Вы тут

У вёсцы Лоўжа сабраліся родныя пахаваных на брацкай магіле


15 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Лоўжа Шумілінскага раёна здарылася трагедыя, якая праз 80 гадоў адгукаецца моцным болем у сэрцах унукаў і апошніх жывых сведкаў фашысцкай расправы над 18 мірнымі жыхарамі вёскі.


Падзеі Вялікай Айчыннай вайны засталіся ў памяці нашага народа, у падручніках па гісторыі, яны, як адбітак часу, навечна застылі ў помніках і абелісках з чырвонымі зоркамі. Такі стаіць у цэнтры невялікай вёскі Лоўжа Віцебскай вобласці як напамін жывым аб найвышэйшай цане, якую заплацілі 18 вяскоўцаў дзеля мірнага неба над нашымі галовамі сёння. Для чужых гэта — звычайны абеліск, якіх на беларускіх землях сотні, для мясцовых жыхароў — месца смутку і сямейнага гора.

У 80-ю гадавіну лаўжанскай трагедыі на брацкай магіле сабраліся ўнукі і родныя пахаваных тут месцічаў, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і навучэнцы Мікіціхінскай школы, каб яшчэ раз схіліць галовы перад героямі ў мінуту маўчання.

З першых дзён вайны жыхары падняліся на барацьбу з акупантамі, сярод іх былі і юнакі школьнага выпуску 1941 года, настаўнікі. Летам 1942-га пачалі арганізоўвацца першыя партызанскія атрады, адным з вядомых, які дзейнічаў на тэрыторыі Шумілінскага раёна, быў атрад «Грозны». Партызаны падрывалі нямецкі аўтатранспарт, пускалі пад адхон цягнікі са зброяй і жывой сілай, а 5 кастрычніка 1942 года каля вёскі Вербялі разграмілі карны атрад: забілі 5 немцаў і 4 паліцэйскіх. Наш кулямётчык Клім Лапавухаў быў забіты, у яго кішэні мясцовы здраднік знайшоў пашпарт і сямейны фотаздымак, указаў фашыстам на месца пражывання сям’і партызана. Дом спалілі, жонку з дзецьмі вывезлі ў Шуміліна і расстралялі.

Выступае ганаровы ветэран грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Віктар Грузневіч.

На мітынгу ў Лоўжы прысутнічала апошняя жывая сведка тых падзей 15 кастрычніка 1942 года Клара Уладзіміраўна Галуза. Сёння ёй 87 гадоў, але падзеі 80-гадовай даўнасці яна памятае выразна. «Мне было сем гадоў, але тады мы ўжо былі дарослымі. Бацька мой пайшоў на фронт, прайшоў усю вайну і не дажыў да абвяшчэння Перамогі менш за месяц — загінуў 18 красавіка 1945 года. Ужо потым мы даведаліся, што пасмяротна ён узнагароджаны медалём «За адвагу», і знайшлі месца яго спачыну на тэрыторыі іншай краіны. Я, браты Валодзя і Пётр засталіся з маці адны. У той страшны кастрычніцкі дзень было туманна і холадна. У вёсцы з’явіліся нямецкія карнікі з аўтаматамі наперавес. І дагэтуль помню, як моцна раўлі каровы, вішчалі свінні — акупанты рабавалі. Усіх пачалі выводзіць з хат і гнаць у драўляны будынак мясцовай школы. Там дзяцей франтавікоў і тых, чые сем’і былі звязаныя з партызанамі, раздзялілі па класах. Мой брат змог уцячы праз акно, мы з маці не ведалі, ці дабярэцца ён жывым дадому. У суседнім памяшканні немцы вялі допыт, а потым мы пачулі аўтаматную чаргу, у класе павісла нямая цішыня. Гэты гук і дагэтуль стаіць у вушах, хоць прайшло столькі дзесяцігоддзяў».

Захаваліся ўспаміны Ядвігі Гушчы, якую арыштавалі разам з маці, сястрой і малодшым брацікам. «На допыце мясцовы паліцай Дудараў сказаў, што мой старэйшы брат Фрол партызан і ўдзельнічаў у разгроме нямецкага атрада карнікаў. На захадзе сонца нас вывелі са школы, прыгналі да ямы і сказалі стаць на калені. Але ніхто з нас, нават малыя дзеці, не стаў. Маці пачала развітвацца з сястрой, пачуліся першыя стрэлы. Хтосьці спераду, у каго трапіла куля, пры падзенні зачапіў мяне рукамі, і я ўпала ў яму жывой, страціўшы прытомнасць. Калі апрытомнела, бачыла, як параненых тапталі і дабівалі рыдлёўкамі, мне прастрэлілі хустку каля самага вуха, таму я цяпер дрэнна чую. Я ляжала ў крыві, прыціснутая мёртвымі людзьмі, ногі змярцвелі. Калі стала зусім цёмна, пачуліся знаёмыя галасы каля магілы: гэта былі Зіна Грузневіч, сёстры Таццяна і Ганна Жарабцовы, якія аплаквалі забітую сястру Еўфрасінню Матузаву. Мне падалі рукі і выцягнулі з ямы — скрываўленую і змучаную».

Вянок ад кіраўніцтва Шумілінскага раёна.

Некаторым, хто апынуўся ў магіле, усё ж такі ўдалося вырвацца з пасткі смерці. Гітлераўцы як след не засыпалі расстраляных зямлёй, спяшаліся — баяліся хуткай помсты партызанаў. Сярод тых, каму ўдалося выратавацца, былі Яўгенія Хухракова і Максім Галуза. Аб гэтым успамінаў сын Яўгеніі Аляксееўны, партызан атрада № 2 брыгады імя Кароткіна Васіль Хухракоў. Яго маці разам з малым братам Толем была ў натоўпу тых, каго рыхтаваліся расстраляць. Падчас першых стрэлаў яна і вясковец Максім Галуза ўпалі ў яму жывымі, а Толю забілі.

Сярод расстраляных фашыстамі была Еўфрасіння Матузава, яе сын Лёня ваяваў у партызанскай брыгадзе. Жанчына таемна пякла хлеб, збірала адзенне і абутак для народных мсціўцаў. Яна і сёстры выратавалі параненага савецкага лётчыка. Дзікую расправу фашысты здзейснілі над яе маці Наталляй Жарабцовай: жанчыну схапілі падчас нядзельнай службы ў мясцовай царкве, перад расстрэлам ёй звязалі рукі калючым дротам і катавалі з мэтай атрымання інфармацыі аб знаходжанні дачок і ўнукаў. Наталля Сяргееўна не вымавіла ні слова...

Кветкі на магілу дзеда Герасіма Купрыянава ўскладае ўнук Міхаіл Шкіндэр.

Аб гераізме і самаахвярнасці 18-гадовай Фрузы Мельнікавай у Лоўжы ўспамінаюць і сёння. З першых дзён зараджэння партызанскага руху ў раёне дзяўчына была сувязной, распаўсюджвала лістоўкі. Фрузу расстралялі разам з бацькам. Калі людзей вялі да ямы, яна вырвалася з агульнага натоўпу ў клас, дзе сядзелі месцічы, і закрычала: «Людзі добрыя! Мужна і бязлітасна, не шкадуючы крыві і жыцця, знішчайце ненавісных акупантаў. Мы гінем, але перамога будзе за намі!».

Жорсткасцю да сваіх аднавяскоўцаў вылучаўся Дзмітрый Дудараў, які служыў паліцаем у немцаў. Ён прадставіў акупантам спіс на 60 чалавек, якія былі так ці інакш звязаныя з партызанамі, падчас допытаў у школе выкрываў тое, за што мірным жыхарам была прызначана вышэйшая мера пакарання. Выступаючы на сходах жыхароў Лоўжы, заяўляў, што савецкай улады тут ніколі не будзе, удзельнічаў у рабаванні сваіх аднавяскоўцаў. У снежні 1943-га з наступленнем войскаў Чырвонай Арміі паліцай збег разам з немцамі, пасля Перамогі, баючыся надыходу адказнасці за свае дзеянні, хаваўся ў Арэнбургу. Але сысці ад справядлівай адплаты за здраду яму не ўдалося: у 1951-м Ваенны трыбунал прыгаварыў яго да пазбаўлення волі тэрмінам на 25 гадоў, а пасля перагляду судовай справы паслугач нацыстаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці.

Згаданыя гістарычныя факты і ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў трагедыі доўгія гады па крупінках збіраў ганаровы ветэран грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Віктар Міхайлавіч Грузневіч. Яго з Лоўжай звязвае сямейная гісторыя, тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва, але лёс бязвінна забітых аднавяскоўцаў і доўг памяці перад імі заўсёды турбаваў мужчыну. Такія зверствы, якія ўчынялі фашысты на нашай зямлі, не павінны быць забытыя праз стагоддзі, каб гэтыя страшныя падзеі не здарыліся зноў. Яго дзядзька Дзмітрый, які быў партызанам атрада «Грозны», у далёкі кастрычніцкі дзень прыйшоў да сястры Зінаіды Іванаўны (маці Віктара Міхайлавіча) з заданнем. Пачуўшы нямецкую гаворку, схаваўся ў сене на гарышчы. На шчасце, акупанты яго не знайшлі, а Зінаіду з сястрой Варварай, яе сынам Валодзем, жонкай Дзмітрыя і двума дзецьмі пагналі ў школу. З успамінаў Зінаіды Грузневіч: «Ідучы на допыт, я не баялася быць расстралянай. Мне было страшна за вяскоўцаў, бо калі б немцы знайшлі на гарышчы брата, спалілі б хату і знішчылі б усіх жыхароў да аднаго. Мае землякі, якія знаходзіліся ў трагічных умовах, думалі аб іншых. Ніхто не выдаў мяне немцам і паліцаям, хоць ведалі, што брат Антон удзельнічаў у разгроме карнага атрада. Я бязмерна ўдзячная ім».

Апошняя сведка лаўжанскай трагедыі Клара Уладзіміраўна Галуза.

Сярод тых, хто прыехаў на мітынг, была і Святлана Кавалёва. Тут, у брацкай магіле, пахаваны яе дзед Анісім Мартынавіч Сцяпанаў. Калі пачалася вайна, ён застаўся ўдаўцом з чатырма дзецьмі. Іх хата на хутары была явачнай кватэрай для партызанаў, на гарышчы было шмат зброі, Анісім Мартынавіч выконваў ролю сувязнога. Маці Святланы Ксенія Анісімаўна ўспамінае, што часта ў хаце былі лётчыкі, дзеці палохаліся, калі сярод ночы яны прыходзілі мокрыя і брудныя. У 1942-м Ксеніі Анісімаўне было 10, бацьку расстралялі на яе вачах. Дзяўчынка вяла на поле карову, калі перад ёй з’явіўся немец, які адабраў жывёліну і загадаў ісці да школы. Мясцовая жанчына пры абходзе немцамі дзяцей прыціснула яе да сябе і сказала, што малая — сірата. Апошняе і выратавала жыццё маці Святланы. Тым больш, што і дзядзька яе маці ўзначальваў партызанскі атрад, за гэта знішчылі ўсю яго сям’ю. Чатыры дзяўчынкі пасля расстрэлу бацькі Анісіма Мартынавіча засталіся адны, глядзелі адна адну, елі лебяду і мёрзлую бульбу, але выжылі.

Святлана Кавалёва на магіле дзеда Анісіма Сцяпанава.

Пакланіцца магіле дзеда прыехаў і Міхаіл Браніслававіч Шкіндэр, ён працуе інспектарам мытнай службы на Віцебскай мытні. Яго дзеда Герасіма Пятровіча Купрыянава расстралялі з іншымі жыхарамі 15 кастрычніка, а трое яго сыноў — Аляксандр, Уладзімір і Мікалай — помсцілі за смерць бацькі. Мікалай — падрыўнік-кулямётчык — загінуў 29 ліпеня 1944 года ў адным з баёў.

Агульны для ўсіх шумілінцаў боль, адзіная на ўсіх генетычная памяць, якая не падуладная хуткаплыннаму часу, штогод збіраюць каля брацкай магілы ўнукаў пераможцаў, якія схіляюць галовы перад тымі, хто паклаў на алтар незалежнасці сваё жыццё.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».