Вы тут

Пад ударам усе. Як апазнаць посткавідны сіндром і ці патрабуе ён лячэння, разбіраемся разам з нейрахірургам


Пандэмія 2020 года сышла ў гісторыю, і нас ужо не так моцна, як два гады таму, пужае дыягназ «каранавірус». І нават яго мутацыі не выклікаюць сур’ёзнага павышэння эмацыянальнага фону. Але ж усё часцей зараз да ўрача звяртаюцца пацыенты са скаргамі на галаўны боль, цяжкасці канцэнтрацыі ўвагі, павышаную раздражняльнасць на яркае святло ці рэзкі пах, абвастрэнне захворванняў апорна-рухальнага апарата, павышэнне цукру ў крыві і інш. Можна было б спісаць гэтыя праявы на вельмі дынамічнае сучаснае жыццё, экалогію, інфармацыйную перанасычанасць, дрэнныя звычкі... «Але ж, не ўсё так адназначна», — лічыць мой суразмоўнік доктар Гумен. — «Гэтыя праявы могуць сведчыць пра наяўнасць так званага посткавіднага сіндрома.»


Што гэта за з’ява і ці патрэбна звяртаць пільную ўвагу на яе праявы? Разбіраемся разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.

Падчас размовы доктар адзначыў, што тэма посткавіднага сіндрому зараз знаходзіцца на стадыі вывучэння, і праз некаторы час абавязкова будзе дададзена.

— Доктар, ці можна дакладна вызначыць, калі свет сутыкнуўся з такой з’явай, як посткавідны сіндром?

— Каранавірус вядомы даўно. Але ў 2020 годзе чалавецтва пазнаёмілася з яго новай разнавіднасцю, дагэтуль невядомай. Падчас першай хвалі, ковід разглядалі, перш за ўсё, як вострае рэспіраторнае захворванне, якое моцна ўздзейнічае на лёгкія, і па гэтай прычыне чалавек памірае. Урачы фактычна навобмацак пачалі лячыць людзей, і пасля выздараўлення ўсе радаваліся, што чалавек выжыў. Мы добра памятаем тыя навіны, якія прыходзілі, напрыклад, з Італіі, калі кожны дзень паміралі тысячы людзей з дыягназам ковід. Выжыванне пасля ковіду — гэта ўжо была сапраўдная перамога. Тады медыкі да канца не ведалі, што ў гэтай хваробы будзе працяг. Пасля першай, другой хваляў пандэміі з’явіліся такое паняцце, як «посткавідны сіндром».

— Калі становіцца зразумела, што ў чалавека ёсць «постакавідны сіндром»? 

— Адпаведна з даследаваннямі Гарвардскага інстытута, калі чалавек праз паўгода пасля захворвання не вярнуўся ў свой першапачатковы стан здароўя, у яго можна канстатаваць посткавідны сіндром. Безумоўна, спісваць усе праблемы са здароўем на ковід нельга. Тут ужо доктар дапаможа разабрацца дакладна. Але ж вірус і сёння працягвае аказваць вялікі ўплыў на стан пацыентаў і на працу ўрачоў. Калі б мы мелі мэту зараз адкрыць аддзяленне для людзей з посткавідным сіндромам, то ў ім бы працавалі ўсе ўрачы, усе спецыялісты — настолькі вялікая колькасць розных ускладненняў на стан здароўя наносіцца вірусам SARS. 

— Пра якія ўскладненні перш за ўсё ідзе гаворка?

— Спектр захворванняў вельмі шырокі: ад органаў і мышц, да сасудаў і суставаў. Напрыклад, у выніку паражэння падстраўнікавай залозы ўздымаецца цукар у крыві, а ў хворых цукровым дыябетам гэтая хвароба пагаршаецца. Лёгкія: пагаршаецца абмен кіслародам у клетках, які прыводзіць да недахопу кіслароду ў органах і тканінах, а гэта ў сваю чаргу можа справакаваць пэўныя сур’ёзныя паталогіі. Страўнікава-кішачны тракт: дрэннае засвойванне карысных рэчываў, вітамінаў, мікраэлементаў. Удар можа быць нанесены і па суставах, а гэта прыводзіць да пагаршэння якасці жыцця і працаздольнасці. Зніжэнне зроку, што ўплывае не толькі на якасць жыцця і работы, але і на здольнасць добра кіраваць аўто.

— Падчас першай хвалі ковіду здавалася, вірус нібы лётае ў паветры. Усе мы насілі маскі, каб мінімізаваць рызыку захворвання. Наколькі сёння змянілася разуменне гэтай хваробы? 

— Сапраўды, калі першапачаткова ковід лічыўся рэспіраторным захворваннем, то сёння ён разглядаецца больш, як вірус, які ўплывае на нервовую сістэму чалавека. Калі вы не можаце сканцэнтравацца на рабоце, адчуваеце моцную стомленасць і раздражняльнасць, не можаце хутка прымаць рашэнні... Такія праявы, перш за ўсё, павінны гаварыць не пра ваш дрэнны характар, а пра тое, што гэта можа быць посткавідны сіндром. І праяўляецца ён не толькі ў тых людзей, якія перанеслі захворванне ў цяжкай форме, напрыклад, трапілі ў рэанімацыю, але і ў тых, хто перанёс хваробу лёгка, як кажуць, «на нагах». 

— Доктар, давайце больш дэталёва пагаворым пра наступствы для нервовай сістэмы. 

— Па некаторых даных, парушэнні з боку нервовай сістэмы і работы галаўнога мозга налічваюць больш за 35 % ад усіх ускладненняў, якія нясе ковід. Гэта так званы «астэнічны сіндром», які вядзе да парушэнняў кагнітыўных функцый галаўнога мозга, зніжэння інтэлекту і разумовых здольнасцяў чалавека. Зыходзячы з таго, што ковід — гэта пандэмія, якая закранула ўвесь свет, у людзей выяўляецца вялікая колькасць астэнічных сіндромаў. Калі так і далей будзе працягвацца, гэта можа прывесці да масавага зніжэння разумовых здольнасцяў і падзення IQ у людзей. 

Астэнічны сіндром — ад грэчаскага слова «бяссілле». Простымі словамі — гэта хваравіты стан, які праяўляецца павышэннем стомленасці, няўстойлівым настроем, паслабленнем самавалодання, цярпімасці, парушэннем сну, стратай здольнасці да працяглай разумовай работы, раздражняльнасцю на гучныя гукі, яркі свет, рэзкія пахі. На жаль, зараз наконт лячэння гэтага сіндрому сярод медыкаў няма адзінага меркавання. Кожны спецыяліст падбірае лячэнне, зыходзячы з тых сімптомаў і скарг, якія ёсць у пацыента. 

— Што адбываецца ў арганізме чалавека падчас астэнічнага сіндрому?

— Ёсць два механізмы, якія адначасова наносяць урон здароўю чалавека. 

  • «Цытакінавы шторм». Гэта імунны адказ арганізма на хваробу. Цытакіны — гэта своеасаблівыя месенджары нашай імуннай сістэмы, якія актывізуюць яе. Калі цытакіны працуюць больш, чым патрэбна, яны пачынаюць не толькі разбураць замежнага агента ў нашым арганізме, але і працаваць супраць сваіх клетак, што і прыводзіць да абвастрэння захворванняў.
  • Эндатэліяльныя змяненні ў сценках сасудаў. Здаровыя сасуды па сваёй структуры маюць адмоўны зарад. Усе складнікі крыві таксама маюць адмоўны зарад. Мінус і мінус не прыцягваюцца. Гэта ідэальная карціна. Калі ж мы маем эпітэліяльную дыстрафію, парушаецца палярнасць. Усё, што знаходзіцца ў крыві, лягчэй прыклейваецца да сценак сасудаў, такім чынам, павялічваецца верагоднасць утварэння, як вялікіх, так і мікратромбаў. Вялікія тромбы могуць прывесці да тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі, у выніку ўзнікаюць парушэнні ў абмене кіслародам. Такім хворым патрабуецца ШВЛ. У іншых выпадках павялічваецца верагоднасць утварэння мікратромбаў, і іх цыркуляцыя у арганізме МОЖА выклікаць недахоп кіслароду, запаволіць абмен рэчываў у розных клетках. А гэта адна з прычын посткавіднага сіндрому. Калі мікратромбы пастаянна атакуюць арганізм, яны выклікаюць праблемы, пра якія мы казалі вышэй.

— Што трэба рабіць, каб мінімізаваць наступствы посткавіднага сіндрому?

— Калі чалавек пасля ковіду бачыць праявы астэнічнага сіндрому: болі ў галаве, абвастрэнне захворванняў апорна-рухальнага апарата, павышэнне цукру ў крыві і інш., неабходна дасканалае вывучэнне прычын, а затым доўгае лячэнне. Трэба памятаць, што сасуды псуюцца беззваротна. Таму пацыенты з каранавірусам адразу ж пасля выяўлення хваробы павінны пачынаць прыём кроваразрэджваючых прэпаратаў. Прычым на пастаяннай аснове. Калі ёсць ранняя адмена гэтых прэпаратаў, вы рызыкуеце набыць посткавідны сіндром. А ён у сваю чаргу можа выклікаць абвастрэнне хранічных захворванняў. Як кажуць, дзе тонка, там і парвецца. Таму раю прыслухоўвацца да свайго арганізма, у выпадку ўзнікнення недамаганняў не адкладваць візіт да ўрача, каб ваша жыццё было доўгім, якасным і паўнацэнным. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».