Вы тут

Агонь не даруе бестурботнасці. На што звярнуць увагу, каб не дапусціць пажару?


Напярэдадні кожных летніх выхадных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рэкамендавала быць пільнымі на вадзе, асабліва берагчы дзяцей, — адпаведныя смс-паведамленні атрымліваў кожны, хто мае мабільны тэлефон. Хочацца верыць, што падобным спосабам удалося папярэдзіць не адну трагедыю. З пачаткам восені, а, адпаведна, пажаранебяспечнага сезона, пры дапамозе смс-апавяшчэння ратавальнікі просяць грамадзян быць асцярожнымі пры абыходжанні з агнём, нагадваюць, што з-за бестурботнасці дарослых на пажарах гінуць дзеці...


Трагічныя «эксперыменты»

Днём 4 кастрычніка ратавальнікі атрымалі сігнал аб пажары ў адной з кватэр дзевяціпавярховага жылога дома ў Мінску. Выратаваць знойдзенага гаспадара і яго сына 2017 года нараджэння не ўдалося...

Жудасная трагедыя адбылася вечарам 9 кастрычніка ў Барысаве. Ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні ў адной з кватэр шматпавярховіка. Падчас ліквідацыі пажару супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выявілі трох чалавек. Усе з іх — 37-гадовая жанчына, а таксама дзеці трох і сямі гадоў — знаходзіліся ў беспрытомным стане. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, выратаваць браціка і сястрычку не ўдалося. Жанчына, іх маці, па сёння знаходзіцца ва ўстанове аховы здароўя.

Дык што ж здарылася ў той дзень? Па папярэдняй версіі следства (Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа), незадоўга да трагедыі бацькі ўжывалі алкагольныя напоі, пасля чаго заснулі. Без нагляду засталіся іх трое непаўналетніх дзяцей: трох, шасці і сямі гадоў. Малыя не прыдумалі нічога лепшага, як пагуляць з агнём: па папярэдняй інфармацыі, менавіта дзіцячае свавольства стала прычынай трагедыі. Калі ўзнік пажар, самастойна яго патушыць дзеці не змаглі. Не былі здольныя на гэта і дарослыя. Пакінуць моцна задымленае памяшканне, якое гарэла адкрытым полымем, змаглі толькі бацька і шасцігадовая дзяўчынка.

Яшчэ адно свавольства дзяцей у ліпені вылілася ў пажар, які адбыўся ў аграгарадку Багушэвічы, што ў Бярэзінскім раёне. На шчасце, у гэтым выпадку абышлося без ахвяр. Затое пра новы дах над галавой бацькам юных «эксперыментараў» паклапаціцца прыйшлося: ад іх ранейшага жылля мала што засталося. Напярэдадні дзеці гаспадароў — дзевяці і 11 гадоў, якія засталіся адны дома, — вырашылі прыгатаваць поп-корн з крупаў. Ідэю «эксперыменту» хлопцы падгледзелі ў адной з сацыяльных сетак. Дзеці нагрэлі сланечнікавы алей да такой ступені, што ён загарэўся. Хлопцы не прыдумалі нічога лепшага, як патушыць полымя вадой, чаго рабіць катэгарычна нельга. У выніку адбыўся выбух, і агонь распаўсюдзіўся па ўсёй кухні. На шчасце, юныя «эксперыментатары» своечасова пакінулі хату, іх жыццю і здароўю нічога не пагражала.

Дзіцячае свавольства з агнём — адна з прычын пажараў. Многіх трагедый можна было б пазбегнуць, калі б побач з непаўналетнімі ў гэты небяспечны момант знаходзіўся хтосьці з дарослых. Дарослы чалавек здольны самастойна справіцца з невялікім узгараннем, рацыянальна ацаніць абстаноўку, дапамагчы ўсім жыхарам пакінуць жыллё ў выпадку, калі патушыць агонь не ўдалося. Аднак, як сведчыць статыстыка, нават дарослыя ў такіх сітуацыях часта не памочнікі: будучы ў стане алкагольнага ап'янення, яны не могуць дапамагчы не толькі навакольным, але і нават сабе.

І калі ад п'янства чалавецтва, напэўна, ніколі не пазбавіцца, то прадухіліць дзіцячае свавольства з агнём цалкам магчыма. «Выхоўваючы дзіця і прывіваючы яму неабходныя навыкі бяспечных паводзін у побыце, перш за ўсё, самі бацькі павінны паказваць належны прыклад паводзін, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Задача бацькоў — максімальна засцерагчы сваё дзіця ад надзвычайнага здарэння, прывіць навыкі абачлівасці, дысцыплінаванасці і бяспечных паводзін. Размаўляйце са сваімі дзецьмі, будуйце дыялог, цікаўцеся іх справамі і жыццём. Вы павінны ведаць, з кім сябруе ваша дзіця, з кім мае зносіны, дзе бавіць вольны час. Прыводзьце прыклады, расказвайце пра розныя надзвычайныя сітуацыі, тлумачце і нагадвайце аб бяспецы. Толькі вялікім клопатам аб нашых дзецях мы зможам папярэдзіць пажары па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, захаваць свой дом, маёмасць і самае дарагое — жыццё дзіцяці».

Не будзе лішнім навучыць дзіця правільным дзеянням пры пажары, паказаць яму магчымыя выхады для эвакуацыі. Яшчэ важна патлумачыць, чаму ў выпадку надзвычайнай сітуацыі нельга панікаваць і хавацца.

Нецвярозыя — у зоне рызыкі

Кожны дзень у МНС паступае звыш дзясятка паведамленняў аб узгаранні. Немалая доля з іх заканчваецца не толькі знішчаным жыллём, але і гібеллю чалавека. Узяць хаця б сутачную зводку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за 16 кастрычніка. За адны суткі — шэсць ахвяр агню.

У Чавускім раёне загінуў мужчына, папярэдняя прычына пажару — неасцярожнасць пры курэнні. У адным з прыватных дамоў у Магілёве загінулі два пенсіянеры, прычына — тая ж. Ва ўстанове аховы здароўя ад апёкаў, атрыманых у выніку ўзгарання, памёр жыхар Рэчыцы. На пажары ў Пінскім раёне без прыкмет жыцця знойдзена гаспадыня. На Салігоршчыне загінуў мужчына.

На пажары ў Барысаве, дзе загінула двое дзяцей.

— З пачатку года ў краіне ад пажараў загінула звыш 470 чалавек, у тым ліку восем дзяцей, — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Аналіз паказвае, што 67 працэнтаў пажараў з гібеллю людзей адбываецца ў перыяд з кастрычніка да сакавіка. Пры гэтым пік росту прыпадае на снежань — студзень. Пераважнай прычынай гібелі людзей ад пажараў з'яўляецца няведанне або грэбаванне мерамі бяспекі, так званы чалавечы фактар ??— бестурботныя, неасцярожныя дзеянні. Найбольшая колькасць людзей загінула ад пажараў, якія адбыліся ў аднакватэрных жылых дамах у сельскай мясцовасці, у асенне-зімовы ацяпляльны перыяд, у начны час.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства, асноўнай прычынай гібелі людзей ад пажараў з'яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Большасць загінулых былі непрацоўнымі грамадзянамі працаздольнага ўзросту і непрацоўнымі пенсіянерамі, якія знаходзіліся напярэдадні пажару ў стане алкагольнага ап'янення або загінулі па віне такіх асоб.

Падрыхтуйцеся да зімы!

З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва Міністэрства па надзвычайных сітцацыях з 17 кастрычніка да 2 лістапада праводзіць рэспубліканскую пажарна-прафілактычную акцыю па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў асенне-зімовы перыяд «За бяспеку разам». Ратавальнікі і іншыя зацікаўленыя асобы абследуюць супрацьпажарны стан домаўладанняў адзінокіх пажылых грамадзян, пенсіянераў, якія жывуць адны, інвалідаў, сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праводзяць з грамадзянамі тлумачальную работу па выкананні правілаў пажарнай бяспекі, інфармуюць насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па паслугах бяспекі.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца, у першую чаргу, прызначаны найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян, якія ў сілу свайго ўзросту і матэрыяльнага становішча не могуць прадугледзець магчымыя рызыкі. Аднак падрыхтавацца да асенне-зімовага перыяду з пункту гледжання бяспекі варта кожнаму чалавеку. Як мінімум — праверыць на спраўнасць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Калі ж такія адсутнічаюць, іх неабходна ўстанавіць, прычым у кожным жылым пакоі, — такая нязначная, на першы погляд, рэч выратавала жыццё ні аднаму чалавеку.

— З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі, а таксама ўлічваючы высокую эфектыўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА), неабходна ўстанавіць у кожны жылы пакой гэты найпрасцейшы і даступны сродак супрацьпажарнай абароны, — рэкамендуе Яўген Бараноўскі. — У 2021 годзе ў краіне зарэгістравана 88 фактаў спрацоўкі АПА, дзякуючы чаму пажары былі выяўлены і ліквідаваны на пачатковай стадыі. У выніку было выратавана 97 чалавек, у тым ліку 26 дзяцей. За дзевяць месяцаў гэтага года дзякуючы аўтаномным пажарным апавяшчальнікам другое жыццё атрымалі 48 чалавек, з іх — 13 дзяцей.

У гэты перыяд важна пракантраляваць і спраўнасць ацяпляльнага абсталявання, электрычнай праводкі. Асабліва ўважліва да пытання бяспекі варта падысці тым, хто ў якасці абагрэву выкарыстоўвае пячное ацяпленне. Няспраўная печ, няправільная яе эксплуатацыя — прычыны многіх пажараў з трагічным фіналам. Асабліва гэта датычыцца ўладальнікаў прыватных жылых дамоў — варта набыць і размясціць у сябе ў домаўладанні вогнетушыцель.

У МНС рэкамендуюць наведаць родных і блізкіх, якія жывуць у сельскай мясцовасці, дапамагчы ім падрыхтавацца да ацяпляльнага сезона. Калі ж яны гэта ўжо зрабілі, не будзе лішнім пракантраляваць, наколькі якасна печ падрыхтавана да зімы. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на правах прыватнай уласнасці, ускладзена на іх уласнікаў.

Каб прадухіліць дзіцячае свавольства з агнём:

  • не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду;
  • сачыце за тым, як дзеці праводзяць вольны час, чым цікавяцца, адцягвайце іх ад бескарыснага баўлення часу;
  • хавайце ад дзіцяці запалкі, запальніцы;
  • не давярайце дзецям назіраць за электрапрыборамі, печамі і газавай плітой;
  • устанавіце ахоўныя прылады на штэпсельныя разеткі: яны зніжаюць рызыку электратраўмы ў дамах, дзе выхоўваюцца малыя дзеці;
  • рэгулярна правярайце бытавую тэхніку на наяўнасць пашкоджанняў;
  • патлумачце дзецям, што нельга карыстацца электрапрыборамі без дазволу дарослых.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.