Вы тут

Удзельнікі праекта «Аўтапоезд #Беларусь. Моладзь. Традыцыі» наведалі Полацк


14 кастрычніка, у Дзень маці, у краіне стартаваў тыдзень бацькоўскай любові, які фінішуе 21 кастрычніка — у Дзень бацькі. У межах маладзёжнага праекта «Аўтапоезд #Беларусь. Моладзь. Традыцыі» 30 маладых сем'яў з розных рэгіёнаў адправіліся ў вандроўку па знакавых мясцінах Сінявокай, зыходным пунктам стала старажытная Полаччына.


Арганізатарамі акцыі выступілі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і ўстановы адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы аблвыканкамаў, БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Удзельнікам новага праекта магла стаць любая сям'я ва ўзросце сужэнцаў ад 18 да 31 года, якая адправіла заяўку праз інтэрнэт, галоўная ўмова — афіцыйна зарэгістраваны шлюб. Дарэчы, жадаючых здзейсніць тыднёвую вандроўку па краіне было больш, чым мог змясціць аўтапоезд — два двухпавярховыя брэндзіраваныя аўтобусы з хэштэгам #БеларусьМоладзьТрадыцыі і выявамі беларускіх славутасцяў. У выніку ў маладзёжным дыліжансе апынуліся прадстаўнікі розных прафесій з розных куткоў Беларусі: педагогі, медыкі, супрацоўнікі міліцыі і МНС, ветэрынары.

Па словах арганізатараў, мэтай праекта з'яўляецца ўзмацненне ролі моладзі ў дзейнасці па зберажэнні гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай спадчыны і беларускіх традыцый, а таксама падтрымка традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. «Маладыя сем'і чакае мноства сюрпрызаў. Напрыклад, у Ружанскім палацы ім прапануюць станцаваць вальс у бальнай зале, а ў Нацыянальным гістарычным музеі — стварыць фотакампазіцыю на памяць», — расказала кіраўнік аўтапоезд Анастасія Бядуліна.

Старт акцыі ў Полацку далі невыпадкова: менавіта гэты старажытны горад з'яўляецца калыскай нашай дзяржаўнасці і яе вытокам. Тут цесна пераплецены гераічнае мінулае, высокія дасягненні сучаснасці і традыцыі беларусаў. Цэнтрам урачыстага адкрыцця праекта стала сярэдняя школа № 16 Полацка, дзе прайшла дыялогавая пляцоўка пад кіраўніцтвам начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуарда Тамільчыка. Пасля сем'і наведалі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр, а ўвечары першага дня выправілася ў «Маладзёжную сталіцу Беларусі — 2022» — горад Віцебск. Паводле праграмы праекта, удзельнікі наведваюць не толькі знакавыя мясціны, але і завітваюць у адметныя вёскі. Напрыклад, у Гаі, што ў Магілёўскай вобласці, гісторыя якой звязана з подзвігам батальёна міліцыі капітана Уладзімірава. Таксама ў ходзе візіту на Магілёўшчыну маладыя сем'і далучыліся да праекта «Цеплыня маладых сэрцаў», наведалі ўстанову «SOS — Дзіцячая вёска Магілёў» і Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе разам з выхаванцамі ўзялі ўдзел у майстар-класах па вырабе сувеніраў. Заключным этапам культурна-асветніцкай праграмы ў Магілёве стаў спектакль «Сіняя-сіняя» па матывах расказаў Уладзіміра Караткевіча, які паказаў абласны тэатр лялек.

Для 24-гадовых Антона і Надзеі Рудзькоў гэтае сумеснае падарожжа не першае: ужо ездзілі на аўтобусе ў Турцыю і Грузію. Але сужэнцы прызнаюцца, што вандроўка ў такім фармаце па нашай краіне — гэта зусім новыя яркія эмоцыі. Антон і Надзя разам ужо пяць гадоў, іх сэрцы аб'яднаў Полацкі каледж імя П. М. Машэрава, дзе тады яшчэ студэнты пазнаёміліся. Сёння ён — настаўнік англійскай мовы ў гарадской школе № 1, яна — настаўніца пачатковых класаў у гарпасёлку Ветрына. Асабліва чакалі прыбыцця ў Ружаны і Косава, палацавыя ансамблі якіх прызнаныя турыстычнымі жамчужынамі ва ўсім свеце. А яшчэ пара радая, што ў межах акцыі яны наведаюць Брэсцкую вобласць — малую радзіму Антона.

17 кастрычніка маладыя сем'і наведалі Жлобінскі раён. На мемарыяльным комплексе ў Красным Беразе — асаблівым месцы, якое сімвалізуе загубленыя вайной дзіцячыя мары і надзеі, — усклалі кветкі да помніка дзяўчынкі-падлетка. Яшчэ адным пунктам маршруту стаў сядзібна-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх XІX стагоддзя. У кожным населеным пункце арганізатары пакідаюць памятны след — сімвал аўтапоезда, які свеціцца. Такі падарунак заняў сваё месца і ў Жлобінскім музеі.

Удзельнікі праекта ўжо шосты дзень у дарозе. Яны наведалі Віцебскую і Магілёўскую вобласці. Усяго ў маршруце 17 населеных пунктаў, учора моладзь была ў Салігорску і Слуцку, а сёння падарожнікі ў межах рэспубліканскага праекта знаёмяцца са Свята-Жыровіцкім манастыром, Спаса-Праабражэнскім саборам, Слонімскім драмтэатрам. Наперадзе Баранавічы, Нясвіж і Мінск — горад, у якім заключаюць найбольшую колькасць шлюбаў і дзе пройдзе фінал праекта ў Дзень бацькі 21 кастрычніка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.