Вы тут

Старшыня сельвыканкама адзін выхоўвае траіх дзяцей


Неаднойчы даводзілася сустракацца з Андрэем Мацкевічам у рамках яго службовай дзейнасці. І тады, калі ён працаваў дырэктарам дзіцячага летніка «Сузор'е», і апошнім часам, калі Андрэй Станіслававіч стаў на чале Парэцкага сельскага выканаўчага камітэта Гродзенскага раёна. Памятаю, як у адным з нумароў «Мясцовага самакіравання» мы падрабязна разглядалі тэму добраўпарадкавання тэрыторыі сельскага Савета. У такім кантэксце, як правіла, акцэнт робіцца на справах, а не на асобе суразмоўніка. Але гэтым разам мы гутарылі на вельмі прыватную тэму, якая раскрывае старшыню сельвыканкама як клапатлівага бацьку. Ён вось ужо восьмы год адзін выхоўвае траіх дзяцей і прызнаецца, што Дзень бацькі, які сёлета будзе адзначацца ўпершыню, безумоўна, вельмі важнае свята і для яго асабіста. У першую чаргу таму, што ёсць нагода ганарыцца сваімі дзецьмі.


З дзецьмі Робертам і Варварай.

Андрэя Мацкевіча можна назваць яшчэ маладым чалавекам, яму толькі 38 гадоў. Энергічны, упэўнены, у добрай фізічнай форме. Здаецца, што і «за кадрам» у яго ўсё добра, зладжана і стабільна. А між тым, у старшыні сельвыканкама свая трагедыя. Сем гадоў таму не стала яго жонкі. Яна пайшла з жыцця пасля працяглай анкалагічнай хваробы. У бацькі на руках засталося трое малых дзяцей.

— Чаму не жаніўся зноў? — перапытвае мой суразмоўнік. — Не так усё проста, калі ёсць дзеці. У гэты момант нават выключаеш усё, што навокал, бо важна захаваць давер з дзецьмі. У такі перыяд нават думкі няма, што трэба шукаць кагосьці.

— Думаеце, дзеці не маглі б тое прыняць?

— Калі чалавек застаецца без сваёй палавіны, ён нібы адразае ад сябе ўвесь навакольны свет і аддае сябе толькі дзецям. У самім чалавеку іншы раз прычына.

У складаны момант сапраўдным пунктам апоры сталі бацькі. Яны і сёння падтрымліваюць свайго сына і ўнукаў. Яніна Іосіфаўна доўгі час працавала ў сацыяльнай сферы, цяпер на пенсіі, а Станіслаў Вацлававіч і дагэтуль працуе на заводзе інжынерам па забеспячэнні. Яны таксама выхавалі траіх дзяцей і заўсёды гасцінна прымаюць іх з сем'ямі. Андрэй Станіслававіч расказаў, што многія традыцыі і звычаі, якія былі і застаюцца ў яго бацькоў, ён пераносіць і ў сваю ўласную сям'ю. І гэта дае свой плён. Напрыклад, рыхтаваць падарункі і збірацца разам на святы — Каляды, Новы год, Вялікдзень.

А яшчэ бацькі Андрэя сталі прыкладам таго, як важна прысвяціць сваё жыццё дзецям.

— На жаль, дзеці толькі з цягам часу разумеюць тое, што для іх зрабілі бацькі. У дзіцячым узросце ўспрымаеш сваіх бацькоў як належнае. Але калі з'яўляецца свая сям'я, свае дзеці, тады разумееш, чым прыходзілася ахвяраваць бацькам. Разумееш, што ўсё сваё жыццё яны прысвячаюць дзецям. Гэта для мяне прыклад у выхаванні, — дзеліцца сваімі думкамі старшыня сельвыканкама.

Калі не стала жонкі, Андрэй Мацкевіч стаў больш аналізаваць свае адносіны з бацькам. Якім ён памятае яго з дзяцінства? Што той залажыў у ягоны характар? Як выхоўваў? Яму ўсё гэта было важна ўсвядоміць, каб па-новаму наладжваць свае адносіны з дзецьмі. Але аказалася, што на гэтыя пытанні няма канкрэтнага адказу, бо ёсць пачуццё агульнай цеплыні і надзейнага бацькаўскага пляча. «Яго пачуцці больш стрыманыя, ціхія, але пачуцці гэтыя немагчыма нічым замяніць. Яго схаваная моц, уменне прымаць удары лёсу дапамаглі мне выстаяць у складаныя моманты», — з хваляваннем кажа Андрэй Станістававіч.

— Што вы імкнуліся залажыць у дзецях, якія выхоўваюцца татам?

— Калі жыццё складваецца такім чынам, галоўнае ў гэты момант не вінаваціць нікога, у тым ліку сябе. Трэба прыняць выклік лёсу. Хоць можа падацца, што гэта немагчыма, — разважае Андрэй Станіслававіч. — Важна разумець, што трэба ісці далей, бо дзеці чакаюць, што тата будзе моцным.

Магчыма, такая ўпэўненасць дапамагае і дзецям справіцца са стратай дарагога чалавека. Яны бачаць, што тата жыве іх інтарэсамі, шмат часу аддае іх усебаковаму развіццю. І бацьку ёсць чым ганарыцца. Сын Роберт — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, дыпламант і лаўрэат міжнародных, рэспубліканскіх і абласных музычных конкурсаў. Дачка Лізавета — студэнтка 1 курса факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Я. Купалы, удзельніца і пераможніца абласных і раённых спартыўных спаборніцтваў. Дачка Варвара — пераможніца раённых этапаў творчых і спартыўных конкурсаў і спартакіяд.

У сваю чаргу, дзеці з разуменнем ставяцца да работы свайго таты, падтрымліваюць яго. Андрэй Станіслававіч другі год працуе на пасадзе старшыні Парэцкага сельвыканкама. Сёння яго галоўныя планы скіраваны на добраўпарадкаванне тэрыторыі сельскага Савета, у прыватнасці аграгарадка Парэчча.

— Работа сапраўды даволі клапотная, але цяпер дзеці сталі старэйшыя, яны падтрымліваюць мяне, я гэта адчуваю, — адзначае Андрэй Мацкевіч. — У іх ёсць тая мудрасць, якая павінна быць, і яны добра разумеюць, што такое татава работа, што гэта важна для людзей і для грамадства, для дзяржавы, а ў тым ліку і для іх.

Дзень бацькі абавязкова стане адным з самых знакавых свят у сям'і Мацкевічаў. Дзеці нарэшце змогуць павіншаваць свайго тату не толькі з Днём нараджэння, але і яго як бацьку. А напярэдадні асаблівага дня Андрэя Станіслававіча разам са шматдзетнымі сем'ямі запрасілі на прыём да губернатара. Дарэчы, кіраўнік рэгіёна Уладзімір Каранік выказаў захапленне стойкім характарам старшыні Парэцкага сельвыканкама, які адзін гадуе траіх дзяцей і развівае іх таленты. Сам Андрэй Станіслававіч лічыць важным аддаваць даніну памяці жонцы, якая пайшла з жыцця. Разам з тым, на яго думку, варта знайсці ў сабе сілы жыць далей і працягваць будаваць свой лёс.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».