаванне і рэстаўрацыю. На сённяшні дзень ужо вядома, што лязо і гарда выраблены з загартаванай высокавугляроднай сталі, матэрыялам для інкрустацыі стала двухкампанентная латунь без дадатковых прымесяў. Агульная даўжыня мяча — 128 сантыметраў, вага — каля 1,6 кілаграма. Унікальнасць прадмета заключаецца ў тым, што такога экспаната яшчэ няма ні ў адным музеі Беларусі.

Не паспела тая навіна абляцець Полаччыну і ўвесь паўночны рэгіён, як у Аляксандра з'явілася новая знаходка — старажытны якар, вышыня якога складае амаль два метры. З дапамогай спецыяльнай тэхнікі яго паднялі на паверхню і перадалі на вывучэнне і рэстаўрацыю ў запаведнік. Некалькі дзён таму Аляксандр з камандай паднялі яшчэ адзін якар, вага якога каля 200 кілаграмаў, у наступным «паляўнічым» сезоне плануецца падняцце яшчэ двух, месцы іх знаходжання ўжо адзначаны. Гэта і не дзіўна, што берагі Заходняй Дзвіны каля сцен Полацкай Сафіі захоўваюць столькі старадаўніх прадметаў: на працягу некалькіх стагоддзяў Полацк з'яўляўся адным з галоўных цэнтраў знакамітага воднага гандлёвага шляху «З варагаў у грэкі». Ад мясцовых жыхароў паступіла шмат ініцыятыў па выкарыстанні рачных знаходак у гарадской інфраструктуры, а менавіта — афармленні якарамі набярэжнай.

Спыняцца на дасягнутым Аляксандр Дзмітрыевіч не збіраецца, тым больш што старажытная полацкая зямля час ад часу выводзіць на паверхню новыя прадметы даўніны, якія з'яўляюцца гістарычнымі каштоўнасцямі не толькі горада, але і ўсёй Беларусі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: МНС

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.