Вы тут

Як працуе малады спецыяліст у вясковай амбулаторыі


Сужэнцы Пётр Іосіфавіч і Ганна Андрэеўна Навумчыкі летась хварэлі на ковід даволі цяжка. Жонку давялося тэрмінова шпіталізаваць у бальніцу райцэнтра. Муж лячыўся дома. У самы складаны перыяд хворага кожны дзень наведвала ўрач Моладаўскай амбулаторыі Аліна Комар.


— Мы такога ўважлівага доктара за ўсё жыццё не бачылі, — ледзь не ў адзін голас даводзяць пенсіянеры. — Уяўляеце, калі ў яе не было машыны, яна спадарожным транспартам дабіралася ў вёску і праводзіла агляд! Як жа тое важна было тады: не толькі лекі, але і падтрымка! Мы ж пра гэтую навалу раней нічога не ведалі, таму і баяліся, самі ведаеце, рознае тады гаварылася. А тут доктар зойдзе, бадзёрым голасам скажа, што ўсё будзе добра. Дык лягчэй станавілася адразу...

У Бусе Іванаўскага раёна нядаўна давялося быць зусім з іншай нагоды. Але мае героі вельмі ж прасілі абавязкова напісаць пра іх маладога доктара. Давялося даць абяцанне, якое выконваю.

Урач агульнай практыкі Аліна Комар працуе ў Моладаве па размеркаванні трэці год. Калектыў амбулаторыі, уключаючы кіроўцу, налічвае цяпер сем чалавек. У зону абслугоўвання сельскай установы аховы здароўя ўваходзяць чатыры населеныя пункты — Моладава, Буса, Асаўцы, Пясчанка, у якіх пражывае крыху больш за 900 чалавек. З іх 162 дзіцяці. Распарадак работы ўрача стандартны. Спачатку — прыём у амбулаторыі, потым наведванне пацыентаў па выкліку альбо з мэтай прафілактыкі.

— У найбольш складаны эпідэмічны перыяд бывала і да 30 чалавек у дзень на прыёме — расказвае доктар. — У звычайныя дні ў амбулаторыю прыходзіць ад 15 да 20 чалавек. Практычна кожны дзень даводзіцца выязджаць дадому да хворых, асабліва калі людзі з тэмпературай, пажылыя, альбо гэта малыя дзеці.

Той выпадак, калі ў Бусу давялося дабірацца на спадарожных, яна памятае. Часова адсутнічаў кіроўца. А хворых на ковід было шмат, вось і ездзіла, як атрымаецца. І не толькі ездзіла. Кожны дзень стэлефаноўвалася з пацыентамі, цікавілася самаадчуваннем. Некаторым не патрабаваўся штодзённы агляд, а вось званок доктара выглядаў вельмі своечасовым. Асабліва сталы чалавек, калі адчувае, што пра яго памятаюць, яго здароўем цікавяцца, адразу весялее, а значыць, хутчэй ідзе на папраўку. Адным словам, была ўвесь час на сувязі. Такая спецыфіка сельскага доктара, тут добрая палова насельніцтва сталага ўзросту, для іх нароўні з лекамі важнае праяўленне спагады.

Аліна Алегаўна, як паважліва называюць яе пацыенты, прыехала на работу ў Моладава пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сама родам са Століншчыны, вучылася па мэтавым накіраванні. Таму мусіць адпрацаваць на сваім цяперашнім месцы пяць гадоў. Аліна замужам, муж жыве і працуе ў Мінску. І прыязджае да жонкі на выхадны дзень, бо ў яе адзін выхадны — нядзеля. «Такая вось сямейная і вытворчая сітуацыя», — з усмешкай гаворыць малады доктар. І дадае, што работу сваю любіць, у першы год зразумела, што з прафесіяй не памылілася, а тут атрымае такі ўрачэбны вопыт, які спатрэбіцца ва ўсім далейшым прафесійным жыцці.

А яшчэ дзяўчына лічыць, што ёй пашанцавала з калектывам Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у склад якой уваходзіць амбулаторыя. «Як вы разумееце, вопыт у мяне зусім невялікі. А кожны дзень прыносіць самыя розныя сітуацыі, бывае, даволі складаныя, калі патрэбна тэрміновая кансультацыя з больш вопытнымі калегамі. І ўсе яны па першым званку тут жа прыходзяць на дапамогу. Таму безабароннай сябе не адчуваеш. Ды і наш калектыў сярэдняга персаналу складаецца з людзей вопытных і добразычлівых. Яны працуюць даўно, ведаюць усіх пацыентаў, ведаюць нярэдка некалькі пакаленняў сям'і, таму часта раюся з імі на карысць справе».

Загадчык паліклінічнага аддзялення Іванаўскай ЦРБ Васіль Міхалевіч, які курыруе сельскіх урачоў агульнай практыкі, адзначае добрасумленныя адносіны да работы маладога ўрача Моладаўскай амбулаторыі:

— Аліна Алегаўна надзвычай хутка ўвайшла ў курс справы, сваімі адносінамі да ўрачэбных абавязкаў заваявала аўтарытэт, павагу ў асяродку мясцовага насельніцтва. Да кожнага выпадку ставіцца скрупулёзна, не саромеецца прасіць парады. Па ўсім відаць, што з часам вырасце ў высокакваліфікаванага спецыяліста. Нам вельмі хацелася б, каб такія спецыялісты заставаліся ў раёне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Іванаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.