Вы тут

Да маніторынгу цэн актыўна далучаюцца дэпутаты мясцовых Саветаў


Пасля нарады ў Прэзідэнта і падпісанай кіраўніком дзяржавы дырэктывы маніторынг цэн па ўсёй краіне вядуць Дзяржкантроль, прафсаюзы, сенатары, дэпутаты розных узроўняў. Асаблівая ўвага звернута на кошт сацыяльна значных тавараў. Дэпутацкі корпус Пухавіцкага раёна, які налічвае 211 народных выбраннікаў, наведвае гандлёвыя пункты на падведамасных тэрыторыях.


Фота: БелТА.

— Маніторынг ахоплівае як сам райцэнтр, так і сельскія населеныя пункты, — расказвае старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў Марыя Клімовіч. — Кантралюем цэны не толькі на сацыяльна значную прадукцыю, але цікавімся і асартыментным пералікам. У чалавека павінен быць выбар за свае грошы набыць тое, што яму патрэбна. Пры наведванні гандлёвых пунктаў мы фіксуем і параўноўваем цэны на тавары першай неабходнасці. Не толькі на прадукты, але і на мыйныя і гігіенічныя сродкі. На ўсёй тэрыторыі раёна дэпутаты падключыліся да работы па маніторынгу цэн, уключаючы раённы Савет дэпутатаў і сельскія Саветы дэпутатаў. Пры наведванні гандлёвых аб'ектаў фіксуем цэны на малако, тварог, смятану, агародніну і садавіну.

Падчас маніторынгу абавязкова прысутнічае загадчык крамы або яе прадстаўнік.

У прысутнасці абодвух бакоў цэны па кожнай таварнай пазіцыі заносяцца ў своеасаблівы рэестр-ведамасць. Агульная інфармацыя па ўсіх гандлёвых аб'ектах паступае старшыні райсавета і карпатліва аналізуецца. Здараецца, і нярэдка, што адзін прадпрымальнік мае некалькі аб'ектаў у розных населеных пунктах. Тут таксама варта глядзець, каб не было вялікай разбежкі ў цэнах на аднолькавую прадукцыю.

— З гэтай табліцы я бачу, ці адпавядаюць цэны рэчаіснасці, ці няма парушэнняў у цэнаўтварэнні, ці знаходзяцца пакупнікі з розных населеных пунктаў у аднолькавых умовах, — кажа Марыя Уладзіміраўна. — Дапамагае дэпутатам працаваць аддзел эканомікі райвыканкама, правярае згаданую табліцу на адпаведнасць.

— Вы пачалі маніторынг цэн тыдзень назад. Тэрмін невялікі. Але, магчыма, ужо можаце падзяліцца вынікамі? — цікавімся ў суразмоўніцы.

— Магу сцвярджаць адназначна: парушэнняў не выяўлена. Я давяраю сваім дэпутатам. Гэта адукаваныя, вопытныя і адказныя людзі, — падкрэсліла Марыя Клімовіч. — Праўда, бывае, што ў гандлёвых пунктах адной і той жа юрыдычнай асобы цэны крыху адрозніваюцца. Гэта лагічна і звязана з дастаўкай тавараў на розныя адлегласці.

Дадам, што Пухавіцкім раённым Саветам дэпутатаў арганізаваны прамыя тэлефонныя лініі з нумарам тэлефона старшыні і спецыяліста. У першы дзень размяшчэння аб'явы сюды звярнуліся чатыры чалавекі. Але не са скаргамі. Людзей больш цікавіла фарміраванне цэн. І яны атрымалі вычарпальныя адказы ад кампетэнтных асоб. Усе пытанні, якія задаюць пакупнікі, прапрацоўваюцца з аддзелам эканомікі.

У раёне працуюць як дзяржаўныя крамы, так і прыватныя. Усе яны пастаўлены ў роўныя ўмовы. Няма такога, каб іх дзялілі зыходзячы з формы ўласнасці, да адных адносіліся прыдзірліва, да іншых — паблажліва. Акрамя таго, народныя выбраннікі кантралююць цэны і асартымент тавараў у аўтакрамах, якія ходзяць у аддаленыя вёскі.

— У нас выбудавана сістэма маніторынгу. Будзем і надалей праводзіць падобную работу, бо на першым месцы для нас — людзі, — гаворыць Марыя Клімовіч.

Па дарозе на аўтавакзал я зазірнула ў два магазіны. Якраз быў абедзенны перапынак, у гандлёвых залах сабралася даволі шмат людзей. У «Прадуктовым» народ закупляўся свежымі памідорамі, агуркамі.

— Я жыву непадалёку, таму тут часта бываю, — сказала адна з пакупніц, якая прадставілася Ганнай Іванаўнай. — Мне магазін падабаецца. Я не скажу, што тут цэны завоблачныя. Зрэшты, такія ж, як усюды.

— Я спачатку абыходжу некалькі магазінаў, цікаўлюся цэнамі, а потым раблю пакупкі. Павышэння цэн таксама не прыкмеціла, — далучаецца да гутаркі іншая жанчына.

— А я як шматдзетная маці часта наведваюся ў магазіны, дзе мне належыць 10-працэнтная скідка. Купляю муку, крупы, свініну на костцы, — дзеліцца
трэцяя.

Наведалася я і ў краму спажыўкааперацыі. Спадабалася тое, што сацыяльныя тавары, якія для асабліва ўразлівых катэгорый прадаюцца са зніжкай, выдзелены спецыяльнымі цэннікамі, што адразу кідаюцца ў вочы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».