Вы тут

Колькі старшыняў праўленняў садаводчых таварыстваў, столькі за імі розных «грахоў»


Калі заходзіць гаворка аб старшынях праўленняў садаводчых таварыстваў, часцей за ўсё іх абвінавачваюць у тым, што, маўляў, крадуць. Дарэчы, далёка не заўсёды гэта мае доказы. На самай жа справе — колькі старшыняў, столькі за імі розных «грахоў», відавочных або... прыдуманых незадаволенымі дачнікамі.


За што «з'елі» Іванавіча?

Пачатак сезона ў СТ супаў са сходам, на якім павінны былі выбіраць новага старшыню. Напярэдадні да нас на ўчастак прыйшла дэлегацыя на чале з «шэрым кардыналам» таварыства — энергічнай пенсіянеркай Соф'яй Сяргееўнай. Дама расчаравалася, пачуўшы, што мы — арандатары. Аказваецца, дэлегацыя лабіравала свае перадвыбарчыя інтарэсы.

Напрыклад, распавялі, якія дрэнныя былі папярэднія старшыні. Вось Валерый Іванавіч, скажам. Пры ім памянялі дачную падстанцыю. І хоць з тых часоў у таварыства ні разу не было праблем з электрычнасцю, аднак актывісты са «старой гвардыі» даведаліся: у суседнім СТ падстанцыю купілі на 1200 рублёў танней! (Праўда, пасля гарантыйнага рамонту.)

Довады Валерыя Іванавіча наконт таго, што наша СТ большае, падстанцыя новая і вялікай магутнасці, ніхто не чуў. Усе абураліся пераплаце, хоць каштарыс на замену падстанцыі, як і належыць, зацвердзілі на агульным сходзе. У выніку Валерыя Іванавіча без пашаны праводзілі з пасады...

Культарганізатар

Пасля яго старшынёй выбралі Наталлю Васілеўну.

«Такога «цуду» ў нас яшчэ не было», — праз год абураліся некаторыя дачнікі. Кантэйнерная пляцоўка занадта маленькая, у аўтакраму людзі хадзілі ў суседняе СТ або ў краму ў вёсцы, пачаліся перабоі з водазабеспячэннем... А Наталля Васілеўна тым часам праводзіла агляд-конкурс на найлепшую клумбу і на дом узорнага ўтрымання, а яшчэ — конкурс гародніны і садавіны незвычайнай формы. Казала: вы пачытайце класічную літаратуру — там пішуць, як людзі павінны бавіць час на лецішчы — культурна адпачываць. (Між тым актыўныя ўдзельнікі ўсялякага роду спаборніцтваў «прыгняталі» тых, хто ні ў чым не ўдзельнічаў.)

Галоўным дасягненнем Наталлі Васілеўны можна лічыць тое, што многія дачнікі паставілі высокія агароджы з металапрофілю або нацягнулі ахоўную сетку на рабіцу, каб актывісты не падглядалі, што робіцца на ўчастках.

Душэўная жанчына

Наступным старшынёй стала Святлана Міхайлаўна. Яна паставіла справу так, што без яе ўдзелу электрык не мог замяніць вулічны ліхтар. Гэта значыць, ён мяняў, а яна стаяла побач і гучна кіравала. Пры тым усе глабальныя праблемы (найбольшая заставаліся з вадой). Службы дастаўкі вады вельмі добра зараблялі на насельніках СТ.

«Старая гвардыя» была задаволеная працай Святланы Міхайлаўны — душэўная жанчына, да кожнага зойдзе, з усімі пагаворыць. А праблемы? Дык дзе іх няма? Спадчыннікі і «чужыя» абураліся: маўляў, як было ў 1980-я, на тым узроўні і засталося. Праўда, гэтая катэгорыя дачнікаў менш за ўсё хадзіла на сходы. Таму старажылы былі ўпэўненыя, што Святлану Міхайлаўну абяруць на другі тэрмін.

Нешта пайшло не так

Старажылы, узрадаваўшыся, што з'явілася вада, палівалі агароды, запаўнялі ёмістасці, мяркуючы, што кожны з іх адзін такі разумны, пакуль суседзі сядзяць на чарговым сходзе. На гэты раз прыйшлі ў асноўным спадчыннікі і «чужыя». Вось яны выказвалі прэтэнзіі. Святлана Міхайлаўна, якая прывыкла, што яе заўсёды хвалілі, разгубілася.

Слова ўзяў Дзмітрый Антонавіч. Выступіў коратка, але па справе. Не плакаўся, што ад яго дома да кантэйнернай пляцоўкі кіламетр, а сказаў, што па нормах таварыству трэба пяць пляцовак, і з лічбамі даказаў, што неабходна яшчэ адна свідравіна з вадой... Удзельнікі сходу тут жа запатрабавалі ўнесці ў спіс для галасавання Дзмітрыя Антонавіча. Яго і абралі старшынёй праўлення большасцю галасоў, а ў склад праўлення ўвайшлі збольшага не тыя, каго лабіравала «старая гвардыя».

Увесь вечар СТ гудзела, Святлана Міхайлаўна і яе прыхільнікі думалі, як бы ўсё перайграць. Вельмі ўжо абураў іх гэты Дзмітрый Антонавіч — з чужакоў, два гады як купіў тут лецішча, не ведае людзей і традыцыі. Ды і рэпутацыя няважная — у 56 гадоў прыстойныя людзі ўнукаў няньчаць, а ён з жонкай развёўся.

Для сябе і для ўсіх

У праграмнай прамове новы старшыня сказаў, што адкрыты для ўсіх прапаноў па паляпшэнні жыцця ў СТ, і асабліва будзе рады людзям, якія гатовы ўдзельнічаць у рэалізацыі сваіх ідэй.

Праз пару дзён у дачным чаце нехта напісаў, што гатовы аддаць свой гульнявы комплекс, таму што дзеці выраслі. Праўда, у СТ ніколі не было дзіцячай пляцоўкі. Як не было абсталяванай тэрыторыі для правядзення тых жа сходаў — усе тоўпіліся на няўтульным лужку побач з воданапорнай вежай.

Вакол Дзмітрыя Антонавіча сапраўды згуртаваліся людзі, гатовыя нешта рабіць для агульнага камфорту. Праз дзесяць дзён пасля сходу з'явіліся лаўкі для ўдзельнікаў сходаў, абсталявана дзіцячая пляцоўка. Прычым ахвотных аддаць для яе ўсялякія дзіцячыя горкі і арэлі аказалася аж чатыры чалавекі. Дошкі, розныя жалязякі людзі таксама неслі, як і рэшткі цэменту, фарбы. Добраўпарадкаваннем заняліся ўсе, каму гэта было цікава.

Дрэнны старшыня!

Праўда, як кажуць, было і іншае меркаванне. Тая ж Соф'я Сяргееўна дакарала 73-гадовага Эдуарда Казіміравіча: маўляў, навошта ты ва ўсім гэтым удзельнічаеш? Сорак гадоў абыходзіліся без лавак! Ён адказаў, што яму цікава з нічога зрабіць цукерку, да таго ж толькі ў яго ёсць партатыўны зварачны апарат — як не дапамагчы суседзям?

А вось Людміла Іванаўна і сама не дапамагала, і зяцю забараніла, а калі ўсё было гатова, закаціла істэрыку: «Чаму няма батутаў? Мае ўнукі любяць батуты, а рукаход і карусель ёсць і ў горадзе. Дрэнна працуе старшыня!» — зрабіла яна выснову.

Да канца сезона ў СТ з'явіліся яшчэ дзве кантэйнерныя пляцоўкі — для іх, дарэчы, няпроста знайсці месца, таму што размяшчаць трэба на пэўнай адлегласці ад дамоў.

Новая свідравіна таксама, як кажуць, далася ў знакі! Таісія Сямёнаўна бегала за старшынёй і рэкамендавала яму свайго зяця: маўляў, той працуе на буравой машыне. Але Дзмітрый Антонавіч адмовіўся ад «самадзейнасці», і фірму, якая бурыць свідравіны, выбіралі па конкурсе, ды яшчэ праверылі, каб тая мела ўсе ліцэнзіі-дазволы. Цяпер Таісія Сямёнаўна праклінае Дзмітрыя Антонавіча, а заадно і праўленне, таму што нанялі «фірмачоў», а не яе зяця. Ну, і зразумела, яе сяброўкі спрабуюць раздзьмуць чарговы скандал на гэтай глебе...

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Праз сілу не будзеш мілы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.