Вы тут

Больш за 13,3 мільёнаў адзінак захоўвання пра гісторыю змяшчаюць архівы Беларусі


У Нацыянальнай акадэміі навук прайшла міжнародная канферэнцыя «Архівы ў гісторыі — гісторыя ў архівах», прымеркаваная да стагоддзя архіўнай службы Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі разгледзелі ролю дзяржаўных архіваў у захаванні гістарычнай памяці.


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Фота Віктара Іванчыкава.

Акадэмік — сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН, доктар гістарычных навук прафесар Аляксандр Каваленя заўважыў, што дзякуючы працы архівістаў сёння сабраны і захоўваюцца каштоўныя дакументы аб мінулым Беларусі, аб яе дзяржаўнасці, людзях, якія пакінулі яскравы след у жыцці краіны.

— Агульнымі намаганнямі мы робім велізарную нацыянальна-дзяржаўную справу, якая дапамагае нам разумець нашы вытокі. Архівы — гэта не попел, гэта агонь, які дапамагае пераадольваць складанасці ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці нашага грамадства. Толькі дзякуючы таму, што ведаем карані сваёй гісторыі, паспяхова развіваем навуку, культуру, адукацыю.

Каштоўныя крыніцы

Сто гадоў таму архівы набылі дзяржаўны статус. За час свайго існавання яны замацавалі за сабой і статус навуковых устаноў, бо дакументы, якія яны захоўваюць, сталі сур'ёзнай базай для гістарычных даследаванняў.

Акрамя камплектавання, уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў, сёння архіўная служба надае вялікую ўвагу практычнаму прымяненню гэтага матэрыялу.

Як паведаміў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, сёння ў архівах налічваецца больш за 13 мільёнаў 300 тысяч адзінак захоўвання, якія асвятляюць гісторыю з ХІV стагоддзя да сённяшняга дня. Найбольш каштоўнымі з'яўляюцца граматы ХІV—ХVІІ стагоддзяў, а таксама актавыя кнігі судовых устаноў з ХV—ХVІІІ стагоддзяў.

У архівах нашай краіны шырока прадстаўлены дакументы сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ХVІ—ХІХ стагоддзяў.

Сярод дакументаў нацыянальнага архіўнага фонду знаходзяцца крыніцы па гісторыі сялянскіх паўстанняў і войн. Да апошніх адносяцца ўнікальныя дакументы, які тычацца часоў Паўночнай вайны, вайны 1812 года, руска-турэцкай і руска-японскай войнаў, Першай сусветнай.

У дакументах Нацархіва захоўваюцца сведчанні подзвігу, здзейсненага беларускім народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Буйны комплекс архіўных дакументаў асвятляе станаўленне народнай гаспадаркі, навукі, культуры, аховы здароўя і спорту.

Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка ўпэўнены, што архівы з'яўляюцца падмуркам гістарычнай памяці. На працягу стагоддзя архіўная служба адлюстроўвае рэаліі, якія адбываліся ў дзяржаве. Архівы робяць вялікую справу ў захаванні дакументаў, а ў нашы часы — і папулярызацыі, і данясення гістарычнай праўды да насельніцтва. Дакументы алічбоўваюцца, асэнсоўваюцца і падаюцца ў шматлікіх выданнях — зборніках дакументаў, манаграфіях, прэзентацыйных альбомах і даведніках.

Архівісты праводзяць вялікую працу па вывучэнні і прадстаўленні інфармацыі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Аднаўленне і падача інфармацыі пра рэальныя падзеі, гераічнае мінулае краіны і тыя злачынствы, якія адбываліся на яе тэрыторыі ў гады вайны, — адна з найважнейшых задач архіваў. Праца па вывучэнні ваеннай гісторыі ніколі не спынялася, але ў апошнія гады даследчыкі адкрываюць новыя тэмы, удакладняюць і сістэматызуюць інфармацыю, звязаную са здзяйсненнем злачынстваў на акупаванай тэрыторыі. За апошнія дзесяцігоддзі архіўнымі ўстановамі нашай краіны было апублікавана больш за 80 розных зборнікаў дакументаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, значная частка якіх тычыцца генацыду беларускага народа.

Дакументы сведчаць

«Дакументы нацыянальна-архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь — дакументальная аснова вывучэння генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» — з такім дакладам на пленарным пасяджэнні выступіў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок.

У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асноўны масіў доказнай базы, безумоўна, захоўваецца ў Нацархіве. Гэта значны комплекс разнастайных па відавым складзе і інфарматыўнасці матэрыялаў.

Так, інфармацыю пра злачынствы можна знайсці ў фондах партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. Яна ёсць у пратаколах, апытаннях сведкаў, зводках, дакладных, даведках. Важны комплекс дакументаў па тэме генацыду — матэрыялы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў (яны сфарміраваны ў фондзе 861 у Нацыянальным архіве). У 2014 годзе сюды паступіў комплекс лічбавых копій архіўных спраў з дзяржархіва Расійскай Федэрацыі. Таксама багата інфармацыі захоўваюць дзяржаўныя абласныя занальныя архівы. Яны маюць дакументы, якія тычацца іх тэрыторый.

Дакументы з архіваў ЦК КПБ таксама захоўваюць звесткі аб знішчэнні мірнага насельніцтва. Інфармацыйнай крыніцай з'яўляюцца аператыўныя зводкі, дакументы аб баявых дзеяннях воінскіх фарміраванняў і часцей СС, паліцэйскіх падраздзяленняў.

Сёння можна пераглядзець і дакументы, звязаныя з правядзеннем судова-следчых спраў на Беларусі ў першыя пасляваенныя гады. Захаваліся стэнаграмы судовых працэсаў, што праходзілі ў Мінску, Бабруйску, Віцебску, Гомелі. Стэнаграма Мінскага судовага працэсу, напрыклад, налічвае чатыры вялікія, тоўстыя архіўныя справы, дзе падрабязна распісваюцца злачынствы, якія здзяйснялі нацысты.

Адбываўся ў пасляваенныя гады і шэраг закрытых судовых працэсаў, на якіх судзілі ваеннапалонных злачынцаў. У пачатку двухтысячных гадоў Цэнтральны архіў камітэта дзяржаўнай бяспекі перадаў Нацархіву на захаванне 2900 адзінак захоўвання судова-следчай дакументацыі на замежных ваеннапалонных, якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі. Гэты комплекс дакументаў архівісты стараюцца ўводзіць у навуковы ўжытак, рабіць даступным для шырокай аўдыторыі.

Сёння ілюстрацыйныя матэрыялы можна знайсці не толькі ў Архіве кіна-, фота- і фонадакументаў, але і ў шэрагу абласных цэнтральных і рэгіянальных архіваў. Частка з гэтых матэрыялаў была выкарыстана пры падрыхтоўцы серыі кніг «Без тэрміну даўнасці». Праца над гэтым праектам вялася два гады, да яе далучыліся розныя архіўныя ўстановы краіны, гісторыкі, краязнаўцы, вучоныя. Свет пабачылі шэсць кніг, кожная прысвечана падзеям, якія звязаны з рознымі абласцямі рэспублікі. Азнаёміцца з праектам можна на афіцыйным сайце Дэпартамента па архівах і справаводстве, матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе. У гэтых кнігах надрукавана больш за тысячу дакументаў, многія з якіх падаюцца ўпершыню. Па іх можна прасачыць значны ўнёсак архівістаў у вывучэнне палітыкі генацыду.

Архівісты Беларусі адзіныя на постсавецкай прасторы, хто сістэмна займаецца вывучэннем і публікацыяй дакументаў па гісторыі карных аперацый на акупаваных тэрыторыях. На сёння пабачылі свет тры зборнікі дакументаў. У найбліжэйшы час выйдзе чацвёрты, які распавядае пра карную аперацыю ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне.

Рэалізоўваецца беларускімі архівістамі і сумесны праект з расійскімі калегамі, прысвечаны карным аперацыям у гады вайны на беларуска-расійскім памежжы. Тут было праведзена больш за 30 такіх аперацый. У зборнік уключаць расповеды пра дзесяць з іх — найбольш буйных. Зараз вядзецца актыўная праца. Ужо выяўлена больш за 700 дакументаў, большасць з якіх раней не ўводзілася ў навуковы ўжытак, многія з дакументаў з нямецкага боку, яны актыўна перакладаюцца. Пасля таго, як будуць атрыманы дакументы ад расійскіх калег, пачне фарміравацца рукапіс зборніка.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».