Вы тут

Наш шаноўны галоўны... Уладзіміру Наркевічу — 70!


Калі ў нейкай кампаніі пачынаюць разважаць і дзяліцца, каму з чым пашанцавала ў жыцці, я без сумненняў кажу, што мне пашанцавала з самым першым кіраўніком. У пачатку працоўнага шляху, асабліва ў нашай прафесіі, якая, што б там ні казалі, і сёння застаецца творчай, гэта вельмі важны, можна сказаць, лёсавызначальны фактар. Менавіта ад нашага першага рэдактара залежыць у многім, кім мы станем у журналістыцы, як расставім уласныя жыццёвыя прыярытэты, што здолеем сказаць людзям.


Фота Яўгена Пясецкага.

Многім «звяздоўцам», якія пачыналі свой журналісцкі шлях з канца 1980-х да пачатку 2010-х, сапраўды вельмі пашанцавала, бо мы працавалі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Браніслававіча Наркевіча. У стагадовай з лішкам гісторыі «Звязды» ягоныя — больш за дваццаць. Гэта менавіта той час, калі з органа ЦК КПБ «Звязда» стала адной з галоўных газет незалежнай краіны Беларусь — выданнем са сваёй адметнай пазіцыяй, з нязменнай адданасцю беларускай мове. У многім гэта спраўдзілася дзякуючы менавіта галоўнаму рэдактару, які здолеў сабраць калектыў аднадумцаў, для якіх газета была найперш не спосабам зарабіць грошы, а менавіта ідэяй, дзеля якой усе і працавалі.

Ужо цяпер, сама маючы дачыненне да кіравання газетай, магу толькі ўявіць, як складана прыходзілася рэдактару ў той час. Акрамя штодзённага напаўнення нумара, чаго вартыя былі фінансавыя праблемы, калі часам не было за што купіць паперу для газеты, не кажучы ўжо пра зарплату. Неверагоднае напружанне кожны дзень. І пры ўсім гэтым — незвычайная інтэлігентнасць, нават высакародства ў паводзінах. За дзесяць гадоў работы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Браніслававіча я ніколі не чула, каб ён на кагосьці павысіў голас. Нават калі здараліся хібы, памылкі — у штодзённай газеце ад гэтага ніхто не застрахаваны. А вось пахваліць Уладзімір Браніслававіч спяшаўся заўжды, нават за дробязь. Думаю, кожны са «звяздоўцаў», хто працаваў у падначаленні Наркевіча, прыгадваюць гэтыя па-сапраўднаму шчаслівыя моманты, калі галоўны заходзіць да цябе ў кабінет (не выклікае да сябе, а сам заходзіць) са словамі: «Выдатны матэрыял! Ставім у нумар!» Здавалася, у такія моманты крылы за спінай вырастаюць. Заданні галоўны таксама даваў своеасабліва. Зноў жа заходзіў у кабінет і пачынаў: «У мяне да вас вялікая просьба...» Гэткі тонкі псіхалагічны ход — просьбу выконваць лягчэй і прыемней, чым загад...

Менавіта пры Уладзіміры Наркевічы над шапкай «Звязды» з'явіўся і захаваўся да сёння дэвіз «Родная газета на роднай мове». Дзякуючы пазіцыі галоўнага рэдактара, у няпростыя часы «Звязда» засталася беларускамоўнай. Сам Уладзімір Браніслававіч вельмі прыгожа размаўляе па-беларуску, гэта была яго рабочая мова і ў калектыве, і на мерапрыемствах самага высокага ўзроўню — адразу было чуваць, што гаворыць рэдактар «Звязды», беларускамоўнай, самай старэйшай, паважанай газеты...

Прайшло ўжо шмат гадоў, але і цяпер, падпісваючы ў друк матэрыялы журналістаў «Звязды» або пішучы свае ўласныя, я заўсёды памятаю, што іх будзе чытаць мой першы галоўны рэдактар. І спадзяюся, што ён, калі і не пахваліць, дык хоць бы не зганіць тое, што прачытае. Гэта сапраўды і сёння вельмі важна...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Калектыў «Звязды» шчыра віншуе Уладзіміра Браніслававіча з юбілеем!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?