Вы тут

З нагоды Дня бацькі медыйныя персоны расказалі пра сваіх любімых татаў


У краіне новае свята — Дзень бацькі. Адзначаюць яго 21 кастрычніка як нагоду сказаць добрыя словы сваім татам. І нашы героі робяць гэта сёння.


Анастасія Ціхановіч: «Мне вельмі яго не хапае»

Аляксандр Ціхановіч быў народным артыстам не толькі па афіцыйным званні, але і па сваёй сутнасці. Самы маркотны канцэрт ператвараўся ў яркі і душэўны, калі на сцэну выходзіў творча-сямейны дуэт Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Ён лічыў, што яму ў жыцці шмат дадзена, і шчодра дзяліўся з людзьмі, займаўся дабрачыннасцю.

Цяпер яго дачка Анастасія не толькі працягвае музычную дынастыю, але па прыкладзе бацькі актыўна падтрымлівае розныя дабрачынныя мерапрыемствы.

— Для мяне адзін з найлепшых людзей на свеце — мой Тата, — кажа спявачка Анастасія Ціхановіч і просіць слова «тата» пісаць з вялікай літары. — Адносіны дачкі і Таты — заўсёды вялікая шчырасць, мілата, радасць, маленькая таямніца, асаблівае цяпло. Любоў.

У Таты было чаму павучыцца: яго творчай стараннасці, уменню разумець людзей, дараваць крыўды, быць міласэрным, дапамагаць, бачыць добрае, рабіць дабро. Кахаць.

...Нам падабалася катацца на машыне, мы проста садзіліся ў аўтамабіль і ехалі па нейкіх яго ці маіх справах, размаўлялі пра ўсё, слухалі музыку. А калі я стала старэйшай, скончыла інстытут, прыдумлялі новыя праграмы, абмяркоўвалі, што б такое цікавае і творчае можна было б зрабіць... А потым рабілі. Менавіта так з'явіліся многія праекты, якія сталі ў свой час знакавымі ў музычнай і тэлевізійнай сферы.

Сёння мне вельмі яго не хапае. Проста прысутнасці, цёплай усмешкі. Проста бачыць, як ён ідзе сваёй асаблівай хадой.Проста абняць.

Ён валодаў дзіўнай энергіяй, вельмі светлай, вельмі добрай. Мусіць, таму многія кажуць, што, сустрэўшы яго ўпершыню, узнікала адчуванне, што даўно яго ведаеш.

Я дзякую Богу за тое, што абраў для мяне такога Тату. Веру, што мы былі, ёсць і заўсёды будзем адно ў аднаго. У думках, у сэрцы, у душы...

Уладзімір Громаў: «Мне перадалася татава грунтоўнасць»

Уладальнік прыгожага барытону, адзін з самых запатрабаваных салістаў Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Громаў вельмі далікатна ставіцца да сваіх бацькоў. Ён упэўнены, што падмурак шчаслівага жыцця чалавека закладваецца ў дзяцінстве бацькамі. І цяпер, калі ён ужо сам бацька дваіх сыноў, дакладна ведае, што ў яго жыцці гэты падмурак вельмі моцны.

— Мой тата ўсё жыццё выкладае ў музычных школах, — гаворыць Уладзімір Громаў, народны артыст Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў. — Калісьці ён быў і маім педагогам па класічнай гітары ў 2-й музычнай школе Мінска, зараз ён працуе ў 1-й школе, і сярод яго вучняў — мой малодшы сын Фёдар.

Мая мама — спявачка, і бацькі арыентавалі мяне на музычную кар'еру. Мне і самому падабалася, хоць я не з тых дзяцей, якія гатовы былі гадзінамі сядзець за інструментам. Мне падабаўся вынік, калі ўжо ўсё вывучана, сыграна, а вучыць ноты, адточваць тэхніку — тут, вядома, бацькі мяне падбадзёрвалі. Недзе ў падлеткавым, можа, больш раннім свядомым узросце я зразумеў, што мае бацькі шчаслівыя ў прафесіі. Для іх музыка — работа, хобі, адпачынак, гэта значыць, яны вельмі ўдала выбралі свой прафесійны шлях. Бачачы гэта, я пайшоў па іх слядах, прычым спярша па татавых — як гітарыст, потым па маміных — як вакаліст.

Да гэтага часу вельмі цёпла ўспамінаю свае першыя выступленні ў дуэце з татам. Гэта былі канцэрты ў мінскіх парках. Колькі б артыст ні выступаў, ён хвалюецца перад канцэртам ці спектаклем. А мне вось гадоў у дзевяць было зусім не страшна, бо тата быў побач.

Кожнае лета мы ездзілі ў адпачынак на поўдзень, як тады казалі, «дзікунамі», гэта значыць здымалі нейкае памяшканне ў мясцовых жыхароў. А потым у ход пайшла палатка. Але яна цяжкая, і таму пазней мы ўжо на месцы набывалі шчыльны поліэтылен і канаты, каб самім змайстраваць палатку. У мае абавязкі ўваходзіла здабываць пітную ваду, часам даводзілася хадзіць па яе кіламетраў пяць у адзін бок. Ежу гатавалі на вогнішчы. Гэта быў класны адпачынак. З намі побач былі іншыя турысты і амаль усе з гітарамі. Па вечарах збіраліся і спявалі. З таго часу ведаю ўвесь бардаўскі рэпертуар. Тата даваў мне заданне — запісаць мелодыі новых песень. Тады гэта было як нейкая забаўка, а зараз дапамагае ў прафесіі, таму што магу запісаць любую мелодыю ў зручнай для мяне танальнасці.

Для мяне тата — яшчэ і прыклад у побыце. Ён вельмі шмат рабіў сам, заўсёды грунтоўна рыхтаваўся. Гэта цяпер у інтэрнэце можна знайсці любы майстар-клас, інструкцыю, а тады адно кнігі і часопісы былі ў дапамогу. Толькі ўсё праштудзіраваўшы, ён прыступаў да працы, і гэтая яго грунтоўнасць мне таксама перадалася. Дзякуючы тату ў мяне няма страху ўзяць у рукі перфаратар ці пілу.

Бацькі ніколі не вучылі мяне, як трэба жыць, яны — проста годны прыклад для пераймання, і я іх вельмі люблю.

Анастасія Гуніна: «На сямейнай радзе за ім — галоўнае слова»

Існуе меркаванне, што з творчымі людзьмі могуць ужыцца толькі калегі. А вось Анастасія Гуніна, артыстка беларускай эстрады, педагог па вакале, удзельніца тэлевізійных праектаў, лічыць, што вельмі добра, калі ў сям'і ёсць чалавек іншай прафесіі. А каб ужыцца, патрэбны ўзаемапавага і каханне.

— Пачынаць аповед пра майго тату трэба з моманту знаёмства з мамай, таму што гэта вельмі прыгожая гісторыя, — кажа спявачка Анастасія Гуніна. — Сустрэліся бацькі ў Таліне. Мама ў той час была на гастролях з народным ансамблем беларускай песні «Церніца», а тата быў мараком і толькі што вярнуўся з рэйса. Мама, шпацыруючы па вулачках Старога горада, падвярнула нагу. Тата на руках данёс яе да атэля. Праз тры месяцы яны пажаніліся. Паколькі мама з'яўлялася выканаўцай беларускіх народных песень, тата вырашыў пераехаць з Сыктыўкара ў Мінск. Спачатку ён яшчэ хадзіў у мора, але потым усё ж прыняў рашэнне сысці на бераг. Вядома, ён гэта зрабіў дзеля сям'і, каб не расставацца з намі надоўга.

Як адзінаму дзіцяці, мне дастаюцца ўся бацькава любоў, клопат і падтрымка.

Калі я выбірала прафесію, ён адобрыў маё рашэнне. І лічыць, што дзве артысткі ў сям'і — гэта не шмат. Тата імкнецца наведваць нашы канцэрты, пасля кожнага выступлення дае слушныя парады як глядач. І гэта выдатна, бо погляд з боку для артыста вельмі важны, а тата яшчэ і крытыкуе, калі ёсць за што, вельмі тактоўна.

Тата сур'ёзны і нешматслоўны, з выдатным пачуццём гумару. Ён вельмі адказны, прывык без ваганняў брацца за пастаўленыя перад ім задачы і з бляскам вырашаць іх, за гэта яго паважаюць калегі. А яго жыццёвая філасофія вельмі простая: трэба быць сумленным з людзьмі і перад самім сабой, і тады ўсё будзе добра.

З мамай я звычайна абмяркоўваю творчыя пытанні, дзялюся нейкімі жаночымі сакрэцікамі. А да таты іду, калі трэба прыняць нейкае сур'ёзнае рашэнне, ён чалавек рацыянальны і практычны. Таму і на сямейнай радзе за ім галоўнае слова. А яшчэ, як кажуць, тата рукасты. У нас ёсць лецішча, дык вось амаль усё там зроблена татавымі рукамі. Гэта ўвогуле такі райскі куток, які ён да бясконцасці ўдасканальвае.

Скажу па сакрэце, існуе меркаванне, што жанчыны падсвядома параўноўваюць мужчын са сваім татам і выбіраюць тых, хто больш за ўсё на яго падобны. Я не выключэнне.

Валерый Мулявін: «У асобе бацькі я знайшоў сапраўднага сябра»

Кожны артыст класічнага складу ансамбля «Песняры» скажа, што адносіны Уладзіміра Мулявіна да свайго малодшага сына Валерыя — прыклад бязмежнай бацькоўскай любові. Нават на падмурку загараднага дома Уладзіміра Мулявіна быў адбітак далоні маленькага Валеры. А колькі ў сямейным архіве фатаграфій, на якіх сын побач з бацькам. Усюды: дома, на рэпетыцыі, на футбольным матчы.

— Мой тата быў выдатным музыкам і стваральнікам ансамбля «Песняры», ён цалкам аддаваў сябе творчасці, але, нягледзячы на загружанасць, заўсёды знаходзіў магчымасць быць побач, браць мяне на гастролі, рэпетыцыі і работу ў студыі. Мне вельмі пашанцавала, што ў асобе бацькі я знайшоў сапраўднага сябра, — кажа Валерый Мулявін. — Мы маглі гаварыць на розныя тэмы, дзяліліся самым патаемным. Вельмі любілі займацца спортам, нам заўсёды падабалася катацца на роліках і гуляць у футбол. Тата быў вельмі сціплым чалавекам, калі людзі, якія праходзілі побач, спрабавалі разгледзець яго на вуліцы, ён проста апускаў казырок сваёй кепкі на вочы, а калі ўсё ж замаскіравацца не атрымалася, то з усмешкай раздаваў аўтографы, — у вольную хвіліну мог спыніцца і пагаварыць — спакойна і паважліва, без фанабэрыі. Пачуццё гумару ніколі не пакідала яго, нават у самыя складаныя моманты. І таму ўсім здавалася, што ўсё лёгка ў яго жыцці. А на справе ўсё было складана і часам невыносна, перажыў і страту любімага брата, і жахлівую аварыю. Справіўся ж, тварыў, дарыў людзям радасць, і нават зараз, калі паклоннікі прыходзяць у яго музей, даведваюцца, наколькі мужным і мудрым ён быў.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістых архіваў герояў

Загаловак у газеце: У думках, у сэрцы, у душы...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.