Вы тут

«Паказаць ёсць што». Лукашэнка даручыў больш актыўна прапагандаваць дасягненні айчынных вучоных


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Уладзімір Гусакоў далажыў аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў 2021-2022 гадах. 


Прэзідэнт адразу прапанаваў у лістападзе-пачатку снежня арганізаваць выстаўку дасягеннняў вучоных Акадэміі навук. Ён заўважыў, што вопыт у правядзенні такіх выставак ёсць, Акадэмія навук неаднаразова іх праводзіла. «Не толькі для таго, каб вы зрабілі справаздачу, далажылі аб поспехах, але і каб народу паказаць, што мы можам і што навука ў нас многае можа. На жаль, мы мала прапагандуем не толькі Акадэмію навук, але і дасягненні нашай навукі. Таму трэба прадумаць, дзе мы можам паказаць людзям, што мы ўмеем рабіць. А паказаць ёсць што», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў правесці выстаўку ў суседнім з Палацам Незалежнасці будынку — НВЦ «БелЭкспа». «Месца там хапае. Проста кампактна вынесці туды асноўныя дасягненні навукі акадэмічнай і нядрэнна было б прыкладной навукі. Ды і студэнты ўжо сёе-тое навучыліся рабіць. Падумайце, як гэта зрабіць», — сказаў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як рэалізуюцца яго даручэнні асноўных напрамках. Ён нагадаў, што ў аграпрамысловай галіне ішла размова аб новай пародзе жывёл, аб новых раслінах і гэтак далей. Абмяркоўвалася распрацоўка айчынных аўтамабіляў, беспілотнікаў. «Як вы тут канкурыруеце з прыкладной навукай і з прадпрыемствамі, ствараючы новыя беспілотныя лятальныя апараты? Яны вельмі актуальныя, зыходзячы з урокаў вайны на Украіне», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Другое пытанне, вынесенае на абмеркаванне — Статут Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што асноўныя элементы Статута будуць разгледжаны і да канца года новы Статут Акадэміі будзе зацверджаны. 

«Я па бюджэт не хаджу»

Уладзімір Гусакоў далажыў Прэзідэнту, што сёння Акадэмія навук выбудавана зусім па-іншаму. У адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, строга арганізавана зверху данізу, нацэлена на зараблянне сродкаў. «Цяпер гэта ўжо не чыста бюджэтная арганізацыя, як яна была традыцыйна, усе сядзелі чакалі бюджэту. Я па бюджэт зараз не хаджу. І ўсе ведаюць, што нават пры недахопе сродкаў мы нацэльваем, каб людзі зараблялі грошы», — сказаў ён. Старшыня Прэзідыма НАН Беларусі адзначыў, што за гэтыя гады Акадэмія навук выканала ўсе паказчыкі. Не было ні зніжэння, ні зрыву, усе паказчыкі выконваюцца ў адпаведнасці з планамі. 

У тэму

Якую сферу ні вазьмі — усюды распрацоўкі Акадэміі навук

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні актуальных задач тэхналагічнага развіцця і ажыццяўляе навуковае суправаджэнне шэрагу галін. Уладзімір Гусакоў падрабязней расказаў журналістам пра асноўныя напрамкі ў дзейнасці галоўнай навуковай установы краіны. Акадэмія навук прапануе стварыць у краіне буйное аб’яднанне ў галіне мікраэлектронікі — аб’яднаць усіх вытворцаў і распрацоўшчыкаў. Прычым, не толькі з Акадэміі навук, але і міністэрства прамысловасці і іншых ведамстваў, каб комплексна вырашаць гэтую праблему. Прэзідэнт гэтую прапанову падтрымаў. 

Уладзімір Гусакоў далажыў кіраўніку дзяржавы аб развіцці электратранспарту. Гэта таксама важнае даручэнне беларускім навукоўцам. «Мы ўжо маем узоры нашага электратранспарту, некалькі мадэляў легкавога і грузавога аўтамабіляў на сто працэнтаў нашай распрацоўкі. У гэтым годзе мы дэманстравалі і спартыўны электракар. Вядома, мэта і задача, каб гэта былі не толькі эфектыўныя, але і даступныя па кошце машыны. Нам трэба ствараць свой беларускі электрамабіль. І мы да гэтага гатовы. У нас ёсць распрацоўкі і сюды трэба інтэграваць іншых вытворцаў», — адзначыў ён. Па яго словах, Беларусь мае кампетэнцыі па ўсіх пытаннях мікраэлектронікі.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі расказаў, што беларуская вакцына супраць каранавіруса, якую распрацоўваюць вучоныя Акадэміі, прайшла даклінічныя выпрабаванні, паказала сваю эфектыўнасць. Наперадзе яе чакаюць клінічныя выпрабаванні. Уладзімір Гусакоў выказаў спадзяванні, што ўсё будзе добра і ў наступным годзе можна будзе выходзіць на вытворчасць. У Акадэміі навук створаны цэнтр вірусалогіі, спецыялісты якога працуюць над вакцынамі розных відаў. «У тым ліку і вакцыны супраць грыпу. Традыцыйна гэта імпартны прадукт, але мы будзем распрацоўваць самастойна. Напрацоўкі ёсць, і мы гатовы да вытворчасці вакцын у розных сферах», — расказаў Уладзімір Гусакоў. Таксама Старшыня Прэзідыума НАН адзначыў, што Акадэмія на сто працэнтаў забяспечвае патрэбы аграрна-прамысловага комплексу. 

Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што пералік распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук, якімі беларусы карыстаюцца кожны дзень, ідзе на сотні. «Электронным рэцэптам, электроннай карткай школьніка карыстаюцца ўсе. Медыцынскія прэпараты, на якіх напісана «Акадэмфарм». Ураджай без навукі мы б такі не атрымалі. Цэлая серыя нашых сартоў, пароды жывёл. Якую сферу ні вазьмі — усюды распрацоўкі Акадэміі навук і гэта толькі за апошнія гады», — пералічыў ён, падкрэсліўшы, што Нацыянальная акадэмія навук — гэта не ўся навука краіны, а толькі трэць. Многія галіны, якія вядуць навуковую дзейнасць, не ўваходзяць у склад Акадэміі. Але праз адпаведныя праграмы НАН аб’ядноўвае іх вакол сябе. 

«Акадэмія навук развіваецца як кластарная сістэма. Па сутнасці навукова-вытворчая карпарацыя. Бо тут не толькі фундаментальная навука, але і прыкладная, вытворчасць і продажы. Мы ідзём шляхам кластарызацыі ў форме навукова-практычных цэнтраў, аб’яднанняў. Каля 30 цэнтраў мы стварылі ў розных галінах, дзе кааперуем навукоўцаў з розных абласцей, каб гэта былі не адасобленыя, а сумесныя даследаванні з выхадам на вынік. Чаму мы маем такія распрацоўкі? Таму што аб’ядноўваем намаганні не толькі вучоных Акадэміі навук, але і міжведамасныя, і нават міжкраінавыя кластары. Нягледзячы ні на што, мы працягваем навуковае міжнароднае супрацоўніцтва», — расказаў Уладзімір Гусакоў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.