Вы тут

Адкуль бяруцца сапраўдныя мужчыны?


Завабныя аб'явы накшталт «раскрыйце ў сабе жанчыну» цяпер можна сустрэць паўсюль. Гэткая рэклама моднай дзейнасці сучасных коўчаў і іншых спецыялістаў, якія абяцаюць змяніць ваша жыццё ў імгненне вока. І тут згадваецца выраз «жанчынамі не становяцца — імі нараджаюцца». А пасля яшчэ адзін: «кожная жанчына марыць сустрэць сапраўднага мужчыну». Аднак які ён, як яго распазнаць — тут ужо могуць быць розныя варыянты. Таму сёння паспрабуем разабрацца ў тым, як трэба выхоўваць хлопчыкаў, каб яны сталі сапраўднымі мужчынамі.


— Само паняцце «сапраўдны мужчына» вельмі шырокае, і я тут бы ўсё ж гаварыла пра асобу. Што гэта чалавек, які адбыўся, які мае свае погляды, пазіцыі і здольны іх адстойваць. Ён незалежны, спакойна можа праяўляць сябе і ўпэўнена крочыць па жыцці, — адзначае псіхолаг Вера ПРОХАРЧЫК. — Такі мужчына жыве па закліку сваіх унутраных адчуванняў, бо ён самадастатковы, і гэта дае яму апору.

Вядома, у кожнага будзе сваё пэўнае ўяўленне пра тое, якімі характарыстыкамі павінен валодаць сапраўдны мужчына. Калі ж звузіць гэтае паняцце і разглядзець у кантэксце сям'і (паколькі менавіта там дзеці часцей за ўсё назіраюць ролі мужчынскіх паводзін), то могуць з'явіцца і новыя акцэнты. Таму што там ужо праяўляецца ўменне быць прыкладам, несці адказнасць за тых, хто побач, удзельнічаць у выхаванні дзяцей. З апошняга ўсё і пачынаецца. Прычым усе ж ведаюць, што выхоўваем мы дзіця нават тады, калі проста знаходзімся побач.

— Раней інстытут сям'і быў больш аўтарытэтны і сямейныя каштоўнасці перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Так, мужчына заўсёды ўспрымаўся як здабытчык, а жанчына — як адказная за дамашні ачаг. Дык вось «здабытчык» — гэта пра тое, каб здабываць, быць недзе нават крыху агрэсіўным, ставіць мэты і дасягаць іх. Пры гэтым заставацца эмацыянальна ўстойлівым, самастойным, рашучым, — працягвае спецыяліст. — І калі мы гаворым пра выхаванне такіх якасцяў, то гэта пачынаецца ўжо ў тыя моманты, як дзіця заяўляе пра сябе з дапамогай сваіх «хачу», праяўляе да чагосьці інтарэс. Ужо ў такіх сітуацыях вельмі важна даваць дзіцяці магчымасць спрабаваць, каб напрацоўваўся вопыт. Ні ў якім разе не варта ігнараваць гэту ініцыятыву. Таксама у выхаванні хлопчыка можа нашкодзіць маміна гіперапека, асабліва там, дзе ён можа справіцца сам. І, безумоўна, для малога важна пераймаць паводзіны бацькі. Тут і мужчынскія ролевыя гульні, і паездкі на рыбалку, і нейкая праца з малатком, гаечным ключом і іншае.

Калі ж у сям'і няма таты, то даць такі важны для сталення пакуль яшчэ маленькага мужчыны вопыт могуць родзічы (дзядуля, дзядзька, старэйшыя браты) альбо трэнер, выкладчык, нават знаёмы вашай сям'і. Самае галоўнае, каб прыклад для пераймання быў добры. Напрыклад, ваш сын можа класна бавіць час са сваім хросным бацькам альбо са стрыечным братам, які можа і ў футбол з ім паганяць, і дапамагчы змайстраваць шпакоўню...

А вось калі ў хлопчыка ёсць мама і тата, усё значна прасцей. Хоць, вядома, у першы год малечы больш неабходна мама, яе ўвага, клопат і любоў. Аднак потым важна, каб яна паступова адпускала дзіця ў свет мужчынскіх узаемаадносін. У адваротным выпадку, асабліва калі мама яшчэ і дзейнічае з пазіцыі «ён жа ў мяне такі маленькі», гузік не зашпіліць, дзіця не толькі ў тры, але і ў шэсць нічога не будзе рабіць. Лепш акцэнтаваць увагу сына на тым, што ён малайчына, абавязкова справіцца і ўсё ў яго будзе добра! Нікому ж не хочацца атрымаць праз нейкі час дарослага інфантыльнага мужчыну, за якога ўсё павінна рабіць мама альбо жонка.

Нядрэнна ведаць таксама, што пры неабходнасці мужчына абароніць і дапаможа. Таму важна з малых гадоў выхоўваць хлопчыка моцным і здаровым. Калі ў дзіцяці будуць умовы для заняткаў спортам, гэта абавязкова пойдзе яму на карысць. Тады ваш хлопчык зможа і ў школе быць у аўтарытэце, і сябра абараніць, калі што, а таксама вам дапамагчы, скажам, данесці цяжкія пакеты з крамы. Можна гуляць з сынам, катацца на веласіпедах, хадзіць у паходы — словам, праводзіць час так, каб і карысна было, і ўспаміны засталіся. Мне як маме часам даводзіцца назіраць, як сын бярэцца дапамагаць — і прадукты несці з крамы, і за пыласос хапаецца альбо просіцца памыць посуд — тады, прызнаюся, унутры здараецца барацьба, бо першая думка аб тым, што сама ўсё зраблю лепш і хутчэй. Але, адмовіўшыся ад яго дапамогі, я пазбаўлю сваё дзіця вопыту і, магчыма, нават жадання прапанаваць мне дапамогу заўтра. А праз некалькі гадоў ужо буду наракаць, што ён лянівы і зусім нічога не робіць,  толькі з сябрамі бавіць час альбо ў камп'ютары сядзіць.

Асобна спынюся на тым, як дзейнічаць бацькам, калі дзіця памылілася ці пацярпела няўдачу. Такія эпізоды здольныя добра «ўразацца» ў нашу памяць і потым нагадваць пра сябе ў дарослым жыцці. Псіхолагі сыходзяцца ў меркаванні, што калі дзіця расце ў атмасферы забарон, строгасці і пакаранняў за самую нязначную правіннасць, то існуе рызыка вырасці альбо жорсткім і пакрыўджаным на ўвесь свет, альбо вельмі няўпэўненым у сабе. Ні адно, ні другое не вядзе да паспяховай рэалізацыі хлопчыка ў перспектыве — як у працы, так і ва ўласнай сям'і. Я не за ўсёдазволенасць, але вучыць дзяцей адказнасці за свае ўчынкі трэба правільна.

— Ёсць пэўны стэрэатып, быццам мама больш любіць дзіця і таму шкадуе, а тата «адказны» за строгасць, межы і пакаранне. Аднак насамрэч не так істотна, хто пакарае, як тое, каб дзеянні ў гэтым напрамку былі ўзгодненыя паміж абодвума бацькамі. Калі мама і тата з дзіцем абгаворваюць, што такі вось учынак будзе мець пэўныя наступствы і пакаранне, і гэта правіла ў нашай сям'і, то менавіта так сын яго і засвоіць, — тлумачыць Вера Прохарчык.

Вялікай памылкай з боку бацькоў будзе забараняць хлопчыку выказваць свае пачуцці. Папраўдзе, ніколі не разумела, калі даводзілася чуць «не плач, ты ж мужчына», «нічога страшнага не здарылася, ты проста ўпаў» і гэтак далей. Безумоўна, не варта перабольшваць і надаваць сітуацыі маштабы сусветнай катастрофы, але і абясцэньваць, і зневажаць пачуцці маленькага чалавека, лічу, не варта. Зусім нядаўна па дарозе ў садок мой сын спатыкнуўся і ўпаў. Я не стала чакаць і, дапамагаючы яму ўстаць, мякка сказала: «Ты проста, як коцік, прызямліўся на лапкі — і ніводнай драпінкі». Малы, які гатовы быў заплакаць, паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся. Вядома, раней я магла пачаць бурчаць: маўляў, чаго ты пад ногі не глядзіш ці нешта ў такім ключы, але нічога, акрамя сапсаванага настрою, у нас дваіх гэта не пакінула б. Таму ў нейкі момант я пачала сябе перавыхоўваць і асабліва ў форс-мажорных жыццёвых сітуацыях адсочваць сваю рэакцыю і дзеянні.

Нават калі часам дома злуюся ці адмаўляюся выконваць нейкае яго жаданне тут і цяпер — тлумачу сыну прычыну. Бо дзецям у гэтым жыцці найбольш патрэбныя наша любоў, павага, разуменне і падтрымка. Асабліва востра тое адчуваецца і ў падлеткавым узросце.

— У любым выпадку ўсё фарміруецца з дзяцінства. Калі ў сям'і адносіны будуюцца на даверы і павазе і хлопчык бачыць, як бацькі падтрымліваюць яго самастойнасць, паважаюць яго выбар, то наўрад ці ён дазволіць некаму, напрыклад, з сяброў ці чужых людзей маніпуляваць сабой. Такія дзеці ўмеюць адстойваць сваю думку і не ісці за натоўпам, — кажа спецыяліст. — Дзеці, бывае, ужо ў дзесяць гадоў кажуць «гэта мой пакой, мой беспарадак», тым самым абазначаючы свае межы. І калі мама і тата ўважлівыя ў гэтыя моманты і не ўспрымаюць усё з пазіцыі «ды хто ты такі, каб так казаць, тут усё на нашы грошы куплена» і г. д., а, наадварот, разумеюць, што іх дзіця сталее, то любыя працэсы будуць лягчэй працякаць. Патрэбен баланс у тым, каб вы чулі сваё дзіця і не страцілі аўтарытэт у яго вачах. Напрыклад, хочаш гуляць — ідзі, але пакуль ты непаўналетні, то вяртайся дадому не позна. Толькі праз такую павагу можна пабудаваць адносіны.

Галоўнае — не спадзявацца, быццам усё складзецца само: што ў школе навучаць, у інтэрнэце адказы знойдзе ці ў арміі з сына сапраўднага мужчыну зробяць. Тады ўжо будзе позна, бо ў той жа арміі невядома, у якое асярод-дзе ваша дзіця трапіць, хоць там і будуць рэжым і правілы. Але як гэты вопыт адаб'ецца на яго асобе — прагноз індывідуальны, як і ў іншых месцах. А ў школе не факт, што ў настаўнікаў ёсць час на гэта, паколькі там галоўнае — ці «цягнеш» ты праграму, ці ўкладаешся ў нарматывы... Жыццё — яно больш шматграннае. У ім нам патрэбны не толькі добрыя веды, але і ўменне правільна іх прымяніць. А галоўныя, нязменныя настаўнікі ў гэтым для нашых дзяцей — толькі бацькі з моманту іх нараджэння.

Топ-5 парад бацькам хлопчыка:

1. Давайце свайму дзіцяці свабоду і прастору для ініцыя-
тывы, але няхай яно заўсёды
ведае, што вы, калі раптам што, побач.

2. Ацэньвайце ўчынкі, а не асобу сына. Бо вашы ацэнкі дзеянняў дзіцяці могуць негатыўна адбіцца на яго самаацэнцы.

3. Не крытыкуйце і не прыніжайце мужчын у прысутнасці сына, бо гэта дасць яму падставу думаць, што яны (у тым ліку і ён) нічога не вартыя і іх меркаванне не мае значэння.

4. Цікаўцеся поглядамі дзіцяці адносна падзей у свеце і ў вашым жыцці, а пасля ўважліва слухайце яго адказы.

5. Любіце свайго сына і верце ў яго, нягледзячы ні на што.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.