Вы тут

У Мінску завяршылася акцыя па аднаўленні беларускіх святынь


Вынікі рэспубліканскай міжканфесійнай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера» былі падведзены ў Мінску.


У гэты дзень адначасова разгарнулася тэматычная працоўная акцыя, пры тым адначасова на двух аб'ектах: брацкай магіле на Усходніх могілках і тэрыторыі Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, што выратаванню Айчыны нашай паслужылі».

На 24-м участку Усходніх могілак захаваны астанкі 190 воінаў, якія загінулі за вызваленне Мінска ў 1941—1945 гадах. Валанцёры прыбралі прылеглыя тэрыторыі, працерлі помнікі. Самым творчым было дадзена заданне пафарбаваць лаўкі. Пасля працы моладзь запаліла лампады ў гонар памяці герояў-вызваліцеляў і ўсклала кветкі да мемарыяла. На тэрыторыі храма-помніка таксама разгарнуліся грамадска карысныя работы. Там добраахвотнікі БРСМ аказалі дапамогу ў афарбоўцы лавак.

— Сімвалічна, што ў фінале нашага рэспубліканскага праекта мы добраўпарадкоўваем менавіта храм-помнік і брацкае пахаванне, — падкрэсліла Аляксандра Ганчарова, сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху «Добрае сэрца», — У іншых краінах воінскія пахаванні зносяцца. Наша моладзь не дапускае забыцця гісторыі і нагадвае, што ў сэрцы кожнага сэрцы беларуса, няхай нават юнага, гэтая гісторыя вельмі важная, актуальная для кожнай сям'і.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў дня стала алічбоўка нацыянальнай святыні — крыпты Храма-помніка з устаноўкай у ёй таблічкі «Лічбавая зорка», што дае магчымасць усім ахвотным адсканаваць код і прачытаць цікавую інфармацыю пра алічбаваны аб'ект.

— Гэты помнік і гэтая «Лічбавая зорка» стане 1129-м з усіх алічбаваных на тэрыторыі нашай краіны, — каментуе Аляксандр Лук'янаў, першы сакратар ЦК БРСМ. — Мы вельмі рады, што моладзь актыўна далучылася да гэтага праекта, і сёння, алічбоўваючы храм-помнік, мы ўпісваем новую старонку ў агульны летапіс слаўных перамог нашых дзядоў і прадзедаў.

Таксама ў гэты дзень адбылася прэм'ера навукова-асветніцкага фільма «Трасцянец. Памяць агульная». Ініцыятарамі яго стварэння выступілі Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння і Усіхсвяцкі прыход Мінска. Адной з асноўных задач фільма Аляксандр Госцеў, дырэктар дзяржаўнай установы «Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння», назваў увекавечанне памяці ахвяр лагера смерці «Трасцянец» з улікам новых звестак, якія з'явіліся пры расследаванні справы аб генацыдзе беларускага народа.

У фінальнай акцыі прыняло ўдзел 100 валанцёраў руху «Добрае сэрца» з усіх рэгіёнаў краіны, маладзёжных валанцёрскіх каманд РУП «Белмытсэрвіс», Савета маладых адвакатаў БРКА, а таксама прадстаўнікоў вядучых рэлігійных канфесій Беларусі. Яны атрымалі ўзнагароды па выніках акцыі.

Трэба адзначыць, што валанцёрскі рух «Добрае сэрца» зараз аб'ядноўвае каля 33 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сярод іх — школьнікі, студэнты і працоўная моладзь.

Сёлета, у Год гістарычнай памяці, у акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» прынялі ўдзел 3600 валанцёраў руху «Добрае сэрца». Такім чынам пад слоганам «Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера» актыўная моладзь добраўпарадкавала 274 святыні. Увогуле, праект існуе з 2013 года. У 2016-м пры падтрымцы апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь акцыя стала міжканфесійнай.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».