Вы тут

Пра сваю пенсію паклапаціцеся загадзя


Калі будучы пенсіянер працуе, падрыхтоўкай пакета дакументаў для афармлення пенсіі займаецца кадравая служба арганізацыі. А вось індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам, самазанятым, людзям, якія працуюць у мікраарганізацыях, дзе няма паўнавартаснай кадравай службы, і тым, хто страціў работу ў перадпенсіённым узросце, давядзецца ўсе гэтыя клопаты ўзяць на сябе. Якія дакументы і калі трэба пачынаць збіраць для атрымання працоўнай пенсіі па ўзросце?


Тры ўмовы для прызначэння

Права на атрыманне працоўнай пенсіі па ўзросце надыходзіць для жанчын у 58 гадоў, для мужчын у 63 гады пры яшчэ дзвюх важных умовах. Першая: у перыяд працоўнай дзейнасці яны падлягалі абавязковаму сацыяльнаму страхаванню і за іх выплачваліся ўзносы ў ФСАН. Другая: агульны працоўны стаж памерам у 20 гадоў для жанчын, у 25 — для мужчын.

Куды падаваць дакументы

Заяву аб прызначэнні працоўнай пенсіі падаюць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі. Узор заявы можна спампаваць на сайтах адпаведных упраўленняў. Пры неабходнасці спецыялісты ўпраўлення па працы і сацабароне могуць аказаць дапамогу ў атрыманні неабходных дакументаў.

Заява можа быць накіравана па пошце, але ў такім выпадку подпіс на заяве і прыкладзеныя да яе копіі дакументаў, акрамя копіі дакумента, які сведчыць асобу, павінны быць натарыяльна завераны.

Калі падаваць заяву

Права на працоўную пенсію па ўзросце ўзнікае ў дзень нараджэння. Раней заяву прымуць толькі ў тым выпадку, калі ён выпадае на выхадныя ці святочныя дні.

Да заявы трэба прыкласці неабходныя дакументы. Спецыяліст праверыць іх, і калі не хапае нейкіх дакументаў або яны няправільна аформлены, то даецца месяц на дапрацоўку. Калі заяўнік паспявае ў гэты тэрмін, датай звароту па пенсію будзе лічыцца дзень прыёму заявы.

Аднак у ідэале за паўгода да наступлення пенсіённага ўзросту рацыянальна будзе пракансультавацца ва ўпраўленні па працы і сацабароне, а таксама можна звярнуцца ў кансультацыйна-аналітычны аддзел Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Пакет дакументаў

Да заявы аб прызначэнні пенсіі трэба прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць працоўны стаж: працоўную кніжку, пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, ваенны білет, дакументы аб адукацыі, атрыманай на дзённай форме навучання ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў, а таксама ў аспірантуры, клінічнай ардынатуры, дактарантуры, даведку аб перыядзе атрымання дапамогі па беспрацоўі і г. д.

Для тых, каму прызначаюць пенсію сёлета, неабходна прадставіць даведкі аб заробку за апошнія 28 гадоў запар стажу работы, для тых, хто выйдзе на пенсію ў 2023 годзе, — за 29 гадоў. Таксама трэба прадставіць пашпарт і страхавое пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання — зялёную пластыкавую картку.

Звесткі аб зарплаце і стажы: як іх атрымаць

Працоўная кніжка — асноўны, але не адзіны дакумент, які пацвярджае працоўны стаж. Стаж да 31 чэрвеня 1998 года ўключна залічваецца нават у выпадку, калі заробак не пацверджаны. З 1 ліпеня 1998 года да 2003 года, апроч працоўнай кніжкі, патрэбная яшчэ даведка аб зарплаце з адлічэннямі ў ФСАН. Гэта якраз той перыяд, калі фірмы хутка адкрываліся і закрываліся, дакументы ў архіў не здаваліся, ды і заробак далёка не заўсёды быў «белы». Тым не менш, калі арганізацыя або яе правапераемнік дзейнічае, да іх і трэба звяртацца па даведку аб зарплаце. Калі арганізацыя ліквідавана, то накіроўваюцца запыты ў дзяржрэгістр і дзяржархіў. Таксама варта звярнуцца ў кансультацыйна-аналітычны аддзел Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН з лістом, у якім трэба пазначыць перыяд работы, найменне арганізацыі, юрыдычны адрас на момант працоўнай дзейнасці. На працягу месяца з гэтай структуры прыйдзе адказ, з якога будзе зразумела, ці плаціла арганізацыя ўзносы ў ФСАН. Калі выплачвала, тады трэба звяртацца ў суд для ўстанаўлення памеру заробку. Узор заявы можна спампаваць на сайтах судоў. У адпаведнасці з заканадаўствам заяўнік вызваляецца ад выплаты дзяржпошліны пры разглядзе заяў аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы. У суд неабходна падаць адказы з архіва, ФСАН, даведку аб ліквідацыі арганізацыі. Суд прымае да разгляду любыя захаваныя дакументы: разліковыя лісткі, загады, працоўныя дагаворы, сведчанні былых калег.

Рашэнне суда, якое ўступіла ў законную сілу, аб устанаўленні факта атрымання заробку прымаецца для назначэння або пераразліку пенсіі.

За перыяд пасля 1 студзеня 2003 года даведкі непатрэбныя, бо ўсе звесткі аб «белых» заробках адлюстраваны ў персаніфікаваным уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Зразумела, што заробкі ў «канверце» пры налічэнні пенсіі не ўлічваюцца.

Страхавы стаж

Для тых, хто выходзіць на пенсію сёлета, неабходна 18,5 года страхавога стажу, у 2023-м — на паўгода больш. Як і ў выпадку з працоўным стажам, перыяд работы да 31 чэрвеня 1998 года ўключаецца ў страхавы стаж безумоўна.

Даведацца, ці плаціў наймальнік страхавыя ўзносы за перыяд з 1 ліпеня 1998-га да 31 снежня 2002 года, як ужо адзначалася, можна праз кансультацыйна-аналітычны аддзел Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН, які дае такія звесткі незалежна ад тэрытарыяльнай прыналежнасці заяўніка.

Трэба ўлічваць, што страхавы стаж не заўсёды супадае з працоўным. Напрыклад, догляд састарэлага, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту і мае патрэбу па заключэнні дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя ў пастаянным доглядзе, што ажыццяўляецца працаздольнай асобай, у агульны працоўны стаж уключаецца, а ў страхавы — не.

Падвядзём вынікі

Цяпер выходзіць на пенсію пакаленне, якое паспела папрацаваць у часы СССР і неабавязкова на тэрыторыі нашай краіны. Аб цяжкасцях з дакументамі ў «ліхія 90-я» мы ўжо згадвалі. А колькі яшчэ розных нюансаў, напрыклад работа па сумяшчальніцтве ці на палову стаўкі... Сітуацыя кожнага чалавека адрозніваецца ад іншага. Вось таму настойліва раім загадзя пракансультавацца са спецыялістамі, прычым з працоўнай кніжкай або яе копіяй у руках. Нават калі падрыхтоўкай дакументаў будзе займацца кадравая служба, лепш, як той казаў, трымаць руку на пульсе, бо няма больш зацікаўленага чалавека ў скрупулёзным уліку стажу і заробку, чым сам будучы пенсіянер.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.