Вы тут

Літаратурная Навагрудчына. Лаўрышава. Шчорсы. Любча...


У легендарным навагрудскім паселішчы Лаўрышава Навагрудскага павета (цяпер — Навагрудскі раён) нарадзіўся паэт-самавук, народны прапаведнік-мараліст Мікалай Марозік (каля 1852 — пасля 1913). Некаторыя яго выслоў’і цытаваліся ў народзе з дадаткам: «Як кажа Мікола Марозік». У 1887 годзе газета «Минский листок» надрукавала яго верш «Памяти Александра Сергеевича Пушкина». У 1889 годзе там жа была змешчана паэма «з беларускага жыцця» «Сцяпан і Таццяна» (дакладней — «Сцяпан и Тацяна»). Карыстаючыся кожнай нагодай (храмавыя святы і інш.) выступаў у Навагрудскім і суседніх паветах з чытаннем сваіх твораў, у якіх выкрываў агульначалавечыя заганы — п’янства, распусту, гультайства, бічаваў карчмароў. Друкаваўся Мікалай Фёдаравіч Марозік пад псеўданіма Шункевіч Аляксандр. Трэба заўважыць, што паэма — «Сцяпан и Тацяна» — была надрукавана ў газеце «Минский листок» у адзін год з паэмай «Тарас», якая вядома сёння як «Тарас на Парнасе». Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук надрукаваў паэму «Сцяпан і Тацяна» са сваім каментарыем у штогодніку «Шляхам гадоў» у 1994 годзе. Прывядзём частку гэтага каментарыя: «... Паэмы і апавяданні, створаныя па законах мастацкай літаратуры, калі яны былі пазбаўлены агульнаграмадскага выкрывальнага пафасу, не цікавілі нашых даследчыкаў. Сведчыць аб гэтым, у прыватнасці, паэма «Сцяпан і Тацяна»» І далей: «Вядома, калі арыентавацца на мастацкі ўзровень Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, то паэма «Сцяпан і Тацяна» заняла б у гісторыі літаратуры не надта ганаровае месца. Але пры такім падыходзе для гутарак там наогул нейкае месца цяжка было б знайсці. А калі вартасць таго ці іншага твора вымяраць перш за ўсё шкалой нацыянальных эстэтычных каштоўнасцей, то паэме «Сцяпан і Тацяна» ў гісторыі нашай літаратуры павінна быць адведзена дастаткова пэўнае, належнае толькі ёй месца. У мастацкіх радках твора жыва і вобразна абмалёўваецца каларытная сцэнка з жыцця вёскі, яе нораваў, з паказам паводзін і перажыванняў вясковай дзяўчыны і юнака , узаемаадносін бацькоў і дзяцей.


Любчанскі замак. Фота: planetabelarus.by

Бясспрэчна, у нас сёння былі б падставы знаходзіць і вызначаць недастатковую выразнасць маральных крытэрыяў у ацэнцы паводзін маладых і дарослых герояў. Нам, можа, хацелася б больш дакладнай псіхалагічнай матывіроўкі іх паасобных учынкаў. Але не будзе забываць, што паэма «Сцяпан і Тацяна» — адзін з першых нашых твораў, напісаных у такім плане, адна з першых спроб паказаць жывога чалавека ў рэальных, жыццёвых абставінах...» Далей У. Казбярук цытуе артыкул А. І. Мальдзіса з «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі»: «... Творы М [арозіка] напісаны мяшанай бел.-рус. мовай, на невысокім маст. узроўні, палітычна кансерватыўныя». І дадае: «Хай гэты прысуд, аднак, нас не палохае. Публікацыя паэмы дасць магчымасць чытачу зрабіць уласныя, самастойныя вывады аб недахопах і вартасцях твора». А вось — і словы самой паэмы «Сцяпан и Тацяна (Из Белорусской жизни)»:

У нядзелю слонце добре грело;

Спевали птушки як вясной;

З’вакна на улицу глядзела

Тацяна хмурнаю душой.

— Чи доўгу-ж буду я чакаци?

Аж мне ўжо сбрыдала даўно:

Цалюткій дзень сядзець у хаци,

Глядзець на улицу в’акно!

Чи ласне тое ён ня знае,

Што я маркотна бяз яго?

Чи ласне серца сам ня мае?

Чи сам ня знаець ён маго?

Сцяпан, Сцяпан!

Ты мне божиўся,

Маи ты ручки цаловаў...

Няхай ты лепи-б утопіўся,

Кали бажбы ня утримаў!..

Но, дзякуй Богу, звячарело;

На небе месиц засвяціў;

Тацяна групку затапила;

Сцяпан тыц ў хату — як тут быў.

Ай добрый вечер, мая краля!
Мое ты золоцце, мой свет!

Мяне ты доўго прочакала,

Но задержаў мяне сусед!

Ў карчме у Янкеля сустреўся,

А я дай цягу да цябе!

Но штош ты хмурная такая?

Сусим у вочи не глядзиш?

Як без языкая, глухая,

Як пень насупиўшись моўчишь!

Сказаўши так Сцяпан руками

Тацяну ўйсей душой обняў

И смачно тлустыми губами

Ў щеку яе поцаловаў.

Тацяна уся пачарванела

И як асина затраслась;

Душа яе павяселела, —

Каго чакала, приждалась.

Лучинку хутко запалила,

У кухню сбегала, аттуль

Абрус принесла, стол накрыла,

Дастала с крыни сухих дуль,

Гарехаў крышку, сыра, сала,

Калач пшаничный гарадзской,

И еще таго, сяго дастала,

Гарелки нибыло одной.

Сцяпан же доўго ня чакае,

С халявы пляшку вынуў тут:

«Глядзи, мой свецик, ня пустая»! —

Сказаў Таццяне Сцяпан шут.

Цяпер, галубка, выпим трошка;
Я знаю — выпишь ты са мной;

Хоць пажартую я с табой...

Кали галоўку нам закруце,

Чаго мы будим бядаваць?

А бацька твой, ты-шь мне сказала,

Паехаў з’маткой на кірмаш;

Затым Сцяпана ты чикала,

Затым сягонне вечер наш!..

Напрыканцы газетнай публікацыі аўтар — «А. О. Шункевич» — патлумачваў, што «это наречіе, на котором написано стихотвореніе, свойственно преимущественно белорусам Минскаго уезда...»

У 1867 годзе ў Навагрудку нарадзіўся рускі філосаф, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Уладзіміравіч Лур’е, які свой жыццёвы шлях завершыў у Францыі ў 1927 годзе. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз. Закончыў гімназію ў Варшаве, у 1890 годзе — юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Супрацоўнічаў у часопісе «Русская мысль», газеце «Русские ведомости», іншых выданнях. Пісаў пра творчасць Дз. Меражкоўскага, Л. Шастакова, іншых філосафаў і пісьменнікаў.

Цікавым гісторыка-літаратурным персанажам у кантэксце гісторыі Наваградчыны падаецца лёс каталіцкага (уніяцкага) духоўніка, рэлігійнага педагога Фабіяна Абрамовіча (1884 — 1940), які нарадзіўся ў Навагрудку. Доктар філасофіі, сваю дарогу да ведаў ён пачынаў у Навагрудку — вучыўся ў гарадской школе. Каталіцкую духоўную семінарыю і каталіцкую духоўную акадэмію скончыў у Пецярбургу. У горадзе на Няве актуўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Адзін з арганізатараў, актыўных удзельнікаў I —га з’езду беларускага каталіцкага духавненства (май 1917 года). Выступіў з дакладам пра ролю асветы ў нацыянальна-рэлігійным адраджэннібыў рэктарам каталіцкай духоўнай семінарыі ў Мінску (1918 — 1920). У 1920 годзе разам з семінарыяй перабіраецца ў Навагрудак. З 1921 года — ужо ў Пінску. У 1928 — 1938 гадах — у Харбіне (Кітай), куды прызначаны кіраўніком грэка-каталіцкай епархіі рускай эміграцыі... У Кітаі мне тройчы давялося сустракацца з кітайскім перакладчыкам, пісьменнікам, вучоным, мастаком Гаа Манам (1926 — 2017) — у 2015 і 2016 гг. Перакладчык, даведаўшыся, што Адам Міцкевіч — ураджэнец Беларусі, Наваградчыны, перадаў кнігі перакладаў паэзіі вялікага паэта кітайскую мову, выдадзеныя ў Пекіне. Ужо тады ведаючы, што Гаа Ман авалодваў адукацыяй у Харбіне ў Юнацкай хрысціянскай асацыяцыі, якую стварылі ў Харбіне амерыканскія місіянеры ія кую падтрымлівалі рускія місіянеры. Мо што ведаў мой кітайскі сябра і пра грэка-каталіцкую епархію..? Патрапіў жа на вучобу да рускіх місіянераў Гаа Ман у шасцігадовым узросце, значыць — у 1932 годзе...У Харбіне ураджэнец Навагрудска стварыў гімназію, у 1932 — 1938 гг. выдаваў часопіс «Католический вестник». У 1928 і 1929 гг. у Вільні выйшлі «філасофска-грамадскія нарысы» «Бог» і «Чалавек». У 1938 годзе Фабіян Абрантовіч вяртаецца ў Еўропу, каб трымаць у Рыме справаздачу аб праробленай працы, аб службе ў Харбіне. У 1939 наведаўся ў Навагрудак. Ад новай улады ўцёк у Львоў, дзе ўсё ж быў арыштаваны. І — закатаваны...

Гарадское вучылішча ў Навагрудку ў 1904 годзе скончыў паэт, сатырык, гумарыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года Анатоль Дзяркач (1887 — 1937). Нарадзіўся пісьменнік у мястэчку Турэц сённяшняга Карэліцкага раёна. Друкавацца пачаў у 1907 годзе. З 1924 года працаваў рэдактарам сатырычнага часопіса «Дубінка» (выходзіў як дадатак да рэспубліканскай газеты «Звязда»). З 1929 года Анатоль Дзяркач — у газеце «Піянер Беларусі». У 1925 — 1930 гг. выдаў кнігі «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў», «Міколава гаспадарка», «Нашы прыяцелі», «Першы дзень у дзіцячым садзе», «Працавітая дзяўчына», «Звяры нашых лясоў», «Бог удвох», «Качаргой па абразох», «Усім патроху...» У 1936 годзе Анатоль Дзяркач незаконна арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

У пярэдадзень Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у Навагрудскім павеце Язэп Мазуркевіч (1887 — 1937). Празаік, крытык, краязнавец.

Вёска Балотца — паселішча, якое ўваходзіць у Шчорсаўскі сельсавет, радзіма вучоных Зоі Міхайлаўны Шуглі (1933; доктар сельскагаспадарчых навук) і Івана Іванавіча Катляра (1941; беларускі філосаф, палітолаг, грамадскі дзеяч). А ў 1889 годзе ў Балотцы нарадзіўся гісторык, педагог Фёдар Фёдаравіч ТУРУК (памёр у Маскве ў 1960 годзе). Скончыў у Петраградзе два інстытуты — гісторыка-філалагічны і археалагічны. У Петраградзе далучыўся і да беларускага руху. У 1915 — 1918 гады выкладаў у гімназіях Мінска і Масквы. Адзін з арганізатараў Беларускага народнага ўніверсітэта і Беларускагаінавукова-культурнага таварыства ў Маскве. Менавіта навагрудчанін Фёдар Турук садзейнічаў выхаду ў свет кнігі Янкі Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (Масква, 1919 год). Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А з 1923 года — ізноў у Маскве. Працаваў выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцяў Захаду. Выдаў кнігу «Беларускі рух: Нарыс гісторыі нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху беларусаў» (Масква, 1921).

У 1896 годзе ў Любчы, на Наваградчыне, нарадзіўся крытык, публіцыст, паэт Павел Каравайчык (1896 — 1937). Жыццёвы лёс якога завершыўся ў Чувашыі, Чэбаксарах. Павел Гіляравіч — з сям’і малазямельных сялян. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў ў Вышэйшую пачатковую школу ў Навагрудку. А ў 1910 годзе перайшоў у Навагрудскую прыватную рэальную школу. У 1911 годзе малады чалавек здаў уступныя экзамены ў Мінскую гімназію і скончыў яе з залатым медалём ужо ў Маскве ў 1916 годзе, куды гімназія была эвакуіравана ў час Першай сусветнай вайны. У 1925 годзе Павел Каравайчык скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Друкаваўся літаратар з 1917 года. Пісаў рэцэнзіі на творы, кнігі, якія станавіліся бясспрэчнай клаіскай беларускай літаратуры, — «Матчын дар» Алеся Гаруна, «Творы» Максіма Багдановіча, «Спадчына» Янкі Купалы. Пісаў Павел Каравайчык і вершы.

Калі мы ўжо зазірнулі ў Любчу канца XIX — пачатку XX стагоддзя, то нельга не згадаць сядзібу Войнава. Зараз яна належыць Любчанскаму філіялу ААТ «Навагрудскія дары». Захавалася сядзіба ў ранейшых межах. Абнесена бетоннай сцяной. На месцы сядзібнага дома пабудавана вытворчае памяшканне. Гаспадарамі сядзібы ў пазамінулым стагоддзі былі Дыбоўскія. У 1911 г. маёнткам валодала Мальвіна Іванаўна з Дыбоўскіх. У сядзібе ў сваёй сястры апошнія гады жыцця знаходзіўся яе брат — Уладзіслаў Іванавіч Дыбоўскі (1838 — 1910), вядомы заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг, фалькларыст, удзельнік паўстання 1863 — 1864 гг. Апісваючы сядзібу, доктар біялагічных навук Анатоль Тарасавіч Федарук у сваёй кнізе «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» зазначае, што «...ў доме была сабрана вялікая бібліятэка, у якой Уладзіслаў да апошніх дзён жыцця няспынна працаваў. Сабраў бібліятэку (каля 20 тыс. кніг на розных мовах) Ян Наргілевіч. Бальшыню складалі кнігі па геаграфіі, этнаграфіі і на тэмы падарожжаў. Пасля смерці Яна (1886) Мальвіна ў 1903 годзе частку кніжнага збору і некалькі дзесяткаў атласаў перадала Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх у Львове (вопіс склаў 3684 спраў). Уладзіслаў пахаваны побач з Наргілевічамі каля невялікага храма на ўскрайку сядзібнага парка». Дарэчы, добра было б ААТ «Навагрудскія дары» заняцца мемарыялізацыяй гэтай мясціны. І працаўнікі ведалі б, у якой гістарычнай, асветніцкйа прасторы яны вырабляюць сваю прадукцыю — найперш сыры. Мо і экскурсіі б сюды ладзілі... Сыйшліся б разам гісторыя і сучаснасць!..

Кароткае адступленне. Да размовы пра прыватныя бібліятэкі ў сядзібах. Багатыя зборы, мо, праўда, не такія гістарычныя, як у Шорсах, мелі многія навагрудскія гаспадары. У Рутцы, якая звязана ў XIX стагоддзі з родам Барзабагатых, дактароў і ўдзельнікаў паўстанняў, меўся збор кніг ва Уладзіслава Канстанцінавіча Барзабагатага (1831 — 1886). Вопіс кніг складаў 8 спраў у 22 тамах. Збор У. Барзабагаты перадаў бібліятэцы ў Навагрудку. У маёнтку ў Чамброве, вёска Радогашча, гаспадарылі Юліян Чамброў, а пасля яго сын Караль Чамброў (1869 — 1942). Сведчанне з манаграфіі Анатоля Тарасавіча Федарука: «У доме знаходзілася даволі багатая бібліятэка, у асноўным класікаў літаратуры, і вялікі сямейны архіў, якія ацалеў у гады войнаў 1812 г., а затым — і 1914 г. Двума тамамі маляўнічых гравюр на стале прадстаўлена «Дрэзэдэнская галерэя». Гэта выданне, пісаў Ян Булгак, якому дзядзька дазволіў карыстацца бібліятэкай, стварала ўяўленне пра вялікае еўрапейскае мастацтва і такія імёны, як Рубенс, Рэмбрандт, Рафаэль. У бібліятэцы захоўвалася ілюстраванае парыжскае выданне «Канрода Валенрода», «Гражыны» і другія кнігі, альбомы, папкі з малюнкамі, гравюрамі, штогоднікі, газеты». Дарэчы, у маёнтку Чамброва нарадзіўся польскі мастацтвазнавец, мастацкі педагог Марыюш Карповіч (1934). Доктар мастацтвазнаўства габілітаваны (1966). Прафесар (1979). Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя выяўленчага мастацтва» у 1955 годзе. Працаваў у Інстытуце гісторыі мастацтваў Варшаўскага ўніверсітэта. Чытаў лекцыі і друкаваўся як мастацтвазнавец у Італіі, у Швейцарыі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Канадзе. Аўтар даследванняў «Барока ў Польшчы», «Дзіўныя шляхі польскага мастацтва», «Польскае мастацтва XVIII стагоддзя» і іншых.

А крыху раней, з 1878 года, Уладзіслаў Дыбоўскі арандаваў маёнтак у Нянькава Навагрудскага раёна. Пасяліўся вучоны тут пасля заканчэння працы ў Дэрпцкім універсітэце. Вывучаў флору і фаўну Навагрудчыны, апрацоўваў зборы малюскаў і губак з Усходняй Прыбалтыкі і Сібіры, якія дасылаў яму яго брат Бенедыкт. Захапляўся Уладзіслаў Дыбоўскі і этнаграфіяй, беларускім фальклорам. У 1881 годзе выдаў кнігу «Беларускія пагаворкі з Навагрудскага павета», у 1886 годзе — «Беларускія загадкі з Мінскай губерні». Сядзіба ў Нянькава страчана.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».